Усесаюзны НДІ метралогіі імя Дз. І. Мендзялеева 7/140, 158

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Чувашскі драматычны тэатр імя К. В. Іванова (Чэбаксары) 11/231

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Чэчэна-Інгушскі драматычны тэатр імя Ханпашы Нурадзілава (Грозны) 11/278

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Школа-студыя імя У. І. Неміровіча-Данчанкі (Масква) 10/376

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Бабруйскі санаторый імя У. І. Леніна 2/42, 46, 49; 3/467; 6/217; 7/211; 9/351

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ АКАДЭМІ́ЧНЫ ТЭА́ТР ІМЯ ЯКУ́БА КО́ЛАСА, Беларускі дзяржаўны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа. Створаны ў 1926 у Віцебску як Другі бел. дзярж. т-р (БДТ-2) з выпускнікоў Беларускай драматычнай студыі ў Маскве. 21.12.1944 прысвоена імя Я.​Коласа, у 1977 — званне акадэмічнага. Адкрыўся 21.11.1926 спектаклем «У мінулы час» І.​Бэна. Напачатку рэпертуар т-ра склалі пастаноўкі, падрыхтаваныя ў студыі: нар. драма «Цар Максімілян», «Апраметная» В.​Шашалевіча, «Чорт і баба» Ф.​Аляхновіча, «Сон у летнюю ноч» У.​Шэкспіра, «Вакханкі» Еўрыпіда, «Эрас і Псіхея» Е.​Жулаўскага і інш. Спектаклі вызначаліся пастановачнай яркасцю, пластычнасцю, пошукам новых формаў і былі разлічаны на тэатральна дасведчанага гледача. Афіцыйная крытыка абвясціла іх фармалістычнымі і эстэцкімі, патрабавала большай даступнасці і прастаты. У канцы 1920-х г. асн. кірунак быў узяты на тагачасную сав. драматургію і рэв. тэматыку. У 1930-я г. значнае месца ў рэпертуары пачала займаць бел. драматургія. Пастаўлены «Вечар беларускіх вадэвіляў» (увайшлі «Пінская шляхта» В.​Дуніна-Марцінкевіча, «Паўлінка» і «Прымакі» Я.​Купалы), «Вайна вайне» і «У пушчах Палесся» Я.​Коласа, «Пагібель воўка» Э.​Самуйлёнка, «Над Бярозай-ракой» П.​Глебкі, «Ірынка» К.​Чорнага. Найб. нацыянальна яскравым, самабытным спектаклем, які на многія гады стаў вызначальным для т-ра, з’явілася пастаноўка п’есы «Несцерка» В.​Вольскага. З класічнай драматургіі пастаўлены «Мяшчане» М.​Горкага, «Беспасажніца» і «Лес» А.​Астроўскага, «Лекар мімаволі» Мальера, «Здані» Г.​Ібсена. Сярод найб. значных пастановак тагачаснай драматургіі — «Гібель эскадры» А.​Карнейчука. З 1928 пры т-ры перыядычна працавалі студыі (гл. Студыі Беларускага тэатра імя Якуба Коласа). У Айч. вайну тэатр працаваў ва Уральску (з 1941) і Арэхава-Зуеве (1943—44). Найлепшыя спектаклі гэтага перыяду — «Ягор Булычоў і іншыя» М.​Горкага, «Нашэсце» Л.​Лявонава, «Проба агнём» К.​Крапівы. У 1944 брыгада акцёраў т-ра выехала на фронт. З кастр. 1944 т-р аднавіў дзейнасць у Віцебску. Пастаўлены «Рэвізор» М.​Гогаля, «Гамлет» Шэкспіра і інш. класічныя творы; з бел. драматургіі: «Цэнтральны ход» і «Алазанская даліна» К.​Губарэвіча і І.​Дорскага, «Песня нашых сэрцаў» і «Калі зацвітаюць сады» В.​Палескага, «Пяюць жаваранкі» К.​Крапівы. У 1950-я г. аснову рэпертуару т-ра склалі творы Лопэ дэ Вэгі, П.​Кальдэрона, Астроўскага, А.​Сухаво-Кабыліна, Л.​Талстога, А.​Чэхава, М.​Горкага. У нац. рэпертуар вернута з забыцця п’еса Я.​Купалы «Раскіданае гняздо». Пастаўлены «Машэка» Вольскага, «Простая дзяўчына» і «На крутым павароце» Губарэвіча. Вострымі, надзённымі сталі пастаноўкі «Выбачайце, калі ласка!» А.​Макаёнка, «Людзі і д’яблы» К.​Крапівы. У канцы 1950 — пач. 1960-х г. прынцыпова важнымі спектаклямі былі «Навальніца будзе» паводле Я.​Коласа, «Выгнанне блудніцы» І.​Шамякіна, «Крыніцы» і «Снежныя зімы» паводле яго раманаў, «Лявоніха» П.​Данілава, «Пад адным небам» А.​Маўзона, «Справа яе жыцця» А.​Гутковіча і Ф.​Казоўскай, «Іркуцкая гісторыя» А.​Арбузава. Удачамі т-ра з’явіліся пастаноўкі «Ветрык, вей!» Я.​Райніса і «Бацькаўшчына» К.​Чорнага. Поспехі т-ра ў 2-й пал. 1960-х — 80-я г. абумоўлены зваротам да бел. драматургіі: «Сымон-музыка» паводле паэмы Я.​Коласа, «Вайна пад стрэхамі» паводле А.​Адамовіча, «Трыбунал» і «Таблетку пад язык» Макаёнка, «Званы Віцебска» і «Кастусь Каліноўскі» У.​Караткевіча, «Амністыя» М.​Матукоўскага, «Трывога» А.​Петрашкевіча, «Парог», «Вечар» і «Радавыя» А.​Дударава. Цікавыя сцэн. трактоўкі атрымалі «Улада цемры» Л.​Талстога, «Мяшчане» М.​Горкага, «Клоп» У.​Маякоўскага, «Доктар філасофіі» Б.​Нушыча, «Матухна Кураж і яе дзеці» Б.​Брэхта. Пэўнымі дасягненнямі адзначаны спектаклі «Летась у Чулімску» і «Развітанне ў чэрвені» А.​Вампілава, «Брыльянт» Е.​Пшаздзецкага, «Стары дом» А.​Казанцава, «Клеманс» К.​Саі. У канцы 1980 — пач. 1990-х г. прыкметнымі з’явамі сталі спектаклі «Хам» паводле Э.​Ажэшкі, «Залёты» Дуніна-Марцінкевіча, «Генрых VI» Шэкспіра, «ЧП-1» і «ЧП-2» паводле «Рэвізора» Гогаля.

