МАКА́РАЎ Барыс Паўлавіч (28.4.1915, г. Набярэжныя Чаўны, Татарстан — 9.12.1991),

бел. спявак (тэнар). Засл. арт. Беларусі (1955). Скончыў Цэнтр. вучылішча тэатр. самадзейнасці ў Маскве (1936). У 1943—78 саліст Ансамбля песні і танца БВА. Творчую манеру М. вызначалі мяккая інтанацыя, шчырасць, сцэн. свабода. У рэпертуары песні сучасных, у т. л. бел., кампазітараў. Валодаў таксама мастацтвам канферансу. Найб. значная работа — вобраз Васіля Цёркіна ў муз.-літ. кампазіцыі «Цёркін у запасе» паводле паэмы А.​Твардоўскага «Васіль Цёркін».

т. 9, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́СЕРШМІТ (Messerschmitt) Вілі (26.6.1898, г. Франкфург-на-Майне, Германія — 15.9.1978),

нямецкі авіяканструктар і прамысловец. Стварыў шэраг самалётаў, верталётаў, планёраў рознага прызначэння. Найб. вядомыя: Ме-109 — асн. знішчальнік ВПС Германіі ў 1935—45 (гл. іл. да арт. Авіяцыя), Ме-110 — самалёт шматмэтавага прызначэння, Ме-262 — адзін з першых рэактыўных знішчальнікаў. Пасля 2-й сусв. вайны эмігрыраваў у Іспанію; у 1959 вярнуўся ў ФРГ, аднавіў вытв-сць самалётаў і стаў саўладальнікам канцэрна «Месершміт—Бёлькаў—Блом».

т. 10, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЁБІУСА ЛІСТ,

найпрасцейшая з аднабаковых паверхняў. З’яўляецца неарыентаванай паверхняй (гл. Арыентацыя ў матэматыцы). Можна атрымаць з прамавугольніка ABCD склейваннем паміж сабой старон AB і CD так, каб сумясціліся процілеглыя (па дыяганалі) вяршыні прамавугольніка. Мяжой М.л. з’яўляецца адна замкнутая крывая і таму, калі яго разрэзаць уздоўж сярэдняй лініі, ён не распадаецца, а ператвараецца ў двойчы перакручанае цыліндрычнае кальцо. Разглядаўся незалежна ням. матэматыкамі А.Ф.Мёбіусам і І.​Лістынгам.

Да арт. Мёбіуса ліст: а — зыходны прамавугольнік; б — ліст Мёбіуса.

т. 10, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІСЕ́ВІЧ Уладзіслаў Людвігавіч (н. 8.5.1945, г. Арэнбург, Расія),

бел. эстрадны музыкант. Засл. арт. Беларусі (1979). Вучыўся ў Мінскім муз. вучылішчы імя М.​Глінкі (1963—66), скончыў Мінскі ін-т культуры (1988). З 1967 артыст-інструменталіст эстрады Белдзяржфілармоніі, у 1969—93 артыст вак.-інстр. ансамбля «Песняры», з 1998 артыст і дырэктар вак.-інстр. ансамбля «Беларускія песняры» пры Дзярж. аб’яднанні «Белканцэрт». Валодае некалькімі духавымі муз. інструментамі (флейта, саксафон, дудачкі), добрымі вак. данымі.

Г.​М.​Загародні.

т. 10, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЯНСА́РАВА Тамара Вартанаўна (9.6. 1913, Масква — 1.10.1990),

бел. піяністка. Засл. арт. Беларусі (1966). Скончыла Ерэванскую кансерваторыю (1937). У 1932—44 гал. канцэртмайстар Ерэванскага т-ра оперы і балета. З 1944 канцэртмайстар Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, у 1948—85 — Бел. тэлебачання і радыё. Валодала дасканалай тэхнікай, яе выкананню былі ўласцівы адухоўленасць, эмацыянальнасць. Выступала з вядучымі інструменталістамі і вакалістамі Беларусі, у адкрытых канцэртах. Зрабіла шмат запісаў для тэлебачання, радыё, на грампласцінкі.

Дз.​М.​Жураўлёў.

