АБІ́ДАВІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса «XVIII партз’езд». За 30 км на ПдУ ад горада і чыг. ст. Быхаў, 60 км ад Магілёва, З км ад Дняпра. 747 ж., 288 двароў (1994).
У пісьмовых крыніцах упершыню згадваецца ў 16 ст., у 1600 сяло ў складзе маёнтка Тайманава Рэчыцкага пав. З 1742 у т.зв. Быхаўскім графстве, з 1772 у Старабыхаўскім (Быхаўскім) пав. Рас. імперыі. У 1880 у Абідавічах 790 ж. З 1924 цэнтр сельсавета ў Журавіцкім р-не, з 1935 у Доўскім (Журавіцкім), з 1956 у Быхаўскім р-не. У 1969 — 883 ж
Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі, камбінат быт. абслугоўвання, гандлёвы цэнтр. За 3 км на ПдЗ гарадзішча зарубінецкай і калочынскай культур (2 ст. да н.э.—3 ст. н.э.).
т. 1, с. 22
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ВУЧНЁЎСКІ ГУРТО́К «АСВЕ́ТА».
Існаваў у 1918—23 у Магілёве. Пачаў дзейнічаць пры Магілёўскай настаўніцкай семінарыі, аб’ядноўваў навучэнцаў і студэнтаў Магілёва. Асн. задачы: усебаковае вывучэнне Магілёўшчыны, навук. і культ.-асв. праца. Пры гуртку існавалі бел. хор (каля 80 чал.), бел. драм. трупа М.А.Выдрыцкага (інсцэніравала бел. вяселле, ставіла п’есы Я.Купалы, Ф.Аляхновіча, У.Галубка), гіст.-этнагр., прыродазнаўчая, літ., драматычная секцыі, якія прапагандавалі бел. нац. культуру. У 1923 атрымаў назву Бел. культ.-навук. асацыяцыя студэнтаў Магілёўскага пед. ін-та. Асацыяцыя мела філіялы ў Гомельскай губ., працавала ў кантакце з Магілёўскім пав. аддзелам нар. адукацыі, Беларускай секцыяй пры Гомельскім губернскім аддзеле народнай асветы, Беларускім цэнтральным бюро пры Народным камісарыяце асветы РСФСР і Беларускай культурна-навуковай асацыяцыяй пры Пятроўскай с.-г. акадэміі. Спыніў існаванне ў сувязі з ліквідацыяй Магілёўскага пед. ін-та.
Ю.Р.Васілеўскі.
т. 2, с. 438
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЕРБЕРГ ((Meyerberg) Аўгусцін) (жн. 1612, Сілезія — 23.3.1688),
аўстрыйскі дыпламат. Сапр. прозвішча фон Маерн, з 1666 меў тытул барона М. У 1661 імператар Леапольд I адправіў яго паслом у Расію з мэтай садзейнічаць заключэнню міру з Рэччу Паспалітай (гл. Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67). На зваротным шляху М. правёў каля 9 месяцаў у ВКЛ, праехаў па Дняпры ад Смаленска да Магілёва, адтуль праз Мінск і Барысаў у Вільню. У 1663 апублікаваў кн. «Падарожжа ў Масковію» з апісаннем свайго пасольства, падрабязным экскурсам у гісторыю Маскоўскай дзяржавы, у т. л. яе ўзаемаадносін з ВКЛ і Рэччу Паспалітай. Прывёў звесткі пра забойства гетмана В.Гасеўскага, пра архітэктуру, побыт жыхароў і прыроду Беларусі. Адзначаў, што пад Белай Руссю ў Расіі разумеюць «вобласці паміж Прыпяццю, Дняпром і Дзвіною, з гарадамі Навагрудкам, Мінскам, Мсціславам, Смаленскам, Віцебскам і Полацкам».
А.В.Белы.
т. 9, с. 499
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗЕ́Ц,
вёска ў Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл., каля р. Грэза. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 16 км ад горада і чыг. ст. Быхаў, 67 км ад Магілёва. 797 ж., 289 двароў (1996).
