адсутнасць класічнай танальнасці ў музыцы. Тэрмін узнік на пач. 20 ст. для абазначэння новай дысанантнай, заснаванай на 12-тонавасці музыкі, пазбаўленай класічнай мажора-мінорнай цэнтралізацыі.
Новая сістэма кампазіцыі, якая кампенсуе адсутнасць класічных танальных сувязяў і засцерагае музыку ад гукавой анархіі, распрацавана аўстр.муз. тэарэтыкам А.Шонбергам (гл. таксама Дадэкафонія, Серыйная тэхніка). Над абгрунтаваннем прынцыпаў дысанантнай музыкі з 1950-х г. працавалі І.Руфер (Германія), Ю.Халопаў, М.Тараканаў (Расія) і інш. У 1980-я г. разам з атанальнасцю ўзнікла паняцце атанікальнасці як асаблівай танальнай структуры без рэальна выяўленай тонікі, але з відавочнымі танальнымі сувязямі. Атанікальнасць вылучае 4 тыпы (станы) танальнасці: лунаючую, пераменную, шматзначную і знятую.
На 12-тонавасці засн. многія творы бел. кампазітараў Дз.Смольскага, С.Картэса, В.Войціка, Р.Суруса, В.Кузняцова, А.Літвіноўскага і інш., дзе кантраст танальных і атанальных эпізодаў служыць для рэалізацыі асаблівай маст. задумы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІДУ́НАС (Vidūnas; сапр.Староста) Вільгельмас
(22.3.1868, в. Іонайчай, Шылуцкі р-н, Літва — 20.2.1953),
літоўскі філосаф, драматург. З 1912 жыў і працаваў у Тыльзіце, дзе ўзначальваў культ. жыццё літоўцаў Усх. Прусіі. Яго філас.сістэма сфарміравалася пад уплывам ідэй стараж.-інд. веданты (вішышты-адвайты) і некат. канцэпцый зах.-еўрап.ідэаліст.філас. плыняў — платанізму, неаплатанізму, хрысц.містыцызму, пантэізму. Быццё трактаваў як дух, пэўным станам якога, яго несамаст. часткай з’яўляецца матэрыяльны свет. Чалавек, паводле Відунаса, — мікракосмас і найвышэйшая ступень эвалюцыі. Носьбіты абс. духа, праяўленне чалавечнасці — мараль, мастацтва і навука.
Развіццё грамадства, на думку Відунаса, супадае з ступенямі духоўнага ўдасканалення чалавека: індывід — нацыя — чалавецтва — абсалют. Аўтар філас. прац: «Пабудова сусвету», «Таямнічая вялікасць чалавека» (абедзве 1907), «Паходжанне лёсу» (1908), «Жыццёвая аснова народа» (1920), «Свядомасць» (1936) і інш. У маст. творчасці абуджаў пачуццё нац. годнасці літоўцаў і пратэст супраць ням. імперыялізму (драм. трылогія «Цені продкаў», 1908, трагедыя «Сусветны пажар», 1928, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫФЕРАМАГНЕТЫ́ЗМ (ад анты... + ферамагнетызм),
магнітаўпарадкаваны стан рэчыва, якому ў адсутнасць знешняга магн. поля адпавядае антыпаралельная арыентацыя магн. момантаў суседніх атамаў (іонаў) і нулявая намагнічанасць рэчыва ў цэлым. Выяўлены ў канцы 1920-х г., тэарэтычна абгрунтаваны Л.Неелем (1932, Францыя) і Л.Д.Ландау (1933).
Антыферамагн. структура — сістэма ўстаўленых адна ў адну магн. падрашотак, у вузлах якіх знаходзяцца іоны аднаго віду з аднолькавымі па значэнні і напрамку магнітнымі момантамі. У знешнім магн. полі антыферамагнетыкі слаба намагнічваюцца. Пры т-рах вышэй за Нееля пункт (TN) антыферамагн. парадак разбураецца за кошт цеплавога руху атамаў (іонаў) і антыферамагнетык пераходзіць у парамагн. стан (фазавы пераход 2-га роду), таму пры T=TN тэмпературныя залежнасці магн. успрымальнасці, цеплаёмістасці і інш. маюць анамаліі. На частотах, блізкіх да ўласнай частаты прэцэсіі магн. момантаў падрашотак, назіраецца антыферамагнітны рэзананс.
Літ.:
Преображенский А.А., Бишард Е.Г. Магнитные материалы и элементы. 3 изд. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРЧА́ЛЬНАЯ ПЕЧ, трубчастая печ,
прамысловая гарызантальная або крыху нахіленая печ цыліндрычнай формы, якая верціцца вакол падоўжнай восі. Прызначана для награвання матэрыялаў з мэтай іх фіз.-хім. апрацоўкі. Бывае на пылаватым, кавалкавым, вадкім ці газавым паліве, з эл. нагрэвам. Даўж. да 230 м, дыяметр да 7,5 м, прадукцыйнасць да 150 т/гадз гатовай прадукцыі.
