МАГНІТАСТРЫКЦЫ́ЙНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,

магнітамяккія матэрыялы з дастаткова вял. эфектам магнітастрыкцыі. Да іх адносяць нікель і сплавы на яго аснове (напр., пермалой), жалезакобальтавыя (напр., пермендзюр) і жалеза-алюмініевыя (алфер) сплавы, а таксама злучэнні рэдказямельных элементаў, некаторыя ферыты і інш. Металічныя М.м. звычайна пракатваюць у стужкі таўшчынёй да 0,3 мм, з якіх штампуюць або навіваюць асяродкі, з ферытавых М.м. вырабляюць маналітныя асяродкі. Выкарыстоўваюцца як пераўтваральнікі эл.-магн. энергіі ў мех. і наадварот (напр., выпрамяняльнікі акустычных ваганняў, датчыкі ціску, радыёчастотныя фільтры).

т. 9, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЗАЛАВА,

вёска ў Мсціслаўскім р-не Магілёўскай вобл., каля р. Белая Натапа, на аўтадарозе Магілёў—Мсціслаў. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 11 км на ПдЗ ад г. Мсціслаў, 90 км ад Магілёва, 8 км ад чыг. ст. Ходасы. 686 ж., 229 двароў (1999). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — царква (пач. 19 ст.). Каля вёскі гарадзішча мілаградскай культуры, зарубінецкай культуры і эпохі Кіеўскай Русі.

т. 9, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКСІМЕ́НЯ (Іосіф Маркавіч) (16.8.1912, в. Старына Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 15.8.1964),

Герой Сав. Саюза (1940). У Чырв. Арміі з 1934. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. 5.3.1940 пад агнём праціўніка закідаў гранатамі варожы дот, заняў вышыню і 1,5 гадз утрымліваў яе да падыходу падраздзялення, 7 сак. адзін з першых фарсіраваў р. Вуокса і забяспечваў пераправу батальёна. У Вял. Айч. вайну камандзір узвода партыз. атрада брыгады імя М.​Шчорса Мінскай вобл. Пасля вайны на гасп. рабоце.

т. 9, с. 546

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЫ́Я АЎЦЮКІ́,

вёска ў Калінкавіцкім р-не Гомельскай вобл., каля вадасх. Аўцюкі, на аўтадарозе Калінкавічы — Гомель. Цэнтр сельсавета. За 12 км на У ад г. Калінкавічы, 110 км ад Гомеля, 5 км ад чыг. ст. Галявіцы. 978 ж., 458 двароў (1999). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. У вёсцы праводзіцца Усебел. фестываль нар. гумару (1 раз у 2 гады).

т. 10, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНА́РХ (грэч. monarchos ад monos адзін + archos правіцель),

аднаасобны кіраўнік дзяржавы, які ажыццяўляе ўладу паводле ўласнага права, а не ў дэлегаваным парадку. Улада М. з’яўляецца, як правіла, пажыццёвай і перадаецца ў спадчыну. Ва ўсіх манархічных краінах М. паводле закону — недатыкальная асоба. У розных краінах М. маюць розныя назвы: кароль — у Вялікабрытаніі, Іспаніі, Даніі, Швецыі, Бельгіі; султан — у Малайзіі, Брунеі, Амане, эмір — у Кувейце, Аб’яднаных Араб. Эміратах, вял. герцаг — у Люксембургу, князь — у Ліхтэнштэйне. Гл. таксама Манархія.

