БЕНТАНІ́Т, бентанітавыя гліны (ад назвы г. Форт-Бентан у ЗША),
адбельныя гліны (гл.Гліна), складзеныя пераважна з мінералаў групы мантмарыланіту Al2[Si4O10](OH)2∙nH2O. Утвараецца ў выніку падводнай хім. змены вулканічных туфаў і попелаў. Выкарыстоўваецца ў горназдабыўной прам-сці для прыгатавання свідравальных раствораў, для ачысткі прадуктаў нафтаперапрацоўчай, коксахім. і харч. прам-сці, як сувязны матэрыял у ліцейных фармовачных сумесях і керамічных масах. Радовішчы на Украіне, у ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі, Грэцыі, Японіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЛЬФЕНІ́Т (ад прозвішча аўстр. Минералога Ф.Вульфена),
мінерал класа малібдатаў, малібдат свінцу Pb(MoO4). Прымесі кальцыю, вальфраму, ванадыю, урану. Крышталізуецца ў тэтраганальнай сінганіі. Крышталі квадратна-таблітчастыя, радзей псеўдаэктаэдрычныя, прызматычныя або кубоідныя. Суцэльныя агрэгаты рэдкія. Колер жоўты, шараваты, белы, зялёны, карычневы, жоўта-карычневы. Бляск смалісты да алмазнага. Крохкі. Цв. каля 3. Шчыльн. 6,8 г/см³. Характэрны мінерал зоны акіслення свінцова-малібдэнавых радовішчаў. Руда свінцу. Радовішчы вульфеніту ў Алжыры, Аўстраліі, ЗША і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІБЕРЫ́ЙСКІЯ ГО́РЫ (Cordillera Ibérica),
горы на ПнУ Пірэнейскага п-ва, у Іспаніі, каля паўн.-ўсх. ускраіны плато Месета. Даўж. 440 км. Выш. да 2313 м (г. Манкайо). Паніжэнне з далінай р. Халон падзяляе горы на масівы больш высокія з альпійскімі вяршынямі на ПнЗ і больш нізкія, значна закарставаныя на ПдУ. Слаба расчлянёныя складкава-глыбавыя масівы, складзеныя з мезазойскіх вапнякоў, пясчанікаў, кварцытаў. Радовішчыжал. руды. Міжземнаморскія хмызнякі, на ПнЗ — шыракалістыя і хваёвыя лясы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАДА́Г (цюрк. чорная гара),
вулканічны масіў у Крыме, на беразе Чорнага м., за 20 км на ПдЗ ад г. Феадосія, на Украіне. Складаецца з купалападобнай Святой гары, або г.Вял. Карадаг (выш. 577 м), і Берагавога хр. з арыгінальнымі формамі выветрывання. Складзены з туфаў і лаў. Радовішчы паўкаштоўных камянёў (сердалік, агат, яшма). З боку мора — бухты (Сердалікавая, Блакітная і інш.). Каля ўсх. падножжа — курорт Планёрскае ( б. Кактэбель). З 1979 К. — у складзе Карадагскага запаведніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́Т,
плато на У Тайланда. Пл. каля 160 тыс.км². Выш. ў цэнтр.ч. каля 150 м, на ўскраінах — да 500 м і больш, дзе ўтвораны нізкагор’і Дангрэк і Дангн’яфай, стромка абрываюцца ў Менамскую нізіну і да басейна ніжняга цячэння р. Меконг. Складзена з мезазойскіх чырванаколерных пясчанікаў і кангламератаў. Радовішчы солі. Клімат субэкватарыяльны, мусонны. Ападкаў каля 1000 мм за год. Саванны і мусонныя лістападныя лясы, на ўскраінах вільготныя вечназялёныя лясы. Рысаводства на арашальных землях. Жывёлагадоўля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РНУАЛ (Cornwall),