т. 10, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́ЗІЛЬ Мікалай Ігнатавіч (26.11.1839, Чэсмены пад Масквой —9.7.1906),

рускі акцёр. Засл. арт. імператарскіх т-раў (1903). Ў 1865 дэбютаваў у Малым т-ры. З гумарам выконваў ролі амплуа «прасцяка» ў вадэвілях і аперэтах. Пазней характарны акцёр. Найб. вызначыўся ў п’есах А.​Астроўскага, у многіх — першы выканаўца: Гаўрыла («Гарачае сэрца», 1869), Пётр («Лес», 1871), Платон («Праўда — добра, а шчасце лепш», 1876), Рабінзон («Беспасажніца», 1878), Нарокаў («Таленты і паклоннікі», 1881), Шмага («Без віны вінаватыя», 1884) і інш.

т. 11, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАГА́Н,

неафіцыйная назва 7,62-мм рэвальвера, распрацаванага ў канцы 19 ст. бельг. збройнікам Л.​Наганам. Быў на ўзбр. армій шэрагу краін (Аўстра-Венгрыі, Расіі, Швецыі і інш.). На ўзбр. Чырв. Арміі прыняты пад назвай «рэвальвер узору 1895». Меў сямізарадны барабан, які адначасова служыў патроннікам і магазінам. Прыцэльная далёкасць стральбы да 100 м, патрон рэвальверны. У СССР напярэдадні Вял. Айч. вайны заменены аўтам. пісталетам.

Да арт. Наган. 7,62-мм рэвальвер сістэмы Наган узору 1895.

т. 11, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́ТКАЎ Дзімітр (н. 4.5.1919, г. Смолян, Балгарыя),

балгарскі кампазітар. Нар. арт. Балгарыі (1974). Скончыў Дзярж. муз. акадэмію ў Сафіі (1952). У 1954—62 і 1975—78 дырэктар Сафійскай нар. оперы. Сярод твораў: опера «Званы, якія змоўклі» (1987), араторыя «Рожэн спускаецца з Радопаў» (1966), кантаты «Вераснёўская легенда» (1953), «Рэквіем матросу» (1967), «Святочная кантата» (1974), «Кантата аб Антаніванаўцах» (1978), сольныя і харавыя песні (каля 1000), дзіцячыя аперэты, музыка да спектакляў, кінафільмаў, радыёпастановак. Дзімітроўская прэмія 1969.

т. 12, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПНЕЎМАРУХАВІ́К,

другасны рухавік, які пераўтварае энергію сціснутага паветра ў мех. работу. Ціск сціснутага паветра — ад 0,3 да 0,6 МПа. Адрозніваюць аб’ёмныя (поршневыя, вінтавыя) і турбінныя П. Магутнасць П. звычайна не перавышае 2,5 кВт. Выкарыстоўваюць у прам-сці для прыводу ручных машын (напр., дрылёў, гайкавёртаў, адбойных малаткоў), у выбуханебяспечных і вільготных месцах.

Да арт. Пнеўмарухавік: а — пнеўмацыліндр двухбаковага дзеяння; б — шыберны (лопасцевы); 1 — поршань; 2 — цыліндр; 3 — шток; 4 — шыбер (лопасць); 5 — выхадны вал; 6 — корпус.

т. 12, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́Ў (сапр. Краўзе) Іван Іванавіч

(н. 29.2.1920, г. Іркуцк, Расія),

расійскі спявак (бас). Нар. арт. СССР (1959). Скончыў Маскоўскае вучылішча імя Глазунова (1943). У 1943—70 саліст Вял. т-ра ў Маскве. Сярод партый; Барыс Гадуноў, Дасіфей («Барыс Гадуноў», «Хаваншчына» М.​Мусаргскага), Качубей («Мазепа» П.​Чайкоўскага), Мефістофель («Фауст» Ш.​Гуно); першы выканаўца партый Марозкі («Марозка» М.​Красева), Бястужава («Дзекабрысты» Ю.​Шапорына). Зняўся ў кінафільмах «Яўген Анегін», «Коннік без галавы». Дзярж. прэміі СССР 1950, 1951.

т. 13, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)