ля́мант, ‑у, М ‑нце, м.
Адчайны, немы крык як праяўленне жаху, як кліч на дапамогу. Таўчэ дзік лычам мяне ў спіну, а рваць не рве. Апамятаўся я і нарабіў ляманту. Пальчэўскі. Касцы на лузе ўзнялі лямант. Язэп .. кінуўся на дапамогу. Нырнуў раз — не знайшоў малога. Ваданосаў. // Моцны працяглы плач, крык, брэх. А можа толькі так здалося? О, не! Не плач, а лямант, енк. Чыё там сэрца так галосіць? Так чалавек не плакаў век. Пушча. Праляталі нізка альбатросы, Узнімалі чайкі лямант дзікі. Звонак. [Сабачка] чуў нас за кіламетр і узнімаў такі лямант, што мы не ведалі, куды дзявацца. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заты́чка і за́тычка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Тое, чым затыкаюць што‑н. Гумно было адамкнёна, а ў прабоі тырчала звычайная драўляная затычка, прывязаная да прабоя канаплянаю вяровачкай. Дамашэвіч. Раз-пораз Карней Адамавіч адкрываў затычку ў сцяне і праз шчылінку пазіраў на дарогу. Жычка. // перан. Пра таго, кім часта замяняюць, падмяняюць каго‑н. — Калі выбралі мяне старшынёю, дык і слухайцеся, а не хочаце — скідайце, — гаварыў Тамаш. — А толькі я затычкай не буду. Гурскі.
•••
Ад усіх дзірак (бочак) затычка — пра чалавека, які любіць умешвацца не ў свае справы.
Затычка ад пустой бочкі — пра непатрэбнага, лішняга чалавека.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дра́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
1. Цяслярская металічная прылада з двума вострымі загнутымі канцамі для падгонкі бярвенняў, дэталей і пад. Побач, раз-пораз узмахваючы сякерай, абчэсвае дошкі брат .., а каля яго са шнуром і драчкай у руках завіхаецца бацька. Краўчанка. Кляўко з сваім сынам з Муравейнікаў прыйшлі — прыпу[ск]алі драчкаю другое бервяно на новай сырабойні. Баранавых.
2. Месца паміж лініямі, праведзенымі пры дапамозе такой прылады на бервяне, дошцы; паз. Назаўтра Тарэнта ўжо выбіраў у бервяне драчку, высякаў вугал, клаў мох і прыладжвае бервяно да зруба. Галавач.
3. Абл. Тарка. Аня нахіліла галаву ніжэй пад драчкай: яна канчала драць бульбу. Кудравец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нараві́сты, ‑ая, ‑ае.
Упарты, з норавам (звычайна пра коней). — У майго бацькі быў конь наравісты, дык як стане, як укопаны. Хоць кол на галаве чашы — ні з месца.. — гаварыў меднабароды Язэп Рудзько. Дуброўскі. [Ячны:] — Кабыла ў .. [Цупрона] была наравістая. Упудзілася раз і панясла з гары. Брыль. // Разм. Натурысты, капрызны (пра ўпартага чалавека). Але ж і наравісты хлопец! Далі ім тут, відаць, волю. Во ён табе, упёрся, як баран. Савіцкі. // Які выражае ўпартасць, наравістасць. Наравісты характар. / у перан. ужыв. Як выцягнутае срэбнае вужышча з дзесяткамі, сотнямі, тысячамі прыгожа акругленых кален павіваецца, бы пасмейваецца на сонцы, стары наравісты Нёман у высокіх берагах. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
папа́с, ‑у, м.
1. Месца, дзе пасецца жывёла; паша. Травою шастаюць Каровы на папасе. Чарот. Змоўкла цётка, калі на падворку тонка і высока заржала жарабя, а ў дзвярах паказаўся дзядзька Андрэй — прызнаў з папасу кабыліцу. Вышынскі.
2. Прыпынак у дарозе з мэтай пакарміць коней, падсілкавацца і адпачыць; папаска. А дзень канчаецца тым часам, Пара падумаць пра начлег, Ды дзе спыніцца для папасу? Колас. Праз вёску са сваёй дружынай Баярын гэты ехаў раз, І ля Натальчынай хаціны Ён затрымаўся на папас. Купала. Усе, хто ездзіў ад нас у Мінск, спыняліся на папас і на начлег у карчме. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
партнёр, ‑а, м.
