КРЫ́МЕР ((Cremer) Уільям Рэндал) (18.3.1838, Фэахэм каля г. Портсмут, Вялікабрытанія — 22.7.1908),
дзеяч англ., міжнар. рабочага руху, прыхільнік пацыфізму. Сталяр. У 1860 адзін са стваральнікаў Аб’яднанага т-ва цесляроў і сталяроў. У час грамадз. вайны ў ЗША 1861—65 падтрымліваў правы жыхароў Поўначы, выступаў супраць рабства неграў. У 1864 садзейнічаў стварэнню Міжнар. асацыяцыі рабочых, быў сакратаром яе брыт. секцыі. У 1870 заснаваў Рабочую асацыяцыю міру (з 1875 Ліга міжнар. арбітражу), быў яе сакратаром. У 1885—95 і 1900—08 дэп. палаты абшчын. Адзін з аўтараў праекта англа-амер. дагавору аб арбітражы (падпісаны ў 1914). З чэрв. 1889 сакратар Міжпарламенцкага саюза ад Вялікабрытаніі. Нобелеўская прэмія міру 1903.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЎСАН ((Mawson) Дуглас) (5.5.1882, г. Брадфард, Вялікабрытанія — 14.10.1958),
аўстралійскі геолаг, падарожнік, даследчык Антарктыкі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1923). Скончыў Сіднейскі ун-т (1904). З 1905 у Адэлаідскім ун-це, у 1920—54 праф., заг. кафедры. У 1907—09 удзельнічаў у англ. экспедыцыі пад кіраўніцтвам Э.Г.Шэклтана, якая дасягнула Паўд. магнітнага полюса. У 1911—14 кіраўнік аўстрал. экспедыцыі на караблі «Аўрора», у 1929—31 — англа-аўстрала-новазеландскай экспедыцыі на караблі «Дыскаверы». У Антарктыцы М. адкрыў і пазначыў на карце больш за 200 геагр. аб’ектаў. Навук. працы па вывучэнні геалогіі і гляцыялогіі Усх. Антарктыкі і Паўд. Аўстраліі (стратыграфія дакембрыю, геахімія, мінералогія). Імем М. ў Антарктыцы наз. палярная станцыя, паўвостраў, бераг, мора і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́РВІК (Narvik),
горад на Пн Нарвегіі. Каля 50 тыс.ж. (1997). Порт у глыбіні незамярзаючага Уфут-фіёрда (штогадовы знешнегандл. грузаабарот больш за 20 млн.т; больш за 90% — жал. руда); вываз руды са Швецыі, цэлюлозы і драўніны з Фінляндыі. Рыбалоўства. Суднарамонт.
Першапачаткова порт для вывазу руды, засн.англа-шведскай кампаніяй. З 1887 наз. Вікторыяхаўн, з 1898 — Н. З 1902 горад. Хутка развіваўся пасля буд-ва чыгункі (самая паўн. ў свеце). У 2-ю сусв. вайну ў час Нарвежскай аперацыі 1940 акупіраваны ням.-фаш. войскамі. 14—18.4.1940 у раёне Н. высадзіўся брыт., франц. і польскі дэсант, які авалодаў горадам; у сувязі з цяжкім становішчам на фронце ў Францыі 8 ліп. саюзныя войскі эвакуіраваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОК ((Bock) Фёдар фон) (3.12.1880, г. Костшын, Польшча — 3.5.1945),
германскі военачальнік. Ген.-фельдмаршал ням.-фаш. арміі (1940). Службу пачаў у 1898. Удзельнік 1-й сусв. вайны. З 1919 на камандных і штабных пасадах у рэйхсверы. Выступаў за пераўзбраенне Германіі і ўстанаўленне фаш. дыктатуры. У 2-ю сусв. вайну 1939—45 камандуючы групай армій «Поўнач» (1939, Польшча), групай армій «Б» (1940, Францыя). З чэрв. 1941 на сав.-герм. фронце, камандуючы групай армій «Цэнтр», якая ў чэрв.—жн. 1941 акупіравала тэр. Беларусі. У снеж. 1941 пасля паражэння ням.-фаш. войскаў пад Масквой зняты з пасады. У студз.—ліп. 1942 камандуючы групамі армій «Поўдзень» і «А», потым у распараджэнні вярх. камандавання вермахта. Загінуў у час налёту англа-амер. авіяцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНУД I ВЯЛІ́КІ (Knud den Store; каля 995—12.11.1035),
кароль Англіі (з 1016), Даніі (з 1018) і Нарвегіі (з 1028). Сын дацкага караля Свена I Вілабародага (п. у 1014), разам з якім з 1013 удзельнічаў у заваяванні Англіі. З 1016 суправіцель на англ. прастоле, замацаваўся як кароль Англіі пасля смерці Эдмунда II Жалезнабокага (1018). Апіраўся ў Англіі на дробных землеўладальнікаў і вышэйшае духавенства (надзяляў апошняе землямі і прывілеямі). У Даніі стаў каралём пасля смерці брата Харальда II; пры ім у краіне склалася асобае войска (ціглід) з прадстаўнікоў найб. знатных сем’яў (зародак мясц. рыцарства), пачалася рэгулярная чаканка манеты. Стаў каралём Нарвегіі, выгнаўшы Олафа II Харальдсана. Створаная К. I вялізная англа-дацка-нарв. дзяржава распалася неўзабаве пасля яго смерці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАХДЗІ́ Суданскі, Мухамед Ахмед ібн ас-Сеід Абдалах (12.8.1844, в-аў Лебаб, Судан — 22.6.1885), арабскі рэліг. дзеяч, правадыр нар. паўстання ва Усх. Судане ў 1880-я г. Атрымаў традыц.