рэлігійныя войны заходнееўрап. феадалаў супраць мусульм. дзяржаў, язычнікаў, ерэтычных рухаў, прыбалт. і слав. народаў у 11—15 ст. Вяліся пад патранажам каталіцкай царквы. Былі выкліканы ростам матэрыяльных патрэб знаці ў сувязі з развіццём гарадоў і таварна-грашовых адносін у Зах. Еўропе, спрыяльнымі міжнар. абставінамі (паліт. раздробленасць мусульм. свету ў канцы 11 ст.; Візантыя перажывала вял. цяжкасці ў сувязі з нападамі сельджукаў, печанегаў, нарманаў). Іх удзельнікі, падкрэсліваючы свае рэліг. памкненні, нашывалі на адзенне крыжы (адсюль — крыжакі, крыжаносцы). У 1096—1270 адбылося 8 вял. паходаў на Усход. У 1-м К.п. (1096—99), абвешчаным рым. папам Урбанам II у 1095 на Клермонскім саборы дзеля вызвалення труны Гасподняй у Іерусаліме, удзельнічала каля 100 тыс.чал. Выступленню крыжацкага войска папярэднічаў паход незаможных сялян на чале з прапаведнікам Пятром Ам’енскім, якія былі разбіты туркамі-сельджукамі пад Нікеяй. Крыжацкія атрады пераправіліся ў М. Азію, захапілі Нікею (1097), Эдэсу (1098), Антыёхію (1098) і Іерусалім (1099), стварылі на заваяваных землях Іерусалімскае каралеўства (кароль Готфрыд Бульёнскі). Узніклі таксама духоўна-рыцарскія ордэны. Пасля захопу сельджукамі Эдэсы (1144) адбыўся 2-і К.п. (1147—49), ініцыіраваны і арганізаваны абатам Бернарам Клервоскім. Узначалілі яго франц. кароль Людовік VII і герм. імператар Конрад III. Удзельнічала каля 140 тыс. воінаў. Ням. рыцары былі разбіты мусульманамі каля Дарылея (1147). Няўдалая аблога Дамаска, дрэнная арг-цыя прывялі да правалу паходу. 3-і К.п. (1189—92) ажыццёўлены, каб адваяваць Іерусалім, захоплены ў 1187 егіп. султанам Салах-ад-дзінам. Яго ўзначалілі герм. імператар Фрыдрых I Барбароса, франц. кароль Філіп II і англ. кароль Рычард I Львінае Сэрца. Ням. войска, якое першым рушыла (1189) пасля нечаканай гібелі імператара пры пераправе цераз р. Салефа (М. Азія), было фактычна дэзарганізавана. У 1190 выступілі англічане і французы. У 1191 крыжакі авалодалі Акрай, Рычард I захапіў в-аў Кіпр, дзе было заснавана каралеўства. У 1192 Рычард I заключыў з Салах-ад-дзінам мір, паводле якога за крыжакамі засталося ўзбярэжжа ад Тыра да Яфы. 4-ы К.п. (1199—1204), арганізаваны рым. папам Інакенціем III, меў на мэце заваёву Егіпта. Аднак Венецыя, якой крыжакі завінавацілі частку сумы за прадастаўлены ім флот, дамаглася захопу хрысц. гарадоў (Задара ў Далмацыі ў 1202, Канстанцінопаля ў 1204). На захопленых землях Візант. імперыі ўзнік шэраг дзяржаў, у т. л.Лацінская імперыя. У 1212 адбыліся т.зв. дзіцячыя К.п. (сярод удзельнікаў было шмат дзяцей і падлеткаў). Большасць з іх загінула ад голаду і хвароб. У 5-м К.п. (1217—21), арганізаваным Інакенціем III супраць Егіпта, удзельнічалі франц., англ., ням. і італьян. рыцары. Яго кульмінацыяй была паўтарагадовая аблога і захоп у 1219 г. Дам’ета (Егіпет). 6-ы К.п. (1228—29) узначаліў герм. імператар Фрыдрых II Гогенштаўфен. У 1229 у Яфе падпісаны мір тэрмінам на 10 гадоў, паводле якога Іерусалім (акрамя 2 кварталаў) і некат. інш. землі (у т. л. Віфлеем і Назарэт) адыходзілі пад уладу Фрыдрыха II. У 1244 Іерусалім канчаткова заваяваны мусульманамі. У 7-м К.п. (1248—54), арганізаваным франц. каралём Людовікам IX, удзельнічала 12—25 тыс.чал. У 1249 захоплены г. Дам’ета, у лют. 1250 — крэпасць Мансура, дзе крыжакі былі абложаны і прымушаны да здачы. У палон трапіў і Людовік IX (выпушчаны ў 1250 за 200 тыс. ліўраў). 8-ы К.п. (1270), арганізаваны Людовікам IX у Туніс, спыніўся пасля яго смерці, не дасягнуўшы мэты. Неўзабаве былі страчаны апошнія ўладанні крыжаносцаў у Сірыі і Палесціне (у 1289 Трыпалі, у 1291 Акра). Пад іх уладай застаўся толькі Кіпр (да 1489). К.п. прывялі да значных чалавечых і эканам. страт як на З, так і на У, аднак яны пашырылі кантакты паміж дзвюма цывілізацыямі, далучылі зах. свет да дасягненняў араб. і інш.усх. культур. У 12—15 ст. К.п. былі накіраваны супраць славян, ліваў, эстаў, прусаў і інш. (гл.Крыжовы паход супраць славян 1147, Крыжовыя паходы супраць славян і балтаў у 12—15 ст.), альбігойцаў (гл.Альбігойскія войны 1209—29), у 15 ст. — супраць гусітаў (гл.Гусіцкія войны). Экспансія крыжакоў ва Усх. Еўропу (у т. л. на бел. землі) спынена ў выніку барацьбы слав. і прыбалтыйскіх народаў (гл.Лядовае пабоішча 1242, Грунвальдская бітва 1410, Трынаццацігадовая вайна 1454—66).
Літ.:
Заборов М.А. История крестовых походов в документах и материалах. М., 1977;
Яго ж. Крестоносцы на Востоке: Пер, с нем. М., 1980;
Куглер Б. История крестовых походов. Ростов н/Д, 1995.
Дз.М.Чаркасаў.
Да арт.Крыжовыя паходы. Адбыццё войска Людовіка IX у восьмы крыжовы паход у 1270. Мініяцюра невядомага майстра 15 ст. з «Вялікіх французскіх хронік».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКАЯ КРЭ́ПАСЦЬ,
комплекс абарончых збудаванняў 19 — пач. 20 ст. ў г.Брэст. Пабудавана ў 1830—42 на месцы стараж. цэнтра г. Брэст (горад перанесены на фарштаты) як частка сістэмы ўмацаванняў на З Расіі.
Месца для буд-ва крэпасці прапанаваў у 1797 ваен. інжынер Дэвалан. Будавалася паводле праекта (зацверджаны ў 1830) генералаў Малецкага, К.І.Опермана і палкоўніка А.І.Фельдмана. Некаторыя пабудовы старога горада былі пакінуты: у будынку кляштара езуітаў (пабудаваны ў 1623, адноўлены ў 1679) размяшчалася канцылярыя каменданта крэпасці; будынак кляштара базыльян (1629, пазней вядомы як Белы палац) быў перабудаваны пад афіцэрскае казіно; у кляштары бернардзінцаў (з 1781) у 1841—60 размяшчаўся Брэсцкі кадэцкі корпус, потым — вайсковы шпіталь. Першапачатковыя часовыя ўмацаванні ў 1833—42 ператвораны ў доўгатэрміновыя.
Крэпасць размяшчалася на 4 астравах, утвораных рукавамі р. Мухавец і Зах. Буг і сістэмай каналаў. Складалася з Цэнтр. ўмацавання (Цытадэль) і Цярэспальскага, Валынскага, Кобрынскага перадмаставых умацаванняў (агульная пл. 4 км²). Цытадэль — востраў, аперазаны крывалінейнай у плане замкнёнай 2-павярховай абарончай казармай (даўж. 1,8 км) з 4 брамамі — Цярэспальскай, Холмскай, Беластоцкай і Брэсцкай, якія мастамі злучалі цэнтр. востраў з перадмаставымі ўмацаваннямі. Мураваныя сцены казармы 2-метровай таўшчыні, з байніцамі і амбразурамі для вядзення агню са стралк. зброі і гармат; у 500 казематах казармы магло размясціцца больш за 12 тыс. салдат. Архітэктурным цэнтрам Цытадэлі была гарнізонная Мікалаеўская царква (1856—79, арх. Д.Грым), пабудаваная на самым высокім месцы. Кобрынскае ўмацаванне, узведзенае на месцы Кобрынскага прадмесця, складалася з 4 бастыённых фортаў і 3 равелінаў. З Цытадэллю яно было злучана Брэсцкай і Беластоцкай (Брыгіцкай) брамамі і мастамі цераз р. Мухавец. Цярэспальскае ўмацаванне, пабудаванае на левым беразе Зах. Буга, мела 4 земляныя люнеты, злучаныя ровам. Цярэспальскай брамай і канатным мостам (самым вял. на той час у Расіі) цераз Зах. Буг яно злучалася з Цытадэллю. Валынскае ўмацаванне створана на месцы стараж. дзядзінца Брэста, складалася з 2 бастыённых фортаў з 2 равелінамі; з Цытадэллю было злучана Холмскай брамай і пад’ёмным мостам цераз Мухавец. Холмская брама мела 4 вежы з зубцамі. Над уязным праёмам Цярэспальскай брамы былі 4 ярусы вузкіх акон-байніц, над якімі пазней была надбудавана 5-ярусная вежа з дазорнай пляцоўкай. Па вонкавай лініі крэпасці праходзіў земляны вал выш. да 10 м з цаглянымі казематамі, за ім пракапаны каналы з перакінутымі цераз іх мастамі. Перадмаставыя ўмацаванні злучаліся з прылеглай да крэпасці тэрыторыяй праз Паўн., Паўн.-Зах., Усх., Паўд. брамы і Варшаўскі праезд.
На пач. свайго існавання крэпасць была адным з самых дасканалых умацаванняў Рас. імперыі. У 1864 пачалася яе рэканструкцыя. У 1878 зацверджаны план буд-ва перадавых умацаванняў. Да 1888 на адлегласці 3—4,5 км адзін ад аднаго збудаваны 9 фортаў, у кожным з якіх можна было размясціць каля 200 чалавек і да 20 гармат, даўж. абарончай лініі дасягнула 30 км. У 1912 зацверджаны ген. план пашырэння крэпасці на 1912—21. Летам 1913 пачата буд-ва, якое закончана да кастр. 1914. Крэпасць магла вытрымаць аблогу да 8 месяцаў. У 1-ю сусв. вайну па загадзе Вярх. камандавання 8—12.8.1915 гарнізон, крапасное ўзбраенне, баявыя запасы, маёмасць былі эвакуіраваны, частка ўмацаванняў узарвана. З 15.8.1915 да канца 1-й сусв. вайны крэпасць займалі герм. войскі. Тут падпісаныБрэсцкі мір 1918. Паводле ўмоў Рыжскага мірнага дагавора 1921 Брэст з крэпасцю адышоў да Польшчы. На пач. 2-й сусв. вайны ў вер. 1939 ням.-фаш. войскі бамбілі крэпасць, пашкодзілі частку яе абарончых збудаванняў. 17.9.1939 ням. войскі пасля ўпартых баёў з польскім гарнізонам захапілі крэпасць. 22 вер. ў адпаведнасці з сакрэтным пратаколам да савецка-герм. пакта аб ненападзе (23.8.1939) у горад і крэпасць увайшла Чырв. Армія. Знаходжанне герм. войскаў у Брэсце скончылася сумесным з Чырв. Арміяй парадам і абменам сцягамі. У сувязі з развіццём ваен. тэхнікі крэпасць страціла ваен. значэнне, але разам з пабудаванымі ў ёй 2 дотамі ўвайшла ў Брэсцкі ўмацаваны раён. 22.6.1941 гарнізон Брэсцкай крэпасці прыняў першыя ўдары ням.-фаш. арміі і больш за месяц трымаў абарону (гл.Брэсцкай крэпасці абарона 1941). 28.7.1944 у ходзе Люблін-Брэсцкай аперацыі 1944 Брэст і крэпасць вызвалены ад ням.-фаш. войск. У час вайны знішчаны або пашкоджаны амаль усе будынкі, якія мелі гіст. і маст. каштоўнасць. 8.5.1965 Указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР Б.к. прысвоена ганаровае званне «Крэпасць-герой». У 1971 адкрыты мемарыяльны комплекс Брэсцкая крэпасць-герой. З 1982 на тэр. крэпасці дзейнічае археалагічны музей «Бярэсце». Іл.гл. ў арт.Абарончыя збудаванні.
