ВАЛКАГО́НАЎ (Дзмітрый Антонавіч) (21.3.1928, станіца Мангут Кырынскага р-на Чыцінскай вобл., Расія — 6.12.1995),
гісторык, філосаф, паліт. і дзярж. дзеяч Расіі. Чл.-кар.Рас.АН (1991), д-рфілас. (1972) і гіст. (1990) н., праф. (1973). Ген.-палк. (1982). Скончыў Арлоўскае танк. вучылішча (1952) і Ваен.-паліт. акадэмію (1963). З 1949 служыў у Сав. Арміі. З 1963 на розных пасадах у Ваен.-паліт. акадэміі, з 1971 у Гал.паліт. упраўленні Сав. Арміі і ВМФ, у т. л.нам.нач. Галоўнага паліт. ўпраўлення (з 1984); нач. Ін-та ваен. гісторыі Мін-ва абароны СССР (1988—91). Саветнік прэзідэнта Расіі па абароне і бяспецы (з 1991), кіраўнік Камісіі пры прэзідэнце Рас. Федэрацыі па ваеннапалонных, інтэрніраваных і прапаўшых без вестак (з 1992) і інш.Дэп. Вярх. Савета РСФСР у 1990—91. Аўтар каля 30 гіст.-паліт. кніг і манаграфій, у т. л. трылогіі «Правадыры» (1989—94) пра Сталіна, Троцкага і Леніна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ШУК ПАЛІТЫ́ЧНЫ,
1) устанаўленне назірання, законны і незаконны збор інфармацыі з дапамогай капіравання і крадзяжу дакументаў, выкарыстання разнастайных тэхн. сродкаў (падслухоўванне, перлюстрацыя карэспандэнцыі, тайны відэазапіс масавых мерапрыемстваў з наступнай ідэнтыфікацыяй удзельнікаў і інш.); кампраметацыя і шантаж паліт. дзеячаў і радавых удзельнікаў апазіц. рухаў, засылка правакатараў і вярбоўка агентаў у асяроддзі праўрадавых, лаяльных ураду, а таксама апазіц. плыней, затрыманне і арышт па паліт. (сапраўдных ці інспіраваных) матывах; выкарыстанне псіхіятрыі з мэтай паліт. рэпрэсій, пазбаўленне волі пад справакаванай або выдуманай маркай у форме ссылкі, турэмнага ці інш. зняволення (уключаючы дамашні арышт) і інш. метады праследавання сапраўднай, магчымай ці ўяўнай апазіцыі ва ўмовах таталітарнай дзяржавы, аўтарытарнага рэжыму (рэжыму асабістай улады), ваенна-паліт. дыктатуры і інш. формаў недэмакр. выкарыстання рэпрэсіўнага апарата дзяржавы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАВАРО́Т,
карэнная змена існуючага паліт. становішча, якая заключаецца ў змяненні насільным або ненасільным шляхам дзеючага правіцеля або ўрада і прывядзенне да ўлады інш.паліт. сіл. П. былі пашыраны на апошніх этапах існавання Стараж. Рыма, манархій феад. грамадства (т.зв. «дварцовыя П.»), цяпер маюць месца ў паліт. рэжымах тых краін, дзе дэмакр. традыцыі не маюць трывалых каранёў у жыцці грамадства. Паліт., ваен., «парламенцкія» і інш. П. парушаюць нармальнае функцыянаванне паліт. ін-таў, дэмакр. механізмаў распрацоўкі і прыняцця законаў, вырашэння важнейшых пытанняў дзярж. і грамадскага жыцця. Для выключэння П. з жыцця дэмакр. грамадства неабходна раздзяленне ўлад, кантроль за дзейнасцю кожнай з галін улады, а таксама стварэнне такіх эканам. і сац. умоў, якія б садзейнічалі стабільнасці грамадскага развіцця па шляху прагрэсу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАФАШЫ́ЗМ,
ідэалогія і дзейнасць паліт. рухаў і партый, якія пасля 2-й сусв. вайны выступаюць з пазіцыі мадэрнізаванага фашызму, рэакцыя крайніх паліт. плыней на актыўнае ўключэнне народаў у сац.-паліт. працэсы, на паскарэнне навук.-тэхн. рэвалюцыі з мэтай падпарадкавання гэтых працэсаў і выкарыстання энергіі нар. мас для дасягнення (або ўтрымання) паліт. улады ў асобнай дзяржаве. Не адмаўляецца і ідэя сусв. панавання. Выяўляецца ў паліт. жыцці асобных краін і ў міжнар. маштабе. У сац.-паліт. плане Н. выконвае функцыю запаснога, рэзервовага варыянта ўтрымання дзярж. ўлады, якая ў крытычнай сітуацыі (унутрыпаліт. або знешнепаліт. крызіс) можа страціць апору ў грамадстве. Таму неафаш. групоўкі, аб’яднанні, партыі дзейнічаюць у многіх дэмакр. краінах Еўропы і Амерыкі, дзе карыстаюцца падтрымкай фін. капіталу, прамысл. буржуазіі і буйных землеўладальнікаў. Н. ў форме яўных і тайных «цэнтраў» і «інтэрнацыяналаў» функцыянуе таксама па-за нац. межамі. Ідэалогія Н. будуецца на сац. дэмагогіі і эклектыцы: сцвярджэнні аб вернасці канстытуцыі, парламенцкім ін-там, дэмакр. правам у ёй пераплятаюцца з нацыяналіст. ідэямі і элементамі расавай тэорыі (варожасць да «каляровых» імігрантаў, выхадцаў з азіяцкіх і слав. краін, спасылкі на цывілізацыйна-культ. еўропа- ці амерыканацэнтрызм і г.д.). Асаблівасць Н. — імкненне перахапіць і выкарыстаць у сваіх інтарэсах некаторыя папулярныя лозунгі дэмакр. ідэйна-паліт. плыней (барацьба з карупцыяй, злачыннасцю, беспрацоўем, спекуляцыяй, амаральнасцю). У сваёй практычнай дзейнасці неафашысты маюць прыхільнасць да выкарыстання тэрору для дасягнення паліт. мэт.