АНТРАПАГЕ́ННЫ РЭЛЬЕ́Ф,

рэльеф, створаны ці зменены дзейнасцю чалавека; частка антрапагеннага ландшафту. Формы антрапагеннага рэльефу ўзніклі з пачаткам гасп. дзейнасці (паляўнічыя ямы, пячоры, эрозія глебаў на пашах і інш.). Свядомае пераўтварэнне рэльефу адбываецца пры меліярацыі зямель, буд-ве, рэкультывацыі парушаных ландшафтаў. Стыхійна ўзнікаюць формы антрапагеннага рэльефу ў выніку нерацыянальнага вядзення сельскай і лясной гаспадаркі, буд-ва горных вырабатак, пракладкі дарог, выпрабаванняў ядз. зброі: ямы, прасяданні глебы, конусы вынасу, водмелі, рухомыя пяскі, камяністыя россыпы, кар’еры, адвалы, тэрыконы і інш.

Антрапагенны рэльеф у зоне здабычы калійных солей каля г. Салігорск.

т. 1, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ ІНСТЫТУ́Т ПА ПРАЕКТАВА́ННІ ВОДАГАСПАДА́РЧАГА І МЕЛІЯРАЦЫ́ЙНАГА БУДАЎНІ́ЦТВА (Белдзіправадгас) Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1951 у Мінску на базе ін-та «Белмеліяпраект». Асн. кірункі дзейнасці: вышукальныя і праектныя работы па асушэнні с.-г. угоддзяў, буд-ве сажалак, вадасховішчаў, рыбагасп. комплексаў, дарог у сельскай мясцовасці, здабычы торфу і сапрапелю, правядзенні прыродаахоўных мерапрыемстваў. Распрацаваў схему комплекснага выкарыстання і аховы водных і зямельных рэсурсаў у басейнах буйных і сярэдніх рэк на 80% тэр. Беларусі, праекты водаахоўных збудаванняў у зоне Чарнобыльскай АЭС, прыродаахоўнага забеспячэння ў многіх жывёлагадоўчых комплексах.

т. 2, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДСТРЭ́Л,

нарміраваная здабыча дзікіх жывёл з дапамогай агнястрэльнай або механічнай зброі дыстанцыйнага дзеяння. Праводзіцца ў вызначаныя гасп. ці прыродаахоўнымі органамі тэрміны і паводле ўстаноўленых імі нормаў здабычы ў прамысл., старт. і навук. мэтах, а таксама для аздараўлення ці аптымізацыі структуры (селекцыйны адстрэл) папуляцый. Адстрэл відаў, занесеных у Чырвоную кнігу, забаронены. Адстрэл многіх інш. відаў рэгулюецца нормамі міжнар. і нац. прыродаахоўнага заканадаўства, ажыццяўляецца на падставе ўзгодненых квот (напр., адстрэл кітоў) або выдадзеных ліцэнзій (на Беларусі, напр., ліцэнзійная здабыча аленяў, дзікоў і інш. Звяроў). Гл. таксама Паляванне.

т. 1, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСІНТО́РФ,

рабочы пасёлак у Беларусі, у Дубровенскім р-не Віцебскай вобласці. За 16 км ад г. Дуброўна, 7 км ад чыг. ст. Асінаўка на лініі Орша—Смаленск. 1,7 тыс. ж. (1995). Прадпрыемствы па здабычы торфу. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў.

Узнік у 1927 у сувязі з буд-вам торфапрадпрыемства па нарыхтоўцы паліва для БелДРЭС. З 27.9.1938 рабочы пасёлак. У Вял. Айч. вайну акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі; дзейнічала Асінторфскае камсамольска-маладзёжнае падполле. З 1946 у Арэхаўскім, з 1956 у Аршанскім, з 1965 у Дубровенскім р-нах.

т. 2, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РНАЙ І ХІМІ́ЧНАЙ ПРАМЫСЛО́ВАСЦІ БЕЛАРУ́СКІ НАВУКО́ВА-ДАСЛЕ́ДЧЫ І ПРАЕ́КТНА-КАНСТРУ́КТАРСКІ ІНСТЫТУ́Т, «Белгорхімпрам». Засн. ў 1971 у Мінску на базе Салігорскай н.-д. лабараторыі (з 1962). Да 1992 Бел. філіял усесаюзнага н.-д. і праектнага ін-та галургіі. Н.-д. работы вядуцца ў галіне здабычы і перапрацоўкі калійных руд, распрацоўкі аўтаматызаваных сістэм і сродкаў кіравання тэхнал. працэсамі, вытв-сці розных відаў прадукцыі з выкарыстаннем хім. працэсаў.

Асн. кірункі дзейнасці: выкананне н.-д., праектных, канструктарскіх, разведвальных работ пры распрацоўцы праектна-каштарыснай дакументацыі па аб’ектах прамысл., жыллёва-грамадзянскага і інш. прызначэння.

С.​М.​Лажэчка.