Вядомы з 16 ст. як мястэчка Аршанскага пав. Віцебскага ваяв ВКЛ. У 1758 у Быхаўскім графстве. З 1772 у Рас. імперыі. У 1780 у Быхаўскім пав., 514 ж., 69 двароў, царква. З 1842 дзейнічала гарбарня, з 1866 нар. вучылішча. У 1897 Гарадзец — цэнтр воласці, 921 ж., 148 двароў, 2 ветракі, кузня, крама, піцейны дом, хлебазапасны магазін. У 1924—60 і з 1963 цэнтр сельсавета Быхаўскага р-на. У кастр. 1943 ням.-фаш. захопнікі спалілі вёску, загубілі 460 ж. У ліст. 1943 паміж партызанамі і карнікамі адбыўся Гарадзецкі бой 1943. У 1970 — 783 ж., 280 двароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Магіла сав. воінаў, партызан, ахвяр фашызму.
т. 5, с. 39
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРКАЛА́БАВА, Баркулабава,
вёска ў Беларусі, у Быхаўскім р-не Магілёўскай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 14 км на Пн ад Быхава, 37 км ад Магілёва, 3 км ад чыг. раз’езда Баркалабава. Прыстань на Дняпры. 519 ж., 227 двароў (1995).
Назва паходзіць ад імя дзісенскага старосты Баркулаба Корсака, які ў 1564 заснаваў тут замак. Потым належала Саламярэцкім, Сапегам і інш. У 16—18 ст. мястэчка. У Баркалабаве створаны Баркулабаўскі летапіс. У 17—20 ст. каля Баркалабава існаваў Баркалабаўскі жаночы манастыр Ушэсця. У 1897 сяло Глухскай вол. Быхаўскага пав., 605 ж. З сак. 1924 цэнтр сельсавета Быхаўскага р-на. У Вял. Айч. вайну акупіравана ням. фашыстамі. У 1970 было 596 ж.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў. Помнік архітэктуры — царква Казанскай Маці Божай (20 ст.). Каля вёскі стаянка ранняга мезаліту, гарадзішча і селішча ранняга жал. веку і інш.
т. 2, с. 308
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАГІЛЁЎСКАЯ ПРА́ЎДА»,
абласная грамадска-паліт. газета. Выдаецца з 10(23).1.1918 у Магілёве. Выходзіць 2 разы на тыдзень на бел. і рус. мовах. У 1918 (№ 1—10) наз. «Известия Могилевского Совета рабочих и солдатских депутатов», з № 11 «Известия Могилевского губернского исполнительного комитета Советов крестьянских и рабочих депутатов», у ліст.—снеж. — «Известия Могилевского губернского революционного комитета». У сак.—кастр. 1918 у час акупацыі Магілёва ням. войскамі не выходзіла. Са студз. 1919 наз. «Соха и молот», з 10.10.1924 — «Магілёўскі селянін», з ліст. 1929 да 1941 — «Камунар Магілёўшчыны». У Вял. Айч. вайну выходзіла ў падполлі пад назвай «За Радзіму» як орган Магілёўскага падп. абкома КП(б)Б (№ 1 выйшаў 24.3.1943). З 12.8.1956 наз. «Магілёўская праўда». Асвятляе пытанні грамадска-паліт., эканам. і культ. жыцця вобласці, рэспублікі. Змяшчае матэрыялы па пытаннях культуры, л-ры і мастацтва. З 1984 мае штотыднёвы дадатак «Днепровская неделя».
А.І.Тарпачоў.
