дыпламатычная місія Расіі ў краіны Зах. Еўропы ў 1697—98. Мела на мэце ўмацаванне і пашырэнне саюзу Расіі з еўрап. дзяржавамі для барацьбы супраць Турцыі за паўн. ўзбярэжжа Чорнага м., запрашэнне на рус. службу спецыялістаў, заказ і закуп ваен. матэрыялаў і ўзбраення. Афіцыйна ўзначальвалася «вялікімі пасламі» Ф.Я.Лефортам, Ф.А.Галавіным, П.Б.Вазніцыным, фактычна — Пятром I (знаходзіўся ў яго складзе пад імем Пятра Міхайлавіча). У Курляндыі Пётр I вёў перагаворы з герцагам, у Кёнігсбергу заключыў саюз з брандэнбургскім курфюрстам, у Галандыі Вялікае пасольства абмежавалася закупкай амуніцыі і наймам спецыялістаў. Пётр I з часткай пасольства на 3 мес. выязджаў у Англію, дзе вёў перагаворы з англ. каралём Вільгельмам III, знаёміўся з суднабудаваннем і артыл. справай. Вялікае пасольства вяло безвыніковыя перагаворы ў Вене, каб папярэдзіць заключэнне сепаратнага міру Аўстрыі з Турцыяй. Па дарозе ў Расію Пётр I правёў з польск. каралём Аўгустам II перагаворы, якія заклалі аснову будучага саюзу супраць Швецыі.
Літ.:
Молчанов Н.Н. Дипломатия Петра Великого. 3 изд. М., 1990. С. 67—119.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАКРЫЯЛО́ГІЯ (ад геа... + крыялогія),
мерзлатазнаўства, крыяліталогія, крыяпедалогія, галіна крыялогіі, якая вывучае мёрзлыя глебы і горныя пароды. Даследуе іх утварэнне, развіццё і ўмовы існавання, а таксама з’явы, звязаныя з працэсамі прамярзання, адтавання і дыягенезу мёрзлых тоўшчаў, падземнае зледзяненне крыясферы — шматгадовамёрзлыя і сезоннамёрзлыя грунты і горныя пароды, асаблівасці іх будовы і складу, фіз.-мех. ўласцівасці, узаемадзеянне з падземным лёдам. Вывучае таксама геал., геамарфалагічныя, гідралагічныя з’явы, выкліканыя прамярзаннем і адтаваннем верхняй часткі зямной кары. Распрацоўвае тэарэт. асновы і метады кіравання мярзлотнымі працэсамі пры буд-ве і эксплуатацыі збудаванняў, правядзенні горных работ, с.-г. і транспартным асваенні тэрыторыі.
Геакрыялогія ўзнікла ў выніку развіцця мерзлатазнаўства, якое аформілася як навука ў 1920-я г. на стыку геал., геагр., геафіз. і інж.-тэхн. дысцыплін. Яе задачы вызначыў рус. вучоны М.І.Сумгін. Значнае развіццё геакрыялогія атрымала ў ЗША, Канадзе, Нарвегіі і Швецыі (у некат. працах вызначаецца як крыяліталогія або крыяпедалогія).
На Беларусі пытанні геакрыялогіі вывучаюць у БДУ і Ін-це геал. навук АН.
Літ.:
Попов А.И., Розенбаум Г.Э., Тумель Н.В. Криолитология. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ЛІ (англ. rally літар. злёт, збор),
комплексныя спаборніцтвы на аўтамабілях (аўтаралі) ці матацыклах (мотаралі) на рэгулярнасць руху па зададзеным маршруце; адзін з тэхнічных відаў спорту. У праграму Р. ўключаюцца таксама дадатковыя скарасныя спаборніцтвы: гонкі па шашы, дарожках іпадрома, участках горных дарог, па фігурным ваджэнні і інш. Звычайна дыстанцыя Р. 1—2 тыс.км, колькасць дадатковых спаборніцтваў 20—40. У Р. выкарыстоўваюцца пераважна серыйныя аўтамабілі з некат. канструктыўнымі зменамі.
