АХО́ЎНЫЯ АДДЗЯЛЕ́ННІ (да 1903 аддзяленні па ахове грамадскай бяспекі і парадку),
ахранка, мясцовыя органы паліт. вышуку ў Расіі ў 1866—1917, падпарадкаваныя дэпартаменту паліцыі. Першыя ахоўныя аддзяленні створаны ў Пецярбургу (1866), Маскве і Варшаве (1880). У 1902—03 заснаваны ва ўсіх буйных цэнтрах рэв. руху. Да 1907 дзейнічалі ў 27 прамысл. і культ. цэнтрах Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі. Асн. задачы: вышук рэв. арг-цый і рэвалюцыянераў. Мелі спец. агентуру «вонкавага нагляду» (філёры) і сакрэтных агентаў (тайныя паведамляльнікі і правакатары, якіх актыўна выкарыстоўваў нач. Маскоўскага ахоўнага аддзялення С.В.Зубатаў (гл.Зубатаўшчына). У рэвалюцыю 1905—07 і ў наступныя гады сетка ахоўных аддзяленняў пашырана (у 1914 іх было 26). З 1906 рыхтавалі агентуру і для ўкаранення ў рэв.сял. арг-цыі. Пры буйных паштамтах існаваў нагляд за прыватнай карэспандэнцыяй (зняцце копій, фатаграфаванне, дэшыфроўка). На Беларусі ў 1898 Маскоўскае ахоўнае аддзяленне з мэтай ліквідацыі арг-цый Бунда правяло вобыскі і арышты, выкрыла падп. друкарні ў Мінску і Бабруйску, высачыла дэлегатаў 1-га з’езда РСДРП (Мінск); па даносах агентаў выкрыты с.-д. к-ты ў Вільні, Гомелі, Магілёве, Мінску і інш. Ахоўныя аддзяленні скасаваны ў ходзе Лют. рэвалюцыі 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕТО́ННЫЯ РАБО́ТЫ,
сукупнасць тэхнал. працэсаў па бетанаванні маналітных бетонных і жалезабетонных канструкцый і збудаванняў. Уключаюць падрыхтоўку бетоннай сумесі, яе транспартаванне на буд. пляцоўку, укладку (звычайна ў апалубку), ушчыльненне, нагляд за бетонам пры яго цвярдзенні, кантроль якасці бетанавання.
Рыхтуюць бетонную сумесь на спец. устаноўках ці бетонных з-дах з дапамогай бетоназмяшальнікаў і дастаўляюць да месцаў укладкі спец.бетанавозамі, аўтамабілямі-самазваламі, канвеерным, помпавым і кранавым транспартам. Укладваюць сумесь у блокі бетанавання і разраўноўваюць пры дапамозе бетонаўкладчыкаў, бетанапомпаў, эстакад (з праходжаннем сумесі па вібраправодах), стужачных транспарцёраў, пнеўманагнятальнікаў, латакоў, вібражалабоў, вібрахобатаў і інш. Ушчыльняюць сумесь вібрыраваннем (гл.Вібраўшчыльненне бетону), цэнтрыфугаваннем, прасаваннем, вакуумаваннем. Выкарыстоўваюць таксама метад таркрэт-бетону, пры якім па адным гнуткім шлангу сціснутым паветрам падаюцца сухія кампаненты сумесі, а па другім — вада пад ціскам; бетонная сумесь са змяшальніка выкідваецца на паверхню, паслойна накладваецца і ўшчыльняецца пад напорам струменя. У пачатку цвярдзення бетону яго засцерагаюць ад мех. пашкоджанняў і страсенняў, падтрымліваюць неабходны тэмпературна-вільготнасны рэжым. Пры выкананні бетонных работ зімой выкарыстоўваюць супрацьмарозныя дабаўкі, падаграюць сумесь (пры прыгатаванні ці перад укладкай) і ўкладзены бетон.
