ВЕ́СТА,

малая планета № 4. Адкрыта Г.​Ольберсам (Германія, 1807). Адлегласць ад Сонца мяняецца ад 2,2 да 2,6 а.а. Самая яркая (6,5 зорнай велічыні ў процістаянні) і адна з буйнейшых (дыяметр 555 км) малых планет; адзіная з іх, бачная пры спрыяльных умовах простым вокам.

т. 4, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ТРАЗІ (лац. Vela),

сузор’е Паўд. паўшар’я неба. Найб. яркія зоркі 1,8; 2,0; 2,2; 2,5; 2,7 візуальнай зорнай велічыні. У Ветразях выяўлены пульсар PSR 0833 (у 1969 і 1971). У паўд. шыротах Паўн. паўшар’я Ветразі відаць зімой. Гл. Зорнае неба.

т. 4, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЗНІК (лац. Auriga),

сузор’е Паўн. паўшар’я неба. Найб. яркая зорка Капэла (α Возніка) 0,1 візуальнай зорнай велічыні, 90 зорак ярчэй 6-й зорнай велічыні. У сузор’і ёсць падвойныя зоркі, зорныя скопішчы. На тэр. Беларусі відаць увесь год. Гл. Зорнае неба.

Сузор’е Вознік.

т. 4, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́ДРА (лац. Hydra),

экватарыяльнае сузор’е. Самае вялікае па займанай плошчы. Няяркія зоркі (толькі 14 са 130, бачных простым вокам, ярчэй 5-й зорнай велічыні), акрамя Альфарда — αГідра, 2-й візуальнай зорнай велічыні, утвараюць доўгі вузкі ланцуг. На тэр. Беларусі відаць у канцы зімы — пач. вясны. Гл. Зорнае неба.

Сузор’е Гідра.

т. 5, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІМАЛІ́Я,

спадарожнік планеты Юпітэр. Дыяметр 170 км, адлегласць ад Юпітэра 11,5 млн. км, сідэрычны перыяд абарачэння 250,6 сут. Бачная зорная велічыня ў процістаянні 14,2. Адкрыты Ч.​Д.​Перайнам (1904, ЗША).

т. 5, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІЯ́ДЫ (грэч. Hyades),

рассеянае зорнае скопішча ў сузор’і Цялец; сфераідальная група з прыкладна 100 фізічна звязаных паміж сабой зорак. Знаходзіцца каля яркай зоркі Альдэбаран (α Цяльца). Дыяметр каля 10 пк. Адлегласць ад Сонца 41 пк. Відаць простым вокам.

т. 5, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОД,

прамежак часу, блізкі па працягласці да перыяду абарачэння Зямлі вакол Сонца. У астраноміі вылучаюць: сідэрычны (зорны) год, які адпавядае аднаму бачнаму абароту Сонца па нябеснай сферы адносна нерухомых зорак, складае 365,2564 сярэдніх сонечных сут; трапічны год — прамежак часу паміж двума паслядоўнымі праходжаннямі цэнтра Сонца праз пункт веснавога раўнадзенства (365,2422 сут); анамалістычны год — прамежак часу паміж двума паслядоўнымі праходжаннямі Сонца праз перыгей яго бачнай геацэнтрычнай арбіты (365,2596 сут); драканічны год — час, за які Сонца вяртаецца да таго ж (узыходнага і сыходнага) вузла арбіты Месяца на экліптыцы (346,620 сут); працягласць гэтых гадоў прыведзены для 1900; каляндарны год мае 365 сут для звычайных гадоў і 366 сут для высакосных гадоў; месячны год роўны 12 сінадычным месяцам (у сярэднім 354,367 сут).

т. 5, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЛУБ (лац. Columba),

сузор’е Паўднёвага паўшар’я неба. Простым вокам відаць да 40 зорак, 5 з іх ярчэй 4-й зорнай велічыні. Адлегласць ад Сонца 150 светлавых гадоў. На тэр. Беларусі відаць у студзені—лютым. Гл. Зорнае неба.

т. 5, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ГА,

α Ліры, зорка нулявой зорнай велічыні (0,0 візуальнай зорнай велічыні). Адна з самых яркіх зорак Паўн. паўшар’я неба. Свяцільнасць у 50 разоў большая за сонечную. Адлегласць ад Сонца 8 пс. З Альтаірам і Дэнебам утварае т.зв. вял. летні трохвугольнік, добра бачны на летнім небе.

т. 4, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕНЕ́РА, Мілавіца,

другая па парадку ад Сонца планета Сонечнай сістэмы, астр. знак ♀. Сярэдняя адлегласць ад Сонца 108,2 млн. км. Арбіта Венеры блізкая да кругавой (яе эксцэнтрысітэт найменшы ў Сонечнай сістэме і роўны e=0,0068), нахіл арбіты да плоскасці экліптыкі складае 3°24′. Сярэдні дыяметр 12 100 км, маса 4,87∙10​24 кг (0,82 зямной), сярэдняя шчыльнасць 5240 кг/м³, паскарэнне свабоднага падзення на экватары 8,76 м/с​2. Бляск ад -3,3 да -4,3 зорнай велічыні (вялікі бляск з-за параўнальнай блізкасці Венеры да Зямлі і высокай адбівальнай здольнасці яе паверхні). Найменшая адлегласць Венеры ад Зямлі 38 млн. км, найб. 261 млн. км.

Венера — самае яркае свяціла на небе пасля Сонца і Месяца; бывае відаць пасля захаду Сонца як вельмі яркая вячэрняя зорка і перад світаннем як ранішняя зорка. Падобна Меркурыю і Месяцу мае фазы, якія ўпершыню адзначыў Г.​Галілей у 1610. Перыяд абарачэння Венеры вакол Сонца 224,7 зямных сут, вакол восі 243 сут (абарачэнне адваротнае). Працягласць сонечных сутак на Венеры адпавядае 120 зямным сут. Змены сезонаў няма (вось абарачэння амаль перпендыкулярная плоскасці арбіты). З дапамогай АМС «Венера-15» і «Венера-16» зроблена радыёлакацыйнае картаграфаванне планеты: паверхня Венеры — гарачая сухая камяністая пустыня; горныя раёны складаюць менш за 2%. Выяўлена шмат згладжаных кратэраў дыяметрам ад дзесяткаў да соцень кіламетраў, ёсць дзеючыя вулканы. Венера абкружана шчыльнай атмасферай (адкрыў М.​В.​Ламаносаў у 1761), якая складаецца з вуглякіслага газу (96%), азоту (~4%) і інш. Ціск каля паверхні ~94 атм., т-ра 470 °C. Унутраная будова Венеры падобная на зямную: ядро, мантыя, кара. Даследаванні Венеры праводзіліся пры дапамозе АМС «Венера», «Вега» і «Марынер».

Літ.:

Маров М.Я. Планеты Солнечной системы. 2 изд. М., 1986;

Планета Венера: Атмосфера, поверхность, внутреннее строение. М., 1989.

Н.​А.​Ушакова.

Каляровыя тэлефотапанарамы паверхні Венеры, атрыманыя ў час палёту станцый «Венера-13» і «Венера-14».

т. 4, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)