Літ.:
Аникин В.И. Брестская крепость — крепость-герой. 2 изд. М., 1985;
(Свод памятников истории и культуры Белоруссии: Брестская обл. Мн., 1990.
В.І.Анікін (архітэктура).
Да арт.Брэсцкая крэпасць. Белы палац. Здымак пач. 20 ст.Пяты форт Брэсцкай крэпасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРЛІ́Н (Berlin),
горад, сталіца Германіі, яе гасп., навуковы і культ.цэнтр. Знаходзіцца на У краіны ў Брандэнбургскім Паазер’і на р. Гафель і яго прытоку р. Шпрэе. У адм. адносінах утварае асобную зямлю. Пл. 889,1 км², 3475 тыс.ж. (1994). 92% насельніцтва — немцы, жывуць таксама туркі, палякі, італьянцы, грэкі, выхадцы з б. Югаславіі. Падзяляецца на 23 акругі. 3 міжнар. аэрапорты: Тэмпельгоф, Тэгель (найбольшы), Шонефельд. Гал. вузел камунікацый на У краіны. З Берліна пачынаюцца 6 аўтастрад, 12 чыгунак, у т. л.міжнар. на Пд, З і У. Рачны порт на Гафелі, злучаны каналамі з асн. рачнымі сістэмамі і марскімі партамі краіны. Прамысловасць: эл.-тэхн. і электронная (з-ды фірмаў «Сіменс», «АЭГ», «Тэлефункен», «Осрам»), машынабуд. (вытв-сцьтрансп. сродкаў, энергет. абсталявання, вырабаў дакладнага машынабудавання), металургічная, паліграф., хім., фармацэўтычная, швейная, тытунёвая, касметычная, фотахім., гумавая. Шмат банкаў і інш. крэдытна-фін. устаноў. Метрапалітэн. Месца правядзення міжнар. кангрэсаў, з’ездаў, канферэнцый, выставак, кірмашоў. Турыстычны цэнтр.
Утварыўся каля 1230 з двух паселішчаў (Берлін і Кёльн). Гар. правы атрымаў у 13 ст. З 1359 член Ганзейскага саюза. З 1486 сталіца Брандэнбурга, з 1709 — Прусіі. Ун-т з 1810. Адзін з цэнтраў рабочага руху ў Германіі ў 1848—49. З 1871 сталіца Германіі. З канца 19 ст. буйны прамысл.цэнтр. Месца правядзення Берлінскага кангрэса 1878, Берлінскай канферэнцыі 1884—85 і інш. У 1-ю сусв. вайну адзін з цэнтраў антываен. рабочага руху. 9.11.1918 у Берліне абвешчана Германская рэспубліка. У 1920 да Берліна далучаны суседнія землі. Месца заключэння агрэсіўнага саюза Германіі з Італіяй і Японіяй (гл.Берлінскі пакт 1940). На заключным этапе 2-й сусв. вайны моцна разбураны. 2.5.1945 сав. войскі штурмам узялі Берлін (гл.Берлінская аперацыя 1945). 8.5.1945 у Берліне падпісаны акт аб безагаворачнай капітуляцыі Германіі, 5.6.1945 — дэкларацыя аб вярх. уладзе ў Германіі ўрадаў саюзных дзяржаў: СССР, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі. Войскі кожнай з іх занялі адну з 4 акупац. зон. У 1948 зах. дзяржавы ў сваіх зонах акупацыі правялі выбары ў гар. парламент Берліна, у сав. сектары быў утвораны асобны магістрат. 7.10.1949 тут абвешчана Германская Дэмакратычная Рэспубліка (ГДР) і Берлін (усх. частка) стаў яе сталіцай. З зах. сектараў утварылася асобная паліт. адзінка Заходні Берлін. Паміж Берлінам і Зах. Берлінам была ўстаноўлена граніца (напачатку адкрытая), у 1961 горад падзяліла Берлінская сцяна (дэманціравана ў 1989). Пасля аб’яднання ФРГ і ГДР у адзіную дзяржаву Берлін з чэрв. 1991 — сталіца Германіі.
Горад захаваў асобныя рысы сярэдневяковай радыяльна-кальцавой планіроўкі з нешматлікімі гатычнымі пабудовамі (цэрквы Марыенкірхе, каля 1260 — сярэдзіна 14 ст.; Клостэркірхе, каля 1290—1300). У 18—19 ст. Берлін забудоўваўся паводле рэгулярнай «шахматнай» сістэмы: распланаваны правільныя паводле контуру плошчы, шырокія вуліцы (Унтэр-дэн-Ліндэн), парадныя ансамблі і будынкі ў стылі барока (Цэйхгауз, цяпер Музей ням. гісторыі, 1695—1706, арх. І.А.Нерынг, А.Шлютэр, Ж. дэ Бот) і класіцызму (Оперны т-р, 1741—43, арх. Г.В.Кнобельсдорф; палац прынца Генрыха, 1748—53, арх. І.Боўман, з 1810 ун-т; Брандэнбургскія вароты, 1788—91, арх. К.Г.Лангханс; Драм.т-р, 1819—21; Стары музей 1824—28, усе арх. К.Ф.Шынкель); створаны цэнтр з урадавымі будынкамі (ратуша, 1861—69, рэйхстаг, 1884—94, арх. П.Валат і інш.), забудаваны гандл., жылыя арыстакратычныя раёны. У 1900 — пач. 1930-х г. пабудавана шмат арх. комплексаў і аб’ектаў у духу функцыяналізму (арх. П.Берэнс, Э.Мендэльзон, Г.Пёльцыг, В.Гропіус, Б.Таўт). Пасля 1945 горад рэканструяваны. Забудаваны жылыя кварталы, узведзены адм. будынкі, цэрквы, атэлі. Сярод найб. значных пабудоў: прамысл. выстаўка «Інтэрбаў» (1957, арх. Ле Карбюзье, А.Аалта, О.Німеер і інш.), т-р Шылера (1949—50, арх. Г.Фёлькер, Р.Гросэ), Амер. мемар. б-ка (1952—54, арх. Г.Іобст, В.Кроер, Г.Віле, Ф.Борнеман), зала Кантрэсгале (1957, арх. Х.Стабінс), філарманічная зала (1964, арх. Г.Шароўн), Нац. галерэя (1968, арх. Л.Міс ван дэр Роэ), «Палац рэспублікі» (1976, арх. Г.Графундэр) і інш., жылыя масівы Берлін-Ліхтэнберг, Берлін-Марцан (1980-я г.), грамадска-гандл. комплекс «Еўропа-Цэнтр» і інш. Адноўлены будынкі рэйхстага і палаца Бельвю. У Трэптаў-парку помнік воінам Сав. Арміі (1946—49, скульпт. Я.Вучэціч, арх. Я.Белапольскі), у парку Тыргартэн — помнік героям штурму Берліна ў 1945 (скульпт. Л.Кербель, У.Цыгаль).
Берлін — найбуйнейшы навук. і культ.-асв. цэнтр Германіі. АН і н.-д. ін-ты, 3 ун-ты (Берлінскі універсітэт імя Гумбальта, Свабодны, Тэхнічны), вышэйшыя школы (прыгожых мастацтваў, музычныя, эканамічныя, кінематаграфіі і тэлебачання). 2 абсерваторыі, 2 планетарыі. 70 тэатраў (у т. л. 3 оперныя), сімф. і камерныя аркестры, філармонія. 75 музеяў, у т. л.Дзярж. берлінскія музеі, Пергамон-музей, Музей ням. гісторыі, галерэя 20 ст. Штогадовыя міжнар.муз.-тэатр. фестывалі (з 1951).
Да арт.Берлін. Еўропа-Цэнтр.Да арт.Берлін. Філарманічная зала. Арх. Г.Шароўн. 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАКЛА́Д МАСТА́ЦКІ,
від літаратурна-мастацкай творчасці; узнаўленне твора выяўленчымі сродкамі другой мовы; літ. твор, што з’яўляецца семантычна-стылістычным адпаведнікам ідэйна-вобразнай структуры якога-небудзь іншамоўнага твора (арыгінала). Ад інш. відаў перакладу (грамадска-паліт., навук., тэхн., ваеннага) П.м. адрозніваецца сваёй творчай сутнасцю. Перакладны маст. твор — і не даслоўная копія арыгінала, і не цалкам новы твор, а «нешта трэцяе» (А.Кундзіч), што стаіць на памежжы двух л-р — у якой узнік і ў якой пачынае новае жыццё. Паводле характару стаўлення да арыгінала падзяляецца на: аўтарскі — аўтапераклад, здзейснены самім аўтарам арыгінала, пэўныя адступленні ад яго прадвызначаны аўтарскай воляй; аўтарызаваны — ухвалены і падпісаны аўтарам; вольны — з наўмыснымі адступленнямі ад сэнсу ці форм арыгінала; паслоўны — пераклад «слова ў слова», без належнага ўзнаўлення сэнсу выказвання; падрадковы — паслоўны пераклад вершаў без захавання іх формы (рытму, рыфмаў і інш.); дакладны, або рэалістычны — найб. пашыраны, плённы і мэтазгодны. Дакладны П.м. мае на мэце беражлівае стаўленне да арыгінала, захаванне яго ідэйна-вобразнай структуры, асн. стылёвых рыс і нац. адметнасцей, каб «унутранае жыццё перакладзенага выказвання адпавядала ўнутранаму жыццю арыгінальнага» (В.Бялінскі).
У П.м. твор робіць на чытача такое ж уражанне, як і ў арыгінале. На характар і ўзровень П.м. ўплываюць ступень развітасці нац. л-ры, распрацаванасць літ. мовы, багацце перакладчыцкіх традыцый, моўная, этнагр.-бытавая, культ., паліт. і інш. блізкасць народаў, паміж якімі ён адбываецца. Перакладаць з блізкіх моў не лягчэй, чым з далёкіх, бо ўзнікае шэраг спецыфічных цяжкасцей, звязаных з міжмоўнай аманіміяй, гіпнозам арыгінала, працай перакладчыка «на віду» ў чытача, які можа параўнаць пераклад з вядомым яму арыгіналам, і інш. П.м. мае канкрэтна-гіст. характар: перакладчык выступае і як творчая індывідуальнасць, і як прадстаўнік пэўнага часу, краіны, грамадскага асяроддзя. Ён павінен валодаць навыкамі вучонага-літ.-знаўца і талентам арыгінальнага творцы, мовай арыгінала, ведаць творчасць пісьменніка, якога перакладае. Таму магчыма існаванне многіх П.м. аднаго твора на пэўную мову. Найб. складаны П.м. паэзіі: узнаўленне рытмічнага малюнка арыгінала (эквіметрычнасць), характару рыфмаў і рыфмоўкі (эквірыфменнасць), захаванне колькасці і парадку радкоў (эквілінеарнасць), цяжкасці, звязаныя з «адзінствам і цеснатой вершаванага рада» (Ю.Тынянаў), перадачай паэт. тропікі і інш.
П.м. вядомы са старажытнасці. У сярэднявеччы перакладалі пераважна Біблію і інш.рэліг. кнігі, у эпоху Адраджэння — творы ант. л-ры. У Расіі П.м. пачаў развівацца з 18 ст. (В.Традзьякоўскі, М.Ламаносаў і інш.). У 19 — пач. 20 ст. як перакладчыкі вызначаліся В.Жукоўскі, М.Гнедзіч, А.Пушкін, А.Блок, В.Брусаў і інш. Іх традыцыі развілі Л.Гінэбург, М.Лазінскі, В.Левік, М.Любімаў, С.Маршак, Я.Хелемскі і інш.
