2 надсямействы вусаногіх ракападобных жывёл падатр. тарацыкавых. Больш за 400 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах да глыб. 160 м. Жывуць на дне, прымацоўваюцца да цвёрдага субстрату (скалы, канструкцыі) або да прадметаў ці жывёл (кіты, чарапахі і інш.), днішчаў суднаў (адмоўна ўплываюць на іх мараходныя якасці). Устойлівыя да неспрыяльных умоў асяроддзя, могуць некаторы час абыходзіцца без вады.
Вышыня вапністага пласціністага доміка-ракавіны, што ўкрывае цела, да 25 см, шыр. да 10 см. Кормяцца планктонам, водарасцямі, якія фільтруюць праз ракавіну з дапамогай 6 пар двухгалінастых ножак. Пераважна гермафрадыты, развіццё з лічынкай. Некат, ядомыя. Гл. таксама Вусаногія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКІ́Я КА́ЧАЧКІ (Lepadomorpha),
надсямейства вусаногіх ракападобных жывёл падатр. тарацыкавых. 3 сям., больш за 450 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных морах, трапляюцца да глыб. 8 км. Жывуць на дне, прымацоўваюцца да скал, камянёў або прадметаў ці жывёл (кіты, чарапахі і інш.), некат. ўтвараюць своеасаблівы паплавок і трымаюцца пад паверхняй вады.
Даўж. цела да. 6 см, укрыта вапністымі пласцінкамі; пярэдняя ч. галавы ператворана ў падоўжаную (да 75 см) голую або лускаватую сцяблінку, якой М.к. прымацоўваюцца да субстрату. Кормяцца пераважна планктонам, водарасцямі. адфільтроўваюць іх з дапамогай 6 пар двухгалінастых ножак. Гермафрадыты і раздзельнаполыя. Некат. ядомыя. Гл. таксама Вусаногія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКІ́Я ЛІЛЕ́Ічленістыя
(Articulata),
падклас беспазваночных жывёл кл. крынаідэй тыпу ігласкурых. Вядомы з пач. мезазою (каля 200 млн. гадоў назад). 4 атр., каля 700 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах, трапляюцца да глыб. 10 км.
Цела чашкападобнае, уверх уздымаецца венчык перыстых, разгалінаваных прамянёў — «рук» (да 200) даўж. да 35 см. Маюць вапняковы шкілет з пласцінак рознай формы і памераў. У сцябліністых М.л. уніз ад чашачкі адыходзіць сцябло даўж. да 1 м, якое прымацоўваецца да грунту. У бессцябліністых М.л. — шматлікія рухомыя адросткі, з іх дапамогай некат. формы здольныя плаваць і поўзаць па дне. Кормяцца планктонам, дэтрытам. Раздзельнаполыя, развіццё з ператварэннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКІ́ТЫ (ісп. mosquito ад лац. musca муха; Phlebotomidae),
сямейства даўгавусых двухкрылых насякомых. 4 роды, больш за 500 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў месцах з цёплым кліматам. Жывуць у норах жывёл, пячорах, расколінах скал, дуплах дрэў, пабудовах. Актыўныя ў прыцемку і ўначы. У складзе гнюсу. Могуць быць пераносчыкамі маскітнай ліхаманкі, лейшманіёзаў і інш.
Даўж. да 4 мм. Цела ўкрыта жоўтымі або шэрымі валаскамі. Крылы шырокія, завостраныя на канцах, прыўзнятыя над целам. Вусікі 16-членікавыя. хабаток доўгі. тонкі. Самцы кормяцца сокамі раслін, самкі — крывасмокі. Укусы М. моцна свярбяць, часам балючыя. Лічынкі жывуць і кормяцца ва ўмерана вільготнай глебе. багатай арган. рэшткамі, у норах, гнёздах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСЛІ́НА, аліўкавае дрэва (Olea),
род кветкавых раслін сям. маслінавых. Каля 60 відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках. Характэрны элемент цвердалістых хмызнякоў і рэдкастойных лясоў. У культуры М. вядома з 3—2-га тыс. да н.э.
Вечназялёныя дрэвы ці кусты выш. 10—15 м. Лісце супраціўнае, ланцэтнае, скурыстае. Кветкі дробныя, белаватыя, духмяныя, у пазушных суквеццях. Плод — касцянка цёмна-фіялетавага ці чорнага колеру. Плады алейнай расліны М. культурнай. ці еўрапейскай (O. europaea), маюць 25—80% невысыхальнага алею; іх соляць, кансервуюць (зялёныя і спелыя). Са свежых алівак атрымліваюць мед., харч. (лепшы сорт праванскі), тэхн. алей. Макуха — корм для жывёл, драўніна ідзе на сталярныя і такарныя вырабы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦЯРДУ́ШКА (Origanum),
род кветкавых раслін сям. губакветных. Каля 20 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі М. звычайная (O. vulgare, нар. назвы душанка, пчалалюб, бабіна душыца). Трапляецца на сухіх лугах, палянах, у светлых лясах.
