перазда́ць, ‑здам, ‑здасі, ‑здасць; ‑здадзім, ‑здасца, ‑здадуць; зак., што.
1. Здаць у карыстанне што‑н. нанава, на іншых умовах або каму‑н. другому. Пераздаць зямлю ў арэнду. Пераздаць пакой.
2. Разм. Здаць экзамен, залік паўторна, яшчэ раз. А мне ўспамінаецца, як некалі Барыс усё скардзіўся, што яму цяжка даецца матэматыка. Я ж казаў, што невялікая бяда і пераздаць адзін прадмет і ні ў якім выпадку не трэба кідаць вучобу ў машынабудаўнічым тэхнікуме. Мыслівец.
3. Здаць, раздаць нанава (карты).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падмачы́ць, ‑мачу, ‑мочыш, ‑мочыць; зак., каго-што.
Крыху, злёгку намачыць; даць падмокнуць. З тыдзень, можа, свякруха пашыла з ёю ў ладах, а потым не было таго дня, каб не грызла за што-небудзь: дождж падмочыць сена — нявестка вінавата, квахтуха рэшата скіне — зноў нявестка вінавата. Гроднеў.
•••
Падмачыць рэпутацыю — знізіць чый‑н. аўтарытэт, выставіць з нядобрага боку. І трэба прызнацца — Мікалай Мірлікійскі выставіў Мікіту таксама з нядобрага боку і што называецца падмачыў яго рэпутацыю сталага хлопца ў вачах затонскіх старадумаў. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нава́жыць 1, ‑важу, ‑важыш, ‑важыць; зак., чаго.
Узважваючы, нарыхтаваць у якой‑н. колькасці. Наважыць цукру для расфасоўкі.
нава́жыць 2, ‑важу, ‑важыш, ‑важыць; зак., з інф.
Намерыцца што‑н. рабіць або зрабіць. [Паходня] наважыў прасіць, каб яму адтэрмінавалі залікі за першы курс партыйнай школы. Хадкевіч. Малады інжынер наважыў арганізаваць догляд тэхнікі па-новаму. Кухараў. // Рашыць, вырашыць. Вятроў адразу наважыў не страляць: трэба было берагчы патроны. Лупсякоў. Нарэшце .. [Люба] наважыла кінуць работу ў клубе і заняцца толькі хатняю справай. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
накача́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-чаго.
1. Качаючы, зрабіць, прыгатаваць нейкую колькасць. Накачаць галушак. □ [Тхорык:] — Пайду, мне трэба яшчэ шроту накачаць. Кулакоўскі.
2. Выгладзіць пры дапамозе качалак у нейкай колькасці (пра бялізну і інш.).
3. перан. Разм. Напаіць зусім п’яным. От я аднаго разу набраў гарэлкі.., накачаў свайго механіка да таго, што не разбярэш, што ён мармыча і чаго галавой матляе. Шынклер.
4. Тое, што і напампаваць. — Хлопцы, — прашу я іх, — памажыце гору, накачайце вады са студні. «Маладосць».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
плашча́к, ‑а, м.
1. Тое, што і плашка. Павел Сцяпанавіч.. разам з бацькам-пільшчыкам распускаў па вёсках.. тоўстыя калоды на вяршковыя і цалёвыя дошкі, на плашчакі. Паслядовіч. Хаты ў гаспадароў былі больш-менш добрыя. Сустракаліся нават пяцісценкі з магутных сасновых плашчакоў, рубленых «у лапу». Машара.
2. Плоскі бок чаго-небудзь. Яшчэ раз шапатне [дзядзя Міша] нажніцамі і пачне вадзіць за тваёй патыліцай люстэркам, каб ты, узіраючыся ў вялізны шкляны плашчак перад сабою, бачыў, што ўсё зроблена як трэба. Паслядовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прапалі́ць, ‑палю, ‑паліш, ‑паліць; зак., што.
1. Спаліць наскрозь; выпаліць дзірку. — Бачыш, як баіцца, каб не сказала, што штаны прапаліў. Сіўцоў.
2. і ў чым. Напаліць, выпаліць (печ, трубку і пад.) для абагравання (хаты, пакоя і пад.). Трэба было печ прапаліць, а то ахалодала ў хаце. Лобан. У нас даўно ўжо не было чым прапаліць у печы, і ў хаце стаяла такая халадэча, што, бадай, цяплей было на дварэ. Сачанка.
3. і без дап. Паліць некаторы час.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
праспа́ць, ‑сплю, ‑спіш, ‑спіць; зак.
1. Спаць некаторы час. А калі яшчэ паднялося сонца ды прыгрэла .. [хлопцаў], то яны праспалі аж да паўдня. Маўр.
2. Прачнуцца пазней, чым трэба. У інстытут Юрка прыйшоў у гуморы, хоць праспаў і спазніўся на першую лекцыю. Карпаў. Назаўтра Толя праспаў і ледзь паспеў разам са званком ускочыць у клас. Якімовіч.
3. што. Сплючы, не ўбачыць ці не пачуць, прапусціць, празяваць што‑н. Хлопцы не ведалі, чаму Курту іменна хацелася не праспаць Варшавы. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыпільнава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак., каго-што.
Пільнуючы, дачакацца паяўлення каго‑, чаго‑н.; высачыць. [Тамаш:] — Я зачапіць яе не адважваўся, яна для мяне як святая была. А гэты гад прыпільнаваў, калі яна з вячорак ішла... Чарнышэвіч. «Трэба прыпільнаваць таго, хто сюды ходзіць, хоць бы прыйшлося сядзець тут да самай зімы», — падумаў Косця. Якімовіч. // перан. Дачакацца, выбраць (зручны момант, час і пад.). — Паспрабуйце дастаць добры план горада Мінска.. — Калі выпадзе зручны момант — паспрабуем. — Такі момант яны прыпільнавалі. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыпрэ́гчы, ‑прагу, ‑пражэш, ‑пражэ; ‑пражом, ‑пражаце, ‑прагуць; пр. прыпрог, ‑прагла і ‑прагла, ‑прагла і ‑прагло; зак., каго-што.
1. Упрэгчы яшчэ, да раней запрэжаных жывёл. На крутым пад’ёме, не спыняючы ходу, мужыкі прыпрэглі яшчэ трох коней. П. Ткачоў.
2. перан. Разм. Прымусіць далучыцца да каго‑, чаго‑н.; прыцягнуць. Паміж сабою дома яны не раз цішком разбіралі падзеі апошніх дзён, а цяпер, на сходзе, трэба ўсё гэта аформіць. А для законнасці яны і старасту Бабіча прыпрэглі сюды. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыспяшы́ць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., каго-што.
1. Тое, што і прыспешыць. Рыгор — вельмі цэльная натура. У пэўнай меры, ён нават максімаліст, ён не хоча чакаць, пакуль ход падзей прывядзе да належных рэвалюцыйных вынікаў, а гатовы гэтыя падзеі прыспяшыць, даць ім штуршок у пажаданым кірунку. Навуменка.
2. і без дап. Пастарацца хутчэй зрабіць што‑н.; паспяшацца. — А з стварэннем брыгады трэба прыспяшыць... Штаб партызан мае весткі, што хутка сюды прыйдзе дывізія рэгулярных нямецка-фашысцкіх войск. Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)