На Беларусі П.м. пачаў Ф.Скарына, які пераклаў і надрукаваў на старабел. мове 23 кнігі Бібліі (1517—19). Кіруючыся асветніцкімі мэтамі, ён адмовіўся ад традыц. пры перакладзе Бібліі літаралізму, уносіў у яе тэкст пэўныя змены (ужываў вобразы з вусна-паэт. творчасці, прымаўкі, устаўляў уласныя вершы, дадаваў свае прадмовы і пасляслоўі і інш.). Традыцыі Скарыны развівалі С.Будны, В.Цяпінскі, ананімныя перакладчыкі жыцій («Жыціе святой Марыны»), апокрыфаў («Страцім-птах», «Пра дванаццаць пакутаў»), аповесцей рэліг. зместу («Аповесць пра трох каралёў»), рыцарскіх раманаў («Александрыя», «Аповесць пра Трышчана»), гіст. аповесцей («Гісторыя пра Атылу», «Аповесць пра Скандэрбега») і інш. Новы перыяд бел. П.м. пачынаецца з 19 ст. разам з узнікненнем новай бел. л-ры. Яго пачынальнік — В.Дунін-Марцінкевіч, які ўзнавіў па-беларуску «Пана Тадэвуша» А.Міцкевіча (1859, захаваўся часткова). А.Вярыга-Дарэўскі, А.Гурыновіч, Я.Лучына, М.Косіч, А.Ельскі і інш. развівалі пераважна вольны П.м. Асновы бел. дакладнага П.м. заклалі Я.Купала (пераклаў «Слова пра паход Ігаравы», паэзію А.Міцкевіча, Т.Шаўчэнкі, М.Някрасава, У.Сыракомлі, М.Канапніцкай), М.Багдановіч (упершыню даў на бел. мове ўзоры ант. лірыкі, класічнай ням., франц. і бельг. паэзіі, і інш.), Я.Колас (пераклаў «Палтаву» А.Пушкіна, «Дэмана» М.Лермантава, многія творы Шаўчэнкі). П.м. развівалі і ўзбагацілі П.Броўка, Ю.Гаўрук, П.Глебка, У.Дубоўка, А.Дудар, А.Зарыцкі, А.Куляшоў, П.Макаль, Я.Семяжон. М.Танк, Ю.Таўбін, К.Чорны, а ў наш час Р.Барадулін, Я.Брыль, Н.Гілевіч, А.Лойка, М.Лужанін, Н.Мацяш, В.Сёмуха, Я.Сіпакоў, і інш. Іх пераклады і інш. перакладныя творы выдаваліся асобна і ў серыйных выданнях («Проза народаў СССР», «Паэзія народаў СССР», «Паэзія народаў свету», зб-ках «Братэрства», «Далягляды» і інш.). У 1970 Куляшову (за пер. кніг «Выбраная паэзія» Лермантава, «Энеіда» І.Катлярэўскага, «Спеў аб Гаяваце» Г.Лангфела), у 1976 Барадуліну (за зб. «Рум» і пер.выбр. лірыкі Ф.Гарсія Лоркі «Блакітны звон Гранады»), у 1980 Гілевічу (за зб. паэзіі «У добрай згодзе» і перакладчыцкую дзейнасць), у 1982 Семяжону (за пер. паэмы «Песня пра зубра» М.Гусоўскага) прысуджаны Дзярж. прэміі Беларусі імя Я.Купалы. Творы бел. пісьменнікаў перакладзены на многія мовы народаў свету. Хелемскаму за пераклад твораў бел. л-ры (Броўкі, Куляшова, П.Панчанкі, М.Танка) на рус. мову ў 1980 прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа.
у складзе Рас. Федэрацыі. Пл. 14,1 тыс.км². Нас. 434 тыс.чал. (1997), гарадскога 46%. Сярэдняя шчыльнасць 31 чал. на 1 км². Жывуць карачаеўцы (31,2%), чэркесы (9,7%), рускія (42,4%), абазіны (6,6%), нагайцы (3,1%) і інш. Сталіца — г.Чэркеск. Гарады: Карачаеўск, Усць-Джэгута, Тэберда.
Прырода. Размешчана на Паўн. Каўказе. Больш за 2/3 тэрыторыі займаюць горы і перадгор’і. На Пн вузкая паласа ўзгорыстых раўнін, над якой уздымаюцца куэставыя грады — Сычовы горы, хрыбты Пашавы і Скалісты. На Пд — хрыбты Галоўны, або Водападзельны, з вяршынямі Пшыш (3790 м), Дамбай-Ульген (4046 м), Гвандра (3983 м) і Бакавы з найвыш.г. Эльбрус (5642 м, на мяжы з Кабардзіна-Балкарыяй). Гал. перавалы — Клухорскі і Марухскі. Карысныя выкапні: медна-калчаданавыя і поліметалічныя руды, каменны вугаль, граніт, мармур, гіпс. Мінер. крыніцы. Сярэдняя т-растудз. ад -5 °C у перадгор’ях да -10 °C у гарах, ліп. адпаведна 21 °C і 8 °C. Ападкаў 550—2500 мм за год. На вяршынях і грэбені Галоўнага, або Водападзельнага, хрыбта — сучаснае зледзяненне. Гал. рака — Кубань з прытокамі Тэберда, Вял. і Малы Зеленчукі, Уруп, Вял. Лаба, багатыя гідраэнергіяй. Кубанскае вадасховішча. Глебы на Пн чарназёмныя, з вышынёй пераходзяць у горна-лясныя бурыя і горна-лугавыя. Расліннасць стэпавая і лесастэпавая, у гарах — шыракалістыя (бук, граб, дуб) і хваёвыя (хвоя, елка, піхта) лясы, субальпійскія і альпійскія лугі. На тэр. К.-Ч. — Тэбердзінскі запаведнік і ч. Каўказскага запаведніка.
Гісторыя. Продкі карачаеўцаў і чэркесаў жылі на тэр. К.-Ч. са стараж. часоў. У 5—13 ст. адбывалася разлажэнне першабытнаабшчыннага ладу і зараджэнне феад. адносін. Да 10 ст. сфарміравалася адыгейска-чэркеская народнасць, у 13—14 ст. — карачаеўская народнасць. Насельніцтва займалася жывёлагадоўляй і земляробствам. У 10 ст.тэр. К.-Ч. ўваходзіла ў раннефеад. дзяржаву Аланія, якая падтрымлівала паліт. і эканам. сувязі з Візантыяй, хазарамі, грузінамі. У 14—16 ст. на тэр. К.-Ч. з Абхазіі перасяліліся абазіны, у 17 ст. з Прыазоўя і Паволжа — нагайцы. У 15—18 ст. на землі К.-Ч. ўчынялі набегі крымскія татары і туркі. У 1552, 1555 і 1557 прадстаўнікі К.-Ч. накіроўвалі пасольствы ў Маскву для заключэння паліт. саюзу з Расіяй. У 1790 армія пры ўдзеле атрадаў горцаў разбіла ў раёне сучаснага Чэркеска тур. корпус Баталпашы. У 1-й пал. 19 ст.тэр. К.-Ч. далучана да Расійскай імперыі. У 1858—61 тут заснаваны казацкія станіцы, якія разам з ауламі Карачая і Чэркесіі ўключаны ў Баталпашынскі пав., пазней — аддзел Кубанскай вобл. У 1868 тут скасавана прыгоннае права. Пазней створаны шахты і руднікі, невял. прадпрыемствы харч. прам-сці. Вясной 1920 у К.-Ч. ўстаноўлена сав. ўлада. 12.1.1922 утворана Карачаева-Чэркеская аўт. вобласць. У 1926 К.-Ч. падзелена на Карачаеўскую аўт. вобласць і Чэркескую нац. акругу, у 1928 ператвораную ў аўт. вобласць. Да 1934 у Чэркесіі і да 1938 у Карачаі праведзена калектывізацыя сельскай гаспадаркі. У Вял.Айч. вайну Чэркеская і Карачаеўская вобласці акупіраваны ням.-фаш. войскамі (жн. 1942 — студз. 1943). У канцы 1943 Карачаеўская аўт. вобласць скасавана, а карачаеўцы, абвінавачаныя ў супрацоўніцтве з фашыстамі, дэпартаваны ў Цэнтр. Азію (пераважна ў Казахстан). Пасля іх рэабілітацыі ў 1957 створана Карачаева-Чэркеская аўт. вобласць. З 1991 рэспубліка. У 1992 падпісаны новы федэратыўны дагавор з Рас. Федэрацыяй.
Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці (па аб’ёме прадукцыі, што вырабляецца): хім. і нафтахім. (27,7%), буд. матэрыялаў (25,8%), харч. (13,5%), энергетыка (12,7%), машынабудаванне і металаапрацоўка (8,3%). Развіты гарнарудная, лёгкая, дрэваапр., мукамольна-крупяная прам-сць. Хім. і нафтахім. прадпрыемствы размешчаны ў г. Чэркеск (хім.ВА, з-д гумава-тэхн. вырабаў). Вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цэмент, жалезабетонныя вырабы, цэгла, вапна, чарапіца) у Чэркеску, Карачаеўску, Усць-Джэгуце і станіцы Зелянчукскай. Харч.прам-сць (цукр.з-д у Эркен-Шахары, мяса- і хлебакамбінаты, кансервавы і масласыраварныя з-ды ў Чэркеску, Карачаеўску). Гарнарудная прам-сць прадстаўлена Урупскім медным горна-абагачальным камбінатам. Здабываюць каменны вугаль (50 тыс.т, 1995). Вытв-сць электраэнергіі 30 млн.кВт∙гадз (1995).
Асн. цэнтры машынабудавання і металаапрацоўкі ў Чэркеску (з-ды халадзільнага абсталявання і нізкавольтнай апаратуры) і Карачаеўску (інстр.з-д). Ёсць абутковая, швейная і мэблевая вытв-сць. У сельскай гаспадарцы пераважае жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку і авечкагадоўля (танкарунная і паўтанкарунная). Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, коз, птушак. Пагалоўе (тыс. галоў, 1995) буйн. раг. жывёлы — 165,8, свіней — 14,1. Конегадоўля. Пчалярства. Вытв-сць (1995) мяса 23 тыс.т, малака 146 тыс.т, воўны 1480 т. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 663 тыс.га, у т. л. пад ворывам каля 25%, пад пашай каля 50%. Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, кукуруза), тэхн. (цукр. буракі, сланечнік), кармавыя (кукуруза на сілас, травы), агародніна-бахчавыя культуры, бульбу. Пладаводства. Збор (тыс.т, 1995): збожжа 160, сланечніку 11, цукр. буракоў 194, бульбы 154. Развіта арашэнне (Вял. Стаўрапольскі канал). Чыгунка Нявіннамыск — Усць-Джэгута. Па тэр. К.-Ч. праходзяць аўтадарогі: Ваенна-Сухумская (Чэркеск — Сухумі), Чэркеск — Стаўрапаль, Чэркеск — Пяцігорск. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 2730 км. Курорты: Тэберда, кліматычныя курортныя мясцовасці Архыз, Дамбай; горны турызм, альпінізм.
