арганізацыя буйных землеўласнікаў у 1876—1914. Працавалі 4 секцыі: агранамічная, жывёлагадоўлі, конегадоўлі і лясная. У распараджэнні т-ва знаходзілася туганавіцкае доследнае поле. Для даследаванняў выкарыстоўваліся гаспадаркі членаў т-ва, у маёнтках вывучаліся перадавыя с.-г. дасягненні. Вынікі практычнай работы абагульняліся ў навук. дакладах. Т-ва займалася нарыхтоўкамі і пастаўкамі збожжа ваен. ведамству і продажам ячменю піваварным з-дам Пецярбурга і Масквы. У 1896 пры т-ве створана лесаўпарадкавальнае бюро з аддзелам ляснога гандлю, у 1897 — камерцыйнае аддзяленне. Т-ва пастаўляла лясныя матэрыялы данецкім каменнавугальным шахтам, экспартавала лес, наладзіла гандл. зносіны з Варшавай па збыце масла і малочных прадуктаў, займалася ўпарадкаваннем мінскіх конскіх кірмашоў, стварэннем узорнага кірмашу на Залатой Горцы па продажы коней і інш. жывёлы. Па ініцыятыве т-ва арганізавана Мінскае земляробчае т-ва ўзаемнага страхавання, створаны суполка вінакурных заводчыкаў, акц.т-ва крухмала-патачнага з-да «Сокал» і лясная біржа. Т-ва наладзіла юбілейную с.-г. і саматужна-прамысл. выстаўкі ў 1901, выстаўкі-кірмашы жывёлагадоўлі ў 1912.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЛЬТКЕ (Moltke) Малодшы Гельмут Іаган Людвіг
(25.5.1848, Герсдорф, Германія — 18.6.1916),
германскі ваен. дзеяч. Ген.-палк. Граф. Пляменнік Г.Мольтке Старэйшага (яго ад’ютант з 1880). Удзельнік франка-прускай вайны 1870—71. З 1903 ген.-кватэрмайстар. У 1906—14 нач. Генштаба. Правёў шэраг рэформ у арміі. Адзін з актыўных удзельнікаў развязвання 1-й сусв. вайны, пры падрыхтоўцы да якой паклаў у аснову задумы свайго папярэдніка ген.-фельдмаршала А.фон Шліфена (разгром франц. арміі гал. сіламі і абарона ва Усх. Прусіі, а потым удар па Расіі). Аднак пры разгортванні герм. арміі ў 1914 аслабіў правае крыло армій Зах. фронту, якія наносілі гал. ўдар па Францыі, і павялічыў сілы на левым крыле, а таксама ва Усх. Прусіі. Гэта адмоўна адбілася пры правядзенні 1-га этапа вайны. У час Марнскай бітвы 1914 (гл.Марнскія бітвы ў першую сусветную вайну), калі быў нач. генштаба і адначасова нач. штаба Стаўкі (фактычна галоўнакаманд.), страціў кіраванне войскамі, што прывяло да паражэння герм. армій на Зах. фронце. 14.9.1914 адхілены ад пасады. З 1915 нам.нач. Генштаба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУР ((Moore) Генры) (30.7.1898, г. Каслфард, Вялікабрытанія — 31.8.1986),
англійскі скульптар. Вучыўся ў маст. каледжы ў Лідсе (1919—21), скончыў Каралеўскі каледж мастацтва ў Лондане (1925), у якім выкладаў да 1933. Пазней выкладаў у маст. школах Чэлсі і Слейда. Чл.-заснавальнік маст. групоўкі «Першае падраздзяленне» (1933). Зазнаў уплыў стараж.мекс. пластыкі. З пач. 1920-х г. распрацоўваў нешматлікія сталыя кампазіцыі («Маш і дзіця», «Сямейная група», «Фігура ляжыць» і інш.), у якіх ствараў і жыццёва канкрэтныя, і абстрактныя, дэфармаваныя, фантастычна-мудрагелістыя вобразы. Творы вызначаюцца пластычнай абагульненасцю і манументальнасцю форм, напружанасцю ўнутр. структуры кампазіцыі, рытмічнай выразнасцю сілуэта. Майстар манум.-дэкар. скульптуры: скульпт. групы «Тры фігуры стаяць» у Батэрсі-парку ў Лондане (1947—48), «Кароль і каралева» на плато каля Дамфрыса (1952—53), «Фігура ляжыць» каля будынка ЮНЕСКА у Парыжы (1957—58), «Дзве вялікія формы» ў садзе Бундэсканцылярыі ў Боне (1979) і інш. Аўтар серыі малюнкаў, прысвечаных ваен. будням Лондана (1-я пал. 1940-х г.).