рэліг. адукацыю ў Амдурмане і Берберы. Чл. суфійскага рэліг. ордэна Саманія. Пасля разрыву з кіраўніком ордэна пасяліўся на в-ве Аба на Ніле. Набыў вядомасць як таленавіты прапаведнік, заклікаў вярнуцца да першапачатковай «чысціні» ісламу, выкрываў злоўжыванні англа-егіп. улад. У 1881 абвясціў сябе махдзі, узначаліў барацьбу народаў Усх. Судана супраць замежнага панавання. У студз. 1885 авалодаў сталіцай Судана — г. Хартум. Заснаваў новую сталіцу — г. Амдурман, дзе неўзабаве памёр. Грабніца М.С. — месца паломніцтва мусульм. вернікаў Судана, а яго нашчадкі адыгрываюць важную ролю ў рэліг. і паліт. жыцці краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАТА́ЛЬ, Натал (Natal),
гістарычная вобласць і правінцыя на УПаўд.-Афр. Рэспублікі (ПАР), на ўзбярэжжы Індыйскага ак. Першыя еўрапейцы (партугальцы на чале з Васка да Гамай) высадзіліся тут у 1497 у дзень нараджэння Хрыстова (Dies Natalis Domini — адсюль назва). Тэр. Н. насялялі паўд. і паўд.-ўсх. плямёны банту (зулусы). У 17—18 ст. яе спрабавалі каланізаваць галандцы. У 1837 сюды сталі перасяляцца з інш. тэрыторый буры. У 1838 пасля бітвы на р. Інкоме паміж зулусамі і атрадамі бурскіх перасяленцаў апошнія захапілі Н. і стварылі аднайм. бурскую рэспубліку. У 1842 Н. анексіравана Вялікабрытаніяй і стала брыт. калоніяй. Н. моцна пацярпела ў час англа-бурскіх войнаў 1881 і 1899—1902. Пасля ўтварэння ПАР (1910) Н. — адна з 4 яе правінцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Пік1 ’хутка што-небудзь выкінуць, выставіць на від’; у выразе: пік яму ў нос яго ж дабром’ (Нас.). Аддзеяслоўнае ўтварэнне. Да пікаць1 (гл.).
Пік2 ’смала, вар’, пі́ка ’бітум, вараная смала’ (Ян., ТС). З н.-ням.Pick ’смала’, якое, як і англ.-сакс.pic, англ.pitch, з лац.pix ’смала’, калькі са ст.-грэч.πίσσα, атычн.πίττα ’тс’ < *piki̯a.
Пік3 ’касцявы мозг (ТС). Усечаная форма лексемы шпік ’тс’ (гл.).
Пік4: гадзіны пік ’час вышэйшага напружання ў рабоце транспарту, электрастанцыі і пад.’ (ТСБМ). З рус.часы пик, якое з’яўляецца паўкалькай англа-амерыканск. peak hours ’тс’ (Кіпарскі, ВЯ, 1956, 5, 136).
Пік5 ’спічастая вяршыня гары’ (ТСБМ). Праз рус. мову (Крукоўскі, Уплыў, 86) з франц.pic ’тс’ (Мацэнаўэр, LF, 12, 340; Фасмер, 3, 260).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ВІЛЬГЕ́ЛЬМ III АРА́НСКІ (Willem van Oranje; 14.11.1650, г. Гаага, Нідэрланды — 19.3.1702),
статхаўдэр (правіцель) Нідэрландаў [1672—1702], кароль Англіі, Шатландыі і Ірландыі [1689—1702]. Ва ўмовах пагрозы англа-франц. інтэрвенцыі прызначаны ў 1672 галоўнакаманд., пазней пажыццёвым статхаўдэрам. Стварыў антыфранц. кааліцыю (герм. імператар і брандэнбургскі курфюрст, пазней далучыліся Іспанія і Данія), прымусіў Людовіка XIV вывесці войскі з Нідэрландаў і заключыць мір (1678). У перыяд т.зв. Слаўнай рэвалюцыі 1688—89 (гл. ў арт.Англійскія рэвалюцыі 17 стагоддзя) запрошаны апазіцыяй (вігамі) на англ. трон. У 1689—97 на чале войск новай антыфранц. кааліцыі змагаўся з Людовікам XIV у Фландрыі; у выніку заключанага ў 1697 міру Францыя прызнала яго каралём Англіі.
Садзейнічаў развіццю англ. парламентарызму: пры ім прыняты «Біль аб правах» (1689), Акт аб 3-гадовым парламенце (1694), Акт аб пераходзе прастола ў спадчыну (1701).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АША́НЦІ, Канфедэрацыя Ашанці,
дзяржава ашанці ў Зах. Афрыцы ў канцы 17—19 ст. Сталіца — г. Кумасі. Узначальвалася асантэхене (царом), першым з якіх і заснавальнікам канфедэрацыі быў Асей Туту (п. у 1731). Каля 1800 Ашанці ахоплівала тэрыторыі сучасных Цэнтр. Ганы, часткова Кот-д’Івуар і Буркіна-Фасо. Асновай эканам. магутнасці Ашанці быў гандаль рабамі, золатам і інш. з еўрап. фартамі на Залатым Беразе. У выніку англа-ашанційскіх войнаў (1806, 1811, 1814—15, 1823—26, 1863, 1873—74, 1895—96) Ашанці страціла незалежнасць і стала брыт. пратэктаратам, хоць захавала свой унутрыпаліт. лад. Пасля няўдалага паўстання 1900 супраць англічан у складзе іх калоніі Залаты Бераг (1902—60). Першы прэзідэнт Ганы К.Нкрума пазбавіў улады апазіцыйнага яму асантэхене.
Літ.:
Попов В.А. Ашантийцы в XIX в.: Опыт этносоциол. исслед М., 1982. С. 14—25.