Першыя спаборніцтвы тыпу Р. адбыліся ў 1894 па маршруце Парыж—Руан—Парыж. Міжнар. спаборніцтвы «Р. Монтэ-Карла» праводзяцца з 1911. З 1940-х г. Р. найб. пашыраны ў Аўстрыі. Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Фінляндыі, Францыі, Швецыі і інш. краінах. Найбуйнейшыя міжнар. Р.: — «Парыж—Дакар», «1000 азёр» (у Фінляндыі), «Руская зіма» (у Расіі) і інш. Асабістыя чэмпіянаты Еўропы праводзяцца з 1953, першынствы свету — з 1972.
На Беларусі спаборніцтвы па Р. практыкуюцца з 1960-х г. (акрамя 1992—99). Федэрацыя аўтамаб. спорту працуе з 1992. У 1997 У Мінскай вобл. праведзены этап міжнар. Р. «Парыж—Краснаярск» і дадатковая (карусельная) гонка на трасе «Баравая». Штогод адбываюцца рэсп. летнія і зімовыя спаборніцтвы. Гл. таксама Аўтамабільны спорт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЦЮШКАЎ (Канстанцін Мікалаевіч) (29.5.1787, г. Волагда, Расія — 19.7.1855),
рускі паэт; прадстаўнік анакрэантычнага кірунку ў рус. лірыцы. Адукацыю атрымаў у прыватных пансіёнах у Пецярбургу. Быў на чыноўніцкай і ваеннай службе, пазней — у рус.дыпламат. місіі ў Італіі. Удзельнік літ. гуртка «Арзамас». У вершах «Вясёлы час», «Вакханка», «Мае Пенаты» і інш. услаўляў радасць быцця, сяброўства, каханне, духоўную свабоду асобы. У аснове элегій «На руінах замка ў Швецыі», «Пераход праз Рэйн» уражанні вайны 1812. Ідэйны і душэўны крызіс абумовіў змрочна-меланхалічны тон лірыкі, узмацненне рэліг. настрояў, матывы нераздзеленага кахання, абвастрыў тэму трагічнага лёсу паэта (элегіі «Да сябра», «Надзея», «Мой геній», «Разлука», «Паміраючы Тас» і інш.). У вершаванай казцы «Вандроўнік і дамасед» (1815) стварыў карціну дысгармоніі жыцця. Аўтар цыклаў анталагічных вершаў, нарысаў і артыкулаў пра л-ру і мастацтва. У 1917 выйшаў зб. «Спробы ў вершах і прозе» (ч. 1—2).
Тв.:
Соч.Т. 1—2. М., 1989.
Літ.:
Фридман Н.В. Проза Батюшкова. М., 1965;
Яго ж. Поэзия Батюшкова. М., 1971;
Коровин В.И. «И жил так точно, как писал...» (К.Н.Батюшков: К 200-летию со дня рождения). М., 1987;
Кошелев В.А. Константин Батюшков: Странствия и страсти. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЦЯРБУ́РГСКІЯ САЮ́ЗНЫЯ ДАГАВО́РЫ1740, 1743, 1764 паміж Расіяй і Прусіяй.
1) 27.12.1740 Расія і Прусія дамовіліся аб дружбе і ўзаемадапамозе ў выпадку нападу на іх трэцяй дзяржавы (але не тады, калі Расія ваявала з Турцыяй або Іранам, а Прусія — на З ад р. Везер у цэнтр. Германіі). Сакрэтнымі артыкуламі дзяржавы гарантавалі недатыкальнасць Курляндыі, абавязваліся не дапускаць умяшання трэціх краін у справы Рэчы Паспалітай, ахоўваць там правы праваслаўных і пратэстантаў.
2) 27.3.1743 Расія і Прусія ў асн. пацвердзілі ўмовы дагавора 1740, але гарантыі Прусіі не пашыраліся на землі Паўд.Усх. Фінляндыі, далучаныя да Расіі ў выніку вайны са Швецыяй (1741—43), а гарантыі Расіі — на Сілезію, захопленую Прусіяй у Аўстрыі.
