ДЭВІ́ЗЫ (франц. devises),

плацежныя сродкі ў замежнай валюце, якія выкарыстоўваюцца ў міжнар. разліках. Першапачаткова Д. пераважалі ў выглядзе камерцыйных пераводных вэксаляў (трат), выпісаных экспарцёрам на імпарцёра. З пашырэннем сусв. гандлю і карэспандэнцкіх сувязей банкаў набылі форму банкаўскіх плацежных сродкаў: вэксаляў, чэкаў, акрэдытываў, плацежных даручэнняў, а таксама ўзаемных міждзярж. кароткатэрміновых крэдытаў. Паняцце Д. ўзнікла пасля 1-й сусв. вайны 1914—18, калі залаты монаметалізм быў заменены золатадэвізным стандартам, заснаваным на золаце і вядучых валютах зах. краін (долар ЗША, фунт стэрлінгаў, франц. франк). Цана Д. ў нац. валюце вызначаецца валютным курсам (гл. таксама Дэвізная палітыка).

т. 6, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭМБІ́НСКІ Генрык (30.7.1908, г. Іркуцк, Расія — 12.8.1941),

удзельнік рэв. руху ў Зах. Беларусі, публіцыст. Пасля 1-й сусв. вайны жыў у Ашмянах. З канца 1932 у Віленскім ун-це на чале антыфаш. групы Студэнцкай лявіцы «Фронт». У 1935 адзін з заснавальнікаў легальнай антыфаш. студэнцкай газ. «Poprostu» («Папросту»). Удзельнік антыфашысцкага кангрэса дзеячаў культуры 1936 у Львове. У 1937 засуджаны на 4 гады турмы. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР інспектар раённага аддзела нар. асветы. Расстраляны гітлераўцамі ў Ганцавічах.

Тв.:

Wybór pism. Warszawa, 1962.

Літ.:

Brodowski L. Henryk Dembiński: człowiek dialogu. Warszawa;

Kraków, 1988.

т. 6, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Е,

шостая літара бел. і некаторых інш. слав. алфавітаў. Паходзіць з кірыліцкай є («есть»), утворанай на аснове візант. ε («эпсілон»). У старабел. пісьменстве мела варыянты є, є, ε (дапамагаюць палеографам вызначыць, калі напісаны помнік) і лічбавае значэнне 5. У 16 ст. акрамя рукапіснай набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае нелабіялізаваны галосны «э» пярэдняга раду сярэдняга пад’ёму і мяккасць папярэдняга зычнага («глеба — гл’эба»), а ў пач. слова, пасля галосных, «ў», «ь» і апострафа — 2 гукі («й» і «э»): «ежа» («йэжа»), «свае» («свайэ»), «саўе» («саўйэ»), «лье» («л’йэ»), «аб’езд» («аб’йэзд»).

А.​М.​Булыка.

т. 6, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЗУІ́ЦКІЯ НАВУЧА́ЛЬНЫЯ ЎСТАНО́ВЫ,

навучальныя ўстановы, якія засноўваліся езуітамі ў Беларусі, Украіне і Літве. Існавалі з 2-й пал. 16 ст. да пач. 19 ст. Былі пач., сярэднія (калегіумы) і вышэйшыя (акадэміі: Віленская, гл. Віленскі універсітэт; Полацкая езуіцкая акадэмія) школы. Першая Е.н. ў. — езуіцкі калегіум у Вільні (1570). Потым Е.н.ў. з’явіліся ў іншых гарадах Беларусі, была створана шырокая сетка такіх устаноў. Найчасцей яны размяшчаліся ў прыгожых светлых будынках (захаваліся ў Пінску, часткова ў Полацку), дзе падтрымліваўся ўзорны парадак (гл. Езуіцкае выхаванне). У 1870-я г. Е.н.ў. перададзены Адукацыйнай камісіі. Існавалі на Беларусі да 1820.

В.​Ф.​Шалькевіч.

т. 6, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЕПАРХИА́ЛЬНЫЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,

назва перыядычных выданняў, афіц. органаў епархій, якія выдаваліся з 2-й пал. 19 ст. да 1917 у Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі. Мелі 2 часткі: афіцыйную і неафіцыйную. У першай друкаваліся ўрадавыя пастановы, указы і распараджэнні Сінода, царк. хроніка. у другой — матэрыялы па багаслоўі. л-ры, фальклоры, этнаграфіі, археалогіі, краязнаўстве, гісторыі царквы. Выдаваліся «Литовские епархиальные ведомости» (1863—1916, Вільня, Масква), «Минские епархиальные ведомости» (1869—1917, Мінск, Разань; адноўлена ў 1989 у Мінску), «Полоцкие епархиальные ведомости» (1874—1917, Віцебск), «Могилевские епархиальные ведомости» (1883—1917, Магілёў), «Гродненские епархиальные ведомости» (1901—15, Гродна).