Бетонныя работы: а — выгрузка бетоннай сумесі аўтамабілямі-самазваламі; б — бетанаванне з эстакад; в — укладка сумесі пад’ёмнымі кранамі; г — утоптванне буйнога запаўняльніка ў раствор цяжкім вібратарам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́КТЫ О́РГАНАЎ ДЗЯРЖА́ЎНАГА КІРАВА́ННЯ,
дакументальная юрыд. форма дзейнасці выканаўчых і распарадчых органаў дзяржавы. У іх рэалізуюцца паўнамоцтвы адпаведных дзярж. органаў, змяшчаюцца правілы, афіцыйныя прадпісанні і ўказанні, абавязковыя да выканання. З’яўляюцца падзаконнымі, таму што прымаюцца на аснове законаў і ў адпаведнасці з імі ў межах кампетэнцыі пэўнага дзярж. органа. Лічацца нарматыўнымі, калі змяшчаюць нормы права, і індывідуальнымі, калі прымаюцца для вырашэння канкрэтных пытанняў. Сярод нарматыўных актаў Рэспублікі Беларусь асаблівае значэнне маюць пастановы і распараджэнні Кабінета Міністраў як вышэйшага выканаўчага і распарадчага органа краіны. Кіраўнікі мін-ваў, дзярж. к-таў і ведамстваў выдаюць, як правіла, загады і інструкцыі: выканкомы мясц. Саветаў дэпутатаў — рашэнні і распараджэнні; кіраўнікі аб’яднанняў, прадпрыемстваў, устаноў, арг-цый — загады, інструкцыі, распараджэнні. Такія акты звычайна набываюць сілу з моманту іх прыняцця або давядзення да ведама выканаўцаў. Тэрмін уступлення іх у дзеянне часам указваецца ў самім акце.
Кантроль над законнасцю актаў ажыццяўляюць вышэйшыя органы дзяржаўнага кіравання. У выпадку, калі акт ніжэйшага органа не адпавядае закону або акту вышэйшага органа, апошні абавязаны адмяніць яго. Агульны нагляд над законнасцю актаў ажыццяўляе пракуратура. Адпаведнасць нарматыўнага акта любога дзярж. органа Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь пры неабходнасці можа быць разгледжаны Канстытуцыйным Судом.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́ЛЬНЫ ПРАКУРО́Р РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
вышэйшая службовая асоба Пракуратуры Рэспублікі Беларусь. Узначальвае адзіную цэнтралізаваную сістэму пракурорскіх органаў. Назначаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь са згоды Савета Рэспублікі Беларусь Нац. сходу Рэспублікі Беларусь на 5 гадоў, адказны перад ім і яму падсправаздачны. Арганізацыя і парадак дзейнасці органаў пракуратуры, паўнамоцтвы ген. пракурора вызначаюцца Канстытуцыяй, законам «Аб Пракуратуры Рэспублікі Беларусь» ад 29.1.1993 і інш. прававымі актамі. Ген. пракурор з’яўляецца старшынёй калегіі Пракуратуры Рэспублікі Беларусь, кіруе дзейнасцю органаў пракуратуры і ажыццяўляе ведамасны кантроль за іх работай; зацвярджае структуру і штаты ніжэйшых яе органаў, назначае пракурораў абласцей, гарадоў і раёнаў; ажыццяўляе нагляд за дакладным і аднастайным выкананнем законаў міністэрствамі і інш. падведамнымі Савету Міністраў органамі, мясц. прадстаўнічымі і выканаўчымі органамі, прадпрыемствамі, арг-цыямі і ўстановамі, грамадскімі аб’яднаннямі, службовымі асобамі і грамадзянамі. Ген. пракурор і падначаленыя яму пракуроры незалежныя ў ажыццяўленні сваіх паўнамоцтваў і кіруюцца толькі законам. Званне і пасада Ген. пракурора ў Рэспубліцы Беларусь упершыню ўведзена 19.9.1991 (да гэтага органы пракуратуры рэспублікі ўзначальваў Пракурор БССР). Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь: М.І.Ігнатовіч (15.10.1991—7.12.1992), В.І.Шаладонаў (1.1.1993—22.5.1995), В.С.Капітан (22.5.1995—12.12.1996), з 12.12.1996 А.А.Бажэлка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ДЭКС ЗАКО́НАЎ АБ ПРАЦЫ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ (КЗаП),