У фарміраванне творчага аблічча т-ра вял. ўклад зрабілі акцёры А.​Ільінскі, П.​Малчанаў, Ц.​Сяргейчык, рэжысёры М.​Міцкевіч, В.​Дарвішаў, Н.​Лойтар, А.​Скібнеўскі, Г.​Шчарбакоў, С.​Казіміроўскі, В.​Мазынскі, Б.​Эрын, мастакі Я.​Нікалаеў, А.​Марыкс, А.​Салаўёў. Значную ролю ў развіцці т-ра адыгралі акцёры: М.​Бялінская, Я.​Глебаўская, Г.​Дубаў, М.​Звездачотаў, А.​Лагоўская, Б.​Левін, Г.​Маркіна, І.​Матусевіч, Л.​Мацісава, А.​Мельдзюкова, А.​Радзялоўская, С.​Скальскі, А.​Трус, М.​Цішачкін, А.​Шэлег, кампазітар і дырыжор Л.​Маркевіч, дырэктары засл. дзеячы маст. У.​Стэльмах і І.​Дорскі, засл. дз. культ. Г.​Асвяцінскі.

У складзе трупы (1996): нар. арт. СССР Ф.​Шмакаў, нар. арт. Беларусі С.​Акружная, З.​Канапелька, Т.​Кокштыс, У.​Куляшоў, Я.​Шыпіла; засл. арт. Беларусі Г.​Каралькова, В.​Петрачкова, Л.​Пісарава, Б.​Сяўко, Л.​Трушко, Т.​Шашкіна; арт. А.​Лабанок, П.​Ламан, Н.​Левашова, Т.​Ліхачова, Г.​Шкуратаў і інш. Дырэктар і маст. кіраўнік т-ра В.​Маслюк (з 1993), гал. мастак С.​Макаранка (з 1996), заг. муз. часткі А.​Крыштафовіч (з 1995), заг. літ. часткі У.​Ганчароў (1968—84 і з 1993).

З 1964 т-р працуе ў будынку на пл. Тысячагоддзя Віцебска (арх. А.​Максімаў, І.​Рыскіна). Яго гал. фасад вырашаны ў выглядзе 8-калоннага порціка з франтонам. Па гал. восі размешчаны вестыбюль, фае, паўкруглая ў плане глядзельная зала на 639 месцаў з партэрам і 2 балконамі, развітая сцэн. група памяшканняў. З 1973 працуе камерная сцэна ў фае з залай на 100 месцаў.

Літ.:

Гісторыя беларускага тэатра. Т. 2—3. Мн., 1985—87;

Няфёд У.І. Беларускі тэатр імя Якуба Коласа. Мн., 1976;

Беларускі дзяржаўны акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа. Мн., 1986;

Сабалеўскі А. Сучаснасць і гісторыя: Крытыч. арт. Мн., 1985.