т. 6, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ё,

сёмая літара бел. і некаторых інш. слав. алфавітаў. Утворана шляхам спалучэння літары «е» з дыякрытычнымі знакамі. Запазычана з рус. графікі, дзе ўпершыню з’явілася ў 1797. У старабел. пісьменстве гук «о» пасля мяккіх зычных абазначаўся літарай «е» («медъ»), спалучэннем «іо» («ліосъ») і нават літарай «о» («всо»), У сучаснай бел. мове абазначае лабіялізаваны галосны «о» задняга раду сярэдняга пад’ёму і мяккасць папярэдняга зычнага («вёска» — в’оска»), а ў пач. слова, пасля галосных, «ў», «ь» і апострафа — 2 гукі («й» і «о»): «ёд» («йод»), «тваё» («твайо»), «пугаўё» («пугаўйо»), «мільён» («міл’йон»), «аб’ём» («абйом»).

А.​М.​Булыка.

т. 6, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКАМА́РА,

паўкруглае ці кілепадобнае завяршэнне часткі сцяны будынка паміж 2 лапаткамі, якое адпавядае форме ўнутр. скляпення (звычайна паўцыркульнага).

Найб. характэрны для візант. крыжова-купальнай сістэмы, у 10—13 ст. шырока выкарыстоўваліся ў стараж.-рус. (сафійскія саборы ў Кіеве, Ноўгарадзе і інш.), рус. архітэктуры 14—17 ст. (Успенскі сабор Маскоўскага Крамля).

На Беларусі З. вядомы ў 11—12 ст. у Сафійскім саборы і Спаса-Ефрасіннеўскай царкве ў Полацку, Барысаглебскай у Гродне, а таксама ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. ў храмах псеўдарус. стылю (цэрквы Аляксандра Неўскага ў Мінску, Сімяона ў Брэсце, у Камянцы, Бешанковічах і інш.).

Закамара.

т. 6, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАРЭ́ЦКАЯ Соф’я Майсееўна (1881, г. Полацк Віцебскай вобл. — пасля 1934),

дзеяч рэв. руху. З 1899 удзельнічала ў с.-д. гуртках Пецярбурга, Екацярынаслава, Харкава, Полацка. У 1904 у Швейцарыі, далучылася да меншавікоў. Са студз. 1905 у Расіі, чл. аб’яднанага ЦК РСДРП. Сакратар с.-д. фракцый 1, 2 і 4-й Дзярж. думы. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 чл. выканкома Маскоўскага Савета. На 1-м Усерас. з’ездзе Саветаў выбрана чл. ВЦВК, са жн. 1917 чл. ЦК РСДРП (меншавікоў). Кастр. рэвалюцыю 1917 не прыняла. У 1921 жыла ў Ніжагародскай губ., у 1932 — у Ніжнім Ноўгарадзе, у 1934 — у Цверы.

Э.​А.​Ліпецкі.

т. 6, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗГУРТАВА́ННЕ БЕЛАРУ́СКА-АМЕРЫКА́НСКІХ ВЕТЭРАНАЎ.

Засн. ў 1973 у штаце Нью-Джэрсі (ЗША). Дзейнічае ў цеснай сувязі з Беларуска-амерыканскім аб’яднаннем. Члены згуртавання — былыя вайскоўцы-беларусы, якія да 2-й сусв. вайны служылі ў арміях Нац. і Польшчы, у вайну — у войсках Вялікабрытаніі, Францыі, ЗША, Андэрса арміі і інш. Пазней да іх далучыліся беларусы, якія служылі ў В’етнаме, Карэі, Панаме, Германіі. Выступаюць у абарону ідэі незалежнасці бел. дзяржавы, захаванне бел. спадчыны, дапамагаюць ажыццяўляць бел. культ. праграмы, чытаюць лекцыі па бел. ваен. гісторыі, удзельнічаюць у мерапрыемствах амер. ветэранскіх арг-цый, святкуюць Дзень бел. жаўнера (4 ліп.) і інш.

А.​С.​Ляднёва.

т. 7, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗДРАБНЕ́ННЕ,

тонкае драбленне (на часцінкі драбней за 5 мм) якіх-н. цвёрдых парод, матэрыялаў, прадуктаў. Робіцца пераважна з дапамогай млыноў і бегуноў; З. грубых кармоў для жывёлы — здрабняльнікамі кармоў. Выкарыстоўваецца ў горнай, металургічнай, хім., буд., камбікормавай і інш. галінах прам-сці. З. з дапамогай каменнай ступкі вядома з 8-га тыс. да н.э., ручных жорнаў — за 3,5 тыс. г. да н.э., машыннае развіваецца з 2-й пал. 19 ст. Пашыраны спосабы З., заснаваныя на выкарыстанні эл. разрадаў у вадзе, токаў высокай частаты, сустрэчных патокаў паветра з цвёрдымі часцінкамі (т.зв. струменныя млыны) і інш.

т. 7, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)