адзіны заканадаўчы акт, у якім сістэматызаваны нормы працоўнага права, што дзейнічаюць на тэр. Рэспублікі Беларусь. Рэгулюе адносіны, заснаваныя на працоўным дагаворы і звязаныя з удзелам работнікаў і іх прадстаўнікоў у кіраванні прадпрыемствамі, установамі і арг-цыямі; у арганізацыі працы, у дзейнасці прафсаюзаў і вядзенні калект. перагавораў, у прафес. падрыхтоўцы работнікаў на вытв-сці, забеспячэнні занятасці насельніцтва; кантроль і нагляд за выкананнем прац. заканадаўства. Зацверджаны законам 23.6.1972 і дзейнічае са зменамі і дапаўненнямі ў рэдакцыі законаў ад 15.12.1992, 16.7.1993, 2.2.1994, 6.9.1995. Складаецца з 19 глаў і 257 артыкулаў. У Кодэксе выкладзены агульныя палажэнні, вызначана сфера дзейнасці заканадаўства аб працы, замацаваны асн. правы работнікаў; рэгламентуюцца пытанні заключэння і дзеяння калект. і прац. дагавораў, адпачынку, рабочага часу, зарплаты, яе форм, сістэм і памераў; вызначаюцца ўмовы прыцягнення работнікаў да матэрыяльнай адказнасці за прычыненую імі матэрыяльную шкоду наймальніку, прац. дысцыпліны, аховы працы; вызначаюцца абавязкі работнікаў і наймальніка, устанаўліваюцца віды ўзнагароджанняў і спагнанняў. Спец. главы прысвечаны працы жанчын і моладзі, працы асобных катэгорый работнікаў, у т. л. на сумесных і замежных прадпрыемствах, працы на кантрактнай аснове, правам прафес. саюзаў, дзярж.сац. страхаванню і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЖА́РНАЯ АХО́ВА, пажарная служба,
сістэма дзярж. органаў па арганізацыі і ажыццяўленні мерапрыемстваў па папярэджанні і тушэнні пажараў, пажарнай бяспецы. Асн. задачы П.а. — пажарная прафілактыка, пажарны нагляд, тушэнне пажараў. На Беларусі проціпажарная ахова як асобная служба ў гарадах з магдэбургскім правам вядома з пач. 16 ст. Першыя прафес. пажарныя каманды ўзніклі ў 19 ст. У Мінску прафес. пажарная каманда створана ў 1853. У 1876 арганізавана Мінскае вольнапажарнае т-ва. У пажарныя каманды ўваходзілі атрады водазабеспячэння, трубны, драбінны, сякерны і ахоўны. У 1927 сфарміраваны апарат Дзярж. пажарнага нагляду. У 1933 створана першая навуч. ўстанова па падрыхтоўцы пажарных спецыялістаў (гл.Вышэйшае пажарнатэхнічнае вучылішча). З 1999 П.а. ўваходзіць у сістэму Мін-ва надзвычайных сітуацый Беларусі, якому падпарадкаваны абласныя і Мінскае гар. ўпраўленні, пажарныя аварыйна-выратавальныя атрады, часці і асобныя пасты. У склад П.а. ўваходзяць Камандна-інж.ін-т, Пажарнай бяспекі і праблем надзвычайных сітуацый навукова-даследчы інстытут, Гомельскае сярэдняе пажарнатэхн. вучылішча і Рэсп. навучальна-трэніровачны цэнтр. Дзейнасць рэгламентуецца законам «Аб пажарнай бяспецы» (1993) і інш. нарматыўна-прававымі актамі. З 1999 Беларусь член Міжнар.тэхн. камітэта па папярэджанні і тушэнні пажараў (засн. ў 1902).