Літ.:
Алексеева Е.П. Древняя и средневековая история Карачаево-Черкесии. М., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІВО́НСКАЯ ВАЙНА́ 1558—83, Інфлянцкая вайна,
вайна Маскоўскай дзяржавы з Лівонскім ордэнам, Вялікім княствам Літоўскім, Рэччу.Паспалітай (з 1569) і Швецыяй за Лівонію (Інфлянты). Пачалася ў студз. 1558 па ініцыятыве цара Івана IV Грознага, які спадзяваўся праз Лівонію здабыць сваёй дзяржаве шырокі выхад да Балтыйскага м. Да восені 1558 маскоўскія войскі авалодалі тэр.Усх. Эстоніі з гарадамі Нарва і Дэрпт (цяпер Тарту), у пач. 1559 (да перамір’я ў сак.) прарываліся да Рыгі і ў Курляндыю. 31.8.1559 Лівонскі ордэн падпісаў у Вільні пагадненне аб пераходзе пад пратэктарат ВКЛ. Праз месяц да пагаднення далучылася Рыжскае арцыбіскупства. Вял. князь ВКЛЖыгімонт II Аўгуст увёў свае войскі ў лівонскія замкі ўздоўж р.Зах. Дзвіна. У пач. 1560 маскоўскія войскі аднавілі ваен. дзеянні. 2 жн. ў бітве пры Эрмесе (цяпер Эргеме, Латвія) яны разбілі лепшыя ордэнскія сілы, да восені авалодалі гал. ўмацаваннямі Лівоніі, акрамя Рыгі і Рэвеля (цяпер Талін). Гэта прымусіла Лівонскі ордэн падпісаць 28.11.1561 у Вільні 2-е пагадненне, паводле якога ордэнскія ўладанні ў Лівоніі перайшлі пад уладу ВКЛ, а магістр ордэна Г.Кетлер стаў васалам Жыгімонта II Аўгуста. У лют. 1562 да дагавора далучылася Рыжскае арцыбіскупства. Горад Рыга да 1581 заставаўся незалежным. 5.3.1562 фармальна спыніў існаванне Лівонскі ордэн, які фактычна распаўся ў 1560—61: у 1561 тэр.Паўн. Эстоніі перайшла пад уладу Швецыі, а Пн Курляндыі і в-аў Эзель (Саарэмаа) з прылеглымі а-вамі Маандзунскага архіпелага яшчэ ў 1560 сталі ўладаннем Даніі. У пач. 1562 маскоўскія войскі разгарнулі ваен. дзеянні супраць ВКЛ, падышлі да Шклова, Копысі, Оршы, Дуброўны і Віцебска. У адказ войскі ВКЛ правялі рэйд па Смаленшчыне і пад Веліж. 15.2.1563 больш як 60-тысячная (з 200 гарматамі) армія Івана IV прымусіла да капітуляцыі гарнізон Полацка, які 2 тыдні гераічна трымаў абарону. Гаспадарская рада ВКЛ заключыла перамір’е з царом, прадоўжанае да ліст. 1563. Перагаворы ў Маскве, якія вялі ў канцы 1563 паслы ВКЛ Ю.Хадкевіч і Р.Валовіч, спыніліся безвынікова, бо Іван IV згаджаўся на працяглае перамір’е толькі пры ўмове захавання пад яго ўладай Лівоніі і Полаччыны. У студз. 1564 ваен. дзеянні аднавіліся. 26 студз. ў бітве пад Улай 24-тысячная групоўка кн. П.Шуйскага, што выйшла з Полацка, была разгромлена гетманам ВКЛ М.Радзівілам, у выніку чаго паспешліва адступілі да Смаленска і войскі братоў кн. Сярэбраных (каля 50 тыс.чал.). У далейшым ваен. дзеянні насілі ў асн. лакальны характар. Увосень 1564 войскі ВКЛ няўдала асаджалі Полацк, у адказ на захоп маскоўскімі войскамі Езярышча зрабілі паход пад Вял. Лукі, а вясной 1565 — на Пскоўшчыну. У жн. 1565 вайна была перапынена, перагаворы ў Маскве (чэрв. 1566) скончыліся пагадненнем аб перамір’і да восені 1567. Земскі сабор 1566 падтрымаў намер Івана IV і далей ваяваць за Прыбалтыку. У 1567 аднавіліся лакальныя баявыя дзеянні. Корпус войск ВКЛ паспяхова хадзіў на Смаленшчыну, пад Лепелем былі разбіты фарміраванні царскіх стральцоў, а ў вер. 1568 войскі ВКЛ штурмам узялі замак Улу. Маскоўскія ваяводы ў 1566—69 умацоўвалі Полацк, пабудавалі крэпасці Сушу, Сокал, Сітна, Красны, Казьян, Туроўлю, Усвят. У 1568 шведскім каралём стаў Ян III — швагер Жыгімонта II Аўгуста. У выніку пачалася вайна Маскоўскай дзяржавы са Швецыяй. Цяжар Л.в. падштурхнуў шляхту ВКЛ да дзярж. уніі з Польшчай. Пасля падпісання акта Люблінскай уніі 1569 і стварэння Рэчы Паспалітай вайна з Маскоўскай дзяржавай стала агульнай для ВКЛ і Польшчы. У канцы 1569 у Маскву прыехала супольнае пасольства (ад Польшчы Я.Карташынскі, ад ВКЛ мінскі кашталян М.Тальваш). 22.7.1570 падпісаны трактат аб трохгадовым перамір’і на ўмовах захавання за кожнай дзяржавай падкантрольных ёй на той момант зямель. У 1571—72 асн.ваен. сілы Маскоўскай дзяржавы былі адцягнуты на барацьбу з нашэсцямі крымскіх татар. У пач. 1573, скарыстаўшы ўнутр. праблемы Рэчы Паспалітай пасля смерці 7.7.1572 Жыгімонта II Аўгуста (фактычнае міжкаралеўскае безуладдзе 1572—75, вайна з Гданьскам 1576—77), Іван IV аднавіў вайну у Прыбалтыцы. 1.1.1573 яго войскі ўзялі апорны пункт шведаў у Эстоніі Вейсенштэйн (цяпер Пайдэ), на тэрыторыі, падначаленай Рэчы Паспалітай, у 1575 занялі Пернаў (цяпер Пярну, Эстонія), а ў 1577 — б. рэзідэнцыю вял. магістраў Лівонскага ордэна Вендэн (цяпер Цэсіс, Латвія). Абраны ў 1575 каралём Рэчы Паспалітай Стафан Баторый сабраў у 1579 значнае войска (41 тыс.чал.), на чале якога 30.8.1579, пераадолеўшы амаль трохтыднёвае супраціўленне маскоўскага гарнізона, авалодаў Полацкам. На працягу лета і восені 1579 войскі Рэчы Паспалітай узялі крэпасці Казьян, Красны, Сокал і інш. У 1580 яны ўварваліся на тэр. Маскоўскай дзяржавы, у вер. захапілі Вял. Лукі, зрабілі напады на Холм і Старую Русу. У тым жа годзе шведы захапілі ў Карэліі крэпасць Карэла, а ў 1581 — Нарву, Івангорад, Ям, Капор’е, асадзілі Арэшак. У час перагавораў у Вільні (1581) Стафан Баторый адмовіўся ад перамір’я, прапанаванага яму пасламі Івана IV, і ў ліп. 1581 з раёна Полацка пачаў свой 3-і паход. 26.8.1581 войскі Рэчы Паспалітай аблажылі Пскоў, гарнізон і жыхары якога больш за 5 месяцаў гераічна абараняліся, адбілі 30 штурмаў. 13.12.1581 пачаліся перагаворы, якія завяршыліся падпісаннем 15.1.1582 Ям-Запольскага мірнага дагавора 1582 на 10 гадоў. Паводле дагавора Іван IV адмаўляўся ад заваяваных лівонскіх зямель і ад г. Веліж з наваколлем на карысць Рэчы Паспалітай, а Стафан Баторый згаджаўся вывесці сваю армію з тэр. Маскоўскай дзяржавы. Паводле Плюскага перамір’я 1583 Маскоўская дзяржава ўступала Швецыі Паўн. Эстонію, гарады Нарва, Ям, Капор’е, Івангорад і Карэла. Данія ў 1583 перадала Рэчы Паспалітай паўн. частку Курляндыі. У выніку Л.в. Маскоўская дзяржава пацярпела паражэнне ў сваёй барацьбе за шырокі выхад да Балтыйскага м. Для ВКЛ, у т. л. для Беларусі, якая найбольш пацярпела за гады вайны, перамога ў ёй азначала замацаванне ў складзе ВКЛэтн.бел. зямель. Але вымушанае ў час Л.в. пайсці на падпісанне Люблінскай уніі 1569, ВКЛ страціла частку свайго дзярж. суверэнітэту і многія тэрыторыі (Украіну і Падляшша, перададзеныя ў 1569 Польшчы).
Літ.:
Королюк В.Д. Ливонская война. М., 1954;
Арлоў У. Полацкая вайна // Арлоў У. Таямніцы полацкай гісторыі. Мн., 1994.
Г.М.Сагановіч.
Да арт.Лівонская вайна 1558—83. Узяцце Полацка войскам Стафана Баторыя. Гравюра 16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБ’ЯДНА́НЫЯ АРА́БСКІЯ ЭМІРА́ТЫ (ААЭ),
Імарат аль-Арабія аль-Мутахіда, дзяржава на Блізкім Усходзе. Займае паўд.-ўсх.ч. Аравійскага п-ва, абмываецца водамі Персідскага і Аманскага заліваў. Федэрацыя з 7 эміратаў: Абу-Дабі, Дубай (Дыбай), Аджман, Ум-эль-Кайвайн, Рас-эль-Хайма, Эль-Фуджайра, Шарджа. Пл. 83,6 тыс.км². Нас. 1,86 млн.чал. (1992). Афіц. мова арабская. Дзярж. рэлігія — іслам суніцкага кірунку. Сталіца — г.Абу-Дабі. Нац. свята — Дзень утварэння федэрацыі (2 снеж.).
Дзяржаўны лад. ААЭ — федэратыўная дзяржава. Кожны эмірат, які ўваходзіць у яе, — абсалютная манархія і мае значную самастойнасць. Паводле Часовай Канстытуцыі 1971 вышэйшы орган дзярж. улады — Вышэйшы Савет з правіцеляў эміратаў, які са свайго складу выбірае прэзідэнта тэрмінам на 5 гадоў. Урад узначальвае прэм’ер-міністр, якога прызначае прэзідэнт. Функцыі дарадчага органа выконвае Федэральны нац. сход (40 чал.), куды ўваходзяць прадстаўнікі ўплывовых плямёнаў, дзелавых колаў і інтэлігенцыі.
Прырода. Большая ч.тэр. — пустынная раўніна, на Пд і ПдЗ пераходзіць у пустыню Руб-эль-Халі, на У — адгор’і Аманскіх гор (выш. да 1127 м). Узбярэжжа Персідскага заліва нізіннае, шмат дробных астравоў. Асн. карысныя выкапні — нафта (запасы 13,3 млрд.т) і прыродны газ (5,8 трлн. м³), пераважна ў эміратах Абу-Дабі і Дубай. Знойдзены таксама каменны вугаль, жал. руда, храміты, руды нікелю, медзі і інш. Клімат трапічны, сухі. Т-ра паветра ў студз. каля 20 °C, у ліп. 30—35 °C (макс. да 50 °C), ападкаў на раўнінах 100—150 мм за год, у гарах 300—400 мм (макс. зімой). Пастаянных рэк няма, шмат сухіх рэчышчаў (вадзі). Раслінны і жывёльны свет бедны. На раўніне рэдкія аазісы з вінаграднікамі, фінікавымі пальмамі, акацыямі, тамарыскамі. У гарах расліннасць тыпу саваннаў. Сярод жывёл — газелі, зайцы, яшчаркі. У прыбярэжных водах тунец, макрэль, стаўрыда, сардзіны, селядцы; водмелі багатыя жэмчугам.
Насельніцтва. За апошнія 30 гадоў насельніцтва павялічылася прыкладна ў 30 разоў, пераважна за кошт іміграцыі. Больш за палавіну насельніцтва складаюць арабы — мясц. ўраджэнцы, выхадцы з Егіпта, Сірыі, Йемена і інш.араб. краін. Жывуць індыйцы і пакістанцы (разам 600 тыс.чал.), іранцы (200 тыс.чал.), еўрапейцы (25 тыс.чал.). Асн.ч. насельніцтва ў эміратах Абу-Дабі і Дубай. Гар. насельніцтва 84% (1986). Буйнейшыя гарады (1985): Абу-Дабі, Дубай (330 тыс.ж.), Эль-Айн (150 тыс.ж.), Шарджа (120 тыс.ж.).
