ГАСКО́НЬ (Gascogne),
гістарычная вобласць на ПдЗ Францыі, якая была заселена ў 6 ст. баскамі. З 602 Гасконь — герцагства, у 1036 далучана да Аквітаніі. У 1154—1453 належала англ. каралям, пасля Стогадовай вайны 1337—1453 адышла да Францыі. У 17—18 ст. разам з тэр. Гіень утварыла губернатарства Гіень і Гасконь (перастала існаваць у 1790 пасля падзелу Францыі на дэпартаменты). На тэр. Гасконі размешчаны дэпартаменты Жэр, Ланды, Верхнія Пірэнеі, часткова — Жыронда, Верхняя Гарона, Ло і Гарона, Тарн і Гарона, Ар’еж.
т. 5, с. 83
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́Л-ГУБЕРНА́ТАРСТВА,
адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 1775—1917. Аб’ядноўвала адну або некалькі губерняў, узначальвалася генерал-губернатарам. Уведзена Кацярынай II. Колькасць генерал-губернатарстваў мянялася. У 1782 40 губерняў былі аб’яднаны ў 19 генерал-губернатарстваў. У 19 ст. генерал-губернатарствы пакінуты толькі ў сталіцах і на ўскраінах імперыі (Польшча, Беларусь, Прыбалтыка, Сібір, Далёкі Усход, Сярэдняя Азія). На тэр. Беларусі існавалі Беларускае генерал-губернатарства (1772—1856), Віленскае генерал-губернатарства (1794—1912), Мінскае генерал-губернатарства (1831—34).
т. 5, с. 153
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛЕ́ВІЧЫ,
старажытны княжацкі род. Прадстаўнікі роду Вішымут, Едзівіл і Спрудзейк удзельнічалі ў валынска-літоўскім дагаворы 1219. На думку гісторыка І.Бяляева, Булевічы разам з Рушкавічамі валодалі тэр. ад Віліі да Нёмана і Свіслачы (заходняй), на У — да Бярэзіны (дняпроўскай); літоўскі гісторык Э.Гудавічус лічыць, што Булевічы валодалі Шаўляйскай зямлёй. Магчыма, яны жылі ў Верхнім Панямонні на ПнУ ад Новагародка, таму кн. Міндоўг, імкнучыся пашырыць свае ўладанні на тэр. летапіснай Літвы, знішчыў усіх Булевічаў.
М.І.Ермаловіч.
т. 3, с. 330
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́КШЫЦКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 1793—97. Утвораны ў складзе Мінскай губ. з частак Ашмянскага і Мінскага пав. ВКЛ пасля іх далучэння да Расіі ў час 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793). Цэнтр — мястэчка (з 1795 горад) Докшыцы. Найб. значнымі паселішчамі Д.п. былі мястэчкі Беразіно, Гайна, Даўгінава, Ілья, Лагойск, Плешчаніцы, сёлы Бягомль, Нябышына і інш. Скасаваны ў пач. 1797, яго тэр. падзелена паміж Вілейскім і Барысаўскім пав. Мінскай губ.
В.Л.Насевіч.
т. 6, с. 178
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́БЛАСЦЬ УНУ́ТРАНАГА СЦЁКУ, бяссцёкавая вобласць,
частка сушы, пазбаўленая сувязі з Сусветным ак. праз рэкі. Займае 22% плошчы сушы. Прымеркавана да тэр. з арыдным кліматам, радзей з умераным кліматам і плоскім рэльефам (некаторыя водападзельныя прасторы). Рэкі вобласці ўнутранага сцёку ўпадаюць у бяссцёкавыя азёры ці перасыхаюць або вычэрпваюцца на арашэнне зямель. Самыя вялікія вобласці ўнутранага сцёку ў Афрыцы і Азіі. У Арала-Каспійскую вобласць ўнутранага сцёку, якая ахоплівае часткі тэр. Еўропы і Азіі, упадаюць рэкі Волга, Кура, Урал, Амудар’я і Сырдар’я.
