КЛА́ЎЗЕВІЦ ((Clausewitz) Карл фон) (1.6.1780, Бург, каля г. Магдэбург, Германія — 16.11.1831),
нямецкі ваен. дзеяч, тэарэтык і гісторык. Ген.-м. прускай арміі (1818). На вайск. службе з 1792. Удзельнік войнаў з Францыяй 1793—94, 1806—07, 1812—15 (у 1812—14 на рас. службе; у вайну 1812 удзельнічаў у баях на тэр. Беларусі, у т. л. пад Астроўнам). У 1818—30 дырэктар ваен. вучылішча ў Берліне. Гал. праца — гіст. даследаванне «Аб вайне» (т. 1—3, выдадзена пасмяротна ў 1832—34, бел. пер. 1933—34). Устанавіў сувязь вайны з палітыкай («вайна ёсць працяг палітыкі іншымі сродкамі»), шэраг стратэг. прынцыпаў, неабходных для дасягнення перамогі, вырашаў праблемы суадносін наступлення і абароны, падкрэсліваў значэнне маральнага духу арміі і інш.
Тв.:
Рус. пер. — К.Клаузевиц о войне. М., 1990.
т. 8, с. 327
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БРЫНСКАЕ КНЯ́СТВА феадальнае княства ў бас. рэк Мухавец і Кобрынка. Цэнтр — г. Кобрын. Узнікла каля 1404 пасля падзелу ўладанняў кн. Фёдара Ратненскага (сына вял. кн. ВКЛ Альгерда) паміж яго сынамі Сангушкам (родапачынальнік кн. роду Сангушкаў) і Раманам (родапачынальнік кн. роду Кобрынскіх). На працягу 15 ст. самастойная адм.-тэр. і судовая акруга ў складзе ВКЛ. Падзялялася на Кобрынскую і Прушанскую (Пружанскую) воласці. У пач. 16 ст. ў сувязі са згасаннем роду Кобрынскіх княства скасавана, а яго тэрыторыю Жыгімонт I Стары ў 1519 у якасці староства перадаў у пажыццёвае валоданне маршалку ВКЛ В.Косцевічу (мужу Г.С.Кобрынскай). Пасля яго смерці ў 1532 староства ў якасці павета далучана да Падляшскага ваяв., у 1566 увайшло ў Берасцейскі павет.
В.С.Пазднякоў.
т. 8, с. 369
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́САЎСКАЯ РАЁННАЯ АНТЫФАШЫ́СЦКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з крас. 1942 да ліп. 1944 на тэр. Косаўскага р-на, уваходзіла ў Брэсцкую абл. антыфаш. арг-цыю. Створана на базе падп. груп, што ўзніклі ў першыя месяцы вайны. Складалася з ячэек, аб’яднаных у падраёны. К-т арг-цыі (кіраўнікі М.Ф.Трында, А.М.Мініч, В.Т.Радзюк) наладзіў сувязь з падпольшчыкамі Слонімскага р-на і дапамог ім у стварэнні сваёй антыфаш. арг-цыі. Падпольшчыкі вялі агітацыю сярод насельніцтва, збіралі і перадавалі партызанам зброю, боепрыпасы, харч. прадукты, медыкаменты, адзенне, палілі і разбіралі масты, парушалі сувязь ворага, з дапамогай насельніцтва перакопвалі дарогі на Ружаны, Пружаны і інш., рабілі на іх завалы; удзельнічалі ў Косаўскім баі 1942.
В.У.Скалабан.
