шанава́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. шанаваць.

2. Глыбокая павага. [Рыгор:] — Пакінь, пакінь, Зося. Гэта не любоў, не шанаванне, калі чалавек занявольваецца, калі падсякаюцца яго хаценні, мардуюцца жаданні... Гартны.

3. Аказанне, выражэнне ўдзячнасці, гонару, увагі і пад. Пастаяць [жанкі] з вянкамі ў скрусе, На чырвоную звязду Лепшых кветак Беларусі З шанаваннем пакладуць. Астрэйка. [Бобрык:] — А за тое, што вы мне на старасці такое шанаванне зрабілі, яшчэ раз — шчырае дзякуй! Дуброўскі.

•••

Маё (наша) шанаванне — вітанне пры сустрэчы з кім‑н. — Маё шанаванне, — пакланіўся.. [Шчуроўскі] з годнасцю і нават грацыяй. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Строк1 ‘авадзень’ (Маш., Дразд., Сцяц. Сл., Скарбы; кіраў., Нар. сл.), ‘здрок, Gasterophilidae’ (Федар. 4, Сцяшк. Сл.; брэсц., гродз., шчуч., ЛА, 1), строк, стрэк ‘авадзень’ (гродз., свісл., шчуч., баран., асіп., пін., гарад., Сл. ПЗБ; ЛА, 1), страк, стрэк ‘страказа’ (дзятл., шчуч., Сл. ПЗБ). Рус. строка́, стрёк ‘авадзень, сляпень’, ц.-слав. стръкъ, чэш. streček, славац. streček, н.-луж. stśak, в.-луж. ćělčk, серб.-харв. штр̑к ‘тс’, балг. щръ́клица. Прасл. *strěkъ (рэканструкцыя Махэка₂, 585). Вытворнае ад *strěkati, гл. стрыка́ць. Шустар-Шэўц (1367–1368) як праславянскае ўзнаўляе *strečьkъ. Арашонкава і інш. (Весці, 1969, 4, 129) бел. строк параўноўваюць з літ. straglỹs//straklys ‘страказа’, stràkas ‘бойкае дзіця’, strakùs ‘здольны высока падскочыць’, straksėti ‘падскокваць’, што, магчыма, датычыць толькі значэння ‘страказа’, гл. Астрэйка, АКД, 8. Фасмер (там жа), прынамсі параўнанне з strakùs лічыць ненадзейным, а Махэк₂ (там жа) у якасці паралелі прыводзіць ням. stechen ‘калоць’ з ‑к‑ замест g і ўстаўкай ‑r‑.

Строк2 ‘тэрмін’ (Бяльк., Пятк. 2, ТС; беласт., Сл. ПЗБ; Жд. 1, Ян.; в.-дзв., Шатал.). З рус. срок ‘тс’ з устаўным т (паходзіць ад *sъrekti ‘дамовіцца’, гл. рэкнуць).

Строк3 ‘від шва’ (Сл. рэг. лекс.), стро́чка ‘шво’ (Мат. Гом.). Узыходзіць да прасл. *strokъ ‘укол, пракол’, звязанага чаргаваннем з прасл. *strěkati ‘калоць’ (ЕСУМ, 5, 448). Адсюль страчы́ць ‘шыць, вышываць суцэльным швом’ (ТСБМ), ‘шыць уручную’ (мядз., Сл. ПЗБ). Параўн. страка (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

дало́ў, прысл.

1. На зямлю, на падлогу. Зачапіўся воз за камень, што ляжаў пры дарозе, вось зламалася, і ганарысты жарнавік паляцеў далоў. Якімовіч. Па лесвіцы далоў збегла дзяўчына з ручніком. Алешка.

2. у знач. вык. (звычайна ў закліках, лозунгах). Прэч, вон. Сябры і сяброўкі, Уставайце! Дрымоты далоў! Агняцвет. — Далоў вайну! — палаюць грозна словы На розных мовах і на ўсіх сцягах. Астрэйка. // У значэнні загаду, патрабавання зняць, прыбраць што‑н. і пад. Шапкі далоў!

•••

І з капылоў далоў — зваліцца з ног; паваліцца.

З плеч далоў — пра завяршэнне якой‑н. справы, вызваленне ад непрыемных абавязкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гераі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Здольны на подзвіг, на геройства, які праявіў геройства. Гераічны народ. Гераічная армія. □ Гераічнаю дзяржавай Стала Беларусь мая! Астрэйка.

2. Заснаваны на геройстве, звязаны з праяўленнем геройства. Гераічны ўчынак. Гераічная абарона Брэсцкай крэпасці. // Багаты на подзвігі, геройскія ўчынкі. Гераічны час. // Які змяшчае ў сабе расказ пра подзвігі герояў. Гераічная аповесць. / у знач. наз. гераі́чнае, ‑ага, н. Гераічнае разумеецца як форма праяўлення заканамернасцей грамадскага жыцця. У. Калеснік.

3. Крайні, які патрабуе надзвычайнае напружання. Гераічныя намаганні. Гераічныя меры.

