лу́скаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. што. Раскусваць, разгрызаць, есці з трэскам, хрустам (гарбузікі, сланечнік і пад.). Дзяўчаты лускаюць сланечнік, шэпчуцца, перамаўляюцца, як заўсёды. Лупсякоў.
2. Распаўсюджваць кароткі, сухі гук пры ламанні, лопанні чаго‑н. сухога; патрэскваць. Лускае запалка, ломіцца ў пальцах, але ўспыхвае і гарыць. Пташнікаў. Трымаючыся за голле, Язэп сяк-так дабраўся да ручая. Пайшоў па лузе, які зрэдку лускаў пад ботамі. Асіпенка. / Пра зімовае надвор’е. Мароз бярэцца, націскае, Па лесе лускае, гуляе. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дзе́дзіч і дзе́дзіц, ‑а, м.
Гіст.
1. Наследнік дзедаўскага памесця, двара, маёнтка. Цяпер сын [пана] Крукоўскага прад’явіў свае прэтэнзіі. Дзед Хвядос так і сказаў: «прэтэнзіі». А калі ён дапасаваў гэтае хітрае слова да маладога дзедзіца, дык дабра не чакай. Бажко.
2. Уладар маёнтка, атрыманага ў спадчыну ад продкаў; землеўладальнік. У тыя часы на Прыдняпроўі ў багатых дзедзіцаў заўсёды існавалі пры стайні, праварыне і бегавых дарожках — словам, пры ўсім, што складала конскі завод — некалькі пакояў, штосьці накшталт мужчынскага клуба. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мігце́ць, ‑ціць; незак.
1. Ледзь свяціцца. У хаце чад, мігціць газніца. Лужанін. У адным акне мігцеў скупы агонь. Чарнышэвіч.
2. Свяціць няроўным бляскам. Праз некаторы час неба на ўсходзе пабялела і зоркі пачалі мігцець не так ярка. Ляўданскі.
3. Хутка праносіцца, мільгаць. Вятры тугія свішчуць ля кабіны, Мігцяць слупы, зігзагі паваротаў. Ставер.
4. перан. З’яўляцца на кароткі час і зноў знікаць. Мігцяць думкі. □ Мучыў боль па загінуўшым сыне, мігцела надзея хоць што-небудзь пачуць аб ім. Лужанін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няўпэ́ўнены, ‑ая, ‑ае.
1. Які сумняваецца ў правільнасці чаго‑н., пазбаўлены веры, упэўненасці. Часам бывае так: быў чалавек няўпэўнены ў якой-небудзь справе, не верыў у яе поспех. І раптам убачыў, што справа дае пэўную карысць. І тады гэты чалавек робіцца самым заўзятым яе прыхільнікам. Зуб.
2. Які выказвае нерашучасць, адсутнасць цвёрдасці. Стук быў ціхі, няўпэўнены, але ён скалануў... Лёдзю. Карпаў. Голас падаўся нясмелы, няўпэўнены, але яго раптам многія падтрымалі, бо ён, відаць, быў тут да месца. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падга́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак.
Разм.
1. Нарабіць чаго‑н. кепскага, гадкага каму‑н., нашкодзіць. Як бы ні радзіў, абы не падгадзіў. Прыказка.
2. (пераважна з адмоўем «не»). Зрабіць што‑н. не так, як належыць; сапсаваць. — Націскай, Ігнат, націскай! — Не паддавайся, Алеся, наляж!.. — Алеська, не падгадзь! Скрыган.
падгадзі́ць, ‑гаджу́, ‑го́дзіш, ‑го́дзіць; зак.
Разм.
1. Угадзіць, дагадзіць каму‑н.
2. пераважна безас. Стаць, быць спрыяльным (пра надвор’е). [Мароз:] — Падгадзіла з дожджыкам — і ўраджай, не падгадзіла — няма яго. Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пазі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.
