СЛАНЦАВА́ТАСЦЬ,

уласцівасць горнай пароды расшчапляцца на тонкія пласціны, абумоўлена плоскапаралельным размяшчэннем пародаўтваральных мінералаў. Паводле генезісу адрозніваюць першасную С. (узнікае ў пародах адначасова з асадканамнажэннем або дыягенезам) і другасную С. (пры метамарфізме парод). Другасная С. бывае мех. (у выніку мех. ўздзеяння на сфарміраваную пароду), дыяфтарычнай (пры рэгрэсіўным мінер. ператварэнні магматычных і метамарфічных парод) і крышталізацыйнай (у выніку лакальнай перакрышталізацыі зыходнай пароды ў новую метамарфічную пароду). Паводле маштабаў праяўлення вылучаюць С. рэгіянальную (на вял. плошчах, напр., пры складкаўтварэнні) і С. мясцовую (напр., пры перамяшчэнні парод уздоўж тэктанічных парушэнняў). С., якая ўзнікла пад мех. уздзеяннем без перакрышталізацыі і пераарыентацыі мінералаў, з утварэннем трэшчын, перпендыкулярных ціску, наз. кліваж (характэрна для гнейсаў, сланцаў і інш.).

В.​І.​Ярцаў.

т. 14, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

адва́л, ‑а, м.

1. Частка плуга, акучніка, якая адразае скібу зямлі і пераварочвае яе; тое, што і паліца (у 2 знач.). Плуг падразае мяжу і адвалам павольна кладзе яе на бок. Галавач.

2. Перавернутая скіба зямлі.

3. Спец. Насып з пустых парод на горных распрацоўках.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спецыялізава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад спецыялізаваць.

2. у знач. прым. Прызначаны для работы ў спецыяльнай галіне; які мае спецыяльнае прызначэнне. Спецыялізаваны магазін. Спецыялізаванае прадпрыемства. □ У рэспубліцы вызначаны племянныя саўгасы — па адным у кожнай вобласці, куды завозіцца маладняк спецыялізаваных мясных парод. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АБВА́Л,

раптоўны адрыў і падзенне вял. масаў горных парод са стромкіх схілаў гор, рачных далін, абразійных марскіх берагоў. Здараюцца ад страты счаплення ці часовай апоры горных парод у выніку іх выветрывання, падмывання ці размыву, сейсмічных штуршкоў. Абрынутыя масы акумулююць як завал. У выніку буйнейшага Усойскага абвалу на р. Мургаб (аб’ём пароды 2,2 млрд. м³) утварылася Сарэзскае возера на Паміры (1911).

т. 1, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗРУХ у тэктоніцы,

перамяшчэнне блокаў горных парод адносна адзін аднаго па разломе ў гарыз. напрамку. Паводле структуры змяшчальных парод вылучаюць З. левыя, правыя, згодныя, нязгодныя, папярочныя, падоўжныя і косыя. Даўж. ад некалькіх метраў да многіх соцень кіламетраў, амплітуда ад некалькіх сантыметраў да многіх соцень кіламетраў (напр., З. Сан-Андрэас у Каліфорніі цягнецца на 1000 км, з амплітудай больш за 100 км).

т. 7, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́МЕНЬ,

тып яловых лясоў на гліністых ці сугліністых, добра дрэнажаваных глебах, якія фарміруюцца ва ўмовах халоднага ці ўмерана халоднага кантынент. клімату. Характэрны высокая прадукцыйнасць і добрая якасць драўніны; ёсць невял. прымесі хвоі, асіны, бярозы. Ельнік са значным удзелам драбналістых парод — падрамень, з удзелам шыракалістых парод — сурамень. У шырокім сэнсе да Р. адносяцца таксама насаджэнні з піхты і хвоі кедравай.

М.​В.​Ярмохін.

т. 13, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕ́ННЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ І КАНСТРУ́КЦЫІ,

будаўнічыя матэрыялы (вырабы) каменепадобнай будовы і зробленыя з іх канструкцыйныя элементы (будаўнічыя канструкцыі). Шырока выкарыстоўваюцца для ўзвядзення і аддзелкі жылых, грамадскіх і прамысл. будынкаў, пры буд-ве дарог, гідратэхн., інж. і інш. збудаванняў.