Гісторыя. У канцы 4 — пач. 3-га тыс. да н. э. тэр. ААЭ была заселена семіцкімі плямёнамі, якія стварылі тут найб.стараж. ў Аравіі матэрыяльную культуру. У 3-м — пач. 1-га тыс. да н.э. гэтая тэр. ў складзе дзяржавы Дыльмун. Тут жылі семіцкія плямёны халдзеяў, узніклі першыя паселішчы фінікійцаў. У канцы 1-га тыс. да н. э. з паўд. і паўд.-ўсх. Аравіі на ўзбярэжжа Персідскага заліва прасунуліся араб. плямёны. На тэр. сучасных ААЭ (наз. Ас-Сір) імі засн. адна з першых араб. дзяржаў Харакен. Пазней яна распалася на дробныя княствы, якія ў 4—6 ст. трапілі ў залежнасць ад дзяржавы Сасанідаў, у 7—11 ст. уваходзілі ў склад Арабскага халіфата (гл.Халіфат), пануючай рэлігіяй стаў іслам. У 11—15 ст. княствы і султанаты Ас-Сіра ўваходзілі ў бахрэйнскую дзяржаву карматаў, Багдадскі халіфат, Аман, Армуз, Маскат, Асманскую імперыю. У 16 ст. пачалася каланізацыя Ас-Сіра партугальцамі, потым англічанамі і галандцамі. У выніку барацьбы пазіцыі англічан узмацняліся, у 1819 яны атрымалі перамогу над мясц.араб. насельніцтвам, якое называлі піратамі, а тэр. княстваў адпаведна Пірацкім берагам. У 1853 паміж Вялікабрытаніяй і правіцелямі дробных эміратаў падпісаны «Дагавор аб вечным міры», паводле якога Пірацкі бераг атрымаў назву Аман Дагаворны (АД). У канцы 19 ст. Вялікабрытанія ўстанавіла над ім свой пратэктарат, які дзейнічаў да канца 2-й сусв. вайны. У выніку нац.-вызв. руху, а таксама націску амер. нафтавых кампаній брыт. панаванне аслабла. У канцы 1960-х г.брыт. ўрад прыняў рашэнне аб вывадзе сваіх узбр. сіл з раёна Персідскага заліва (завершаны ў 1971). 2.12.1971 6 эміратаў АД (Абу-Дабі, Дубай, Шарджа, Аджман, Эль-Фуджайра, Ум-эль-Кайвайн) абвясцілі пра стварэнне федэратыўнай дзяржавы — ААЭ; у лют. 1972 да іх далучыўся эмірат Рас-эль-Хайма. Дзейнасць паліт. партый і арг-цый забаронена. ААЭ — чл.ААН, ОПЕК, Лігі арабскіх краін, арг-цыі «Ісламская канферэнцыя» і інш.Дыпламат. зносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 20.10.1992.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — нафтагазавая прам-сць. У 1993 здабыта 108 млн.т нафты, 26 млрд.м³ газу, у т. л. ў Абу-Дабі адпаведна 89 млн.т і 20 млрд.м³. Нафтаперапр. з-ды ва Ум-ан-Нары і Рувейсе, газаперапрацоўчыя ў Рувейсе, Джэбель-Алі, на в-ве Дас, у Шарджы (выпрацавана 17 млрд.кВт∙гадзэл. энергіі; 1991); алюмініевы з-д у Джэбель-Алі (156 тыс.т алюмінію ў год); працуе 9 цэментных з-даў (3,1 млн.т у 1990), з-д па вытв-сці азотных угнаенняў (228 тыс.т; 1990/91), буйнейшы ў свеце сухі док для рамонту супертанкераў у Дубаі. Развіты (пераважна ў Дубаі і Шарджы) саматужныя промыслы: выраб дываноў, шарсцяных тканін, залатых і сярэбраных упрыгожанняў. Для вырошчвання с.-г. культур прыдатныя толькі 0,5% тэрыторыі. Пашы і лугі займаюць 2,4%. Крыху лепшыя ўмовы для сельскай гаспадаркі ў горных раёнах эміратаў Эль-Фуджайра і Расэль-Хайма. Пашыраецца аазіснае земляробства са штучным арашэннем (вырошчваюць агародніну, фінікі, вінаград, манга, збожжавыя і інш.). Буйной раг. жывёлы 53 тыс. галоў (1991), авечак 270 тыс. галоў. Гадоўля вярблюдаў, птушкагадоўля, рыбалоўства (95 тыс.т; 1991), здабыча жэмчугу. Забяспечваюць сябе малаком, яйкамі і інш. прадуктамі харчавання. Асн. транспарт — аўтамабільны. Знешнегандл. сувязі забяспечвае пераважна марскі транспарт. Порты Джэбель-Алі і Рашыд у эміраце Дубай, Зейд у Абу-Дабі і Эль-Фуджайра. Міжнар. аэрапорты ў Абу-Дабі, Дубаі, Шарджы, Рас-эль-Хайме, Эль-Айне, Эль-Фуджайры. Рэгулярныя і чартэрныя рэйсы звязваюць ААЭ з многімі краінамі свету, у т. л. з Беларуссю. Свабодная эканам. зона ў аэрапорце Джэбель-Алі (эмірат Дубай). Горад Дубай — цэнтр рээкспарту і турызму. ААЭ — буйны фінансавы цэнтр Б.Усходу. Агульныя дэпазіты 63 дзеючых у краіне камерц. банкаў на пач. 1992 склалі 43 млрд.дол. ЗША. Праз ААЭ (асабліва эмірат Дубай) штогод праходзіць да 170 т золата, з якіх прыкладна 40 т застаецца ў эміратах. ААЭ вывозіць нафту і нафтапрадукты (18,4 млрд.дол. ЗША; 1991), звадкаваны газ, алюміній, цэмент, рыбу, фінікі, жэмчуг. Увозяць машыны і абсталяванне, трансп. сродкі, быт. тэхніку, гатовыя вырабы, харч. прадукты. Гандаль вядзецца ў асн. з Японіяй, ЗША, зах.-еўрап. і араб. краінамі. Дзякуючы паскоранаму развіццю нафтагазавай прам-сці і прыбыткам ад яе ў эміратах дасягнуты высокія тэмпы эканам. росту, забяспечаны адзін з самых высокіх сярэдніх гадавых даходаў у свеце ў разліку на душу насельніцтва, створаны сучасныя гарады і інфраструктура. ААЭ аказваюць значную фінансавую дапамогу краінам, якія развіваюцца. Грашовая адзінка — федэральны дырхам.
Літ.:
Абдалла Я.Ю. Объединенные Арабские Эмираты. М., 1978;
Географический справочник: новые цифры, факты, названия. М., 1993;
Исаев В.А., Озолинг В.В. Катар;
Объединенные Арабские Эмираты. М., 1984;
Клековский Р.В., Луцкевич В.А. Объединенные Арабские Эмираты. М., 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНАЯ ВАЙНА́ 1700—21,
вайна кааліцыі еўрап. дзяржаў у складзе Расіі, Даніі, Саксоніі (т.зв. «Паўночны саюз») з удзелам Рэчы Паспалітай (з 1704), Прусіі і курфюрства Гановер (з 1715) супраць Швецыі за панаванне на Балт.м. На працягу 17 ст. Швецыя фактычна ўстанавіла свой кантроль над Балт. рэгіёнам і землямі, што прылягалі да Фінскага заліва (Інгрыя і ч. Карэліі). У выніку войнаў з Рэччу Паспалітай (гл.Вайна Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29, Паўночная вайна 1655—60), Расіяй, Даніяй і германскімі краінамі яна авалодала Эстляндыяй, Ліфляндыяй (гл.Лівонія) і значнымі тэрыторыямі ў Паўн. Германіі (Брэмен, Вердэн, Памеранія, в-аў Руген). У 1699 рас. цар Пётр I заключыў саюз з Даніяй і курфюрстам Саксоніі Аўгустам II (з 1697 адначасова кароль польскі і вял. князь літоўскі) супраць Швецыі. У лют. 1700 саксонскія войскі ўвайшлі ў Ліфляндыю і аблажылі Рыгу. У сак. 1700 дацкія войскі ўведзены ў герцагства Гольштэйн (саюзнік Швецыі). У чэрв. 1700 шведскі кароль Карл XII (гл. ў арт.Карл, імя каралёў Швецыі) высадзіў дэсант каля Капенгагена і прымусіў Данію 18.8.1700 заключыць мір. 30.8.1700 Расія абвясціла вайну Швецыі. Рас. войскі (каля 35 тыс.чал.) пачалі аблогу Нарвы, але ў бітве 30.11.1700 пацярпелі паражэнне. Тады Карл XII выступіў супраць Аўгуста II і 20.7.1701 разбіў яго войскі каля Рыгі. У пач. 1702 шведы ўварваліся на тэр. Рэчы Паспалітай, у крас. занялі Вільню і Гродна, у маі — Варшаву. Спробы Аўгуста II спыніць прасоўванне шведаў у глыб Рэчы Паспалітай скончыліся паражэннем яго войск у бітвах каля Клішава (1702) і Пултуска (1703). Пётр I, скарыстаўшы перадышку, выкліканую знаходжаннем асн. сіл Карла XII у Рэчы Паспалітай, рэарганізаваў армію, і ў 1701—04 яго войскі атрымалі некалькі перамог над шведамі ў Прыбалтыцы і выйшлі да Балт.м. з мэтай замацавацца на яго ўзбярэжжы. З пачаткам вайны ў ВКЛ абвастрылася барацьба паміж групоўкай Сапегаў, якія хацелі стварыць незалежную ад Польшчы дзяржаву, і большасцю бел.-літ. шляхты, што групавалася вакол Р.А.Агінскага і Вішнявецкіх. У маі 1704 прыхільнікі Аўгуста II аб’ядналіся ў Сандамірскую канфедэрацыю, якая пад Нарвай заключыла саюз з Расіяй і абвясціла вайну Швецыі. У адказ Варшаўская канфедэрацыя (ліп. 1704), арганізаваная Карлам XII, выбрала каралём Рэчы Паспалітай Станіслава Ляшчынскага. У выніку на тэр. Беларусі ўвайшлі саюзныя Аўгусту II рас. войскі і з восені 1704 пачалі канцэнтравацца каля Полацка. У ліп. 1705 яны рушылі на Вільню (частка войск пад камандаваннем Б.П.Шарамецева накіравана ў Курляндыю). У вер. 1705 гал.рас. сілы (каля 35 тыс.чал.) занялі Гродна, дзе да іх далучылася некалькі палкоў саксонскай конніцы. Аб’яднаную групоўку ўзначаліў Аўгуст II. У студз. 1706 Карл XII пераправіўся цераз Нёман і блакіраваў гарнізон у Гродне, конніца А.Д.Меншыкава паспела адысці да Мінска. Аўгуст II накіраваўся ў Саксонію за дапамогай, але ў лют. 1706 у бітве пры Фраўштаце асн. сілы саксонскай арміі былі разбіты. Рас. войскам удалося выйсці з Гродна і праз Брэст і Ковель дайсці да Кіева. У лют.—маі 1706 шведы, ідучы праз Беларусь, спалілі Карэлічы, Мір, разрабавалі Навагрудак, Слонім, Клецк, Слуцк, Пінск, Кобрын, пасля аблог занялі Ляхавічы і Нясвіж (гл.Нясвіжа абарона 1706). Каля Клецка 30.4.1706 шведскія войскі разбілі 5-тысячны рас. атрад С.П.Няплюева. Летам 1706 Карл XII нанёс удар па Саксоніі і прымусіў Аўгуста II у вер. 1706 заключыць Альтранштацкі мір. Аўгуст II адмовіўся ад кароны Рэчы Паспалітай на карысць Станіслава Ляшчынскага. У 1707 рас. войскі зноў сканцэнтраваліся на Беларусі, у крас. пасля аблогі занялі Быхаў (гл.Быхава абарона 1707). У пач. 1708 Карл XII заняў Гродна і рушыў на Ліду, Смаргонь. Гал. сілы рас. арміі (каля 57 тыс.чал.) пад камандаваннем Шарамецева адышлі да Чашнікаў і Бешанковіч. З сак. да пачатку чэрв. 1708 шведская армія стаяла ў раёне Радашковіч, 25 чэрв. пераправілася цераз Бярэзіну. Каля мяст. Галоўчын (на Магілёўшчыне) 14.7.1708 адбылася бітва, у якой рас. армія пацярпела паражэнне і адышла за Дняпро. Шведы занялі Магілёў, а праз месяц рушылі далей на У. Аднак у бітвах каля вёсак Добрае 10.9.1708 і Раеўка 20.9.1708 на Мсціслаўшчыне авангард Карла XII панёс значныя страты; узніклі цяжкасці з забеспячэннем арміі харчам і фуражом. Таму Карл XII вырашыў скарыстаць дапамогу, якую яму абяцаў укр. гетман І.Мазепа, і ў сярэдзіне вер. 1708 павярнуў на Украіну. На злучэнне з гал. сіламі Карла XII з Рыгі выйшаў 16-тысячны корпус А.Левенгаўпта. 9.10.1708 каля в.Лясная (на Магілёўшчыне) Левенгаўпт быў разбіты рас. войскамі, страціў абоз і прывёў да Карла XII толькі каля 7 тыс.чал. У канцы кастр. 1708 Мазепа з 2-тысячным атрадам перайшоў на бок шведаў, але Меншыкаву ўдалося захапіць запасы зброі, боепрыпасаў і харчу ў г. Батурын, якія гетман падрыхтаваў для саюзніка. 8 ліп. ў Палтаўскай бітве 1709 шведская армія была разгромлена (Карл XII і Мазепа ўцяклі ў Турцыю). Гэта перамога стала пераломнай у П.в. Быў адноўлены саюз Расіі з Даніяй і Саксоніяй. Станіслаў Ляшчынскі з’ехаў у Памеранію; у Варшаву вярнуўся Аўгуст II. Ваенныя дзеянні былі перанесены ў Прыбалтыку і Паўн. Германію. У 1710 рас. войскі занялі Ліфляндыю і Эстляндыю, авалодалі Рыгай, Пернавам (Пярну) і Рэвелем. Рас. флот атрымаў свабодны выхад з Фінскага заліва ў Балт.м. Дацка-саксонскія войскі ўвайшлі ў Памеранію і пачалі аблогу Штральзунда. Па прычыне шматлікіх супярэчнасцей з Расіяй, асабліва па пытанні кантролю над Ліфляндыяй, Рэч Паспалітая выйшла з вайны. У канцы 1710 Карлу XII удалося ўцягнуць у вайну з Расіяй Турцыю (гл.Пруцкі паход 1711). Руска-турэцкая вайна 1710—13 часова прыпыніла актыўныя дзеянні супраць Швецыі. У 1713 рас. войскі занялі Фінляндыю, разам з саюзнікамі авалодалі амаль усёй Памераніяй. У выніку перамогі над шведскім флотам каля мыса Гангут (1714) рас. флот пачаў кантраляваць Балт.м. У 1715 у вайну супраць Швецыі ўступілі Прусія і Гановер. У маі 1718 Швецыя пачала перагаворы аб міры з Расіяй (т.зв. Аландскі кангрэс), якія працягваліся да гібелі Карла XII у ліст. 1718. Яго сястра Ульрыка Элеанора, заняўшы трон, пад уплывам Англіі спыніла перагаворы і аднавіла ваен. дзеянні з Расіяй. У той жа час Швецыя заключыла мір з Гановерам (1719), Прусіяй і Даніяй (1720), прызнаўшы іх правы на частку сваіх уладанняў у Паўн. Германіі. У выніку пагаднення з Саксоніяй Швецыя ў 1719 адмовілася ад падтрымкі Станіслава Ляшчынскага і прызнала Аўгуста II каралём польскім і вял. князем літоўскім. У 1719—20 рас. дэсанты тройчы высаджваліся ў Швецыі, спусташалі прыбярэжныя гарады і вёскі, падыходзілі да Стакгольма; 7.8.1720 у Грэнгамскай бітве разбіты шведскі флот. 10.9.1721 падпісаныНіштацкі мірны дагавор 1721, пазней адпаведныя дагаворы Швецыя падпісала з Саксоніяй (1729) і Рэччу Паспалітай (1733). У выніку П.в. Швецыя страціла статус вял. дзяржавы, аднак і для інш. краін Еўропы, асабліва для ВКЛ, наступствы вайны былі трагічныя: насельніцтва Беларусі скарацілася з 2,2 млн. да 1,5 млн.чал. (загінуў кожны трэці яе жыхар); найбольш пацярпелі Мсціслаўскае, Віцебскае і Полацкае ваяв.
