СЫНКО́ВІЦКАЯ ЦАРКВА́-КРЭ́ПАСЦЬ,

помнік абарончага дойлідства ў в. Сынковічы Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудавана ў канцы 15 — пач. 16 ст. з цэглы. Мае рысы стылю готыкі 3-нефавы 4-стаўповы 3-апсідны храм зальнага тыпу (у плане — перакошаны прамавугольнік), фланкіраваны па вуглах 4 баявымі вежамі (з З гранёныя, з У круглыя) з цаглянымі вітымі ўсходамі ўнутры. Па версе сцен праходзіць пояс машыкуляў. Будынак накрыты высокім 2-схільным дахам з вострымі тарцовымі шчытамі. Шчыт на гал. фасадзе аздоблены некалькімі ярусамі розных па форме плоскіх атынкаваных ніш. Знадворку апсіды ў верхняй ч. аб’яднаны ў адну і накрыты агульным высокім дахам. Пазней прыбудаваны бабінец. У 1880—81 у час рамонту заменены дах і дабудаваны купал над апсідай, разабраны купал над цэнтр. ч. храма. Перад царквой пастаўлена бутава-цагляная 2-ярусная 4-гранная званіца, завершаная шатровым дахам.

С.​Г.​Багласаў.

Сынковіцкая царква-крэпасць.

т. 15, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́СІК Георгій Васілевіч (н. 23.6.1947, в. Леніна Слуцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. псіхолаг. Д-р псіхал. н. (2003). Скончыў Мінскі радыётэхн. ін-т (1970). З 1970 у Мінскім лінгвістычным ун-це. З 1980 у Ін-це мовазнаўства імя Я.​Коласа АН Беларусі. З 1990 у Ін-це тэхн. кібернетыкі (з 2002 Аб’яднаны Ін-т праблем інфарматыкі) Нац. АН Беларусі. Навук. працы ў галіне псіхалогіі ўспрымання мовы, перцэптыўнай фанетыкі, аўтам. распазнавання мовы. Распрацаваў сенсаматорную тэорыю ўспрымання мовы. Даследуе праблему распазнавання і ідэнтыфікацыі аб’ектаў з варыяцыйнай формай. Адзін з пачынальнікаў работ на Беларусі па стварэнні спец. камп’ютэраў для невідушчых з сінтэзатарам мовы.

Тв.:

Фанетыка беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1987 (у сааўт.);

Перцептивные действия в восприятии речи. Мн., 2000;

Распознавание объектов с нестабильной формой // Сб. науч. тр. «Автоматическое распознавание и синтез речи». Мн., 2000;

Сенсомоторная теория восприятия речи // Там жа.

М.​П.​Савік.

т. 18, кн. 1, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ПОЛІТЭХНІ́ЧНАЯ АКАДЭ́МІЯ.

Засн. ў 1920 у Мінску як палітэхнікум на базе політэхн. вучылішча, які ў 1922 рэарганізаваны ў Бел. дзярж. ін-т сельскай гаспадаркі. У 1933 мінскія энергетычны, будаўнічы, тарфяны, хіміка-тэхнал., харч. прам-сці і Горацкі водна-меліярацыйны ін-ты аб’яднаны ў Бел. політэхн. ін-т (БПІ), з крас. 1991 акадэмія. У 1995/96 навуч. г. ф-ты: архітэктурны, аўтатрактарны, будаўнічы, дарожнага буд-ва, маш.-буд., механіка-тэхнал., прыборабудавання, робатаў і робататэхн. сістэм, энергет. буд-ва, энергетычны; падрыхтоўчае аддзяленне, пры ім сярэдняя спецыялізаваная школа. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1945, дактарантура з 1988. У складзе акадэміі міжгаліновы ін-т павышэння кваліфікацыі кадраў па новых кірунках навукі і тэхнікі, ф-т павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў сярэдніх спец. навуч. устаноў, ф-т павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў буд-ва, каля 50 н.-д. лабараторый, навук.-вытв.-навуч. падраздзяленні «Белтэхналогія» і «Белбудаўніцтва», з-д «Палітэхнік», навуч. вытв.-канструктарска-тэхнал. ін-т.

Будынак Беларускай політэхнічнай акадэміі.

т. 2, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧАЯ АКАДЭ́МІЯ (БСГА). Засн. паводле ўказа Сената ад 24.4.1836, адкрыта ў 1840 у маёнтку Горы-Горкі (каля Горак Магілёўскай губ.) пад наз. Горы-Горацкая земляробчая школа, з 1848 — Горы-Горацкі земляробчы інстытут. У 1925 да яго далучаны Бел. ін-т сельскай і лясной гаспадаркі (засн. ў Мінску ў 1922) і створана Бел. с.-г. акадэмія. У 1931 акадэмія падзелена на 11 галіновых ін-таў. У 1933 яны зноў аб’яднаны ў адну ВНУ — Беларускі с.-г. ін-т (у Горках). У 1948 перайменаваны ў БСГА. У 1994/95 навуч. г. ф-ты: агранамічны, зоаінжынерны, землеўпарадкавання, механізацыі сельскай гаспадаркі, меліярацыі і воднай гаспадаркі, эканамічны, бухгалтарскага ўліку, павышэння кваліфікацыі. Створаны новыя кірункі навук. даследаванняў: біятэхналогія ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі, с.-г. экалогія. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1947, дактарантура з 1990. Мае н.-д. лабараторыі, выліч. цэнтр, доследную станцыю, кансультацыйныя пункты, друкарню, конна-спарт. школу.

