АЛАДЖА́-ХЮЮ́К (Alaca Hüyük),

узгорак недалёка ад г. Багазкёй на Пн Цэнтр. Турцыі, дзе выяўлены археал. напластаванні ад эпох энеаліту і бронзавага веку (4—3-е тыс. да н.э.) да 7—6 ст. да н.э. Раскопкамі з 1935 выяўлены царскі (?) могільнік з 13 пахаваннямі (2-я пал. 3-га тыс. да н.э.). У грунтавых камерах разам з касцякамі нябожчыкаў знойдзена шмат залатых і медных вырабаў (посуд, зброя, фігуркі быкоў і аленяў, упрыгожанні). Да хецкага часу (2-е тыс. да н.э.) адносяцца рэшткі абарончых сцен з варотамі (упрыгожаны фігурамі сфінксаў), храма і інш. збудаванняў.

Да арт. Аладжа-Хююк. Штандар з царскага могільніка.

т. 1, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКВЕДУ́К (ад аква... + лац. duco вяду),

вадавод (канал, труба) для падачы вады ў населеныя пункты, арашальныя і гідраэнергет. сістэмы з размешчаных вышэй за іх крыніц. Акведукам наз. таксама частку вадавода ў выглядзе моста над ракой, дарогай, ярам. Акведук вядомы з 2-га тыс. да н.э. ў краінах Стараж. Усходу, Стараж. Грэцыі (з 7 ст. да н.э.) і Стараж. Рыма (з 4 ст. да н.э.). У сучасных арашальных і гідраэнергет. сістэмах маставыя часткі акведука робяць з бетону, жалезабетону, металу, каменю ці дрэва. Найб. пашыраны акведук, у якіх сценкі латка ці трубы — нясучыя пралётныя канструкцыі моста.

Акведук каля г. Нім. Францыя. 1—2 ст. н.э.

т. 1, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́БІДАС (стараж.-грэч. Abidos),

цяпер г. Арабет-эль-Мадфунах, адзін з найб. гарадоў Стараж. Егіпта, дзе, паводле легенды, быў забіты і пахаваны бог Асірыс. Гісторыя Абідаса прасочваецца з сярэдзіны 4-га тыс. да н.э. У эпоху Сярэдняга царства (каля 2050—каля 1700 да н.э.) стаў гал. цэнтрам культу Асірыса, у выніку чаго ўзнік звычай рабіць у Абідасе паломніцтва, хаваць там нябожчыкаў і ставіць памінальныя надпісы. Захаваліся рэшткі 2 храмаў, пабудаваных у гонар Асірыса фараонамі Сеці I (14 ст. да н.э.) і Рамсесам II (14—13 ст. да н.э.), а таксама кенатаф Сеці I.

Залатыя завушніцы Рамсеса II, знойдзеныя ў Абідасе.

т. 1, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЙЛА́-ДЭ-МАЯ́К,

археалагічны комплекс (паселішча і могільнікі) позняга бронзавага і ранняга жал. веку каля г. Нарбон (Францыя). Вылучаюць 5 фаз. Паселішча заселена каля 700 да н.э. (1-я фаза); у 600—500 да н.э. пашыраны вырабы з жалеза, пахаванне ў павозцы з могільніку Ла-Рэдорт сведчыць пра сувязі з гальштацкай культурай (2-я фаза). 3-я фаза датуецца 2-й пал. 6 ст. да н.э. ў адпаведнасці з імпартам грэчаскай чорнафігурнай і этрускай керамікі. Паселішча 4-й фазы акружана валам, дамы будавалі з сырцовай цэглы (ранні латэн). 5-я фаза належыць да сярэдняй стадыі латэнскай культуры (не пазней 100 да н.э.).

т. 7, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНГЮ́Й.

Кандзюй, дзяржава, якая існавала каля 2 ст. да н.э. — 4 ст. н.э. на тэр. сучасных Казахстана і Узбекістана. Засн. качэўнікамі, што насялялі тэрыторыю, прылеглую да р. Сырдар’я (адна з назваў Канга). Уключала цяперашні Ташкенцкі аазіс, частку міжрэчча Амудар’і і Сырдар’і. У 1 ст. да н.э. падпарадкавала Харэзм, або Кангу, і інш. Насельніцтва займалася жывёлагадоўляй, земляробствам, у гарадах — рамёствамі і гандлем. К. ваяваў з Кітаем (армія налічвала да 120 тыс. чал.). У 1—3 ст. н.э. Харэзм і Ташкенцкі аазіс трапілі пад уладу Кушанскай дзяржавы, у сферы ўплыву К. засталіся раёны Паўн. Прыаралля, Ніжняга Паволжа, Перадкаўказзя, Паўд. Прыуралля. Пасля 4 ст. ў крыніцах не згадваецца.

