ІСФАХА́НСКАЯ ШКО́ЛА мініяцюры.

Сфарміравалася на мяжы 16 і 17 ст. у г. Ісфахан (Іран). Заснавальнік стылю Рэза Абасі. Для І.ш. характэрны каліграфічна дакладны віртуозны малюнак з лёгкай падфарбоўкай, пластычная аб’ёмнасць і лёгкасць фігур, найтанчэйшая прапрацоўка дэталей. Для яе майстроў уласцівы спробы надаць мініяцюры новы змест, далучыць да станковага жывапісу (мініяцюры на асобных аркушах, якія збіралі ў альбомы). З 1670-х г.

пад уплывам еўрап. жывапісу ў творах І.ш. з’явіліся элементы святлоценявой мадэліроўкі, лінейнай і паветр. перспектывы ў выявах пейзажных фонаў. Да 18 ст. гэты «еўрапеізаваны» кірунак стаў асноўным.

Ісфаханская школа. Рэза Абасі. Мініяцюра. 1630.

т. 7, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНАЯ ШКО́ЛА, юрыдычная школа,

адзін з гал. кірункаў у рас. гістарыяграфіі ў сярэдзіне 19 — пач. 20 ст. Пачала складвацца ў 1840-я г. Асн. ідэі распрацаваны К.​Дз.Кавеліным, С.М.Салаўёвым, Б.М.Чычэрыным, развіты В.І.Сергеевічам, П.М.Мілюковым, А.С.Лапа-Данілеўскім. М.М.Багаслоўскім, А.А.Кізеветэрам, С.Ф.Платонавым, М.А.Дзяканавым і інш., а таксама ў ранніх працах Ю.У.Гацье, С.​У.​Бахрушына, Б.​Дз.Грэкава. Прадстаўнікі школы лічылі дзяржаву і яе дзейнасць асн. рухаючай сілай гіст. працэсу (адсюль назва), аддавалі значную ўвагу гісторыі рас. права, асабліва прыгоннага (адсюль другая назва), проціпастаўлялі гісторыю Расіі гісторыі краін Зах. Еўропы.

Літ.:

Шапиро А.Л. Русская историография с древнейших времен до 1917 г. [2 изд.]. М., 1993. С. 419—433, 564—602.

т. 6, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРЭ́НСКАЯ ШКО́ЛА, кірэнаікі,

філасофская школа ў Стараж. Грэцыі, заснаваная ў 4 ст. да н.э. вучнем Сакрата Арыстыпам з г. Кірэна. Асн. прадстаўнікі Арэта і Арыстып Малодшы (дачка і ўнук Арыстыпа), Феодар, Эўгемер, Анікерыд і Гегесій. Прыхільнікі К. ш. развівалі этычны бок вучэння Сакрата, прапаведавалі геданізм, аб’яўлялі мэтай жыцця асалоду, падкрэслівалі пры гэтым неабходнасць практычнай дзейнасці як перадумовы асалоды і праяўлення актыўнай волі чалавека для таго, каб не трапіць у палон саміх уцех. Адсюль агульны прынцып універсальнасці чалавека, які павінен умець кіраваць і падпарадкоўвацца, быць патрыётам свайго поліса і адначасова не з’яўляцца аднабаковай асобай. Этычныя погляды К.ш. паўплывалі на філасофію эпікурэізму.

А.​М.​Елсукоў.

т. 8, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́МБРЫДЖСКАЯ ШКО́ЛА ў палітэканоміі,

адзін з кірункаў эканам. тэорыі. Узнікла ў канцы 19 ст. ў Вялікабрытаніі. Заснавальнік А.​Маршал, асн. прадстаўнікі А.​С.​Пігу, Д.​Робертсан. Даследавала заканамернасці развіцця асобных прыватных рынкаў, праблемы цэнаўтварэння, эканам. раўнавагі, дабрабыту і інш. Паклала пачатак сучаснаму мікраэканам. аналізу.

т. 8, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРМА́ЛЬНАЯ ШКО́ЛА,

навучальная ўстанова ў некаторых краінах Зах. Еўропы, Лац. Амерыкі і Афрыкі, якая рыхтуе настаўнікаў пераважна для пач. школ. Тэрмін навучання 2—6 гадоў. Узніклі ў Аўстрыі ў 2-й пал. 18 ст., Францыі ў канцы 18 ст., англа-саксонскіх краінах у 19 ст.