Адзін з навучальных карпусоў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі.

т. 2, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМО́ЛКА Мікола (Мікалай Іванавіч; 11.3.1922, в. Брынёў Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 3.5.1992),

бел. пісьменнік. Вучыўся ў БДУ (1939—40 і 1948—52). Працаваў у выдавецтве, у прэсе (у 1951—62 у час. «Бярозка»), Пісаў на бел. і рус. мовах. Друкаваўся з 1937. Апубл. зб-кі вершаў «Зварот шчасця» (1946) і «Б’юць куранты» (1950). Аўтар прыгодніцкай аповесці «Лета ў Калінаўцы» (1950), аповесці «Добры дзень, школа!» (1952), рамана «Шосты акіян» (1959; аб’яднаны навук.-фантаст. аповесць «За вялікую трасу», 1954, і раман «Цытадэль неба», 1957), зб. апавяданняў «Шлях адкрыты» (1960). Пра Вял. Айч. вайну аповесці «Лясная крэпасць» (1980), «Партызанскія сёстры» (1989). На рус. мове аповесць-хроніка «Дзяўчына ішла па вайне» (1972). Аўтар п’есы «Бітва ў космасе» (паст. 1963). Пераклаў на бел. мову п’есу Я.​Шварца «Чырвоная шапачка» (паст. 1967), паасобныя вершы М.​Някрасава, А.​Твардоўскага, М.​Ісакоўскага, П.​Тычыны і інш.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1982—83;

Лета ў Калінаўцы: Аповесці. Мн., 1972;

Сокалы-сакалянягы: Аповесць. Мн., 1987.

т. 5, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАРО́ДНАЯ АСВЕ́ТА»,

штомесячны навук.-пед. часопіс. Выдаецца з чэрв. 1924 у Мінску на бел. мове. У 1924—29 наз. «Асьвета», 1930—36 «Камуністычнае выхаванне», 1937—39 «Кансультацыя настаўніку», 1940—41 і 1948—59 «Савецкая школа». У студз. 1960 аб’яднаны з час. «У дапамогу настаўніку» (выд. з 1945), выходзіць пад сучаснай назвай. Асвятляе пытанні пед. тэорыі і практыкі, дзейнасць устаноў і органаў адукацыі, арганізацыі навуч.-выхаваўчага працэсу ў агульнаадук., сярэдняй спец. і вышэйшай школах, дзіцячых пазашкольных выхаваўчых установах, падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі пед. работнікаў і інш. Аказвае навук. і метадычную дапамогу пед. грамадскасці Беларусі па адраджэнні нац. сістэмы адукацыі на аснове нар. педагогік і лепшых дасягненняў сав. школы. Асн.рубрыкі: «Арганізацыя народнай адукацыі», «Пытанні педагогікі і псіхалогіі», «Педагагічная навука — школе», «Школа вачамі сацыёлага», «Праблемы сучаснага выхавання», «Псіхалогія навучання і выхавання», «Выхаваўчы працэс: тэорыя і практыка», «Маральнае выхаванне», «Эстэтычнае выхаванне», «Пазакласная работа», «У пазашкольных установах», «Тэма. са школьнай праграмы», «На вашу кніжную паліцу» і інш.

У.​І.​Якубовіч.

т. 11, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НКРУ́МА (Nkrumah) Кваме (21.9.1909, Нкрофул, каля г. Аксім, Гана — 27.4.1972),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Ганы, адзін з ідэолагаў афр. нац.-вызв. руху. Скончыў Лінкальнскі ун-т (ЗША), вучыўся ў Лонданскім ун-це і школе эканомікі і паліт. навук. Дзеяч панафр. руху ў ЗША і Еўропе (гл. Панафрыканізм). З 1947 ген. сакратар партыі Аб’яднаны канвент Залатога Берага, у 1949 стварыў Нар. партыю канвента. Ў 1948 і 1950—51 арыштаваны брыт. ўладамі. З 1952 прэм’ер-міністр першага афр. ўрада Залатога Берага (з 1957 Гана). З 1957 прэм’ер-міністр, з 1960 адначасова прэзідэнт Ганы. Адзін з ініцыятараў стварэння Арг-цыі афр. адзінства. Спробы Н. пабудовы ў Гане «афр. сацыялізму» і хуткага стварэння буйной прам-сці выклікалі цяжкі сац.-эканам. крызіс у краіне. 24.2.1966 скінуты ваеннымі. Жыў у эміграцыі ў Гвінеі.

Тв.:

Рус. пер. — Автобиография. М., 1961;

Я говорю о свободе: Изложение африканской идеологии. М., 1962;

Африка должна объединиться. М., 1964.

