БРА́ТЧЫКАЎ (Генадзь Іванавіч) (10.3.1914, в. Міхееўка Кудымкарскага р-на Пермскай вобл., Расія — 10.12.1944),
удзельнік партыз. руху на Украіне і Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Ленінградскую ваен. школу сувязі (1936). У сак. 1943 на чале групы разведчыкаў закінуты ў тыл ворага, дзейнічаў у раёне Гомеля, Чарнігава, Шчорса, Ноўгарада-Северскага, са снеж. 1943 у Баранавічах, Ваўкавыску, Слоніме, Бярозе, Ружанах; група перадала ў штаб 1-га Бел. фронту больш за 450 данясенняў. Загінуў у баі на тэр. Польшчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫ́ДЖПАРТ (bridgeport),
горад на ПнУ ЗША, у штаце Канектыкут. Уваходзіць у Вял.Нью-Йорк. Засн. ў 1639. 142 тыс.ж. (1990), з гарадамі Мілфард, Стратфард, Фэрфілд і агульнымі прыгарадамі 444 тыс.ж. Порт у прал. Лонг-Айленд. З в-вам Лонг-Айленд злучаны паромам. Буйны цэнтр металапрамысловасці. Эл.-тэхн., радыёэлектронная, авіяц. (вытв-сць верталётаў, дэталяў і вузлоў), металаапр., хім.прам-сць. Вытв-сць металарэзных станкоў, інструменту, падшыпнікаў, кантрольна-вымяральных прылад, стальных сплаваў, стралк. зброі, боепрыпасаў, метал. галантарэйных вырабаў. 2 ун-ты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БРЭСЛА́Ў»
(«Breslau», № 36),
кодавая назва карнай аперацыі ням. фашыстаў у акупіраваным Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл. ў Вял.Айч. вайну. Праводзілася 5—19.9.1942 сіламі 5 батальёнаў вермахта, вучэбнага палка ВПС і паліцэйскіх падраздзяленняў з мэтай акружыць і знішчыць партызан, якія наносілі ўдары па гарнізонах фашыстаў у в. Прыбар і Ніканавічы. У ходзе аперацыі каля в. Ухлясць карнікі атрымалі адпор, вялі працяглы бой з партызанамі, але не здолелі акружыць іх і знішчыць. У раёне аперацыі фашысты загубілі больш за 1000 сав. грамадзян.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДЗІКІ́Д,
князь ВКЛ у 13 ст. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1289, калі ён са сваім братам Будзівідам аддаў г. Ваўкавыск валынскаму кн. Мсціславу Данілавічу, каб захаваць з ім мір. У некаторых ням. хроніках Будзікід выступае пад імем Путувера і Лютувера. Апошні ўпамінаецца ў хроніцы П.Дусбурга пад 1291 як князь літоўскі, бацька Віценя. Магчыма, Будзікід пасля смерці кн.Трайдзеня разам з братам стаў вял. князем. Перадача Ваўкавыска магла азначаць паступовую страту Новагародскай зямлёй сваёй дамінуючай ролі ў ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БУРАВЕ́СНІК»
(«Sturmvogel»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызан і насельніцтва ў Клімавіцкім р-не Магілёўскай вобл. 10—15.7.1943 у Вял.Айч. вайну. Праводзілася сіламі начальніка аховы тылу 4-й ням. арміі (батальёна ахоўнага палка, паліцыі парадку, асобнага ўсх. батальёна). Напярэдадні аперацыі насельніцтва з вёсак, якому пагражалі гітлераўцы, эвакуіравалася ў глыб партыз. зоны. Каля в. Сасноўка і Антонаўка карнікі былі спынены, потым контратакаваны байцамі 13-й Касцюковіцкай партыз. брыгады. Кіраўніцтва карнай аперацыяй «Буравеснік» у сваёй справаздачы прызнала поўны яе правал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛАСАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
неалітычная культура плямён, якія ў канцы 3-га — 1-й пал. 2-га тыс. да н.э. насялялі ўзбярэжжы Ніжняй Акі, Клязьмы і Верхняй Волгі (Расія). Назва ад стаянкі каля в. Воласава Уладзімірскай вобл.Асн. занятак насельніцтва — рыбалоўства. Жылі ў паўзямлянках на вял. паселішчах. Выраблялі крамянёвыя прылады, таўстасценны керамічны посуд з круглым або плоскім дном, багата арнаментаваны рамачным і грабеньчатым штампамі. Пахавальны абрад — трупапалажэнне. Знойдзены крамянёвыя і касцяныя фігуркі птушак, жывёл і чалавека. Магчыма, плямёны Воласаўскай культуры былі продкамі фіна-уграў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАШКЕ́ВІЧ (Уладзімір Раманавіч) (30.3.1900, в. Зембін Барысаўскага р-на Мінскай вобл. — 10.6.1970),
генерал-палкоўнік (1954). У Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны. Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1928). У Вял.Айч. вайну на Зах., Калінінскім і 3-м Прыбалт. франтах: камандзір дывізіі, нач. штаба арміі, нач. штаба 3-га Прыбалт. фронту. Удзельнік абароны Масквы, вызвалення Эстоніі, Латвіі. З 1945 нач. штаба Прыбалт. і Закаўказскай ваен. акруг. У 1955—56 нач. кафедры Ваен. акадэміі Генштаба, да 1961 на навук. рабоце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЬКЕ́ВІЧ (Іван Кандратавіч) (6.3.1883, в. Варонічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. — 18.10.1960),
бел. мовазнавец. Скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю (1909), БДУ (1925). Настаўнічаў, працаваў у Наркамаце асветы Беларусі, дырэктарам Мсціслаўскага пед. тэхнікума, у Інбелкульце (з 1927). У 1930 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1960. Жыў у Расіі, на Украіне. Займаўся праблемамі культуры бел.літ. мовы. Аўтар «Краёвага слоўніка ўсходняй Магілёўшчыны» (1970) — самага вял.абл. слоўніка бел. мовы (каля 20 тыс. слоў).
Літ.:
Германовіч І.К. Беларускія мовазнаўцы: Нарысы жыцця і навук. дзейнасці. Мн., 1985. С. 133—179.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЕ́НЦІК (Дзмітрый Данілавіч) (23.2.1907, в. Райкова Полацкага р-на Віцебскай вобл. — 30.3.1969),
Герой Сав. Саюза (1940). Скончыў Арэнбургскую ваенна-авіяц. школу (1933). У Чырв. Арміі з 1929. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. Эскадрылля пад камандаваннем капітана Валенціка тройчы лятала ў глыбокі тыл ворага на знішчэнне яго аператыўна-стратэгічнай базы. У Вял.Айч. вайну на Паўд.-Зах., Сталінградскім, Паўд., 4-м Укр. і 3-м Бел. франтах; камандзір палка Валенцік зрабіў 115 баявых вылетаў. Да 1955 у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЬВАЦЕ́НКА (Іван Кірылавіч) (н. 15.4.1915, в. Мазалава Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл.),
Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў курсы афіцэрскага саставу (1939), танкавую школу (1941). У Чырв. Арміі з 1937. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну на Паўд.-Зах., Волхаўскім, Варонежскім, 1-м Укр. франтах. 5—6.11.1943 танк. рота на чале са ст. лейт. Вальваценкам вызначылася ў баях каля Кіева. Паранены Вальваценка з экіпажам у падбітым танку некалькі гадзін вёў бой да падыходу падмацавання. Да 1946 у Сав. Арміі.