т. 5, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДНЯПРО́ЎСКА-ДАНЕ́ЦКАЯ ГАЗАНАФТАНО́СНАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

На тэр. Чарнігаўскай, Сумскай, Палтаўскай, Днепрапятроўскай, Харкаўскай, Варашылаўградскай абл. Украіны і Растоўскай вобл. Расіі, уваходзіць у Дняпроўска-Прыпяцкую газанафтаносную правінцыю. Пл. каля 115 тыс. км². Прамысл. распрацоўка радовішчаў з 1952. Асн. радовішчы нафты і газу ў дэвонскіх каменнавугальных і ніжняпермскіх адкладах. Нафтавыя паклады на глыб. да 4500 м, газавыя і газакандэнсатныя — да 5000—5800 м. Буйнейшыя радовішчы: Шабялінскае, Заходне-Крэсцішчанскае, Яфрэмаўскае (газакандэнсатныя), Глінска-Розбышаўскае, Гнедзінцаўскае (нафтагазакандэнсатныя), Лялякаўскае (нафтавае). Цэнтры па разведцы і здабычы нафты і газу — гарады Чарнігаў, Прылукі, Балаклея і інш.

т. 6, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНКІСТАДО́РЫ (ад ісп. conquistador заваёўнік),

іспанцы (збяднелыя дваране, наёмныя салдаты, часам крымін. злачынцы), якія заваёўвалі тэрыторыі ў Паўд. і Цэнтр. Амерыцы ў канцы 15—16 ст. Паходы (экспедыцыі) К. суправаджаліся вынішчэннем і занявольваннем індзейскіх плямён і народаў, рабаваннямі і інш. гвалтоўнымі і прымусовымі дзеяннямі. Частку здабычы камандзіры К. адпраўлялі ісп. каралю, ад якога атрымлівалі вял. прывілеі аж да права самастойна кіраваць заваяванымі землямі. Найб. вядомымі кіраўнікамі К. былі П. дэ Вальдывія, Э.Картэс, Ф.Пісара і інш.

Літ.:

Олива де Коль Х. Сопротивление индейцев испанским конкистадорам: Пер. с исп. М., 1988.

т. 7, с. 586

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАМЯНЧУ́ГСКАЯ МАГНІ́ТНАЯ АНАМА́ЛІЯ,

на Украіне, у Палтаўскай вобл., на левым беразе р. Дняпро. Пл. 100 км². Выяўлена ў 1928. Уяўляе сабой паласу дакембрыйскіх метамарфічных парод крыварожскай серыі (шыр. 0,2—3,5 км, даўж. 45 км), найб. багатыя руды прымеркаваны да саксаганскай світы (магутнасць 1200—1300 м). У паўд. частцы К.м.а. разведаныя запасы жалезістых кварцытаў з колькасцю жалеза 32% — 4,5 млрд. т і багатых жал. руд з колькасцю жалеза 58,2% — 220 млн. т. Жал. руды магнетытавыя і кумінгтанітамагнетытавыя. Прамысл. эксплуатацыя з 1970. Здабыча адкрытым спосабам. Цэнтр здабычыг. Камсамольск.

т. 8, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯДЗВЕ́ДЗЕЎ (Віталь Фёдаравіч) (24.5. 1941, г. Грозны, Расія — 4.11.1996),

бел. вучоны ў галіне здабычы і транспартавання нафты. Д-р тэхн. н. (1980), праф. (1981). Скончыў Грозненскі нафтавы ін-т (1963). З 1981 у Бел. тэхнал. ун-це (заг. кафедры). Навук, працы па распрацоўцы і эксплуатацыі нафтавых, газавых і газакандэнсатных радовішчаў. Стварыў тэорыю турбулентнага цячэння няўстойлівых эмульсій, распрацаваў тэхналогію вытв-сці магн. вадкасцей.

Тв.:

Сбор и подготовка неустойчивых эмульсий на промыслах. М., 1987;

Магнитные жидкости. М., 1989 (разам з Б.​М.​Бяркоўскім, М.​С.​Кракавым).

Я.​Г.​Міляшкевіч.

В.Ф.Мядзведзеў.

т. 11, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́КЕЛЕВЫЯ РУ́ДЫ,

прыродныя мінер. ўтварэнні, якія выкарыстоўваюцца ў прам-сці для здабычы нікелю. Адрозніваюць Н.р. сульфідныя медна-нікелевыя, мыш’яковістыя і сілікатныя нікелевыя. Сульфідныя медна-нікелевыя руды магматычнага, кантактава-метасаматычнага і гідратэрмальнага паходжання, маюць 0,25—4,5% нікелю, а таксама кобальт, медзь, плаціноіды, золата, серабро, селен і тэлур; утвараюць пласты, жылы, лінзы. Гал. мінералы магнетыт, пентландыт, пірацін, халькапірыт. Мыш’яковістыя Н.р. пераважна гідратэрмальнага паходжання, гал. мінералы — нікелін, герсдарфіт, хлаантыт і інш. Сілікатныя Н.р. экзагеннага паходжання, маюць 0,75—4% і больш нікелю, 0,03—0,12% кобальту. Гал. мінералы гарніерыт, непуіт, нантраніт і інш.

т. 11, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)