Літ.:
Тарле Е.В. Северная война и шведское нашествие на Россию. М., 1958;
Шутой В.Е. Северная война (1700—1721 гг.). М., 1970;
Корх А.С. Петр I: Северная война 1700—1721: [Альбом]. [М.], 1990.
У.І.Пашкевіч.
Да арт.Паўночная вайна 1700—21. Баталія паблізу мыса Гангут. Гравюра А.Зубава. 1715.Да арт.Паўночная вайна 1700—21. Бітва пры Лясной 28 верасня 1708. Гравюра Лармесена з арыгінала П.-Д.Мартэна Малодшага. 1-я чвэрць 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШАЯ СУСВЕ́ТНАЯ ВАЙНА́ 1914—18,
вайна паміж дзвюма кааліцыямі дзяржаў: Цэнтральнымі дзяржавамі (Германія, Аўстра-Венгрыя, Турцыя, Балгарыя) і Антантай (Расія, Францыя, Вялікабрытанія, Сербія, пазней Японія, Італія, Румынія, ЗША і інш.). Усяго ўдзельнічала 38 дзяржаў (разам з дамініёнамі і калоніямі) з насельніцтвам больш за 1,5 млрд.чал. Выклікана абвастрэннем супярэчнасцей сярод гал.капіталіст. краін за ўмацаванне свайго панавання ў свеце, за перадзел ужо падзеленага свету і падпарадкаванне інш. народаў. Тая акалічнасць, што некат. краіны (напр., Сербія, Чарнагорыя) вялі нац.-вызв. барацьбу, не мяняе агульнага імперыял. характару вайны.
Германія імкнулася дамагчыся панавання ў Еўропе, разграміць свайго гал.эканам. канкурэнта — Англію, пазбавіць яе калоній і ваенна-марскога флоту; разбіць Францыю, Бельгію, Галандыю і захапіць іх калоніі; аслабіць Расію, забраць у яе Польшчу, Беларусь, Украіну, Прыбалтыку, замацавацца на Балканах і Б. Усходзе. Аўстра-Венгрыя хацела захапіць Сербію і Чарнагорыю, Турцыя — рас. Закаўказзе, Балгарыя — усх.ч. Сербіі. Англія імкнулася захаваць сваё калан. панаванне, для чаго намервалася разграміць Германію, захапіць яе калоніі і адваяваць арабскія тэрыторыі ў Турцыі. Францыя разлічвала вярнуць сабе захопленыя Германіяй у 1871 правінцыі Эльзас і Латарынгію і завалодаць сумежным Саарскім вугальным басейнам, абараніць свае калоніі (найперш Марока) ад дамаганняў Германіі. Расія імкнулася адлучыць ад Аўстра-Венгрыі Галіцыю, завалодаць Канстанцінопалем (Стамбулам) і Чарнаморскімі пралівамі. Свае агрэсіўныя мэты мелі Японія, Італія і інш.Гал.імперыял. дзяржавы спадзяваліся таксама, што вайна дапаможа адцягнуць прац. масы метраполій ад рэв. руху, а калан. народы — ад нац.-вызв. барацьбы. Рыхтуючыся да перадзелу свету, Германія (гал. ініцыятар вайны) заключыла ў 1879 ваен. саюз з Аўстра-Венгрыяй, да якога ў 1882 далучылася Італія, і т.ч. быў створаны Траісты саюз. Гэтаму блоку супрацьстаяла Антанта, сфарміраваная ў 1907. Кіраўніцтва 2-га Інтэрнацыянала падтрымала свае ўрады і т.ч. адмовілася ад сваіх ранейшых антываен. рэзалюцый Штутгарцкага (1907) і Базельскага (1912) кангрэсаў аб інтэрнац. салідарнасці працоўных. Супраць імперыяліст. вайны выступілі рас. бальшавікі і шэраг левых груповак у інш.с.-д. партыях.
Зачэпкай для вайны паслужыла забойства членамі сербскай падп. арг-цыі 28.6.1914 у Сараеве (тады ў Аўстра-Венгрыі) наследніка аўстр. трона эрцгерцага Франца Фердынанда (гл.Сараеўскае забойства). 28.7.1914 Аўстра-Венгрыя аб’явіла вайну Сербіі. Расія заявіла пра падтрымку Сербіі і пачала частковую, а 30 ліп. агульную мабілізацыю. 1.8.1914 Германія аб’явіла вайну Расіі, а 3 жн. — Францыі. Англія 4 жн. заявіла аб стане вайны з Германіяй. Вайну Германіі аб’явілі таксама англ. дамініёны (Аўстралія, Канада, Новая Зеландыя і Паўд.-Афрыканскі Саюз). 23 жн. супраць Германіі выступіла Японія. 29 кастр. на баку аўстра-герм. блока ў вайну ўступіла Турцыя. Напярэдадні вайны аўстра-герм. блок разгарнуў 193 дывізіі (3,5 млн.чал.), дзяржавы Антанты — 287 дывізій (6 млн.чал.). Германія сканцэнтравала на Зах. фронце 7 армій у складзе 96 дывізій. Ва Усх. Прусіі знаходзілася 8-я армія (14 дывізій), 2 дывізіі былі на Брэслаўскім (Вроцлаўскім) напрамку. Аўстра-Венгрыя разгарнула ў Галіцыі 4 арміі (45,5 дывізіі), супраць Сербіі — 2 арміі (14 дывізій). Турэцкія ўзбр. сілы (0,5 млн. чал) у складзе 14 карпусоў разгарнуліся ў 6 арміях: каля Стамбула, у Тур. Арменіі, Месапатаміі, Сірыі і Палесціне. Францыя сканцэнтравала на фронце 85 дывізій. Экспедыцыйная армія Англіі налічвала 5,5 дывізіі (87 тыс.чал.) і разгарнулася ў раёне Брусель—Льеж—Намюр. Узбр. сілы Расіі стварылі 2 фронты — Паўночна-Заходні фронт 1914—15 (у пач. вайны 2 арміі, 381 тыс.чал.) на мяжы з Усх. Прусіяй і Паўд.-Зах. фронт (4 арміі, 697 тыс.чал.) на подступах да Галіцыі. Сербія выставіла 13 дывізій (247 тыс.чал.), Чарнагорыя — 6 дывізій (60 тыс.чал.).
Герм. войскі пачалі наступленне на Зах.-еўрап. фронце 2.8.1914. Хутка яны прайшлі Бельгію і Люксембург, захапілі паўн. дэпартаменты Францыі і прасунуліся да Парыжа. 5—12 вер. паміж Вердэнам і Парыжам разгарнулася вял. бітва на р. Марна з удзелам 6 англа-франц. і 5 герм. армій (гл.Марнскія бітвы). У выніку ўпартага супраціўлення саюзнікаў немцы страцілі ініцыятыву, і ў ліст. знясіленыя бакі перайшлі да абароны, якая паклала пачатак пазіцыйнай вайне. Поспеху англа-французаў у значнай меры паспрыяла наступленне рас. войск на Усх.-герм. фронце, што вымусіла немцаў ужо 26 жн. пачаць перавод ч. войск на У.
Першы перыяд кампаніі 1914 на ўсх.-еўрап. тэатры ваен. дзеянняў адзначаны 2 буйнымі наступленнямі: Усходне-Прускай аперацыяй 1914 і Галіцыйскай бітвай 1914. У ходзе наступлення на Усх. Прусію 2 рас. арміі пасля першых поспехаў пацярпелі цяжкае паражэнне і адступілі. Важнае месца займалі баі на Паўд.-Зах. фронце. 18 жн. ў ходзе Галіцыйскай бітвы пачалося наступленне 8-й арміі ген. А.А.Брусілава. На працягу месяца рас. войскі разбілі аўстра-венграў, занялі Львоў, адкінуўшы праціўніка да Карпат, і блакіравалі крэпасць Перамышль (здалася 22.3.1915). Аднак саюзнікі прапанавалі Расіі наступаць супраць Германіі. Рас. камандаванне перагрупавала гал. сілы з р. Сан на сярэднюю Віслу да Варшавы. У ходзе Варшаўска-Івангародскай аперацыі 1914рас. войскі атрымалі перамогу. У Закаўказзі рас. армія адбіла наступленне туркаў на Ардахан і Сарыкамыш (гл.Сарыкамышская аперацыя 1914—15) і перанесла ваен. дзеянні на тэр. праціўніка. На аўстра-сербскім фронце ў жн.—вер. 1914 сербы адкінулі ворага за межы краіны. Гал. вынікам барацьбы на моры было ўсталяванне Англіяй блакады герм. ўзбярэжжа, што адрэзала Германію ад яе калоній і паўплывала на ўвесь ход вайны. У цэлым кампанія 1914 завяршылася перамогай Антанты, планы герм.Ген. штаба на «маланкавую вайну» праваліліся. У кампанію 1915, не маючы сіл для наступальных аперацый на абодвух тэатрах ваен. дзеянняў, герм. камандаванне вырашыла засяродзіць гал. ўвагу на ўсх.-еўрап. тэатры, каб вывесці Расію з вайны. На зах.-еўрап. тэатры планавалася заняць абарону. У выніку масіраванага наступлення герм. і аўстра-венгерскія войскі у чэрв. 1915 захапілі б.ч. Польшчы, у т. л. 4 жн. — Варшаву; фронт наблізіўся да Беларусі.
У жн. 1915 пачалося герм. наступленне ў напрамку Коўна—Вільня—Мінск. 9.9.1925 у стыку Паўночнага фронту 1915—18 і Заходняга фронту 1915—18 немцы здзейснілі Свянцянскі прарыў 1915, захапілі г. Вілейку. У вер.рас. войскі пакінулі Вільню, Гродна, Ліду, Брэст, Пінск і інш. гарады зах. Беларусі. Стаўка Вярх. Галоўнакамандавання была пераведзена з г. Баранавічы ў Магілёў. 19 вер. перадавыя ням. раз’езды перарэзалі чыгунку Мінск—Масква ў раёне Смалявіч. Вял. намаганнямі рас. войскам удалося ліквідаваць прарыў і адкінуць праціўніка ў раён азёр Свір і Нарач. У кастр. 1915 фронт стабілізаваўся па лініі Дзвінск—Паставы—Баранавічы—Пінск. Каля палавіны тэр. Беларусі апынулася пад ням. акупацыяй.
На зах.-еўрап. тэатры англа-франц. войскі правялі шэраг абмежаваных аперацый на вузкіх участках фронту. 22.4.1915 у ходзе баёў каля г. Іпр (Бельгія) немцы ўпершыню ўжылі зброю масавага паражэння — газ хлор. У канцы вер. 1915 франц.-англ. войскі правялі наступальную аперацыю ў Шампані. Аднак прарваць фронт ім не ўдалося. 23.5.1915 Італія выйшла з Траістага саюза і аб’явіла вайну Аўстра-Венгрыі (узнік новы італьян. фронт). У лют. 1915 англа-франц. войскі высадзілі дэсант на беразе праліва Дарданелы з мэтаю захопу Стамбула, але іх штурмы былі адбіты туркамі (у студз. 1916 дэсант эвакуіраваны). Паражэнне гэтага дэсанта і адыход рас. войск з Галіцыі паўплывалі на рашэнне Балгарыі ўступіць 14.10.1915 у вайну на баку аўстра-герм.-тур. блоку. Гэта пагоршыла становішча сербскай арміі, якая пад ударамі Аўстра-Венгрыі і Балгарыі адступала да Адрыятыкі; яе рэшткі эвакуіраваны саюзнікамі на востраў Корфу. У выніку паражэння Сербіі ўсталяваліся бесперашкодныя зносіны паміж Германіяй і Турцыяй.
