ЗВАРНЫ́Я КАНСТРУ́КЦЫІ,

металічныя канструкцыі будынкаў і збудаванняў, элементы якіх злучаны зваркай. У параўнанні з кляпанымі канструкцыямі маюць паніжаны расход металу, меншы кошт вырабу, большую герметычнасць швоў (што асабліва важна для трубаправодаў, рэзервуараў і г.д.). Недахопы: наяўнасць унутраных напружанняў і дэфармацый, карабачанне тонкіх элементаў. З.к. робяць пераважна дугавой зваркай, элементы значнай таўшчыні (30—50 мм і больш) — электрашлакавай зваркай.

т. 7, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІ́ЛЬБЕРБЕРГ-СКУ́ПНІК (Яўгенія Уладзіміраўна) (1873 ? — ліп. 1942),

бел. піяністка і педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1940). Скончыла Пецярбургскую (клас Г.Есіпавай) і Венскую (клас Т.​Лешаціцкага) кансерваторыі. У 1933—41 праф. Бел. кансерваторыі. Выступала ў канцэртах пераважна як ансамблістка, удзельнічала ў выкананні трыо П.​Чайкоўскага і С.​Рахманінава, квінтэта Ф.​Шуберта і інш. Загінула ў мінскім гета.

т. 7, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯЛЁНАКАМЕ́ННЫЯ ПАРО́ДЫ,

група змененых магматычных горных парод асн. і сярэдняга саставу (дыябазы, парфірыты) з характэрнай зялёнай афарбоўкай, якая абумоўлена значнай колькасцю ў іх другасных зялёных мінералаў (хларыт, амфібол, эпідот і інш.). Пашыраны пераважна ў складкавых абласцях (Урал, Каўказ) і т.зв. зялёна-каменных паясах дакембрыю (Паўд. Афрыка, Аўстралія). З.п. — адзін з пошукавых крытэрыяў на медна-калчаданавыя радовішчы.

т. 7, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІАНІ́ЧНЫЯ АСТРАВЫ́ (Ionioi nēsoi),

у Іанічным м., каля зах. берагоў Балканскага п-ва. Тэр. Грэцыі. Пл. больш за 2,3 тыс. км². Вылучаюцца буйныя астравы: Кефалінія, Керкіра, Закінтас, Лефкас. Складзены пераважна з вапнякоў. Карст. Пагоркі і нізкагор’е, выш. да 1628 м (на в-ве Кефалінія). У далінах земляробства (вінаграднікі, плантацыі цытрусавых, аліўкавыя гаі). Прыморскія кліматычныя курорты. Асн. гарады: Керкіра, Аргастоліян.

т. 7, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́Ў (Якаў) (Якушка),

разьбяр па дрэве 2-й пал. 17 ст. Паходзіў з Віцебска. Майстар беларускай рэзі. Працаваў пераважна ў Маск. дзяржаве. У канцы 1666 пераведзены з Васкрасенскага Нова-Іерусалімскага манастыра ў Маскву. Разам з інш. бел. майстрамі ўдзельнічаў у аздабленні царскага палаца ў с. Каломенскае (1667—68), рабіў разную мэблю, узорыстыя аконныя рамы і інш.

т. 7, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ЛЬЖА,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Зах. Дзвіна, за 20 км на Пн ад г. Браслаў. Пл. 0,21 км², даўж. 1 км, найб. шыр. 470 м, даўж. берагавой лініі больш за 2,8 км. Схілы катлавіны выш. 3—6 м, пераважна разараныя, месцамі на З і У пад хмызняком. Злучана ручаём з воз. Прасвята.

т. 7, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДАПАКІСТА́НЦЫ,

агульная назва выхадцаў з Пд Азіі (пераважна з Індыі і Пакістана) за межамі Індастана. Агульная колькасць 6,41 млн. чал. (1992). Жывуць у Малайзіі (1,65 млн. чал.), Вялікабрытаніі (1,55 млн. чал.), ПАР, ЗША, Саудаўскай Аравіі, Сінгапуры, Аб’яднаных Араб. Эміратах, Канадзе, Танзаніі і інш. Гавораць на мовах краін пражывання, хіндзі, тамілі. Вернікі — індуісты, мусульмане-суніты, сікхі, джайны.

т. 7, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАБЫ́ЛІНСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Верхнядзвінскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Свольна, за 38 км на ПнУ ад г. Верхнядзвінск. Пл. 0,22 км², даўж. 610 м, найб. шыр. 450 м, даўж. берагавой лініі каля 1,7 км. Схілы катлавіны выш. да 13 м, параслі лесам, на Пн часткова разараныя. Берагі пераважна зліваюцца са схіламі. Каля паўн.-ўсх. берага невял. востраў.

т. 7, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЙЛА́С,

хрыбет у гарах Гандысышань, на Пд Тыбецкага нагор’я, у Кітаі. Цягнецца з ПнЗ на ПдУ паралельна Гімалаям на 300 км. Выш. да 6714 м (г. Кайлас). Складзены пераважна з гранітаў. Паўд. схіл стромкі, вельмі расчлянёны эрозіяй, паўн. — пакаты. Снегавая лінія на выш. 5700—5900 м. Ледавікі. Сухія стэпы, ландшафты халодных пустынь. На К. вытокі рэк Інд і Брахмапутра.

т. 7, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМБІНАВА́НАЯ СІСТЭ́МА ў будаўнічай механіцы,

сістэма, якая спалучае нясучыя канструкцыі розных тыпаў (напр., вісячая канструкцыя з бэлькай, арка з бэлькай і падвескамі). У К.с. звычайна адна ч. элементаў прызначана для работы пераважна на выгін, другая — на расцяжэнне або сцісканне. Пры гэтым недахопы адной сістэмы кампенсуюцца перавагамі другой.

Камбінаваныя сістэмы: 1 — арка з фермай; 2 — вісячая сістэма (кабель) з бэлькай.

т. 7, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)