паўвостраў на ПдЗ Вялікабрытаніі. Даўж. каля 150 км, шыр. 80 км. Абмываецца прал. Ла-Манш і Брыстольскім залівам. Берагі пераважна скалістыя, невысокія, моцна парэзаныя неглыбокімі залівамі. Пераважаюць пласкагор’і выш. да 621 м (Дартмур) і ўзгорыстыя раўніны. Складзены з пясчанікаў, сланцаў, гранітаў. Радовішчы волава і медзі. Клімат умераны, акіянічны. Ападкаў больш за 1000 мм за год. Густая сетка паўнаводных рэк. Шыракалістыя лясы (дуб, бук), верасоўнікі, тарфянікі. Жывёлагадоўля. Агародніцтва, кветкаводства. Зімовыя курорты. Порт Плімут.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЫМГАНСА́Н (ад кар. кымган — алмаз + сан — гара),
Алмазныя горы, у паўночнай частцы Усх.-Карэйскіх гор, у КНДР. Даўж. каля 80 км. Выш. да 1638 м. Шэраг паралельных моцна расчлянёных ланцугоў. Каля 12 тыс. пікаў, іголак, слупоў і вежаў, лабірынтападобная сетка каньёнаў і вузкіх цяснін з рэкамі, сотні вадаспадаў. Складзены пераважна з гранітаў. Радовішчы руд вальфраму, малібдэну, нікелю, медзі, жалеза. На схілах дубовыя і мяшаныя лясы. Курорты. Турызм. Помнікі даўніны (25 будыйскіх манастыроў і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́КСМАН (Эрык) (Кірыл) Густавіч (7.8.1737, г. Саванліна, Фінляндыя — 16.1.1796),
натураліст і падарожнік. Акад. Пецярбургскай АН (1770). Вучыўся ва ун-це г. Турку (Аба) у Фінляндыі. З 1762 у Расіі. Праводзіў даследаванні ў галіне мінералогіі, біялогіі, хіміі. Падарожнічаў па Алтаі і Усх. Сібіры. Прапанаваў новую тэхналогію шкларобства, спосаб атрымання кухоннай соды, апублікаваў даследаванні па тэхналогіі салетры, соды, галыну. Адкрыў новыя мінералы (байкаліт, вілюіт), знайшоў радовішчы лазурыту, цыркону і інш., сабраў багатыя калекцыі мінералаў, насякомых, гербарыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМАНІ́Т (ад грэч. leimōn луг),
аморфная або схаванакрышталічная сумесь гідраксідаў жалеза — гётыту, гідрагётыту, гідрагематыту, лепідакракіту з дамешкамі інш. мінералаў. Колер буры да жоўтага. Цв. 1—5,5. Шчыльн. 2,7—4,3 кг/м³. Паходжанне гіпергеннае або асадкавае. Развіты ў зонах акіслення рудных радовішчаў, латэрытных корах выветрывання, у асадкавых адкладах. Трапляецца ў выглядзе бурых зямлістых або нацёчных мас. Намнажэнні Л. ўтвараюць радовішчы жалезных руд высокай якасці. Трапляецца ў складзе бурых жалезнякоў, балотнай руды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕГМАТЫ́Т [ад грэч. pēgma (pēgmatos) змацаванне, сувязь],
светлаафарбаваная буйназярністая вывергнутая (пераважна жыльная) горная парода. Найб. пашыраны гранітныя П. кіслага саставу, складзеныя з кварцу, мікракліну, кіслага плагіяклазу і слюд. Характэрны заканамерныя графічныя прарастанні мікракліну кварцам, т. зв. пегматытавая структура, што абумовіла назвы «пісьмовы граніт», «графічны пегматыт», «яўрэйскі камень». Крышталізуецца на заключных стадыях фарміравання інтрузіўных масіваў. Залягае ў выглядзе даек, жыл, лінзаў, гнёздаў, слупоў. З П. звязаны радовішчы рэдказямельных мінералаў, слюды, кварцу, каштоўных камянёў, керамічнай сыравіны.