На азіяцка-каўказскім тэатры ваен. дзеянняў рас. войскі паспяхова прасоўваліся ў напрамку воз. Ван і Алашкерт, баі вяліся на тэр. Ірана. Аднак туркі разграмілі англічан у Месапатаміі і акружылі іх корпус у Кут-эль-Амары, у Егіпце — падышлі да Суэцкага канала. На моры герм. падводны флот разгарнуў «бязлітасную вайну» супраць усіх караблёў, у т. л. і нейтральных краін (гл.Падводная вайна). За 1915 Германія і яе саюзнікі дасягнулі значных поспехаў на ўсх.-еўрап., балканскім і азіяцкім тэатрах, захапілі вял. тэрыторыі. Аднак на зах.-еўрап. тэатры Англія і Францыя паспяхова трымалі фронт. На 1916 краіны Антанты запланавалі правесці 2 скаардынаваныя аперацыі: 15 чэрв. на ўсх.-еўрап. і 2 ліп. на зах.-еўрап. тэатрах. У кампаніі 1916 на зах.-еўрап. тэатры вылучыліся 2 аперацыі — каля крэпасці Вердэн (гл.Вердэнская аперацыя 1916) і на р. Сома. 1 ліп. англа-франц. войскі пачалі наступленне на Соме, найб. моцныя баі адбыліся восенню 1916. Тут англічане ўпершыню выкарысталі новую ваен. тэхніку — танкі. Немцы аслабілі, а потым і спынілі націск на Вердэн; у кастр.—снеж. французы выбілі іх з найб. важных пазіцый у раёне крэпасці. Бакі страцілі сотні тыс.чал., але лінія фронту на ўчастку 35 км прасунулася ўглыбіню толькі на 10 км. Каб аслабіць герм. атакі на Вердэн, рас. армія датэрмінова правяла у сак.Нарачанскую аперацыю 1916, якая скончылася безвынікова. Больш значны поспех мела Паўднёва-Заходняга фронту наступленне 1916 (пачалося 4.6.1916) пад камандаваннем ген. Брусілава. 8-я армія ўзяла Луцк, 9-я армія выйшла на лінію р. Стаход, а потым заняла Букавіну і ч.Усх. Галіцыі. 29.7.1916 войскі Зах. фронту правялі Баранавіцкую аперацыю 1916, але прарваць фронт не змаглі. У выніку «Брусілаўскага прарыву» праціўнік панёс страты да 1,5 млн.чал. і быў вымушаны спыніць сваё наступленне ў Італіі, Аўстра-Венгрыі быў нанесены такі ўдар, пасля якога яна да канца вайны ўжо не здолела весці актыўныя баявыя дзеянні.
Англа-франц. наступленне на Соме і рас. наступленне ў Галіцыі прадвырашылі пералом у 1-й сусв. вайне на карысць Антанты. Пад уражаннем гэтых перамог 27.8.1916 у вайну ўступіла Румынія, спадзеючыся адваяваць ў Аўстра-Венгрыі Трансільванію. Аднак рум. армія была хутка разбіта перакінутымі на дапамогу аўстрыйцам герм. войскамі; немцы занялі Бухарэст. Рас. войскі ўступілі ў Румынію. У канцы снеж. 1916 Рум. фронт стабілізаваўся. У 1916 у абмен на зброю для Расіі ў Францыю і на Балканы перакінуты Рус. экспедыцыйныя корпусы. На азіяцка-каўказскім тэатры ў 1916 рас. войскі ўзялі Эрзурум, Трапезунд, Эрзінджан; англічане ж тут дзейнічалі няўдала: акружаны ў 1915 корпус у Кут-эль-Амары 28.4.1916 капітуляваў. Восенню 1916 туркі трымалі супраць рускіх 27, а супраць англічан 18 дывізій.
Летам 1916 адбылася Ютландская бітва 1916 — адзіная буйная бітва на моры, у якой ням. караблі не здолелі перамагчы англ. флот і ліквідаваць марскую блакаду. У канцы 1916 — пач. 1917 стратэг. ініцыятыва ў цэлым перайшла да Антанты, аднак Расія была настолькі стомлена, што пэўныя прыдворныя колы пачалі шукаць сепаратнага міру з Германіяй. 6.4.1917 у вайну на баку Антанты ўступілі ЗША. Няўдалае крас. наступленне англа-франц. войск у раёне Араса, Сен-Кантэна і Рэймса (загінула больш за 200 тыс.чал.) выклікала хваляванні ў франц. арміі, у Рус. экспедыцыйным корпусе пачаўся рух за вяртанне на радзіму. На італьян. і азіяцка-тур. тэатрах саюзнікі пераламілі ход вайны на сваю карысць. У Расіі ў выніку Лютаўскай рэвалюцыі 1917 самадзяржаўе было скінута і да ўлады прыйшоў Часовы ўрад, які ў пытаннях працягу вайны быў яшчэ ў большай залежнасці ад зах. саюзнікаў, чым царызм. Аднак шматлікія ахвяры і эканам. цяжкасці, выкліканыя вайной, рабілі яе ўсё больш непапулярнай у салдацкіх масах; на фронце адбывалася братаннерус. і герм. салдат; з’явіўся лозунг рас. бальшавікоў аб пераўтварэнні вайны імперыял. у грамадзянскую. 1.7.1917 пачалося няўдалае наступленне рас. войск Зах. фронту. У канцы жн. (пач.вер.) 1917 герм. войскі авалодалі Рыгай. Адразу пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 савецкі ўрад Расіі прыняў Дэкрэт аб міры, у якім прапанаваў усім ваюючым бакам пачаць перагаворы з мэтай заключэння справядлівага міру без анексій і кантрыбуцый. У сувязі з адмовай англа-франц. блоку ад гэтых прапаноў сав. ўрад пачаў сепаратныя перагаворы з аўстра-герм. кааліцыяй і 4.12.1917 падпісаў з ёю Дагавор аб перамір’і на Заходнім фронце 1917. У лют. 1918 іх саюзнікі парушылі перамір’е, пачалі буйнамаштабнае наступленне на ўсіх франтах. Паколькі старая армія развальвалася, а часці Чырв. Арміі толькі ствараліся, праціўніку ўдалося захапіць вял. тэрыторыю па лініі Нарва—Растоў-на-Доне, у т. л. ў Беларусі па лініі Расоны—Полацк—Сянно—Орша—Магілёў—Жлобін—Навазыбкаў. Туркі ўварваліся ў Закаўказзе.
3.3.1918 быў падпісаныБрэсцкі мір 1918. З сак. па ліп. 1918 герм. камандаванне правяло 4 наступальныя аперацыі на зах.-еўрап. тэатры, выкарыстаўшы апошні шанц завяршыць вайну на сваю карысць, але беспаспяхова. 8—13 жн. саюзнікі правялі Ам’енскую аперацыю 1918 і нанеслі буйное паражэнне немцам. 26.9.1918 англа-франц. і амер. войскі перайшлі ў агульнае наступленне, прарвалі герм. абарону і вымусілі праціўніка пакінуць тэр. Францыі. У 1918 вырашальныя перамогі былі атрыманы саюзнікамі і на інш. тэатрах. 29 вер. капітулявала Балгарыя, 30 кастр. — Турцыя, 3 ліст. — Аўстра-Венгрыя, 11 ліст. — Германія.
1-я сусв. вайна цягнулася больш за 4 гады (51 месяц і 2 тыдні) і мела надзвычай разбуральны характар. З 74 млн.чал., мабілізаваных з 33 дзяржаў і 5 калоній, загінула і памерла ад ран каля 10 млн.чал., паранена больш за 20 млн.чал., каля 10 млн.чал. памерла ад эпідэмій і голаду. Вайна забрала вял. ахвяры і сярод мірнага насельніцтва: у выніку артабстрэлаў і паветраных бамбардзіровак гінулі жыхары гарадоў; тур. ўлады ўчынілі генацыд армян; падводныя лодкі тапілі пасажырскія судны. Вельмі цяжкім было становішча ў Беларусі. Зах. губерні, у т. л.бел., былі аб’яўлены на ваен. становішчы, уводзіўся жорсткі ваен.-паліцэйскі рэжым. У бел. губернях у дзеючую армію было мабілізавана 50% мужчын. Астатняе працаздольнае насельніцтва прыцягвалася на абарончыя работы. У час баявых дзеянняў на Беларусі гінула мірнае насельніцтва, разбураліся гарады і вёскі, знішчаліся матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці. Адступленне рас. войск суправаджалася масамі бежанцаў. Колькасць прадпрыемстваў скарацілася на 65%, колькасць рабочых — больш, чым на 1/3. Пасяўныя плошчы ў неакупіраваных паветах скараціліся ў 1914—17 на 15,6%, пагалоўе жывёлы — на 11,4 (кароў на 33,9%). Пагоршылася матэрыяльнае становішча сял. мас. Адбываліся забастоўкі, салдацкія выступленні, найб. буйное — Гомельскага перасыльнага пункта паўстанне 1916. На акупіраванай тэр.зах. Беларусі герм. ўлады стварылі «Нямецкае ваеннае ўпраўленне Беласток—Гродна»; 1.2.1918 яно як састаўная ч. пад назвай «Літва—Поўдзень» уключана ў «Нямецкае ваен. ўпраўленне Літва». Акупанты праводзілі масавыя рэквізіцыі с.-г. прадукцыі, вывозілі сыравіну (асабліваму рабаванню падвергліся лясы Белавежскай пушчы) і прамысл. абсталяванне ў Германію. Такая палітыка выклікала супраціўленне насельніцтва, аж да нападаў сялян на рэквізіцыйныя атрады. Пасля акупацыі ў 1918 усх. Беларусі ўзбр. барацьба набыла арганізаваныя формы партызанскай вайны.
28.6.1919 краіны Антанты (без Расіі) падпісалі Версальскі мірны дагавор 1919 з Германіяй, паводле якога Францыя вяртала Эльзас і Латарынгію, часова акупіравала Саарскую вобл., усе герм. калоніі (у Афрыцы, Кітаі, а-вах Ціхага акіяна) пераходзілі да Англіі, Францыі, Японіі; абмяжоўваліся ўзбр. сілы і ўзбраенні Германіі, на яе ўскладвалася кантрыбуцыя. У вер. 1919 — жн. 1920 былі падпісаны выпрацаваныя на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 аналагічныя мірныя дагаворы паміж краінамі Антанты і інш. дзяржавамі герм. блоку. Пасля распаду Аўстра-Венгрыі на яе тэр. ўзніклі Аўстрыя, Венгрыя, Чэхаславакія. Сербія аб’ядналася з Чарнагорыяй і паўд.-слав. правінцыямі Аўстра-Венгрыі (Харватыя, Славенія, Далмацыя, Боснія і Герцагавіна) у Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 — Югаславія). Адрадзіла незалежнасць Польшча. За кошт б. Аўстра-Венгрыі павялічылі свае тэрыторыі Румынія і Італія. Арабскія ўладанні Турцыі ў асн. перайшлі да Англіі і Францыі, Ірак атрымаў фармальную незалежнасць. Т.ч. шэраг народаў Усх. Еўропы сталі незалежнымі ці ўз’ядналі свае тэрыторыі, але іншаземнае панаванне на пазаеўрап. абшарах у асн. захавалася. ЗША за ваен. пастаўкі атрымалі вял. прыбыткі, павысілі свой міжнар. статус і ўзмацнілі прэтэнзіі на сусв. панаванне. Версальскі дагавор не ліквідаваў, а ўзмацніў супярэчнасці паміж краінамі, не задаволенымі новым перадзелам свету і паслужыў падставай падрыхтоўкі да Другой сусветнай вайны 1939—45.
Літ.:
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 2. Мн., 1972;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1. Мн., 1994;
Зайончковский А.М. Мировая война 1914—1918 гг.Т. 1—3. 3 изд. М., 1938—39;
Вержховский Д.В., Ляхов В.Ф. Первая мировая война 1914—1918 гг.М., 1964;
Ростунов И.И. Русский фронт первой мировой войны. М., 1976;
Португальский Р.М., Алексеев П.Д., Рунов В.А. Первая мировая в жизнеописаниях русских военачальников. М., 1994;
Такман Б. Первый блицкриг. Август 1914: Пер. с англ. М.; СПб., 1999;
Мессенджер Ч. Энциклопедия войн XX в.: Мировые конфликты с 1900 г. до наших дней: Пер. с англ.М., 2000;
Больных А. Морские битвы Первой мировой войны: Схватка гигантов. М., 2000.
П.А.Селіванаў.
Да арт.Першая сусветная вайна. Бой вядуць амерыканскія салдаты.Да арт.Першая сусветная вайна. Англійскі танк накіроўваецца да германскіх пазіцый. 1916.Да арт.Першая сусветная вайна. Спаленая беларуская вёска. Заходні фронт. 1915.Да арт.Першая сусветная вайна. Перавязачны пункт у Мінску.Да арт.Першая сусветная вайна. Газавая атака на Заходнім фронце. 1915.Да арт.Першая сусветная вайна. Расійская кулямётная ўстаноўка, прыстасаваная для стральбы па паветраных цэлях.Да арт.Першая сусветная вайна. Расійскія крэйсер і падводная лодка на Балтыйскім моры. 1916.Да арт.Першая сусветная вайна. Братанне на руска-германскім фронце. 1917.Да арт.Першая сусветная вайна. Паветраны бой паміж германскімі і англійскімі самалётамі. 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗАМБІ́К (Moçambique),
Рэспубліка Мазамбік (República de Moçambique), дзяржава на ПдУ Афрыкі. Мяжуе на Пн з Танзаніяй, на З з Малаві, Замбіяй і Зімбабве, на ПдЗ з Паўд.-Афр. Рэспублікай (ПАР), на У абмываецца Мазамбікскім пралівам Індыйскага ак.Пл. 802 тыс.км². Нас. 18 641 тыс.чал. (1998). Дзярж. мова — партугальская. Сталіца — г.Мапуту. Падзяляецца на 10 правінцый. Нац. свята — Дзень незалежнасці (25 чэрвеня).