Літ.:
Валериус С. Прогрессивная скульптура XX в. М., 1973.
С.І.Пракоп’ева.
Г.Мур. Дзве вялікія формы. Бон. Сад Бундэсканцылярыі. 1979.
расійскі дзярж. дзеяч, дыпламат. Граф Амурскі (1858), ген.-ад’ютант (1857). Ген. ад інфантэрыі (1858). Скончыў Пажскі корпус (1827). Удзельнік рас.-тур. вайны 1828—29 і задушэння паўстання 1830—31 у Польшчы, Беларусі і Літве. У 1846 тульскі ваен. і грамадзянскі губернатар. Зарэкамендаваў сябе як ліберал, адзін з першых сярод вышэйшых саноўнікаў Расіі ўзняў пытанне пра скасаванне прыгоннага права. У 1847—61 іркуцкі і енісейскі губернатар, ген.-губернатар Усх. Сібіры. Быў прыхільнікам актыўнай наступальнай палітыкі на Д. Усходзе, з гэтай мэтай прыцягваў да вывучэння і асваення краю мясц. інтэлігенцыю і паліт. ссыльных, падтрымліваў дзейнасць Г.І.Невяльскога. З дазволу ўрада зрабіў захады па захопе і асваенні спрэчных з Кітаем тэрыторый Прыамур’я, падпісаў Айгунскі (1858) і Пекінскі (1860) дагаворы з Кітаем, паводле якіх за Расіяй замацаваны левабярэжжа Амура і Усурыйскі край. З 1861 у адстаўцы.
Літ.:
Мамай А.С. Споры в русском правительстве по Амурскому вопросу (1848—1854) // Вестн. Московского ун-та. Сер. 8. История 1996. № 3;
Беспрозванных Е.Л. Приамурье в системе русско-китайских отношений, XVII — середина XIX вв. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЮ́НХГАЎЗЕН (Münchhausen) Карл Фрыдрых Іеранім, барон фон (11.5.1720, г. Бодэнвердэр, Германія — 22.2.1797), нямецкі падарожнік, пісьменнік, з імем якога звязаны цыкл твораў прыгодніцкай літаратуры, т.зв. Мюнхгаўзіяда. З ніжнесаксонскага стараж.-дваранскага роду. З 14 гадоў паж пры двары герцага Браўншвайга. У канцы 1737 разам з прынцам А.У.Браўншвайгскім прыбыў у Расію. У 1739—50 (фармальна да 1754—55) служыў у Кірасірскім яго імператарскай высокасці гасудара вял.кн. Пятра Фёдаравіча палку. Удзельнік 2 рус.-тур. кампаній, ротмістр (1750). Вярнуўшыся на радзіму, атрымаў вядомасць як апавядальнік анекдотаў, ваен., вандроўных і паляўнічых прыгод; за свае фантаст. гісторыі празваны баронам-манюкам. У 1781—83 ананімна апублікаваў свае падарожныя і інш. гісторыі ў час. «Vademecum für lustige Leute» («Падарожнік для вясёлых людзей»). У 1786 ням. пісьменнік Р.Э.Распэ выдаў у Оксфардзе англамоўную версію прыгод М., тады ж яе пераклаў на ням. мову і дапоўніў Г.А.Бюргер. Персанаж шэрагу драм, раманаў, кінафільмаў. У 1994 у Бодэнвердэры ўстаноўлены помнік-фантан М. (скульпт. Б.Штырнберг). На бел. мову «Прыгоды Мюнхгаўзена» (паводле Распэ) пераклаў В.Вольскі (1955).