А.​В.​Сабалеўскі.

Да арт. Беларускі акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа. Сцэна са спектакля «Гамлет» У.​Шэкспіра.
Да арт. Беларускі акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа. Сцэна са спектакля «Хам» паводле Э.​Ажэшкі.
Да арт. Беларускі акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа. Сцэна са спектакля «Вяселле Крачынскага» А.​Сухаво-Кабыліна.

т. 2, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Кавалерыйскі эскадрон імя І. В. Сталіна партыз. брыгады імя П. К. Панамарэнкі Мінскай, Пінскай, Брэсцкай абл. 8/196

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

СТУ́ДЫІ БЕЛАРУ́СКАГА ТЭА́ТРА ІМЯ ЯКУ́БА КО́ЛАСА Дзейнічалі ў 1928—64 пры Беларускім акадэмічным тэатры імя Якуба Коласа (цяпер Нац. акад. драм. т-р імя Я.​Коласа) для прафес. падрыхтоўкі маладых акцёраў. Спалучалі навуч.-пед. работу з практыкай у т-ры.

Студыя 1928—31. Маст. кіраўнік М.​Міцкевіч. Педагогі: Ц.​Сяргейчык і Міцкевіч (майстэрства акцёра), К.​Саннікаў (сцэн. рух і пластыка), А.​Ільінскі (грым), С.​Стэльмах (сцэн. мова), А.​Некрашэвіч (грамадскія дысцыпліны). Студыйцы: Л.​Будзько, А.​Загавалка, І.​Матусевіч, А.​Сакалоў, У.​Стэльмах, А.​Трус, І.​Тупік, А.​Шэлег. Студыйныя работы — фрагменты з твораў А.​Астроўскага, М.​Горкага, А.​Чэхава, Я.​Купалы, Я.​Коласа, спектакль «Авангард» В.​Катаева і інш.

Студыя 1931—33. Маст. кіраўнік Міцкевіч. Педагогі: Міцкевіч, С.​Розанаў, Саннікаў, Сяргейчык (майстэрства акцёра), С.​Стэльмах (сцэн. мова). Студыйцы: А.​Багданава, Л.​Валчэцкі, Т.​Заранок і інш. Паст. спектакль «Цудоўны сплаў» У.​Кіршона з удзелам былых выпускнікоў.

Студыя 1934—38 Маст. кіраўнік Сяргейчык. Педагогі: Ільінскі і П.​Малчанаў (майстэрства акцёра), Ю.​Чарноў (сцэн. мова), Л.​Маркевіч (муз. грамата) і інш. Студыйцы: П.​Бялевіч, Т.​Зорына, З.​Канапелька, У.​Латоўскі, М.​Маркоўская і інш. Студыйныя работы — урыўкі з п’ес «Пінская шляхта» В.​Дуніна-Марцінкевіча, «Паўлінка» Я.​Купалы, «Вайна вайне» Я.​Коласа, спектаклі «Мяшчане» М.​Горкага, «Дзеці Ванюшына» С.​Найдзёнава і інш.

Студыя 1939—41. Маст. кіраўнік В.​Аксёнаў. Педагогі: Ільінскі і Сяргейчык. Спыніла работу з пач. Вял. Айч. вайны.

Студыя 1945—48. Маст. кіраўнік Сяргейчык. Педагогі: А.​Гарэлаў, Ільінскі, Л.​Мазалеўская, Малчанаў, А.​Радзялоўская, Ф.​Шмакаў. Студыйцы: Г.​Арлова, А.​Лапо, А.​Мельдзюкова, М.​Яроменка і інш. Паст. спектакль «Старыя сябры» Л.​Малюгіна.

Студыя 1956—58. Маст. кіраўнік Сяргейчык. Педагогі: Я.​Буракоў, Н.​Лойтар, А.​Скібнеўскі, Шмакаў. Студыйцы: С.​Васільева, Ж.​Галабурдзіна, Б.​Крупскі, Л.​Куцькіна, В.​Петрачкова, З.​Раманава, Л.​Самсонава, У.​Унукаў, А.​Шчапанкін. Студыйныя работы — урыўкі з твораў Астроўскага, А.​Пушкіна, Чэхава, К.​Крапівы, Я.​Райніса.

Студыя 1962—64 Маст. кіраўнік Б.​Браганцаў, з 1963 І.​Папоў, заг. студыі Шэлег. Педагогі: Буракоў, Радзялоўская, Сяргейчык, Шмакаў. Студыйцы: А.​Атаршчыкаў, А.​Забалотнікаў, Л.​Заграбельная, Г.​Каралькова, М.​Колас, М.​Марозава, Л.​Пісарава, У.​Рошчын, В.​Старыковіч. Студыйныя работы — урыўкі з твораў «Беспасажніца» Астроўскага, «Рэвізор» М.​Гогаля, «Хлопец з нашага горада» К.​Сіманава, «Акіян» А.​Штэйна.

