вектар шчыльнасці патоку эл.-магн. энергіі; асобны выпадак Умава вектара. Выражаецца формулай
, дзе і — напружанасці эл. і магн. палёў у электрамагнітнай хвалі адпаведна. Паняцце ўведзена Дж.Г.Пойнтынгам.
Модуль П.в. роўны энергіі, якая пераносіцца за адзінку часу праз адзінку плошчы паверхні, перпендыкулярнай да напрамку распаўсюджвання эл.-магн.хвалі (напрамку П.в.). Паток П.в. праз замкнутую паверхню, якая абмяжоўвае сістэму зараджаных часціц, дае энергію, якую страчвае гэтая сістэма за адзінку часу ў выніку выпрамянення эл.магн. хваль (гл.Максвела ўраўненні).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
геамагнітафо́н
(ад геа- + магнітафон)
геафон, які ўзмацняе і рэгіструе цяжкаўлоўныя гукавыя хвалі ў падземных горных вырабатках.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ГРУПАВА́Я СКО́РАСЦЬхваль, скорасць руху групы або цуга хваль, якія ўтвараюць у кожны момант часу лакалізаваны ў прасторы хвалевы пакет. Прыбліжана характарызуе распаўсюджанне негарманічных хваль. Пры адсутнасці паглынання групавая скорасць роўная скорасці пераносу энергіі хвалі (скорасці перадачы сігналу). Групавая скорасць u звязана з фазавай скорасцю v формулай Рэлея:
, дзе λ — даўжыня хвалі; u = v, калі адсутнічае дысперсія хваль
. Групавая скорасць выкарыстоўваюць пры вымярэнні далёкасці ў гідра- і радыёлакацыі, пры зандзіраванні атмасферы, у сістэмах кіравання касм. аб’ектамі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЮ́ЙГЕНСА—ФРЭНЕ́ЛЯ ПРЫ́НЦЫП,
асноўны прынцып хвалевай оптыкі, які дае магчымасць вызначаць амплітуду (інтэнсіўнасць) хвалі ў кожным пункце, калі вядомыя яе амплітуда і фаза на якой-н. адвольнай паверхні. Першапачаткова сфармуляваны К.Гюйгенсам (1690), развіты з улікам інтэрферэнцыі А.Ж.Фрэнелем (1818), строгую матэм. фармулёўку Гюйгенса—Фрэнеля прынцыпу даў Г.Р.Кірхгоф (1882).
Паводле Гюйгенса—Фрэнеля прынцыпу кожны пункт хвалевай паверхні (фронту хвалі), якой у дадзены момант дасягнула светлавая хваля, з’яўляецца цэнтрам другасных (фіктыўных) кагерэнтных хваль, агінальная якіх у кожны наступны момант часу вызначае новую хвалевую паверхню. Інтэнсіўнасць святла ў пункце назірання вызначаецца вынікам інтэрферэнцыі другасных хваль. Пры гэтым амплітуда другасных хваль залежыць ад вугла паміж нармаллю да хвалевай паверхні ў цэнтры другаснай хвалі і напрамкам на пункт назірання. Гюйгенса—Фрэнеля прынцып выкарыстоўваецца пры рашэнні дыфракцыйных задач. Гл. таксама Дыфракцыя святла, Інтэрферэнцыя святла.
А.І.Болсун.
Да арт.Гюйгенса—Фрэнеля прынцып: S — крыніца святла, σ — хвалевая паверхня, M0, M1, M2, M1′, M2′ — цэнтры другасных хваль, φ — вугал паміж нармаллю да хвалевай паверхні і напрамкам на пункт назірання A.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКО́РАСЦЬ ГУ́КУ,
скорасць распаўсюджвання гуку ў матэрыяльным асяроддзі. Вызначаецца пругкасцю і шчыльнасцю асяроддзя. Скорасць гарманічнай гукавой хвалі (гл.Гарманічныя ваганні) наз.фазавай скорасцю гуку. Звычайна С.г. — велічыня пастаянная для дадзенага рэчыва пры дадзеных знешніх умовах і не залежыць ад частаты хвалі і яе амплітуды. У выпадку залежнасці фазавай скорасці ад частаты гуку мае месца дысперсія хваль і тады карыстаюцца паняццем групавой скорасці.
С.г. ў газах меншая, чым у вадкасцях, у вадкасцях меншая, чым у цвёрдых целах (прычым для зрухавых хваль яна меншая, чым для падоўжных). С.г. ў газах і пары 150—1000 м/с, у вадкасцях 750—2000 м/с, у цвёрдых целах 2000—6000 м/с, у паветры пры нармальных умовах 330 м/с, у вадзе прыкладна 1500 м/с. У монакрышт. цвёрдых целах С.г. залежыць ад напрамку распаўсюджвання хвалі адносна крышталеграфічных восей. Вымярэнне С.г. выкарыстоўваецца для вызначэння многіх характарыстык рэчыва, напр., сціскальнасці газаў і вадкасцей, модуляў пругкасці цвёрдых цел, зоннай структуры паўправаднікоў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́МПА ЗВЫШВЫСОКАЧАСТО́ТНАЯ,
электравакуумная прылада для ўзмацнення і генерыравання звышвысокачастотных эл.-магн. ваганняў (частата больш за 300 МГц). Выкарыстоўваецца ў электроніцы і радыётэхніцы (гл.Звышвысокачастотная тэхніка).
Паводле прынцыпу работы, фіз. працэсаў у лямпе і механізма пераўтварэння энергіі Л.з. падзяляюцца на 4 класы. Да 1-га адносяць лямпы з сеткавым кіраваннем, якія ад нізкачастотных лямпаў адрозніваюцца спец. канструкцыяй, што забяспечвае малы ўплыў міжэлектродных ёмістасцей і індуктыўнасцей вывадаў. 2-і клас складаюць Л.з. О-тыпу, дзе выкарыстоўваецца мадуляцыя электронаў па скорасці і наступная іх фазавая групоўка ў працяглых лінейных сістэмах. Да іх адносяць клістрон, лямпу адваротнай хвалі О-тыпу, лямпу бягучай хвалі О-тыпу. 3-і клас — лямпы М-тыпу, дзе працэсы фазавай групоўкі і пераўтварэння энергіі адбываюцца ў перакрыжаваных пастаянных эл. і магн. палях. Бываюць лямпы з катодам у прасторы ўзаемадзеяння (напр., магнетрон) і катодам па-за межамі гэтай прасторы (напр., лямпа адваротнай хвалі М-тыпу, лямпа бягучай хвалі М-тыпу). Да 4-га класа адносяць Л.з. з перыядычнымі электроннымі патокамі, дзе выкарыстоўваецца ўзаемадзеянне вінтавых, спіралізаваных, трахаідальных і інш. электронных патокаў з незапаволенымі эл.-магн. хвалямі ў гладкасценных эл.-дынамічных сістэмах, напр., мазер на цыклатронным рэзанансе, лазер на свабодных электронах, гіратрон, пеніятрон.
Літ.:
Кураев А.А. Сверхвысокочастотные приборы с периодическими электронными потоками. Мн., 1971;
Кураев А.А., Байбурин В.Б., Ильин Е.М. Математические модели и методы оптимального проектирования СВЧ приборов. Мн., 1990.