Літ.:
Капитонов А. Незабвенный барон // Родина. 1992. № 10.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАГАСА́КІ,
горад у Японіі, на З в-ва Кюсю. Адм. ц. прэфектуры Нагасакі. Каля 450 тыс.ж. (1997). Порт у зал. Нагасакі (Усходне-Кітайскае м.). Буйны суднабуд. цэнтр.Прам-сць: агульнае машынабудаванне, металургія, харчасмакавая, нафтахім., дрэваапрацоўчая. Рыбалоўная база. Ун-т. Музеі: гандл.-прамысл., стараж. мастацтва, прыкладнога мастацтва. Арх. помнікі 16—19 ст., у т. л.т. зв. Галандскі квартал (Дэдзіма), Кітайскі квартал, Нац. парк Маруяма, будыйскія, сінтаісцкія, хрысціянскія храмы. Парк Міру і манумент Міру (1955). Ваенна-марскі арсенал.
Горад узнік на месцы рыбацкага пасёлка, вядомага з 12 ст. Росквіт Н. прыпадае на 16—17 ст., калі горад (тут існавала партуг. факторыя) стаў цэнтрам хрысціянства ў Японіі і адзіным яп. портам (з 1640), праз які вёўся абмежаваны гандаль з галандцамі і кітайцамі. З канца 19 ст. цэнтр ваен. суднабудавання. У канцы 2-й сусв. вайны 1939—45 на Н. 9.8.1945 была скінута амер. атамная бомба, якая разбурыла 1/3 горада; забіта і паранена каля 75 тыс.чал. З 1956 у Н. адбываюцца міжнар. канферэнцыі аб забароне атамнай зброі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́НЦКІ ЭДЫ́КТ 1598,
эдыкт, падпісаны франц. каралём Генрыхам IV [1589—1610] у крас. 1598 у г. Нант; завяршыў рэлігійныя войны ў Францыі. Складаўся з 93 афіц. і 36 тайных артыкулаў. Паводле Н.э. каталіцызм заставаўся пануючай рэлігіяй, але гугеноты атрымалі свабоду веравызнання і набажэнства ў гарадах (акрамя Парыжа і некаторых інш.), у сваіх замках і шэрагу сельскіх мясцовасцей, права займаць суд.-адм. і ваен. пасады; для разбору суд. спраў гугенотаў пры парламентах у Парыжы, Тулузе, Бардо і Грэноблі былі створаны асобыя палаты, якія складаліся напалавіну з гугенотаў; ім дазвалялася склікаць паліт. канферэнцыі і сіноды (сходы). Паводле тайных артыкулаў Н.э. (не былі зарэгістраваны парыжскім парламентам) гугеноты атрымалі 100 т.зв. «гарантыйных» крэпасцей з гарнізонамі (галоўныя — Манпелье, Мантабан, Ла-Рашэль), права мець войска і інш.паліт. прывілеі, несумяшчальныя з сутнасцю цэнтралізаванай дзяржавы. Пасля вайны з гугенотамі 1621—29 тайныя артыкулы Н.э. скасаваны, у т. л. ліквідаваны «гарантыйныя» крэпасці гугенотаў. З сярэдзіны 17 ст.асн. палажэнні Н.э. сістэматычна парушаліся каралём Людовікам XIV, які канчаткова адмяніў яго ў 1685, што прывяло да эміграцыі каля 500 тыс. гугенотаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРДВІ́НАЎ (Мікалай Сямёнавіч) (28.4.1754, с. Пакроўскае б. Наўгародскай губ., Расія — 11.4.1845),
расійскі дзярж. і ваен.-марскі дзеяч, эканаміст. Граф (з 1834). Адмірал (1799). Буйны памешчык, уладальнік шматлікіх маёнткаў, у т. л. на Беларусі. Служыў на флоце, у рус.-тур. вайну 1787—91 камандаваў флатыліяй на Чорным м. У 1799—1801 чл. і віцэ-прэзідэнт Адміралцействаў-калегіі, у 1802 першы марскі міністр Расіі. Чл.Дзярж. савета, адначасова старшыня яго к-таў Дзярж. эканоміі (1810—12, 1816—18), Грамадз. і духоўных спраў (1821—38). Ў 1826 адзіны з членаў Вярх.