мінерал класа аксідаў, аксід марганцу MnO2. Мае да 99% MnO2. Крышталізуецца ў тэтраганальнай сінганіі. Крышталі стоўбчатыя, іголкавыя, зросткі радыяльна-прамяністыя і шаставатыя, масы зямлістыя і сажыстыя, ааліты, коркі і інш. Характэрны псеўдамарфозы (гл.Дэндрыт). Колер чорны, сталёва-шэры, бывае з сіняватай пабегласцю. Цв. 6—6,5 (поліяніт), 2—6 (рыхлыя і шчыльн. агрэгаты). Шчыльнасць адпаведна да 5,2 г/см³ і 4,7—5 г/см³. Крохкі. Паходжанне асадкавае, гіпергеннае, радзей нізкатэмпературнае гідратэрмальнае. Гал. мінерал марганцавых руд. Выкарыстоўваецца ў сухіх гальванічных элементах, у шкляной, керамічнай, хім., мед., лакафарбавай, скураной галінах прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПО́ЛАЦАК».
беларускамоўны грамадскі, гісторыка-культуралагічны і літ. ілюстраваны часопіс, які выдаваўся ў 1991—97, у г. Кліўленд (ЗША) бел.-амерыканскім культ.-асв. цэнтрам «Полацак». Гал. мэта выдання часопіса — спрыянне паяднанню беларусаў замежжа і Бацькаўшчыны. Раздзелы і рубрыкі: «Наша гісторыя», «Роднае слова», «Чарнобыльскі шлях», «Вобразы Бацькаўшчыны», «З жыцьця эміграцыі», «З эмігранцкіх выданьняў» і інш. Апублікаваў дакументы 19-й і 20-й сустрэч беларусаў Паўн. Амерыкі, I з’езда беларусаў свету, сустрэчы кіраўнікоў бел. суполак у замежжы, артыкулы па гісторыі і сучасным стане бел. эміграцыі, матэрыялы пра бел. асветнікаў і інш. Выйшла больш за 40 нумароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬСКАЕ КО́ЛА (Koło Polskie, у сэнсе «польскае асяроддзе, гурт»),
назва польскіх парламенцкіх фракцый у аўстр. рэйхсраце (1867—1918), герм. рэйхстагу (1871—1918) і рас.Дзярж. думе (1906—17). У П.к. Германіі і Расіі гал. ролю адыгрывалі нац.-дэмакраты (эндэкі), якія абапіраліся на сярэднія пласты грамадства, у Аўстрыі да выбараў 1907 — шляхецкія кансерватары, з 1907 — кансерватары і эндэкі. Члены П.к. стаялі на нац.-рэфармісцкіх пазіцыях. У Аўстрыі і Германіі яны выступалі супраць германізацыі польскіх зямель, у Расіі — супраць русіфікацыі і за аўтаномію Каралеўства Польскага (у Аўстрыі з 1867 існавала аўтаномія польскіх зямель).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́РПЛІШЧАНСКАЯ СПА́СА-ПРААБРАЖЭ́НСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік драўлянага дойлідства 1-й пал. 17 ст. ў в. Порплішча Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. Пабудавана ў 1627, перабудавана ў 1794 з элементамі класіцызму. Крыжова-купальны храм з планам у выглядзе лац. крыжа. Зрубы накрыты ўзаемна перпендыкулярнымі 2-схільнымі дахамі. Над сяродкрыжжам масіўны 8-гранны светлавы барабан, завершаны гранёным купалам з галоўкай. Абапал 5-граннага алтарнага зруба невял. прамавугольныя ў плане рызніцы. У 1883 да гал. фасада прыбудавана 3-ярусная вежа-званіца з бабінцам у ніжнім ярусе, накрытая невысокім 4-схільным шатром.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭСТЫ́Ж САЦЫЯ́ЛЬНЫ,
параўнальная ацэнка грамадствам і яе членамі сац. значнасці розных аб’ектаў, з’яў, іх становішча ў грамадстве, уласцівасцей і характарыстык; адзін з гал. рэгулятараў сац. паводзін, пераваг, рашэнняў, якія прымаюцца. У аснове П.с. ляжыць пэўная сістэма каштоўнасцей, П.с. выяўляецца ў ацэнках, з дапамогай якіх людзі ранжыруюць аб’екты, а таксама ў дзеяннях, дзе яны паказваюць свае перавагі. Існуе складаная сістэма прэстыжных ацэнак фактараў і бакоў жыццядзейнасці грамадства. Як рэгулятар паводзін П.с. ўплывае на важныя сац. працэсы, напр., прафес. занятак, сац. перамяшчэнні, структуру спажывання і ўлічваецца ў галінах сац. кіравання, пры распрацоўцы сац. палітыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУРЫ́ЗМу мастацтве,
плынь у франц. жывапісе 1910—20-х г. Заснавальнікі і гал. прадстаўнікі — А.Азанфан і Ле Карбюзье. У сваім маніфесце «Пасля кубізму» (1918) яны адвяргалі дэкаратывісцкія тэндэнцыі кубізму 1910-х г. і прынятую ім адвольную дэфармацыю натуры, дэкларавалі стварэнне мастацтва дэкаратыўнага паводле сваёй мэты і крайне строгага па форме, ачышчанага ад дэталей і ўскладненняў. У творах, якія вызначаліся падкрэсленай плоскаснасцю, плаўнай рытмікай паўпразрыстых сілуэтаў і контурных абрысаў наўмысна аднатыпных прадметаў, пурысты імкнуліся да рацыяналістычна дакладнай перадачы ўстойлівых прадметных форм, выяўлення першасных элементаў, на ўспрыняцце якіх затрачваўся б мінімум энергіі. У эстэтыцы П. склаліся прынцыпы функцыяналізму.