т. 10, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНІЯКА́ЛЬНА-ДЭПРЭСІ́ЎНЫ ПСІХО́З,

цыркулярны псіхоз, псіхічнае захворванне, якое характарызуецца перыядамі прыгнечанасці (дэпрэсіі), узбуджэння (маніякальны стан, гл. Манія) і аднаўлення здароўя (светлы прамежак). М.-д.п. — комплекс спадчынных і набытых вегетатыўна-эндакрынных і абменных парушэнняў, вынік расстройства рэгулятарных механізмаў кары вял. паўшар’яў і інш. аддзелаў галаўнога мозга. У час дэпрэсіі назіраецца эмацыянальны і інтэлектуальны спад, замаруджванне мыслення і рухаў (бываюць спробы самагубства). Пры маніякальным стане ўзнікае паскоранае і паверхневае мысленне, моварухальнае ўзбуджэнне, добры настрой, хаатычная дзейнасць. Лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары.

т. 10, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРКО́ЎСКІ (Стафан Стафанавіч) (17.5. 1886, в. Кіромна Камянец-Падольскага р-на Хмяльніцкай вобл., Украіна — 28.9.1949),

бел. музыкант, педагог; заснавальнік школы ігры на ўдарных інструментах у Беларусі. Вучыўся ў С.-Пецярбургскай кансерваторыі (1910—12), скончыў Бел. кансерваторыю (1937), з 1932 выкладаў у ёй (у 1944—48 прарэктар) і Мінскім муз. вучылішчы. Адыграў значную ролю ў аднаўленні Бел. кансерваторыі пасля Вял. Айч. вайны. Аўтар «Школы ігры на ўдарных інструментах» (прынята да друку ў 1941, не выдадзена).

Р.​А.​Лагонда.

т. 10, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЧАСВЕ́ТКІ (Noctiluca),

род прасцейшых атр. панцырных жгуціканосцаў кл. жгуцікавых. Пашыраны пераважна ў цёплых (трапічных) марскіх водах, трапляюцца ў Чорным і далёкаўсходніх морах. Утвараюць вял. скопішчы ў паверхневых слаях вады. Адны з асн. арганізмаў, што выклікаюць свячэнне мора.

Цела шарападобнае, дыяметрам 2—3 мм, з рухомым скарачальным жгуцікам-шчупальцам. Цытаплазма мае тлушчавыя ўключэнні, якія пры мех. або хім. раздражненнях (у доследах таксама пры ўздзеянні эл. току) акісляюцца і свецяцца (гл. Біялюмінесцэнцыя). Кормяцца дробнымі водарасцямі, інш. прасцейшымі. Размнажаюцца дзяленнем і пачкаваннем.

т. 11, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́ЎСКІ (Мікалай Арсенавіч) (22.2.1922, г. Гомель — 27.10.1989),

Герой Сав. Саюза (1945). Канд. ваен. н. (1953), дацэнт (1955). Скончыў Кіеўскае артыл. вучылішча (1941), Ваен. артыл. акадэмію імя Дзяржынскага (1950). З 1940 у Чырв. Арміі. У Вял. Айч. вайну на Паўн.-Зах., 2-м Прыбалт., 1-м Бел. франтах. Камандзір артыл. дывізіёна маёр Н. вызначыўся ў Люблін-Брэсцкай аперацыі 1944 у баях на левым беразе Віслы каля г. Пулавы (Польшча). З 1972 выкладчык ваен. акадэміі, супрацоўнік НДІ.

М.А.Неўскі.

т. 11, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́БАЛЬСКІ КЕРАМІ́ЧНЫ ЗАВО́Д.

Засн. ў г.п. Обаль Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. ў 1929 як цагельны з-д. У Вял. Айч. вайну разбураны. Адноўлены ў 1945, у 1968 рэканструяваны. У 1974—77 пабудаваны Обальскі з-д керамічных вырабаў і ў 1980 аб’яднаны з цагельным з-дам пад сучаснай назвай. Асн. прадукцыя (2000): цэгла керамічная вонкавая (фасадная), дэкар. аддзелачная, паўнацелая, пустацелая, гліняная для комінаў, камень керамічны, плітка тратуарная, тэнісіт, каміны, тонкая кераміка (вазы, сувеніры), бітум буд. і дарожны.

т. 11, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)