*Страпе́ц, стропэ́ц ‘укладка з дзесяці снапоў, мэндлік, бабка’ (Сл. Брэс., Выг.). Дэрыват ад строп (гл.) з суф. ‑ец; перанос па падабенстве, параўн.: девять снопів поставлять, а дэсетого на шепку, то будэ стропэц. Гл. Выгонная, БЛ, 6, 63–64. Няясныя адносіны да страпе́ц ‘памылка, якая з’яўляецца вынікам неабдуманасці (і праз гэта чалавек трапляе ў кепскі, безвыходны стан)’: пыпаласьу страпец (Бяльк.). Адпавядае рус. разм. кры́шка ‘канец, капец’?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

дыме́ць, ‑міць; незак.

Выпускаць дым; дрэнна гарэць, вылучаючы вялікую колькасць дыму. Кожны дзень зранку .. дыміць паравоза. Пестрак. Адзін танк стаяў нерухома і густа дымеў. Мележ. / у безас. ужыв. У майстэрні дымела з коміна. Гартны. // Вылучаць, выпускаць пару. Пасярод стала, вывернутая з каструлі, яшчэ дымела бабка, якую любіў і Карніцкі. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пацвісці́, ‑цвіце; зак.

1. Зацвісці, пакрыцца цвіллю — пра ўсё, многае. Бабка, глядзі, хлеб пацвіў! — у сваю чаргу паказваю я зеленаватую цвіль на .. скарынцы. Каліна.

2. Цвісці некаторы час (пра кветкі, дрэвы і пад.). — Пра атаву напомніць прасіла?.. — Голас дзеда цячэ ў цемнаце. — Маладую даўно пакасілі, А старая... Няхай пацвіце! Янішчыц.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адспява́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што і без дап.

Кончыць спяваць. Адспявалі жнеі На палях шырокіх. Глебка. Дні нязменнымі шляхамі Сабіраліся ў страі. Перайшла вясна садамі, Адспявалі салаўі. Броўка. // Не змагчы спяваць па якой‑н. прычыне. [Лабановіч:] — Чаму ты, бабка, не ідзеш на вуліцу песні спяваць? — Няма, панічыку!.. Адспявала я ўжо сваё. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пашмарава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., што.

Разм.

1. Намазаць; нацерці. — Ты б іх хоць шмальцам ці алеем пашмаравала .. — кажа бабка, мацаючы маміны рукі. Каліна.

2. і без дап. Шмараваць некаторы час. Косцік крыху змёў гразь шчоткаю, тую, якая паддавалася, а тую, якая сядзела моцна, замазаў гуталінам. Пашмараваў яшчэ крыху шчоткаю. Паставіў боты. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

унь, часціца.

Разм. Тое, што і вунь. Даль агорнута смугою, і ў смузе нізіны. Унь замерлі на кургане ў полі дзве хваіны. Трус. Унь на тым тыдні з Ланска сто кубаметраў напілавалі. Пальчэўскі. [Сёмка:] — Капейка нам тады унь як трэба была. Кандрусевіч. — Унь праснак праз вас, неслухаў, згарэў! — Бабка выхапіла з печы патэльню. Каліна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

канва́, ‑ы, ж.

1. Рэдкая сятчатая тканіна, баваўняная або льняная, якая служыць асновай пры вышыванні крыжам. Вучыла бабка Ягася.. [Алаізу] і рукадзеллю: вышываць крыжыкамі па канве. Арабей.

2. перан. Аснова чаго‑н. Сюжэтная канва рамана. □ Цягнецца канва жыцця бесперапынна, і ўсё новыя ўзоры з’яўляюцца на ёй. Пестрак.

•••

Храналагічная канва — пералік падзей, размешчаных у парадку храналагічнай паслядоўнасці.

[Фр. canevas.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пашапта́ць, ‑шапчу, ‑шэпчаш, ‑шэпча; зак.

1. што і без дап. Сказаць што‑н. шэптам, прашаптаць; пагаварыць некаторы час шэптам. Пашаптаць на вуха. □ [Паўлік] паклікаў Мікешку ўбок і нешта пашаптаў яму. Беразняк.

2. Уст. Сказаць замову. [Бабка:] — А вы ўсё сядзіце над гэтымі кнігамі. А яны сушаць чалавека. [Лабановіч:] — А ты, бабка, пашапчы, каб я ад іх адвярнуўся. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спагада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каму-чаму.

1. Спачуваць, адносіцца са спагадай да гора, перажыванняў каго‑н. Больш за ўсіх спагадала Надзі Ева Аўсееўна. Машара.

2. Адносіцца добразычліва да каго‑, чаго‑н.; праяўляць літасць. Спагадаць яго бездапаможнасць. □ І хоць бабка не надта спагадала нявестцы, але на гэты раз па-добраму накрычала па яе. Астрэйка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

МАРКАВЕ́Ц (Віктар Пятровіч) (н. 5.8.1947, г. Докшыцы Віцебскай вобл.),

бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1971). Для твораў характэрны адзінства кампазіцыйнага вырашэння і колеравых нюансаў, строгая акрэсленасць малюнка. Аўтар тэматычных кампазіцый «Беларускія нафтавікі» (1972), «Палескі матыў» (1973), «Свята ў Докшыцах», «Купалле» (абедзве 1976), «Парк Перамогі» (1980), «Партызанская кузня» (1984), «Крыніца» (1991), «Сакавік. Вайшкуны» (1997), «Цёплы вечар» (1999); серыі «Кастусь Каліноўскі» (1970-я г.), партрэтаў бабулі (1976), «Дзед Алесь і бабка Марыля», А.Пупко, П.Сергіевіча (усе 1978), «Марыя Багдановіч з сынам Максімам» (1981—82), бацькоў Я.Купалы і Я.Коласа (ўсе 1982), У.Сыракомлі, «В.Дунін-Марцінкевіч з дачкой Камілай» (абодва 1983), С.Кібіцкага (1991); пейзажаў «Рака Бярэзіна каля Докшыц», «Камяні пад Докшыцамі» (1991); нацюрмортаў, трыпціха «Спакон вякоў» (1982). У 1990-я г. стварыў карціны, прысвечаныя Заслаўю, маляваныя дываны. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1980. Іл. гл. таксама да арт. Нацюрморт.

В.Я.Буйвал.

В.Маркавец. Заслаўе 9—11 ст. 1992.

т. 10, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)