Удзельнік якой‑н. гульні, размовы і пад. Твары партнёраў, рэзка змененыя прагавітасцю да грошай, яшчэ больш павялічвалі непрыемнае адчуванне. Колас. Пачутыя навіны так уразілі Клопікава, што ён адразу.. забыўся і на варожую пешку і на свайго партнёра. Лынькоў. // Той, хто разам з кім‑н. прымае ўдзел у тэатральных спектаклях, спартыўных гульнях, танцах і пад. На гэты раз Рыгорка адразу пачуў падказку, радасна ўскінуў галаву і на ўсю залу грымнуў свайму збянтэжанаму партнёру: «Не так!» Краўчанка. Танцавала Зіна лёгка папярэджваючы кожны рух партнёра. Шыцік. // Кампаньён у якой‑н. справе. Савецкі Саюз — буйнейшы гандлёвы партнёр Балгарыі. «Звязда».
[Фр. partenaire.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перапле́сціся, ‑плятуся, ‑пляцешся, ‑пляцецца; ‑пляцёмся, ‑плецяцеся; пр. пераплёўся, ‑плялася, ‑плялося; заг. перапляціся; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сплесціся паміж сабой. Плюшч пераплёўся з хмелем. □ На.. [карце] у загадкавым лабірынце перапляліся дзесяткі рознакаляровых ліній. Гамолка. Каля яліны расла вілаватая, галінастая бяроза, тоўстыя сукі якой перапляліся з яловымі лапкамі. Ляўданскі. // перан. Злучыцца, зліцца ў адно цэлае; перамяшацца. Многія з нас першы раз трапілі ў гэты край, дзе легендарнае і рэальнае перапляліся так шчыльна. Залескі. Беларусь была тым раёнам імперыі, дзе своеасабліва перапляліся між сабою класавыя, нацыянальныя і рэлігійныя супярэчнасці. «Полымя».
2. Разм. Заплесці сабе валасы ў косы нанава, іначай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ператаўчы́, ‑таўку, ‑таўчэш, ‑таўчэ; ‑таўчом, ‑таўчаце, ‑таўкуць; пр. ператоўк, ‑таўкла, ‑ло; заг. ператаўчы; зак.
1. што. Стаўчы ўсё, многае. Ператаўчы ўвесь перац. Ператаўчы вараную бульбу.
2. што. Ачысціць ад шалупін, абтаўчы ўсё, многае. Ператаўчы ўсё проса.
3. што. Стаўчы драбней, чым трэба; раскрышыць.
4. што. Стаўчы нанава, яшчэ раз.
5. што. Разм. Разбіць, пабіць усё, многае. Таго ж вечара Пракоп і раз’ятрыўся, што ператоўк усе гладышы, якія толькі былі ў хаце, у сенцах і ў пограбе. Вітка.
6. каго. Разм. Забіць, пабіць усіх, многіх. — Трэба арганізоўваць людзей і выходзіць з гета, — гаварыў хваравіты Ёсель Гелер.. — Іначай усіх нас ператаўкуць... Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
порт 1, ‑а, М порце, м.
Спецыяльна прыстасаванае месца для стаянкі, пагрузкі, разгрузкі і рамонту суднаў. Хутка з-за гары, што ўзвышалася на левым беразе над самай вадой, вынырнуў вялікі порт і горад. Шамякін. Я бачыў не раз, як буруны ўставалі І з мора спяшаліся ў порт караблі. Лужанін. // Прыморскі горад з такім спецыяльна прыстасаваным месцам для стаянкі, пагрузкі, разгрузкі і рамонту караблёў. Велізарныя порты, такія, як Адэса і Марыупаль, маюць сувязь з усімі краінамі свету. «Беларусь».
[Фр. port.]
порт 2, ‑у, м.
Льняная або баваўняная тканіна. Кашуля шырокая з порту, Лапці з пяньковых абор, У шапцы салдацкай падзёртай Ходзіць па вёсцы Прахор. Танк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прычы́на, ‑ы, ж.
1. З’ява, акалічнасць, якая служыць падставай чаго‑н., выклікае або абумоўлівае другую з’яву. Прычына хваробы. Прычына звальнення з работы. □ Ці наверадзіў яе, .. ці якая другая прычына, але нага забалела так, што Цімошку прыйшлося застацца дома і легчы ў пасцельку. Колас.
2. Падстава, зачэпка для якіх‑н. дзеянняў, учынкаў. [Сімон] любіў смяяцца, і для гэтага яму не трэба было шукаць асаблівай прычыны. Самуйлёнак. Сымоніха з Лявоніхай маюць вялікі спрыт прыдумваць на кожны раз новыя прычыны, за што цалавацца і за што біцца. Бядуля.
•••
Без дай прычыны гл. даць.
З прычыны чаго — у выніку чаго‑н., з-за чаго‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)