Сыравіна або вырабы награюцца ў печы (прамым нагрэвам, праз сценку муфеля або камбінаваным спосабам), перамяшчаюцца пры вярчэнні яе корпуса і выгружаюцца. У награвальных вярчальных печах метал. загатоўкі падрыхтоўваюць да коўкі і штампавання; у тэрмічных праходзяць тэрмічную апрацоўку; у абпальных абпальваюць клінкер, руды, нярудныя матэрыялы, жалезарудныя акатышы і інш. Вярчальныя печы выкарыстоўваюць ў металургіі (напр., вельц-печы), цэментнай і хім. прам-сці і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫНАМІ́ЧНЫ СТЭРЭАТЫ́П,
адносна ўстойлівая адаптыўная сістэма рэакцыі арганізма на ўздзеянні знешняга асяроддзя; адзін з найб. складаных феноменаў вышэйшай нерв. дзейнасці. Мае важнае значэнне ў адаптацыі жывёл і чалавека. Асновай Д.с. з’яўляецца фарміраванне сукупнасці сувязей і ўзаемаадносін паміж ачагамі ўзбуджэння і тармажэння ў кары вял. паўшар’яў галаўнога мозга ў адказ на шматразовае стэрэатыпнае ўздзеянне вызначаных камбінацый умоўных раздражняльнікаў, што змяняюць адзін аднаго і спадарожнічаюць індывіду ўсё жыццё. Як адзіны комплекс Д.с. складваецца ў выніку накладвання наступных стымулаў на сляды папярэдніх. На гэтай аснове ствараюцца звычкі, традыц. распарадак дня чалавека і інш. Д.с. выпрацоўваецца паступова, дасягае высокай устойлівасці, забяспечвае аўтам. эканомнае з пункту гледжання расходу нерв. энергіі прыстасаванне да змен наваколля, бо звыклая дзейнасць для арганізма значна лягчэйшая, чым новая. Са зменай абставін Д.с. зведвае перабудову, ступень цяжкасці якой залежыць ад характару раздражняльніка, асаблівасцей вышэйшай нерв. дзейнасці і можа прыводзіць да яе зрыву.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́МУШАНАЕ ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ,
вылучэнне электрамагнітных хваль квантавымі сістэмамі (напр., атамамі) пад уздзеяннем знешняга (вымушанага) выпрамянення і тоеснымі з ім частатой, фазай, палярызацыяй і напрамкам распаўсюджвання. Паняцце вымушанага выпрамянення ўведзена з агульных тэрмадынамічных меркаванняў А.Эйнштэйнам (1917) для сістэмы многіх часціц. Вымушанае выпрамяненне актыўнага асяроддзя выкарыстоўваецца для ўзмацнення і генерацыі эл.-магн. хваль (гл.Квантавы ўзмацняльнік, Квантавы генератар).
Поўная магутнасць вымушанага выпрамянення пры ўзаемадзеянні актыўнага асяроддзя са знешнім эл.-магн выпрамяненнем выражаецца формулай
, дзе
— энергія выпрамененага (паглынутага) фатона; Em і En — энергія электрона на больш высокім і больш нізкім узроўнях; ωmn — імавернасць выпрамянення (паглынання); Nm і Nn — заселенасць больш высокага і больш нізкага ўзроўняў. Актыўнае асяроддзе мае інверсную заселенасць узроўняў Nm>Nn і P>0; у раўнаважных сістэмах Nm<Nn, і таму сістэма паглынае знешняе выпрамяненне (P<0).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМПАТЭ́НЦЫЯ (ад лац. impotentia слабасць, бяссілле),
палавая слабасць, парушэнне палавой функцыі ў мужчын, што выяўляецца поўнай ці частковай няздольнасцю да палавога акта. Найчасцей (больш за 80%) гэта парушэнне эрэкцыі. Прычыны І.: функцыян. і арган. парушэнні ц. н. с., хваробы палавых органаў, эндакрынная, уралагічная паталогія, мех. перашкоды.