кітайскі пісьменнік. Пісаў вершы, празаічныя творы («Нататкі з жыцця да і пасля прыроднай катастрофы»), сатыр. п’есы, нарысы, у якіх ствараў вобразы жыцця простага народа. Гал. твор — «Апавяданні Ляо Чжая пра дзівосныя рэчы» (1679, апубл. 1766). Ў навелах (больш за 400), напісаных на старой літ. мове, праз апісанне фантаст. казачных або легендарных падзей выявіліся праблемы тагачаснага кіт. жыцця. Значна паўплываў на развіццё кіт. прозы.
Тв.:
Рус.пер. — Рассказы Ляо Чжая о необычайном. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЦІ́ЦА (Клаўдзій Барысавіч) (3.2.1911, г.п. Пронск Разанскай вобл., Расія — 6.1.1983),
расійскі харавы дырыжор, педагог. Нар.арт.СССР (1966). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1937), у якой у 1938—41 і з 1943 выкладаў (з 1956 праф.). З 1936 гал. хормайстар Опернай студыі Маскоўскай кансерваторыі, хормайстар Маскоўскай філармоніі, у 1943—46 — Дзярж. хору рас. песні. З 1950 маст. кіраўнік Вял.акад. хору Дзяржтэлерадыё СССР. Адначасова ў 1946—60 дэкан дырыжорска-хар. ф-та Муз.-пед. ін-та імя Гнесіных. Аўтар прац па мастацтву харавога дырыжыравання («Нарысы па тэхніцы дырыжыравання хорам», 1948; «Майстры харавога мастацтва ў Маскоўскай кансерваторыі», 1970).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́ВА (Людміла Іванаўна) (н. 8.2.1947, в. Паўлаўка Магілёўскага р-на),
бел. літаратуразнавец. Канд.філал.н. (1992). Засл. дз. культуры Беларусі (1997). Скончыла БДУ (1971). З 1971 працавала ў выд-ве «Навука і тэхніка» (з 1995 — гал. рэдактар). З 1996 дырэктар выд-ва «Беларуская навука». Аўтар прац па праблемах тэатразнаўства, гісторыі бел. драматургіі, тэорыі і практыкі кнігавыдання. Дзярж. прэмія Беларусі 1998.
Тв.:
Рамантыкі пранікнёнае святло: Бел. драматургія 20—30-х гг.Мн., 1987;
Выданне малатыражнай навуковай літаратуры ў арганізацыях НАН Беларусі // Весці НАН Беларусі. Сер. гуманіт.навук. 2001. №2;
Аўтарскае права ў кантэксце выдання навуковай літаратуры // Там жа. №3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́СКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры псеўдарускага стылю ў г.п. Рось Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. Закладзена ў 1908 з цэглы на бутавым цокалі, неатынкавана. Уяўляе сабой квадратны ў плане асн. аб’ём, да якога далучаны 3-гранная апсіда з рызніцамі і 2-ярусная вежа-званіца (1-ы ярус — чацвярык, 2-і — 8-гранны, завершаны шатром з галоўкай). Асн. аб’ём вылучаны 8-гранным светлавым барабанам з цыбулепадобным купалам. Над апсідай — невял. галоўка. Гал. ўваход аформлены кілепадобным франтонам на паўкалонках, 2 бакавыя ўваходы з масіўнымі слупамі і кілепадобным казырком. У інтэр’еры драўляны іканастас, дэкарыраваны паўкалонкамі, накладной разьбой.