1. Быць натурай для фатографа або мастака. Сам Пік, як звар’яцелы, бегае па гораду па нейкіх справах: афармляе дакументы.., пазіруе фатографам і дае інтэрв’ю. Быкаў. [Ісак:] — Мне хочацца намаляваць вас. Можа вы згодзіцеся пазіраваць мне? Асіпенка.
2. Прымаць позу (у 2 знач.), рысавацца. Васіль і зайздросціў Шышкову за ўменне так добра, дакладна расказваць і ў думках дакараў за тое, што ён яўна крыху пазіруе. Шамякін. [Ала] крыху пазіруе, каб даць .. [Васілю Пятровічу] магчымасць паглядзець на сябе бяссільную. Карпаў.
[Фр. poser.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
папсава́ць, ‑псую, ‑псуеш, ‑псуе; ‑псуём, ‑псуяце; зак., што.
1. Сапсаваць усё, многае. Уначы Жаўна з групай партызан свайго атрада прабраўся ў тыл ворага, перабіў батарэйцаў і папсаваў гарматы. Шамякін.
2. Прывесці ў няспраўны стан, зрабіць непрыгодным; пашкодзіць. У лесе Сагайдаку давялося ісці пеша: дарогу, нядаўна размытую дажджамі, папсаваў гусеніцамі трактар. Парахневіч. // Разм. Зрабіць дрэнным, непрыемным; пагоршыць у якой‑н. ступені. Таня таксама старалася рабіць усё так, каб гэтая размова не папсавала яе адносін з Верай і гаспадыняй. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разуме́цца, ‑е́ецца; незак.
1. Падразумявацца, мецца на ўвазе.
2. у знач. пабочн. разуме́ецца (звычайна ў спалучэнні са словамі «само сабой»). Несумненна, канешне, ясна. [Цімоха] цікавіла, галоўным чынам, усё, што датычылася лесу і пастуховае справы: ці ёсць яшчэ трава, ці скасілі ўжо ў Лядзінах атаву. Пры гэтым, разумеецца, многа было размовы і аб чорным бычку. Колас.
3. у знач. сцвярджальнай часціцы разуме́ецца. Так, вядома, канешне. Разумеецца, я з вялікай ахвотаю згадзіўся занесці дзядзьку полудзень. Колас.
4. Зал. да разумець.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
растапта́ць, ‑тапчу, ‑топчаш, ‑топча; зак., каго-што.
1. Топчучы або наступіўшы, расціснуць. — Грыб вунь растаптала, — з жалем сказаў Андрэй і паказаў на збіты нагой чорны баравічок. Скрыпка. Лёня кінуў так і не дакураны бычок, растаптаў яго, плюнуў і моўчкі ўзяў з рук Хоміча павады. Брыль. // перан. Зняважыць чые‑н. пачуцці, унізіць чыю‑н. годнасць. [Сяргей:] — Вы растапталі маю веру ў чалавечую шчырасць! А я лічыў вас сапраўднымі людзьмі... Шамякін.
2. Разм. Доўга носячы, зрабіць залішне прасторным, разнасіць (абутак). Растаптаць туфлі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
самаздаво́лены, ‑ая, ‑ае.
Такі, які здаволены сабой, перакананы ў сваёй перавазе, годнасці і паказвае, праяўляе гэту здаволенасць. Самаздаволеныя пустасловы. □ Вейс быў недалёкі чалавек, самаздаволены, саманадзейны. Лынькоў. Сказаць так, каб гэта было папрокам самаздаволенаму Граку, які дванаццаць год старшынствуе тут, выстаўляе гэта як сваю заслугу, а слядоў гаспадарання яго не відно. Шамякін. // Які выражае здаволенасць самім сабою, сведчыць пра гэта. Было відаць, што ў .. [Дулькі] ўсё прадумана. Пачала нават выпрацоўвацца свая поза і голас — самаздаволены, з прыпынкамі «а-хм... гм...». Кірэенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)