Літ.:

Няфёд У. Беларускі тэатр імя Якуба Коласа. Мн., 1976;

Гісторыя беларускага тэатра. Т. 2—3. Мн., 1985—87.

Ю.​М.​Сохар.

т. 15, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТУ́ДЫІ БЕЛАРУ́СКАГА ТЭА́ТРА ІМЯ Я́НКІ КУПА́ЛЫ Дзейнічалі ў 1932—69 пры Бел. т-ры імя Я.​Купалы (гл. Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы) для прафес. падрыхтоўкі маладых акцёраў. Спалучалі навуч.-пед. работу з практыкай у т-ры.

Студыя 1932—34. Маст. кіраўнік Л.​Літвінаў, заг. студыі П.​Данілаў, з 1933 Я.​Рамановіч. Педагогі: В.​Галіна, У.​Крыловіч, У.​Уладамірскі і інш. Студыйцы: М.​Абраменка, Г.​Відаўская, А.​Гучко, Г.​Панкрат, К.​Шайкоўскі і інш. Студыйныя работы — спектаклі «Бацькаўшчына» К.​Чорнага, «Сваты» І.​Гурскага.

Студыя 1936—38. Маст. кіраўнік Літвінаў, заг. студыі Рамановіч. Педагогі: Галіна, Данілаў, Літвінаў (майстэрства акцёра), Л.​Рахленка (сцэн. мова), І.​Швец (сцэн. рух). Студыйцы: А.​Абрашкевіч, С.​Бульчык, У.​Гарачун, Л.​Гілевіч, Г.​Макарава (Апанасчык), А.​Маркавец, С.​Саўчук, В.​Семянюк, А.​Усенка, С.​Яворскі. Паст. спектакль «Слуга двух гаспадароў» К.​Гальдоні.

Студыя 1945—48 Маст. кіраўнік Е.​Міровіч, з 1946 Літвінаў, заг. студыі Б.​Янпольскі. Педагогі: Галіна і В.​Галаўчынер (майстэрства акцёра), П.​Іваноў (сцэн. мова), К.​Ціхаміраў (танец і рытміка руху), Б.​Кудраўцаў (грым), У.​Няфёд (гісторыя т-ра), Дз.​Румянцаў (гісторыя л-ры). Студыйцы: М.​Бацян, М.​Зінкевіч, Я.​Кавалёва, Т.​Кін-Камінскі, Н.​Краўцова, В.​Краўчанка, У.​Кудрэвіч, М.​Лапідус, А.​Рынковіч, І.​Сіповіч, Г.​Уладамірская, Л.​Чыжэўская. Студыйныя работы — фрагменты з твораў А.​Фадзеева, А.​Куляшова, А.​Пушкіна, М.​Гогаля, Гальдоні, спектаклі «Апошнія» М.​Горкага, «Дарагі госць» Ю.​Рудзько.

Студыя 1956—58. Маст. кіраўнік Рахленка. Педагогі: А.​Архангельскі, Галіна, Няфёд. Студыйцы: М.​Бабок, В.​Белахвосцік, Г.​Вавула, М.​Калінін, А.​Кацельнікаў, Дз.​Ніжнікоўская, Л.​Хейфец. Студыйныя работы — фрагменты з твораў М.​Святлова, Я.​Васілёнка, А.​Каплера.

Студыя 1967—69. Маст. кіраўнік Рахленка, заг. студыі Я.​Громаў. Педагогі: Б.​Луцэнка, В.​Раеўскі, Уладамірская, Б.​Эрын (майстэрства акцёра), З.​Браварская (сцэн. мова), А.​Першыц (сцэн. пластыка), А.​Лабовіч (гісторыя т-ра). Студыйцы: М.​Бараш, Б.​Бруснікаў, Л.​Зорына, А.​Кашпераў, У.​Кошаль, У.​Краснапёраў, Т.​Кротава, І.​Кушалевіч, Л.​Лой, М.​Лур’е, А.​Марцынюк, А.​Падабед, Т.​Скудная, У.​Сячэйка, Т.​Юдзіна. Студыйныя работы — фрагменты з твораў Ф.​Шылера, М.​Горкага, В.​Розава, Л.​Зорына і інш., спектаклі «Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы, «На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.​Астроўскага (1-ы акт).

Літ.:

Няфёд У. Беларускі акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Мн., 1970;

Гісторыя беларускага тэатра. Т. 2—3. Мн., 1985—87.

Ю.​М.​Сохар.

т. 15, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ленінградскі горны інстытут імя Г. В. Пляханава 3/564; 5/105

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)