т. 4, с. 245
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КСЯНДЗО́Ў (Уладзімір Паўлавіч) (н. 25.7.1951, в. Чарнаўчыцы Брэсцкага р-на),
бел: археолаг. Д-р гіст. н. (1994). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1973). З 1978 супрацоўнік Ін-та гісторыі Нац. АН Беларусі. Даследуе помнікі палеаліту і мезаліту на тэр. Бел. Падняпроўя і бас. Зах. Дзвіны. Вылучыў 2 этапы засялення тэр. Беларусі ў каменным веку. Выявіў у мезаліце Падняпроўя і Падзвіння помнікі грэнскай, яніславіцкай, днепра-дзяснінскай і Кунда археал. культур.
Тв.:
Палеолит и мезолит Белорусского Поднепровья. Мн., 1988.
т. 8, с. 544
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭШТ-І-КІПЧА́К, Кіпчакскі стэп,
назва ў арабскіх і перс. крыніцах 11—15 ст. тэр. ад р. Іртыш да р. Дунай, ад Крыма да г. Балгар Вялікі (гл.
Балгарыя Волжска-Камская), дзе качавалі кіпчакі (полаўцы). У 13 ст. заваяваны манголамі. Падзяляўся мяжой па Урале і р. Яік (цяпер Урал) на Усх. і Заходні Кіпчак (вядомы ў рус. летапісах пад назвай Палавецкая зямля). У 16—18 ст. Д.-і-К. называлася толькі ўсх. частка (тэр. сучаснага Казахстана).
т. 6, с. 366
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГАЛІСТА́Н, Магулістан, Магалістанскае ханства,
цюркская дзяржава ў 14—16 ст. на тэр. Казахстана, Кыргызстана, Узбекістана і Таджыкістана. Засн. ў 1340-я г. нашчадкам Чынгісхана Таглук-Цімурам пасля распаду Джагатайскага (Чагатайскага) улуса. Напачатку ўключаў яго ўсх. частку (Усх. Туркестан, Сямірэчча і Паўд. Сібір), у 1360—61 да М. далучаны і Маверанахр (адпаў пасля смерці Таглук-Цімура ў 1363). Як незалежная дзяржава М. існаваў да 1570-х г. на тэр. Усх. Туркестана. Часам тэрмін «М.» выкарыстоўваюць для вызначэння Усх. Туркестана.
т. 9, с. 442
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА, Менскае ваяводства,
адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 16—18 ст. Утворана ў 1565 у складзе Мінскага павета і Рэчыцкага павета, у 1569 са складу Кіеўскага ваяв. далучаны Мазырскі павет. Мела харугву чырвонага («гваздзіковага») колеру з выявай герба «Пагоня» ў белым полі. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 усх. землі ваяводства адышлі да Расіі. Скасавана пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793, яго тэр. ўвайшла ў Мінскую губерню.
В.Л.Насевіч.
т. 10, с. 411
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ЎСКАЯ ПРАВІ́НЦЫЯ,
адм.-тэр. адзінка ў Магілёўскай губ. ў 1772—76. Цэнтр — г. Мсціслаў. Паводле ўказа ад 22.7.1773 падзялялася на Мілаславіцкі, Мсціслаўскі і Чэрыкаўскі пав. Пл. каля 790 тыс. дзес., 22 мястэчкі (каля 12 тыс. чал.), 153 сялы, 1182 вёскі (каля 146,6 тыс. чал.). На тэр. правінцыі былі 33 староствы, буйнейшыя з іх — Крычаўскае (2091 дым, 20,7 тыс. чал., 249 922 дзес. зямлі) і Хіславіцкае (301 дым, 2,9 тыс. чал., 11 371 дзес. зямлі).
Я.К.Анішчанка.
т. 10, с. 539
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)