Каменныя матэрыялы бываюць прыродныя (атрымліваюць з гранітаў, базальтаў, пясчанікаў і інш. горных парод мех. апрацоўкай або без яе) і штучныя (вырабляюць з мінер. сыравіны). Асн. разнавіднасці прыродных матэрыялаў: пясок і жвір (атрымліваюць прасейваннем і прамыўкай рыхлых парод); друз, каменныя крошка і мука, мінер. парашкі (атрымліваюць драбленнем і размолваннем горных парод); бутавы камень, шашка для брукавання (атрымліваюць выбуховым спосабам і расколваннем вапняку, пясчаніку і інш. асадкавых парод); пілаваныя камяні, блокі (атрымліваюць выпілоўваннем каменярэзнымі машынамі з лёгкіх горных парод); абліцовачныя камяні, пліты, брусчатка, бартавы камень, арх. фасонныя вырабы і дэталі (атрымліваюць распілоўваннем, расколваннем, шліфоўкай скальных парод у працэсе каменеапрацоўкі; гл. таксама Абліцовачныя матэрыялы). Штучныя каменныя матэрыялы атрымліваюць тэхнал. перапрацоўкай горных (пераважна асадкавых) парод ці адходаў прамысл. вытв-сці. Гэта бетон, жалезабетон, цэгла, будаўнічая кераміка, многія вогнетрывалыя матэрыялы, гіпсавыя і гіпсабетонныя вырабы, прадукты каменнага ліцця, шкло і шкляныя вырабы, сіталы і шклосіталы, цеплаізаляцыйныя матэрыялы, будаўнічыя растворы і інш. Каменныя матэрыялы выкарыстоўваюцца як запаўняльнікі пры вытв-сці асфальта- і цэментабетонаў і як сыравіна ў вытв-сці цэменту, вапны, гіпсу. Каменныя канструкцыі бываюць нясучыя і агараджальныя: фундаменты, сцены, аркі, скляпенні, перакрыцці, слупы, перамычкі, дымавыя трубы і інш. Яны даўгавечныя, вогнеўстойлівыя, архітэктурна выразныя, могуць вырабляцца з мясц. буд. матэрыялаў. Вядомыя са старажытнасці (гл. Архітэктура). Для муравання выкарыстоўваюць гліняную і сілікатную цэглу, керамічныя і бетонныя камяні і блокі (суцэльныя і пустацелыя; гл. Бетонныя вырабы і канструкцыі), камяні з вапняку, пясчаніку, туфу, ракушачніку, буйныя блокі са звычайнага (цяжкага), сілікатнага і лёгкага бетону (гл. Буйнаблочныя канструкцыі).Асн. недахопы каменных канструкцый — вял. маса і недастатковая трываласць на расцяжэнне і выгін, значная працаёмістасць каменных работ. Для павышэння трываласці муроўкі і змяншэння яе масы выкарыстоўваюць комплексныя (узмоцненыя жалезабетоннымі элементамі) і армакаменныя канструкцыі.

І.​І.​Леановіч.

т. 7, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗВЯВА́ННЕ,

разбурэнне горных парод і глеб пад уздзеяннем ветру, гл. Дэфляцыя.

т. 13, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Плі́тніца 1 ’куча камення’ (шчуч., Сл. рэг. лекс.). Да пліта ’камень’ (гл.) і суф. ‑ніц‑а (Сцяцко, Афікс. наз., 164).

Плі́тніца 2 ’цагельня’ (добр., Мат. Гом.). Да пліта ’цэгла’, якое сустракаецца ўжо ў XII ст. (Кірыла Тураўскі) і, відаць, узыходзіць да ст.-грэч. πλίνθο, ’плоская цэгла, плінфа’ і суф. ‑иіц‑а са значэннем месца. Параўн. рус. пск. платня ’месца, кар’ер, дзе з горных парод здабываюць пліты’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ПЛЕМЯННЫ́Я ГАСПАДА́РКІ, племгасы,

жывёлагадоўчыя гаспадаркі, што маюць высокапрадукц. статак жывёл пэўнай пароды, прыплод ад якога гадуюць на племя. Уключаюць племянныя заводы, саўгасы і фермы, кантрольна-выпрабавальныя станцыі і плем. рэпрадуктары.

Племянныя заводы займаюцца ўдасканаленнем існуючых і вывядзеннем новых парод, забяспечваюць прадпрыемствы каштоўнымі чыстакроўнымі жывёламі. Племянныя саўгасы і фермы разводзяць чыстапародных жывёл для ўласнага статка. На кантрольна-выпрабавальных станцыях ацэньваюць быкоў малочных парод, бараноў, свінаматак па якасці патомства, быкоў мясных парод па ўласнай прадукцыйнасці, праводзяць выпрабаванні парод і ліній свіней на спалучальнасць. Племянныя рэпрадуктары прызначаны для вырошчвання двухпародных свінаматак.

На Беларусі больш за 20 плем. заводаў: па развядзенні чорна-пярэстай малочнай пароды і мясной пароды шарале буйн. раг. жывёлы («Чырвоная зорка» Клецкага, «Карэлічы» Карэліцкага, «Рось» Ваўкавыскага, «Ведрыч» Рэчыцкага, «Прамень» Бярозаўскага і «Дружба» Кобрынскага р-наў); па бел. тыпу буйной белай і чорна-рабой пародах свіней («Нача» Ляхавіцкага, «Рэканструктар» Талачынскага, «Порплішча» Докшыцкага, «Ціманава» Клімавіцкага, «Леніна» Горацкага, імя Дзяржынскага Капыльскага р-наў); конныя заводы («Зарэчча» Смалявіцкага, эксперым. база «Ніва» Лідскага р-наў, Гомельскі, Мсціслаўскі) і інш. Каля 70 плем. саўгасаў і ферм.

П.​П.​Ракецкі.

т. 12, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)