т. 11, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АНА́ЛАЎ» ШКО́ЛА кірунак у гістарыяграфіі, які склаўся ў Францыі вакол заснаванага ў 1929 час. «Annales d’histoire économique et sociale» [«Аналы эканамічнай і сацыяльнай гісторыі»; цяпер «Annales. Ekonomies, sociétés, civilisations» («Аналы. Эканоміка, грамадства, цывілізацыі»)]. Стваральнікі і рэдактары часопіса — франц. гісторыкі М.Блок і Л.​Феўр, іх пераемнікі — Ф.​Брадэль, Ж.​Ле Гоф, Э.​Леруа Ладзюры, М.​Феро і інш. Прадстаўнікі «Аналаў» школы засяроджваліся на глыбінных працэсах, якія рухаюць гісторыю, пашырылі паняцце сац. гісторыі, разумеючы гіст. чалавека не толькі ў межах яго паліт. паводзін, але і ў звычайным жыцці і сац. псіхалогіі. Разглядаюць гіст. падзею, факт, біяграфію гіст. дзеяча як прызму, праз якую можна больш поўна аднавіць карціну жыцця людзей мінулых эпох; вывучаюць ментальныя працэсы ў грамадстве. У цяперашні час «Аналаў» школа (наз. таксама «новая гіст. навука») — моцны інтэлектуальны рух, які аб’ядноўвае вучоных Францыі, ЗША Англіі, Германіі, Аўстрыі, Італіі, Польшчы і інш. краін.

т. 1, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЭМАТЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛА ў палітэканоміі,

кірунак палітэканоміі, які надае матэм. метадам вырашальную ролю ў вывучэнні эканам. з’яў. Узнікла ў 2-й пал. 19 ст. [М.Э.​Л.​Вальрас (Швейцарыя), В.​Парэта (Італія), У.​Джэванс, Ф.​І.​Эджуарт (Вялікабрытанія), І.​Фішэр (ЗША), Г.​Касель і К.​Віксель (Швецыя)]. Разглядае эканоміку як узаемадзеянне індывід. гаспадарак. Асн. задача М.ш. — вызначэнне колькасных паказчыкаў, якія характарызуюць паводзіны асобных вытворцаў і спажыўцоў. Тэарэтычныя пабудовы М.ш. арыентуюцца на маржыналізм.

т. 10, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІАНІ́ЙСКАЯ ШКО́ЛА,

усходняя галіна ранняй грэч. філасофіі. Сфарміравалася ў 6—4 ст. да н.э. ў іанійскіх калоніях Грэцыі. Гал. прадстаўнікі Фалес, Анаксімандр, Анаксімен (Мілецкая школа), Дыяген Апаланійскі, Геракліт. Для І.ш. характэрны эмпірызм, сенсуалізм, стыхійная дыялектыка. Прадстаўнікі школы імкнуліся знайсці першапачатак усяго існага, вытлумачыць аб’ектыўна-лагічную заканамернасць усякага працэсу. Лічылі, што ўсе рэчы паходзяць з нейкага адзінага матэрыяльнага першапачатку (вады, паветра, агню). Філас. даследаванні яны цесна звязвалі з патрабаваннямі практычнай дзейнасці, з’яўляліся стваральнікамі першых простых навук. прыбораў. І.ш. звычайна супрацьпастаўляюць італійскай школе — зах. галіне стараж.-грэч. філасофіі, якая сфарміравалася ў 2-й пал. 6—5 ст. да н.э. ў грэч. калоніях Паўд. Італіі, Сіцыліі і прадстаўлена піфагарэізмам і элейскай школай.

Літ.:

Богомолов А.С. Античная философия. М., 1985;

Фрагменты ранних греческих философов. Ч. 1. М., 1989;

Виндельбанд В. История древней философии: Пер. с нем. Киев, 1995.

Т.​І.​Адула.

т. 7, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТАРЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛА ў палітэканоміі, 1) кірунак, што ўзнік у Германіі ў 1840—50-я г. Гістарычная школа адмаўляла наяўнасць аб’ектыўных законаў эканам. развіцця грамадства, поўнасцю ігнаравала першаступеннае значэнне вытв. адносін у сістэме капіталіст. ўзнаўлення, абмяжоўвалася вывучэннем пераважна сферы абарачальнасці, капіталіст. рынку. Для яе характэрна нагрувашчванне апісанняў гіст. фактаў без іх тэарэт. аналізу і раскрыцця прычын сувязей і залежнасцей. Прадстаўнікі гэтай школы выступалі з абаронай феад. зямельных правоў і дваранска-бюракратычных прывілеяў прускага дваранства, прыватнай уласнасці. Каля яе вытокаў стаяў Ф.​Ліст, які крытычна ставіўся да класічнай англ. школы з-за спробы стварэння універсальнай эканам. тэорыі «для ўсіх часоў і народаў». Ён лічыў, што кожная краіна ідзе самаст. эканам. шляхам. Падобныя думкі выказвалі прадстаўнікі 1-й хвалі гістарычнай школы (В.​Рошэр, Б.​Гільдэбранд, К.​Кніс). Паводле Рошэра, нават ландшафт і клімат надаюць каларыт нац. эканоміцы. Гільдэбранд адмаўляў абстрактны метад у навуцы наогул, аддаваў перавагу эмпірычным даследаванням, статыстыцы, папракаў А.​Сміта за ігнараванне прававых, этнічных і рэліг. адрозненняў, уласцівых кожнай нац. эканоміцы. Такое перакананне сведчыць аб сінкрэтызме тагачаснай эканам. навукі, вымушанай карыстацца метафіз. метадалогіяй аналізу рэчаіснасці. У 1870-я г. ўзнікла 2-я хваля гістарычнай школы, прадстаўнікі якой (Г.​Шмолер, К.​Бюхер, Л.​Брэнтана) яшчэ больш асцярожна ставіліся да праблемы эканам. законаў і тэорый, адмаўлялі магчымасць стварэння законаў на падставе дэдуктыўных разважанняў. На падставе вучэння гістарычнай школы ішло фарміраванне светапогляду навукоўцаў 20 ст. (М.​Вебер, В.​Зомбарт і інш.).