Дзяржаўны лад. М — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1990. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Сходу прадстаўнікоў, які складаецца з 250 дэпутатаў, выбраных насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе прызначаны прэзідэнтам урад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Тэр. М. выцягнута ўздоўж узбярэжжа Індыйскага ак. на 3 тыс. км. Берагавая лінія на Пн ад г. Мазамбік расчлянёная, берагі невысокія, але скалістыя і стромкія, на Пд — нізкія, плоскія, забалочаныя, з пясчанымі пляжамі і мангравымі зараснікамі. Усх. частка краіны занята ўзгорыстай, месцамі забалочанай Мазамбікскай нізінай (шыр. ад 80 км на Пн да 400 км на Пд). На Пн размешчана частка Усх.-Афр. пласкагор’я з плато Ньяса і Мазамбікскім (выш. да 2419 м), на З — плато Матабеле (г. Бінга, 2436 м — найвышэйшы пункт М.), складзеныя з гранітаў і гнейсаў, моцна парэзаныя рачнымі далінамі. Уздоўж мяжы з ПАР — вулканічныя горы Лебомба. Карысныя выкапні: каменны вугаль, жал., танталавыя, тытанавыя, медныя, берыліевыя, і літыевыя руды, баксіты, фасфарыты, золата, прыродны газ, азбест, вапнякі, мармур, каштоўныя камяні. Клімат на Пн субэкватарыяльны, на Пд трапічны. Сярэднія т-ры студз. на Мазамбікскай нізіне 26—30 °C, ліп. 15—20 °C, на пласкагор’і — ніжэй на 3—5 °C. Ападкаў за год 750—1000 мм на пласкагор’і і на Пд Мазамбікскай нізіны, да 1500 мм на Пн. Вільготны сезон з ліст. да крас.—мая. Буйныя рэкі: Замбезі, Лімпопа, Саві, Рувума, парожыстыя на плато і суднаходныя на нізіне. У межах М. ўсх. бераг воз. Ньяса (Малаві). Вадасховішча Кабора-Баса. Пераважаюць чырвона-бурыя глебы саваннаў, на паўн. плато — карычнявата-чырвоныя глебы сухіх лясоў, у далінах рэк — алювіяльныя. Расліннасць — саванны, на Пн рэдкалессі, на высокіх участках плато горныя лясы, па берагах буйных рэк вечназялёныя галерэйныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў; шматлікія віды пальмаў. У жывёльным свеце сланы, антылопы, зебры, насарогі, львы, леапарды, гіены і інш.Нац. паркі: в-ваў Мазамбік (уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны), Гарангоса, Баньіне, Зінаве, Базарута, некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. 99,6% складаюць народы моўнай сям’і банту. на ПнУ краіны жывуць макуа, на Пд ад ракі Саві — тсонга, у бас.р. Замбезі і ў раёне воз. Ньяса — малаві, у міжрэччы Саві і Замбезі — шона. Выхадцы з Еўропы і Азіі жывуць пераважна ў гарадах (партугальцы, індыйцы, пакістанцы). Асн. частка афр. насельніцтва (50%) — прыхільнікі мясц.традыц. культаў, 30% — хрысціяне (католікі), 20% — мусульмане. Прырост насельніцтва 2,6%. Сярэдняя шчыльн. 23 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены раёны на Пд і ўздоўж узбярэжжа. У гарадах жыве 35% насельніцтва (1997). Найб. гарады (тыс.ж.): Мапуту — больш за 1200, Бейра — каля 350, Нампула — каля 250.
Гісторыя Найб.стараж. насельніцтва М. — бушмены і гатэнтоты, выцесненыя ў 5—8 ст. плямёнамі банту. З 8 ст. сюды праніклі арабы, якія заснавалі на ўзбярэжжы М шэраг гандл. цэнтраў. Да пач. 2-га тыс. ў міжрэччы Замбезі — Лімпопа склалася дзярж. ўтварэнне Манаматапа (захаваліся рэшткі збудаванняў з вял. гранітных блокаў), якое адыгрывала важную ролю ў араба-суахілійскім гандлі. У 1498 М. наведаў партуг. мараплавец В. да Гама. Да сярэдзіны 16 ст. партугальцы захапілі шэраг апорных пунктаў на ўзбярэжжы М. Яны навязалі няроўныя дагаворы правіцелям Манаматапы, якая прыйшла ў заняпад і распалася ў пач. 18 ст.; у 16—19 ст. адсюль вёўся вываз рабоў на плантацыі ў Бразілію. У 1752 партуг. ўладанні ў паўд.-ўсх. Афрыцы аб’яднаны ў адзімую калонію М. На працягу 19 ст. партугальцы вялі ўпартую барацьбу з дзяржавай Ватуа ў міжрэччы Лімпопа — Пунгве, якая была заваявана ў пач. 20 ст. У 1951 М. абвешчаны «заморскай правінцыяй» Партугаліі, у 1972 — яе «заморскім штатам». Грамадз. правамі карысталася толькі невял. група т.зв. «асіміляваных» афрыканцаў. У 1962 на базе нац.-вызв.афр. арг-цый створаны Фронт вызвалення М. (ФРЭЛІМО) на чале з Э.Мандлане (з 1969 — С.Машэлам). У 1964 ФРЭЛІМО пачаў узбр. паўстанне супраць партуг. панавання і да 1974 кантраляваў значную ч. М. Пасля падзення дыктатуры ў Партугаліі ў вер. 1974 паміж новымі ўладамі і ФРЭЛІМО падпісаны дагавор аб стварэнні пераходнага ўрада М. 25.6.1975 абвешчана Нар. Рэспубліка М. (НРМ), прэзідэнтам якой стаў Машэл. У 1977 ФРЭЛІМО ператвораны ў партыю ФРЭЛІМО — «авангардную марксісцка-ленінскую партыю». Быў заключаны дагавор аб дружбе з СССР (1977), узяты курс на пабудову ў М. сацыялізму, нацыяналізаваны прыватныя прадпрыемствы, створаны кааператывы. На практыцы гэта прывяло да пагаршэння эканам. становішча М. і росту незадаволенасці, што падштурхнула апазіцыю да стварэння на тэр.Паўд. Радэзіі (цяпер Зімбабве) Мазамбікскага нац. супраціўлення (РЭНАМО) на чале з А.Длакамам, якое пачало ўзбр. барацьбу супраць рэжыму ФРЭЛІМО. У выніку ваен. дзеянняў 1977—92 загінула больш за 1 млн. мазамбікцаў і каля 2 млн. сталі бежанцамі. Урад быў вымушаны пачаць рыначныя эканам. рэформы, якія паглыбіліся з прыходам да ўлады ў 1986 Ж.А.Чысана. У 1989 ФРЭЛІМО адмовілася ад ідэалогіі марксізму-ленінізму. З 1990 дзейнічае новая канстытуцыя, паводле якой уведзена шматпартыйнасць, краіна перайменавана ў Рэспубліку М. У кастр. 1992 падпісана пагадненне з РЭНАМО пра спыненне агню і ператварэнне апошняй у паліт. партыю. На ўсеагульных выбарах перамагла ФРЭЛІМО, Чысана зноў выбраны прэзідэнтам М. Дзейнічаюць паліт. партыі: партыя ФРЭЛІМО, Мазамбікскае нац. супраціўленне (РЭНАМО), Дэмакр. саюз. М. — член ААН (з 1975), Арг-цыі афр. адзінства, Садружнасці (з 1995).
Гаспадарка. М. — аграрная краіна. З 1987 адбываецца пераход да рыначных адносін у эканоміцы. Праграма эканам. аднаўлення накіравана на развіццё сельскай гаспадаркі, перапрацоўчай і лёгкай прам-сці. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на 1 чал. каля 670 дол. ЗША (1994). Аснова эканомікі — сельская гаспадарка, якая дае 46% ВУП. У ёй занята каля 80% эканам. актыўнага насельніцтва. Апрацоўваецца каля 4% тэрыторыі, пераважае лядна-агнявое земляробства. Асн. экспартныя культуры: бавоўнік (вырошчваюць у правінцыях Замбезія, Нампула, Сафала, Кабу-Дэлгаду), арэх кэш’ю (уздоўж узбярэжжа), цукр. трыснёг (даліна Замбезі), цытрусавыя, чай, какосавая пальма, сізаль, джут, тытунь. Для ўнутр. патрэб вырошчваюць кукурузу (збор 734 тыс. т, 1995), рыс (113), сорга (243), батат (72), маніёк (4,2 млн. т), арахіс, сланечнік, бананы, памідоры, фасолю, садавіну. Асн. відамі харчавання краіна забяспечвае сябе толькі на 10%. Жывёлагадоўля развіта слаба, пераважна ў раёнах, дзе няма мухі цэцэ (Газа, Мапуту). Пагалоўе (млн. галоў, 1995): буйн. раг. жывёлы — 1,28, авечак — 0,21, коз — 0,38, свіней — 0,16. Вытв-сць (тыс. т): ялавічыны — 38, свініны — 13, мяса птушкі — 29, каровінага малака — 59, казінага малака — 10. Марское, рачное і азёрнае рыбалоўства. Улоў рыбы і крэветак каля 30 тыс. т штогод. Развіта лясная гаспадарка, у т. л. нарыхтоўка драўніны каштоўных парод дрэў (эбенавае, жалезнае, ружовае). На долю прам-сці прыпадае каля 27% ВУП. У сувязі са спадам вытв-сці большая ч. прадпрыемстваў працуе на 10—40% магутнасці. Вядучая галіна — горназдабыўная. Вядзецца здабыча (тыс. т) каменнага вугалю — каля 30, баксітаў — каля 20, танталавай і жал. руды, каштоўных і паўкаштоўных камянёў (гранат, ізумруд, аквамарын, тапаз і інш.). Вытв-сць электраэнергіі 465 млн. кВт гадз пераважна на ГЭС. Больш за 50% электраэнергіі экспартуецца з ПАР. Харч.прам-сць (цукр., алейная, мукамольная, кансервавая, рыбная, мясная) працуе на мясц. сыравіне. Асн. цэнтры: Мапуту, Бейра, Шымойо. З галін лёгкай прам-сці вылучаюцца тэкст. (перапрацоўка і вытв-сць вырабаў з бавоўны, копры, сізалю, джуту), трыкат., абутковая. Прадпрыемствы ў Шымойо, Нампуле, Мапуту, Бейры, Накале. Хім. і нафтахім. прам-сць (вытв-сць угнаенняў, фарбавальнікаў, мыйных сродкаў, сернай к-ты, аўтапакрышак) у Мапуту і Бейры. Дрэваапр.прам-сць развіта ў Мапуту, Бейры, Нампуле (мэблевая) і ў Іньямінзе (цэлюлозна-папяровая). Ёсць невял. прадпрыемствы маш.-буд. і металаапр. прам-сці па вытв-сці і рамонце трансп. сродкаў. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цэмент) у Мапуту, Накале і інш.Даўж. чыгунак 4 тыс. км, аўтадарог 36 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 5 тыс. км, водных шляхоў 3,8 тыс. км. Асн.трансп. магістралі служаць для транзітных перавозак паміж партамі М. і суседнімі краінамі. Гал. марскія парты: Мапуту, Бейра, Накала, Келімане. Міжнар. аэрапорты ў Мапуту і Бейры. Нафтаправод Бейра—Мутарэ (Зімбабве). Экспарт (150 млн.дол. ЗША, 1994): крэветкі, арэхі кэш’ю, бавоўна, цукар, копра, чай, цытрусавыя, драўніна, каксавальны вугаль, танталавы канцэнтрат.
Імпарт (1 млрд.дол. ЗША, 1994): нафта і нафтапрадукты, машыны і абсталяванне, прамысл. сыравіна, тэкстыль, спажывецкія і харч. тавары. Асн.гандл. партнёры: ПАР, Вялікабрытанія, Партугалія, Іспанія. Важнай крыніцай валютных паступленняў з’яўляюцца пераводы ад мазамбікцаў, якія працуюць у ПАР, і зборы ад транзітных грузаў. Грашовая адзінка — метыкал.
З.М.Шуканава (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Мазамбіка.Да арт.Мазамбік. Цэнтральная частка г. Мапуту.