4. Які мае адносіны да герояў старажытнасці, расказвае пра іх подзвігі. Гераічны эпас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

клапаці́цца, ‑пачуся, ‑поцішся, ‑поціцца; незак.

1. Старанна і дзейна займацца чым‑н., працаваць над чым‑н. Маці была ў задуме, а бацька рухава клапаціўся па справах ад’езду. Пестрак. Ля печы клапоціцца маці, І сала пячэ, і бліны. Астрэйка.

2. Турбавацца, непакоіцца з выпадку чаго‑н. [Назараў] падвёў іх да гардэроба і сам стаў клапаціцца, як лепш і прасцей кожнага апрануць. Гамолка.

3. Праяўляць клопат аб кім‑, чым‑н. Клапаціцца аб грамадскіх справах. □ [Гушка] цешыўся, што мае свайго каня, ён даглядаў яго лепш, як сябе, клапаціўся пра яго больш, чым пра сваю хату і сям’ю. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заказа́ць 1, ‑кажу, ‑кажаш, ‑кажа; зак.

1. што і па чым. Даць заказ ​1 (у 1 знач.) на што‑н. Заказаць абед. □ Пайшлі браты да каваля і заказалі сабе па булаве. Якімовіч. Чырванеючы ад хвалявання.., Лёня заказаў музыкам свой любімы вальс. Брыль.

2. Разм. Даць наказ, апавясціць. Заказаць абед. □ [Стараста:] — Ну, я ўжо заказаў, каб пасылалі хлопцаў у школу. Колас.

заказа́ць 2, ‑кажу, ‑кажаш, ‑кажа; зак., каму-чаму, звычайна з інф.

Уст. Забараніць. Ну, а сэрца, ці сэрцу закажаш, Што зрабіць — ці забыць, ці кахаць. Астрэйка.

•••

(І) дзесятаму заказаць — зарачыся ніколі больш не рабіць чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

згон, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. зганяць ​1 — сагнаць.

2. Абл. Плыт. Бервяно к бервяну — І гатовы наш згон, А лес — стрыжань адзін, А сасна — нібы звон. Астрэйка. Дбайна ўзрошчаныя кнёны, Сосны, звонкія, як сталь, Туга звязаныя ў згоны, Без канца плывуць у даль. Глебка.

3. Гіст. Збор усіх сялян без выключэння для адработкі феадальнай павіннасці. Апрача непасільнага прыгону, сяляне выконвалі шмат дадатковых работ, як згоны, варту і інш. Лушчыцкі.

•••

На згоне чаго — на сыходзе чаго‑н. Пачалі будаваць .. [майстэрню] на згоне зімы, падвялі пад кроквы і бадай канчаць на лета. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

енк, ‑у, м.

1. Жаласны стогн, выкліканы болем або вялікім горам; крык пакуты, адчаю. Дзіўна.. было чуць, калі замест вясёлых дзіцячых галасоў і смеху са школы даносіўся немы енк, галашэнне жанок. Няхай. Рыва, як падсечаная, апусцілася на зэдлік.., і доўгі працяглы енк вырваўся з яе грудзей. Лынькоў. // Гук, падобны да стогну. І міны енк, і бомбы дзікі свіст, І па Радзіме сум прайшлі даўно. Астрэйка.

2. перан. Горкая жальба, нараканне. — Гэтак жа, мусіць, цяпер жывуць і паміраюць там, адкуль даносяцца аж сюды енк і плач гаротнага народа... Чарот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наскро́зь, прысл.

1. Праз усю таўшчыню чаго‑н. Прарэзаць наскрозь. Прамокнуць наскрозь. □ Удары перуноў раз-поразу, здавалася, наскрозь прабівалі зямлю. Самуйлёнак. // Ад аднаго краю да другога, з канца ў канец. Прайсці лес наскрозь.

2. перан. Поўнасцю, цалкам. У гэту ноч туманы парк наскрозь Малочнымі заліт быў літарамі. Панчанка. Вось яны: землякі, беларускія людзі, Закаханыя ў працу, зямныя наскрозь. Звонак.

3. Разм. Без перапынку на працягу якога‑н. часу. І наскрозь — да відна, усю ноч Вартавога напружаны вочы, Бо гатова сцяжынка і корч Варушыцца, з гранатамі крочыць. Астрэйка.

•••

Бачыць наскрозь гл. бачыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наўсця́ж, прысл. і прыназ.

1. прысл. Ва ўсю даўжыню чаго‑н. І гудуць касілкі, Свішчуць тонка косы, І наўсцяж кладуцца Роўныя пракосы. Астрэйка.

2. прысл. На ўсёй прасторы, ва ўсіх напрамках; навокал. І ўся зямля наўсцяж — Законны наш спажытак. Колас. А жыта красуе, а жыта красуе, Каб потым наўсцяж палавецы.. Кляўко.

3. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «наўсцяж» выражае прасторавыя адносіны: ужываецца пры ўказанні на прадмет, уздоўж па лініі якога што‑н. размяшчаецца, рухаецца. Самалёты, як развярнуліся, так і паляцелі наўсцяж дарогі, на захад, на гарадок. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)