2) Гістарычная школа ў фалькларыстыцы, кірунак рус. фалькларыстыкі канца 19 — пач. 20 ст. Склалася ў выніку крызісу, міфалагічнай школы і кампаратывізму. Тэарэт. асновы гістарычнай школы сфармуляваў У.​Ф.​Мілер у «Нарысах рускай народнай славеснасці» (т. 1, 1897), развіты і дапоўнены ў працах М.​Н.​Спяранскага, К.​Шамбінагі, Б.​М.​Сакалова. Прадстаўнікі гістарычнай школы імкнуліся пазнаць гіст. побыт народа, суаднесці факты, падзеі, імёны, узноўленыя ў нар. паэзіі, з рэальнымі, што мелі месца ў мінулым жыцці. У рэканструкцыі эпічных цыклаў яны ішлі ад твораў пазнейшага паходжання да больш ранніх, старажытных. Адхіленні ў былінным тэксце ад гіст. падзей лічылі за скажэнні, унесеныя вусным пераказам. Вял. значэнне надавалі індывідуальнаму пачатку ў фальклоры, у некат. выпадках абсалютызавалі яго. Недаацэньваючы ролю нар. мас у стварэнні духоўных каштоўнасцей, прыпісвалі паходжанне былін выключна княжацка-дружыннаму асяроддзю. Школа мела прыхільнікаў у Чэхаславакіі, Даніі, Германіі. У бел. фалькларыстыцы гіст. падыход да вусна-паэт. творчасці абазначыўся ў сярэдзіне 1840-х г. у працы І.​Храпавіцкага «Беглы погляд на паэзію беларускага народа». Ідэі гістарычнай школы падзялялі М.​Янчук і Я.​Карскі. Як кірунак гістарычная школа распалася ў сярэдзіне 1920-х г.

Літ.:

Левита Р.Я. История экономических учений: Полный краткий курс. М., 1995.

А.​С.​Ліс, А.​А.​Цітавец (у палітэканоміі).

т. 5, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНУЭ́ЗСКАЯ ШКО́ЛА,

мастацкая школа ў Італіі 16—17 ст. У архітэктуры сфарміравалася да сярэдзіны 16 ст.; яе росквіт звязаны з творчасцю Г.Алесі, яго вучняў і паслядоўнікаў (Р.​Лурага і інш.). Яе характэрныя рысы выявіліся ў структуры гар. палацца, які спалучаў урачыстую пышнасць з інтымнасцю вясковай сядзібы. У жывапісе склалася да 1630-х г. пад уплывам італьян. майстроў 2-й пал. 16 ст. і фламандцаў, што працавалі ў Генуі (П.П.Рубенс, А.ван Дэйк). Яе вядучы мастак — венецыянец Б.Строцы, у творах якога мясц. традыцыі спалучаліся з маляўнічасцю і эмацыянальнасцю флам. мастацтва. Майстры Генуэзскай школы выконвалі парадныя арыстакратычныя партрэты, рэліг. кампазіцыі і дэкар. размалёўкі; набылі вядомасць і творы т.зв. пастаральнага жанру, дзе значнае месца займалі пейзаж, хатняе начынне і жывёла (Дж.​Б.​Кастыльёне, А.​М.​Васала). Усхвалявана-рамант. кампазіцыі стварыў В.​Кастэла, «жывапіс мазка і плямы» якога набылі пашырэнне ў Генуі і інш. маст. цэнтрах Паўн. Італіі.

Літ.:

Виппер Б.Р. Проблема реализма в итальянской живописи XVII—XVIII вв. М., 1966.

т. 5, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)