т. 7, с. 577

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕЛЬТЫБЕ́РЫ (лац. Celtiberi),

старажытныя плямёны паўн.-ўсх. Іспаніі, якія ўтварыліся ад змяшання ібераў з кельтамі і рассяляліся на Пірэнейскім п-ве ў 5—3 ст. да н.э. Гал. з плямёнаў К. — аравакі. К. падзяляліся на сем’і, роды і абшчыны, лічыліся грубым, дзікім і ваяўнічым племем, аднак славіліся вырабам выдатнай зброі (рымляне, напр., перанялі іх тып мяча). Вобласць іх рассялення наз. Кельтыберыя, пасля рым. заваявання (у 195 да н.э. часткова, з 72 да н.э. поўнасцю) увайшла ў прав. Іспанія Блізкая. К. працяглы час супраціўляліся гэтаму заваяванню (паўстанні ў 195—193, 181—179, 153—151; 143—133, паўстанне Серторыя 80—72 да н.э.).

т. 8, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІПУ́Р,

старажытны шумерскі горад, рэліг. цэнтр, месца культу вярх. бога Энліля (на ПдУ ад сучаснага г. Эд-Дыванія ў Іраку). У 18 ст. да н.э. захоплены Вавілонам, пазней меў унутр. аўтаномію. Археал. раскопкамі канца 19 — пач. 20 ст. ўзноўлены план і арх. помнікі стараж. часткі Н.: палацы правіцеляў Нарамсіна і Шаркалішары (2-я пал. 3-га тыс. да н.э.), Ур-Наму (канец 3-га тыс. да н.э.), Ашурбаніпала (7 ст. да н.э.), храм Энліля-Экур з зікуратам. У 80 памяшканнях жрэцкай б-кі захавалася каля 60 тыс. гліняных клінапісных таблічак, у якіх зафіксавана большая частка шумерскай л-ры.

І.​М.​Язэпенка.

т. 11, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛЕ́ (ад грэч. bulē савет),

у старажытнагрэчаскіх полісах дзярж. савет, якому даручалася весці важнейшыя паліт. справы. Выбіраўся на вызначаны тэрмін. Найб. вядомы буле ў Афінах. Засн. ў 594 да н.э. Салонам і наз. Савет 400, пры Клісфене (509 да н.э.) — Савет 500, з 307 да н.э. — Савет 600. Члены буле падзяляліся на 10 камісій — прытаній, якія выконвалі абавязкі па чарзе. У гамераўскіх паэмах буле — савет радавой знаці пры басілеях.

т. 3, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРЫ́РЫША («вялікая багіня»),

у эламскай міфалогіі багіня-маці. Напачатку шанавалася толькі на ПдУ Элама, у мясцовасці Ліян (Бушыр). З канца 3-га тыс. да н.э. яе культ пашырыўся на ўвесь Элам, а ў пач. 2-га тыс. да н.э. яна заняла вядучае месца ў эламскім пантэоне як «маці багоў». З сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. на чале пантэона стаў Хумпан, a К. атрымала тытул яго «вялікай жонкі».

т. 8, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕКІ́Ф (грэч. lērythos),

старажытнагрэчаская керамічная пасудзіна для алею. Мела вузкае горла, якое пераходзіць у раструб, нізкую ножку і верт. ручку. Форма Л. эвалюцыяніравала ад пасудзін з конусападобным тулавам (чорнафігурныя, 2-я пал. 6 ст. да н.э.) да пасудзін з цыліндрычным тулавам (чорнафігурныя і чырвонафігурныя, 5 ст. да н.э.). Л. з размалёўкай па белым фоне (пашыраны з сярэдзіны 5 ст.) былі звязаны з памінальным культам.

Лекіф. Каля 420 г. да н.э.

т. 9, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)