крымін. суда, які адмовіўся падпісаць смяротны прыгавор дзекабрыстам; адыграў гал. ролю ў апраўданні бязвінна засуджаных па Веліжскай справе. У 1823—40 прэзідэнт Вольнага эканамічнага таварыства; у 1826 садзейнічаў накіраванню т-вам у Магілёўскую губ. медыкаў для правядзення прышчэпак воспы. Як эканаміст лічыў неабходным правесці рыначную мадэрнізацыю рас. гаспадаркі пры захаванні самадзяржаўнага прыгонніцкага ладу. Аўтар прац па эканоміцы: «Некаторыя меркаванні па прадмеце мануфактур у Расіі і аб тарыфе» (1815), «Аб захадах па паляпшэнні дзяржаўных даходаў» (1825), у т. л. праекта паступовага вызвалення прыгонных сялян без зямлі і за вял. выкуп.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПЕ́СНЯ ПРА МАЙГО́ СІ́ДА»
(«El cantar de Mío Cid»),
помнік іспанскага гераічнага эпасу. Створаны каля 1140, дайшоў у адзіным няпоўным запісе 1307 (апубл. 1779). Гіст. аснову паэмы склалі падзеі Рэканкісты — барацьба іспанцаў з арабамі, якія захапілі Пірэнеі. Гал. герой — доблесны і мудры Сід (ад араб. сеід пан), гіст. прататыпам якога стаў кастыльскі военачальнік Радрыга Дыяс дэ Бівар, празваны Кампеадорам (воінам). У ідэалізаваным вобразе Сіда ўвасобіліся характэрныя рысы змагара за вызваленне радзімы ад маўраў, вернага каралю васала, абаронцы народа ад уціску феад. знаці. Дэмакратызм і народнасць «Песні...» выявіліся ў разнастайнасці яе тэматыкі (паліт., ваен., быт., сямейнай), адсутнасці гіпербалізацыі ў адлюстраванні людзей і падзей, выразнай і яркай мове, блізкай да народнай. Помнік значна паўплываў на далейшае развіццё ісп. л-ры. Вобраз Сіда знайшоў адлюстраванне ў творах П.Карнеля, М.Мачада-і-Руіса, навук. працах І.Гердэра.
Публ.:
Рус.пер. — Песнь о Роланде;
Коронование Людовика;
Нимская телега;
Песнь о Сиде;
Романсеро. М., 1976.
Літ.:
Смирнов А.А. Испанский героический эпос // История зарубежной литературы. 3 изд. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́ТКЭРН (Pitcairn),
уладанне Вялікабрытаніі ў паўд.-ўсх. частцы Ціхага ак., у Палінезіі. Пл. 46,5 км². Складаецца з 4 астравоў, у т. л.в-аў Піткэрн (пл. 4,5 км², адзіны населены). Нас. каля 50 чал. (2000), англа-палінезійскія метысы. Адзіны нас. пункт, адм. ц. — паселішча Адамстаўн. Афіц. мова — англійская. В-аў Піткэрн вулканічнага паходжання, выш. да 335 м, астатнія астравы каралавыя. Клімат і расліннасць субтрапічныя. Асн. занятак насельніцтва — земляробства. Вырошчваюць батат, ямс, тара, маніёк, хлебнае дрэва, дыні, гарбузы, бананы, цукр. трыснёг, бабовыя, кукурузу, цытрусавыя, ананасы і інш. Гадуюць коз і курэй. Рыбалоўства. Саматужная вытв-сць сувеніраў. Гал. крыніца даходаў — продаж мясц. паштовых марак, якія карыстаюцца вял. попытам у філатэлістаў. Марскія сувязі пераважна з Новай Зеландыяй. Грашовая адзінка — долар Піткэрна.
У старажытнасці П наведвалі палінезійцы. Адкрыты ў 1767 брыт. капітанам Ф.Картэрэтам. У 1790 на П. знайшлі прытулак 9 маракоў з мяцежнага брыт.ваен. карабля «Баўнці». Яны прывезлі з сабой некалькі палінезійскіх жанчын; іх нашчадкі складаюць сучаснае насельніцтва П. У 1839 абвешчаны брыт. калоніяй, да якой у 1902 далучана некалькі суседніх астравоў.