т. 8, с. 428
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ЧАЎСКІ БОЙ 1651,
бой паміж казацка-сялянскім войскам і войскам ВКЛ у час антыфеадальнай вайны 1648—51. У чэрв. 1651 4 тыс. ўкр. казакоў на чале з палк. І.Шохавым зрабілі рэйд праз тэр. Расіі ва ўсх. паветы ВКЛ. 6 чэрв. яны захапілі Рослаўль, частка казакоў і сялян, якія далучыліся да іх, пасланы Шохавым да Крычава. На дапамогу гарнізону горада Я.Радзівіл накіраваў атрад Вейса ў 300 коннікаў і 600 пехацінцаў, які злучыўся з атрадам мсціслаўскай, аршанскай і віцебскай шляхты на чале з мсціслаўскім падсудкам Валовічам. 28.6.1651 недалёка ад Крычава ўрадавыя войскі былі разбіты казацка-сялянскім войскам. У баі загінулі Валовіч, мсціслаўскі пісар Сухадольскі і інш. знатныя шляхціцы. Вейс узяты ў палон і забіты. Крычаў узяты штурмам.
т. 8, с. 525
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУСЦІ́НСКІ (Міхаіл Францавіч) (28.9.1829, в. Завідзічы Лепельскага р-на Віцебскай вобл. — 1905),
бел. археолаг. Скончыў Віленскі дваранскі ін-т, Пецярбургскі ун-т. Чл. Маск. археал. т-ва (з 1874, чл.-кар. з 1867). У 1850—90 вывучаў археал. помнікі Віцебшчыны, склаў яе археал. карту, для Пецярбургскай акадэміі мастацтваў зрабіў табліцу курганоў і гарадзішчаў кожнага павета Віцебскай губ. Упершыню на Беларусі пачаў фатаграфаваць працэс раскопак, складаць фотатэку помнікаў старажытнасцей Віцебскай і суседніх губерняў. Даследаваў Гнёздаўскі курганны могільнік пад Смаленскам (гл. Гнёздава), тэр. ў вярхоўях Зах. Дзвіны, Дняпра, Волгі. Вывучаў Барысавы камяні. Аўтар «Успамінаў» (захоўваюцца ў Цэнтр. б-цы АН Літвы).
Літ.:
Алексеев Л.В. Археология и краеведение Белоруссии XVI в. — 30-е годы XX в. Мн., 1996.
Т.М.Каробушкіна.
т. 9, с. 58
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЦІ́НСКІ САЮ́З,
федэрацыя старажытнаіталійскіх гарадоў на тэр. сучаснай вобл. Лацыо, якая ўзнікла ў пач. 1-га тыс. да. н.э. і аб’ядноўвала (паводле ант. традыцыі) 30 абшчын. Напачатку Л.с. узначальваў г. Альба-Лонга, з 6 ст. да н.э. — Рым. Гарады мелі агульныя святы, саюзны сход вырашаў агульныя пытанні і спрэчкі паміж яго членамі. У канцы 6 — пач. 5 ст. да н.э. некаторыя лац. абшчыны часова вызваліліся ад рым. панавання. У 493 да н.э. Л.с. адноўлены (на чале з Рымам) на ўмовах узаемадапамогі ў войнах, удзеле камандавання пры падзеле здабычы. У час гальскага нашэсця (390 ці 387 да н.э.) Л.с. распаўся. У 358 да н.э. аднавіўся на больш выгадных для Рыма ўмовах. Скасаваны пасля 2-й Лацінскай вайны (340—338 да н.э., гл. Лацінскія войны).
т. 9, с. 167
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЁЗНЕНСКІ ВАЕ́ННА-ГІСТАРЫ́ЧНЫ МУЗЕ́Й Засн. ў 1993 у г.п. Лёзна Віцебскай вобл. Пл. экспазіцыі 307 м², больш за 9 тыс. экспанатаў асн. фонду (1999). Сярод экспанатаў стараж. прадметы побыту і прылады працы, у т. л. з археал. раскопак на тэр. Лёзненшчыны, матэрыялы па гісторыі буйных нас. пунктаў раёна, пра рэв. рух 19 — пач. 20 ст., падзеі грамадз. вайны, індустрыялізацыю і калектывізацыю, рэпрэсіі сав. часу; дакументы і матэрыялы пра выдатных землякоў акад. П.І.Альсміка, М.А.Ізобава, оперную спявачку Л.Р.Ганеставу, Герояў Сац. Працы, воінаў-інтэрнацыяналістаў і інш. Значнае месца займаюць матэрыялы пра Вял. Айч. вайну: абарончыя і вызв. баі, дзейнасць падполля і партыз. рух, удзел у вайне воінаў-землякоў; завяршае экспазіцыю мемар. зала «Памяць». Экспануюцца таксама нар. касцюмы, вышыванкі, керамічныя цацкі і інш.