І., абумоўленая хваробамі ц. н. с., падзяляецца на картыкальную і спінальную. Прыкартыкальнай І. нерв.сістэма тармозіць палавую функцыю (страх няўдачы, хваробы вен і інш.) або кара галаўнога мозга ўзбуджае палавыя цэнтры (міжвольнае вывяржэнне семя пры нармальнай эрэкцыі). Спінальная І. звязана з пашкоджаннем спіннамазгавых цэнтраў эрэкцыі і эякуляцыі. Эндакрынная І. бывае пры парушэнні гарманальнай функцыі яечак у выніку арган. ці спадчынных хвароб ганад, гіпофіза, гіпаталамуса. І. з прычыны мех. перашкод абумоўлена заганамі развіцця і хваробамі палавога члена, вял. пахвіннымі і машоначнымі грыжамі. І. адрозніваюць ад бясплоднасці мужчын. Лячэнне комплекснае: псіхатэрапія, тэрапеўт., хірургічнае. І. вывучае андралогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНАЛІЗА́ЦЫЯ,
1) комплекс інж. збудаванняў для прыёму, ачысткі і выдалення за межы населеных пунктаў сцёкавых вод; неабходны элемент упарадкаванасці населеных пунктаў, паляпшэння быт. і сан.-гігіенічных умоў. Падзяляецца на ўнутраную (К. будынкаў) і вонкавую (К. тэрыторый). Унутраная складаецца з сан. прылад — прыёмнікаў (умывальнікаў, ракавін, ваннаў і г.д.) і каналізацыйнай сеткі. Сістэмы К.: агульнасплаўныя — усе сцёкавыя воды (бытавыя, вытв., атм.) выводзяцца па адной сетцы труб; раздзельныя — адна сетка труб для гасп.-фекальных, другая для атм. вод; паўраздзельныя — функцыянуюць як агульнасплаўныя ў час невял. дажджоў і як раздзельныя пры вял. колькасці ападкаў. Калі няма цэнтралізаванай К., для будынкаў з водаправодам робяць мясцовую К., сцёкавыя воды ў ёй ачышчаюцца ў адстойніках (септыках) і на пляцоўках падземнай фільтрацыі.
2) Размеркаванне эл. энергіі паміж асобнымі спажыўцамі; кабельная К. — сістэма керамічных або бетонных труб, укладзеных пад зямлёй; служыць для пракладкі кабелю падземных ліній сувязі (тэлефон, тэлеграф і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУКУРУ́ЗА, маіс (Zea mays),
кветкавая расліна сям. метлюжковых. Радзіма — Цэнтр. і Паўд. Амерыка. Уведзена ў культуру на тэр. сучаснай Мексікі каля 5200 да н.э., у Еўропе — з канца 15 ст. Вырошчваецца ў Паўд. і Паўн. Амерыцы, Паўд. і Паўд.-Усх. Еўропе, Паўд.-Усх. Азіі, Паўд. і Усх. Афрыцы.
Аднагадовая травяністая расліна з прамастойным сцяблом выш. да 6 м. Каранёвая сістэма валасніковістая. Лісце шырокае, лінейна-ланцэтнае, хвалістае па краях. Кветкі аднаполыя. Мужчынскія суквецці — мяцёлкі на верхавінцы сцябла, жаночыя — катахі ў лісцепадобных абгортках у пазухах лісця. Плод — зярняўка. Па будове і марфалогіі насення К. падзяляецца на 9 бат. груп. Зерне, сцёблы, лісце, катахі выкарыстоўваюцца ў вытворчасці прадуктаў і вырабаў (напр., алей, кансервы, крупы, крухмал, кукурузныя шматкі, мёд, мука, папера, пластмаса і інш). Кармавая і харч. расліна.
Літ.:
Грушка Я. Монография о кукурузе: Пер. с чеш. М., 1965;
Шмараев Г.В. Кукуруза: (Филогения, классификация, селекция). М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КО́СМАС»,
1) серыя савецкіх ШСЗ для навуковых, тэхнічных і інш. даследаванняў у каляземнай касм. прасторы. Запускаюцца з 16.3.1962.
Навук. праграма ўключае даследаванне касм. прамянёў, радыяцыйных паясоў Зямлі, іанасферы, сонечнай актыўнасці і выпрамянення Сонца, распаўсюджвання радыёхваль і інш. выпрамяненняў у атмасферы Зямлі; прадугледжвае таксама рашэнне тэхн. праблем, звязаных з касм. палётамі: стыкоўку на арбіце, уваход касм. апарата ў атмасферу, арыентацыю ў космасе, жыццезабеспячэнне і ахову ад радыеактыўных выпрамяненняў, адпрацоўку элементаў канструкцыі і бартавых сістэм касм. апаратаў. Пры сумесным палёце «К.-186» і «К.-188» 30.10.1967 упершыню здзейснена аўтам. збліжэнне і стыкоўка на арбіце; пасля расстыкоўкі прадоўжаны іх аўтаномны палёт і праведзена пасадка.
2) Савецкія 2-ступеньчатыя ракеты-носьбіты, пры дапамозе якіх выводзяцца на арбіты ШСЗ «К.», «Інтэркосмас» і інш.
ШСЗ«Космас» для даследавання радыяцыйных паясоў Зямлі: 1 — сонечная батарэя; 2 — блок буферных батарэй; 3 — сістэма тэрмарэгулявання; 4 — блок абслуговай апаратуры; 5 — датчык месцазнаходжання спадарожніка; 6 — адсек навуковай апаратуры.