Шматгадовыя травы выш. да 80 см. Сцёблы прамастойныя, густаваласістыя. Лісце чаранковае, супраціўнае, яйцападобнае. Кветкі дробныя, ружаватыя ці ружавата-пурпуровыя ў шчыткападобна-мяцёлчатых суквеццях. Плод — 4-арэшак. М. звычайная мае эфірны алей, дубільныя рэчывы, аскарбінавую к-ту. Зялёныя парасткі і кветкі ўжываюцца ў ежу, пры засолцы і кансерваванні, выкарыстоўваюцца ў лікёра-гарэлачнай прам-сці, эфірны алей («хмелевы») — для араматызацыі мыла, памады, пасты. Эфіраалейная, лек., меданосная, тэхн. (фарбавальнік) расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ДЫКА-ГЕНЕТЫ́ЧНАЕ КАНСУЛЬТАВАННЕ,
адзін з відаў спецыялізаванай мед. дапамогі, накіраваны на прафілактыку спадчынных хвароб. Асн. задачы М.-г.к.: вызначэнне мед.-генет. прагнозу, стадыі генет. рызыкі ў адносінах да будучага патомства ў сем’ях, дзе ёсць спадчынная паталогія; ацэнка мед. і сац. вынікаў генет. парушэнняў; прапаганда мед.-генет. ведаў і інш. На Беларусі ажыццяўляецца Ін-там генетыкі і цыталогіі Нац.АН, рэсп.мед.генет. цэнтрам у Мінску, кансультатыўнымі кабінетамі. Працуюць 6 кабінетаў па мед. генетыцы, 5 кансультацый «Шлюб і сям’я» (1997). З мэтай вызначэння рызыкі спадчынных хвароб, анамалій развіцця і выяўлення хвароб на ранніх стадыях праводзяць генет. прасейванне (скрынінг). Створана праграма па выяўленні носьбітаў спадчынных хвароб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАНІ́МІЯ (ад грэч. metōnymia перайменаванне),
перанос назвы аднаго прадмета ці з’явы на інш. прадмет ці з’яву на аснове пэўнай прычыннай сувязі паміж імі; від паэт.mpona. М. — ужыванне імя аўтара ў значэнні напісаных ім твораў («вывучаю Пушкіна», «купіў Багдановіча»), назвы краіны — у значэнні насельніцтва, якое там жыве («Уся Беларусь узнялася супраць фашысцкіх захопнікаў»), назвы прылады дзеяння замест яго самога ці яго вынікаў («пяро Купалы», «пэндзаль Бялыніцкага-Бірулі»), назвы посуду замест таго, што ў ім звычайна знаходзіцца («выпіў кубак», «з’еў талерку»), перанос значэння ўнутр. уласцівасці рэчы на яе самую («смеласць гарады бярэ») і г.д. Адзін з відаў М. — сінекдаха.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКАТРО́ФЫ [ад грэч. mykes грыб + ...троф(ы)],
мікатрофныя расліны, расліны, якія ўтвараюць мікарызу і атрымліваюць пажыўныя рэчывы з глебы з дапамогай гіфаў грыбоў, звязаных з каранямі. Да М. адносіцца большасць відаў раслін — усе голанасенныя, большасць аднадольных (75%) і двухдольных (80—90%), за выключэннем некат. аднагадовых, асакі, дзеразы, хвашчоў і водных раслін. Адрозніваюць 3 групы М.: расліны, якія не развіваюцца з насення без спалучэння з грыбам-сімбіёнтам (архідныя); расліны, якія могуць расці без мікарызы, але лепш развіваюцца пры спалучэнні з грыбам (многія дрэвы, кусты); расліны, што часта маюць мікарызу, але ў спрыяльных умовах жыўлення добра развіваюцца і без спалучэння з грыбам (напр., бяроза, ліпа, многія кусты).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАФІЛЯ́РЫІ,
лічынкі паразітычных круглых чарвей падкл. філярыін. Больш за 600 відаў. Жывуць у крывяносных і лімфатычных сасудах, галаўным і спінным мозгу, інш. тканках дэфінітыўнага гаспадара. Калі насякомыя — прамежкавыя гаспадары — (камары родаў Aedes, Culex, Mansonia і інш., мошкі роду Simulium) смокчуць кроў, М. пранікаюць у іх кішэчнік, потым у поласць цела, дзе і адбываецца развіццё. Дасягнуўшы інвазійнай стадыі, М. трапляюць у арганізм дэфінітыўнага гаспадара і дасягаюць палавой спеласці. Гельмінтозы людзей, выкліканыя М. вухерэрыя Банкрафта (Wuchereria bancrofti), анхацэрка вольвулюс (Onchocerca volvulus) і бругія малайская (Brugia malayi), найб. небяспечныя; пашыраны ў Паўд.-Усх. Азіі, Цэнтр. і Паўд. Амерыцы, Афрыцы, на астравах Ціхага ак.