Л.Г.Бараноўская.
т. 9, с. 230
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ДЫЯ (грэч. Lydia),
старажытная дзяржава на З М. Азіі ва ўрадлівай даліне р. Герм. Насялялі індаеўрап. плямёны лідыйцаў. Каля 7 ст. да н.э., багатая радовішчамі золата, Л. ўпершыню ў гісторыі пачала чаканку манет; развіваліся ювелірнае, ткацкае, гарбарнае рамёствы. У пач. 1-га тыс. да н.э. ў складзе Фрыгіі. У пач. 7 ст. да н.э. незалежная дзяржава са сталіцай у г. Сарды. Правячая яе дынастыя — Мермнады (цары Гугу, Аліят, Крэз) усталявала сваю ўладу амаль на ўсёй тэр. М. Азіі. У 546 да н.э. Л. заваявана перс. царом Кірам II; у 4 ст. да н.э. ў складзе дзяржавы Аляксандра Македонскага. У 3—2 ст. да н.э. падпарадкавана Селеўкідамі, пазней у складзе Пергамскай дзяржавы. У 133 да н.э. частка рым. правінцыі Азія.
т. 9, с. 253
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛУ́КСКІЯ АСТРАВЬІ (Moluccas, Maluku),
група астравоў ва ўсх. ч. Малайскага архіпелага, паміж а-вамі Сулавесі і Новая Гвінея. Тэр. Інданезіі. Пл. 83,7 тыс. км². Нас. 1,8 млн. ж. (1989). Асн. астравы — Хальмахера, Серам, Буру. Раён М.а. адзін з найб. актыўных раёнаў, дзе фарміруецца альпійская геасінклінальная вобласць Паўд.-Усх. Азіі. Астравы гарыстыя, пераважаюць выш. ад 1000 да 2000 м (найб. — 3019 м, г. Біная). Каля 10 дзеючых вулканаў. Клімат экватарыяльны, на Пд — субэкватарыяльны. Сярэднія т-ры ад 25 °C да 27 °C. Ападкаў ад 1500—2000 мм у нізінах, да 4000—5000 мм у гарах. Рачная сетка густая, рэкі паўнаводныя. Больш за 80% тэрыторыі ўкрыта вечназялёнымі і лістападнымі трапічнымі лясамі. Вырошчваюць рыс, кукурузу, вострыя прыправы. Асн. порт — Амбон.
т. 10, с. 38
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРАКА́НСКІЯ КРЫ́ЗІСЫ,
вострыя міжнар. канфлікты, што ўзніклі ў 1905—11 у ходзе барацьбы Францыі і Германіі за Марока. У сак. 1905 герм. ўрад выступіў супраць франц. экспансіі ў Марока, за захаванне там прынцыпу «адчыненых дзвярэй» і за скліканне міжнар. канферэнцыі па Марока. На баку Францыі выступіла Англія, і Альхесіраская канферэнцыя 1907 умацавала яе «асаблівыя інтарэсы». Новы М.к. узнік у 1907 пасля захопу франц. войскамі Касабланкі і Уджды, скончыўся перамогай Францыі. У 1911, пасля акупацыі Францыяй Феса, герм. ўрад патрабаваў ад Францыі тэр. «кампенсацыі» і накіраваў у ліп. 1911 у мараканскі порт Агадыр кананерку «Пантэра». 4.11.1911 паводле франка-герм. пагаднення Германія прызнала пратэктарат Францыі над Марока ў абмен на ўступку ч. правабярэжнага Конга і прызнання за ёй права «адчыненых дзвярэй» тэрмінам на 30 гадоў.
т. 10, с. 103
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)