Літ.:

Ульяновский Р.А. Кваме Нкрума // Ульяновский Р.А. Политические портреты борцов за национальную независимость. М., 1980.

т. 11, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУРВІ́ЛІШСКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры барока ў в. Сурвілішкі Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 2-й пал. 18 ст. з дрэва на месцы касцёла 1550, фундаванага Р.​Гайкоўскай і яе братамі Іванам і Антонам. Храм крыжападобны ў плане, уключае 1-нефавы прамавугольны асн. аб’ём, вузкі трансепт і 5-гранную апсіду, да якой прылягаюць нізкія сакрыстыі. Асн. аб’ём і апсіда аб’яднаны агульным 2-схільным дахам з вальмай над алтарнай часткай. Сцены фасадаў маюць лучковыя і круглыя аконныя праёмы ў простых ліштвах і завершаны шырокім карнізам па перыметры асн. аб’ёму, трансепта і апсіды. Гал. фасад расчлянёны 2 тонкімі пілястрамі на 3 часткі. завершаны фігурным франтонам. У інтэр’еры арган, аформлены ў стылі барока. У трансепце захаваліся 2 барочныя алтары, аформленыя калонамі і пілястрамі карынфскага ордэра, разным расл. арнаментам, галоўкамі пуцці. У 1878—80 да касцёла прыбудавана званіца (захаваўся яе цагляны фундамент). Храм абкружаны бутавай агароджай з 2-яруснай мураванай брамай.

С.​Г.​Багласаў.

Сурвілішскі Троіцкі касцёл.

т. 15, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭ́РЫКАЎСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1773—1924. Цэнтр — г. Чэрыкаў. Утвораны 13.8.1773 у складзе Рагачоўскай правінцыі, з 3.4.1777 у Магілёўскай, з 3.1.1797 — у Беларускай губ. У 1796 частка Ч.п. на Пд перададзена ў Рагачоўскі пав., на У да Ч.п. далучаны амаль увесь скасаваны Клімавіцкі пав. З 10.3.1802 у Магілёўскай губ. з аднаўленнем межаў 1777. Меліся 4 мястэчкі: Краснаполле (Маластоўка), Крычаў, Маляцічы, Студзянец. З 1861 падзяляўся на 16 валасцей: Беліцкую, Брацькавіцкую, Доўгавіцкую, Даўжанскую, Дубраўскую, Камаровіцкую, Краснапольскую, Крычаўскую, Лабанаўскую, Маляціцкую, Мхініцкую, Наваельненскую, Палужскую, Саматэвіцкую, Старынскую, Студзянецкую. Пл. 4084 кв. вярсты, каля 150,3 тыс. чал. (1897), з іх 135,3 тыс. праваслаўных, 1,7 тыс. католікаў, 13 тыс. іудзеяў. З 26.4.1919 Ч.п. у складзе Гомельскай губ. РСФСР, 14.2.1923 да яго далучана Прапойская вол. скасаванага Быхаўскага пав. У выніку ўзбуйнення (1923) засталося 8 валасцей: Брацькавіцкая, Краснапольская, Крычаўская, Маляціцкая, Наваельненская, Прапойская, Саматэвіцкая, Чэрыкаўская. 3.3.1924 Ч.п. перададзены БССР, 2.6.1924 аб’яднаны з Клімавіцкім пав. пад назвай Калінінскі пав.

В.​Л.​Насевіч.

т. 17, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ША́ХМАТНА-ША́ШАЧНЫ КЛУБ Беларусі

(з 1997 Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па шахматах і шашках Мін-ва спорту і турызму Беларусі),

дзяржаўная спецыялізаваная вучэбна-спарт. ўстанова. У 1997 аб’яднаны з рэсп. спецыялізаванай школай алімп. рэзерву (Мінск). Будынак цэнтра (да 1985 «Палац шахмат») рэканструяваны ў 1985 (арх. рэканструкцыі — С.Б.Неўмывакін). Асн. змест дзейнасці цэнтра — папулярызацыя і арганізац.-метадычнае забеспячэнне развіцця шахмат і шашак на Беларусі, падрыхтоўка спартсменаў, спартсменаў-інструктараў нац. каманд Беларусі па шахматах і шашках, арганізацыя і правядзенне спарт. мерапрыемстваў і спаборніцтваў, наладжванне міжнар. спарт. сувязей. Цэнтр (2003) мае аддзяленні шахмат і шашак, у 21 групе займаюцца 194 вучні. Сярод выпускнікоў аддз. шахмат — шматразовыя чэмпіёны Беларусі міжнар. гросмайстры С.​Азараў, А.​Аляксандраў, Г.​Лагвілава, І.​Раманава, міжнар. майстры А.​Жыгалка, Н.​Папова, І.​Цяценькіна і інш.; шашак — чэмпіён свету А.Гантварг, віцэ-чэмпіёнка свету І.​Пашкевіч, міжнар. гросмайстры А.​Булатаў, А.​Валюк, міжнар. майстры В.​Варушыла, В.​Садоўская і інш. Пры цэнтры дзейнічае (2003) клуб аматараў шахмат «Ладдзя».

Г.​Н.​Бугрым.

т. 17, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)