т. 9, с. 459
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МОГИЛЁВСКИЙ ВЕ́СТНИК»,
штодзённая грамадска-паліт. і літ. газета праваакцябрысцкага кірунку. Выдавалася з 19.5(1.6).1906 да 15(28).4.1917 у Магілёве на рус. мове (спачатку губ. праўленнем, з 1913 — прыватнымі выдаўцамі). Падтрымлівала палітыку царызму, асуджала рэв., нац.-вызв. і ліберальна-апазіц. рух. Друкавала «Словы» і «Казанні» мясц. епіскапа, у якіх прапагандавала ідэі рус. праваслаўя і самадзяржаўя, асуджала атэізм, матэрыялізм, філасофію Л.Талстога. Пасля Лют. рэв. 1917 выступала ў падтрымку Часовага ўрада. Тэндэнцыйна абвінавачвала М.Горкага, С.Сяргеева-Цэнскага, Н.Найдзёнава ў натуралізме і дэкадэнцтве. Адмоўна ставілася да футурызму і інш. авангардысцкіх кірункаў. Абвінавачвала ў сепаратызме газеты «Наша доля» і «Наша ніва», адмаўляла нац. і этнакульт. самастойнасць бел. народа; адзначала заслугі Е.Раманава і М.Доўнар-Запольскага ў даследаванні фальклору. Сярод публікацый навукова-папулярныя і этнагр. артыкулы, маст. творы, нарысы мясц. аўтараў. Змяшчала навіны муз. і тэатр. жыцця Магілёва.
У.М.Конан.
т. 10, с. 510
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
мох
1. Балота; махавое балота; зарослае балота; нізкая балоцістая мясцовасць, парослая мохам і альхой (Віц., Маг., Палессе Талст., Ст.-дар.).
2. Ціна (Смален. Дабр.).
□ в. Доўгі Мох Чав., в. Замошыца Віц. (Рам. Мат.), ур. Бондараў Мох (балота) каля в. Рэкта Слаўг., в. Мох каля г. Магілёва (К. 1800).
Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)
ГАЙШЫ́Н, Гейшын,
вёска ў Васькавіцкім с/с Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл., на р. Сож. Цэнтр калгаса. За 12 км на Пд ад Слаўгарада, 80 км ад Магілёва, 52 км ад чыг. ст. Быхаў. 96 ж., 44 двары (1996).
У канцы 1830-х г. належаў Сапегам. У 2-й пал. 19 ст. мястэчка ў Старабыхаўскім пав. Магілёўскай губ. У 1897 Г. у Прапойскай вол. Быхаўскага пав.; 1060 ж., 161 двор, 3 млыны, 3 крупадзёркі, 3 кузні, нар. вучылішча, 12 крам, карчма, царква, 2 сінагогі, двойчы на год праводзіліся кірмашы. З 1924 цэнтр сельсавета Прапойскага (з 1945 Слаўгарадскі) р-на. У Вял. Айч. вайну ў 1943 Гайшын часткова спалілі ням.-фаш. акупанты. З 1961 у Васькавіцкім с/с. У 1970 337 ж., 132 двары.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Каля Гайшына брацкая магіла сав. воінаў. У выніку Чарнобыльскай катастрофы 1986 вёска апынулася ў зоне моцнага радыяцыйнага забруджання і падлягае адсяленню.
А.М.Філатава.
т. 4, с. 441
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ЙНІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Цішоўскім с/с Магілёўскага р-на, на р. Дняпро. За 3 км на ПдУ ад Магілёва, 2 км ад чыг. ст. Буйнічы, на аўтамагістралі Магілёў—Бабруйск. Цэнтр калгаса. 910 ж., 309 двароў (1995).
Вядомы з 15 ст. як цэнтр буйнога ўладання ў ВКЛ. У 17—18 ст. прыватнаўласніцкае мястэчка ў Аршанскім пав. У розны час належалі Крошынскім, Саламярэцкім, Сапегам. У 1633 засн. Буйніцкі Святадухаўскі манастыр. З 1772 у Рас. імперыі. У 19 ст. Буйнічы ў Вендаражскай вол. Магілёўскага пав. У 1909 у мястэчку 427 ж., царкоўнапрыходская школа, у 1901—13 дзейнічала цагельня з паравым рухавіком. У ліп. 1941 на ўскраіне Буйніч адбыліся баі Чырв. Арміі супраць ням.-фаш. захопнікаў (гл. Буйніцкае поле). У крас. 1944 гітлераўцы загубілі 96 ж., спалілі 118 двароў. У 1970 — 881 ж., 272 двары.
У Буйнічах сярэдняя школа, Дом культуры, Б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.
т. 3, с. 322
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)