3) 11.4.1764 Кацярына II пацвердзіла Пецярбургскі мірны дагавор 1762, але адмовілася ратыфікаваць саюзны трактат ад 19.6.1762. Расія і Прусія дамовіліся пра гарантыі адна адной еўрап. уладанняў і ваен. ўзаемадапамогу ў выпадку нападу на адну з краін.; 4 сакрэтныя і 1 сепаратны артыкулы выключалі ваен. дапамогу ў выпадку вайны Прусіі на З ад р. Везер, а Расіі — з Турцыяй, абвяшчалі абарону існуючых форм кіравання ў Швецыі, абавязвалі абодва бакі не дапускаць змен у канстытуцыі Рэчы Паспалітай і падтрымаць кандыдатуру Станіслава Аўгуста Панятоўскага на яе прастол.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАЧКІ́ Ў ВАДУ́,
спаборніцтвы сярод мужчын і жанчын па скачках з вышкі і трампліна ў ваду. Складаюцца з серый абавязковых і адвольных скачкоў з трампліна (выш. 1 і 3 м) і вышкі (5, 7,5 і 10 м). Існуюць 6 афіц. катэгорый скачкоў: з пярэдняй стойкі ўперад і назад, з задняй стойкі ўперад і назад, з вінтамі і са стойкі на руках (толькі з вышак). Скачкі ацэньваюцца па 10-бальнай шкале.
Як від спорту ўзніклі ў сярэдзіне 19 ст. ў Германіі. У праграме Алімп. гульняў з 1904 (мужчыны) і 1912 (жанчыны). 1-ы чэмпіянат Еўропы праведзены ў 1926, 1-ы чэмпіянат свету — у 1973. Найб. пашыраны ў Германіі, ЗША, Італіі, Кітаі, Мексіцы, Расіі, Францыі, Швецыі і інш.
На Беларусі першыя афіц. спаборніцтвы праведзены ў 1935. Зборная каманда Беларусі — бронз. прызёр чэмпіянату СССР (1977); мужчынская зборная — сярэбраны прызёр Кубка Еўропы (1995). Сярод бел. спартсменаў найб. вызначыліся У.Алейнік, А.Партноў, С.Аляксеева — бронз. прызёр чэмпіянатаў Еўропы (1989, 1995); А.Касянкоў — бронз. прызёр XXI Алімп. гульняў (1976) і чэмпіянату Еўропы (1977); М.Міхайлін — сярэбраны прызёр чэмпіянату свету (1975); А.Семянюк — чэмпіён Еўропы (1991).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛА́НЦАВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна паліўнай прамысловасці па здабычы і перапрацоўцы гаручых сланцаў. Уключае атрыманне газу і паліва на быт. і энергет. мэты. Прадукцыя С.п. ідзе таксама на выраб бітуму, ядахімікатаў, талуолу, фарбавальнікаў, сінт.мед. прэпаратаў; попел і шлак выкарыстоўваюць пры вырабе цэменту, сілікатнай і сланцавай цэглы, тэрмаблокаў, пенабетону, аглапарыту, дрэнажных труб і інш.
Узнікла ў 1-й пал. 19 ст. (упершыню ў 1835 у мяст. Аўтун, Францыя; першы сланцахім камбінат пабудаваны ў 1865 у Аўстраліі). У Расіі выкарыстанне сланцаў пачалося ў 1916 для забеспячэння палівам Петраграда. Сярод краін свету С.п. найб. развіта ў Эстоніі (у 1997 здабыта 14,4 млн.т сланцаў). У многіх краінах не развіваецца ў сувязі з выкарыстаннем больш эфектыўных відаў паліва. Патэнцыяльныя запасы гаручых сланцаў у свеце — 450,4 трлн. т, з іх у ЗША — 431, Бразіліі — 16, Расіі — 2 трлн. т; Канадзе — 410, Італіі — 96, Эстоніі — 18,4, Швецыі — 16 млрд.т. Значныя іх запасы ў Германіі. Францыі, Вялікабрытаніі, Украіне, Кітаі.
На Беларусі гаручыя сланцы ўтвараюць буйны сланцаносны раён у межах Прыпяцкага прагіну пл. 20 тыс.км². Прагнозныя запасы — 11 млрд.т. Найб. разведаныя Любанскае радовішча гаручых сланцаў і Тураўскае радовішча гаручых сланцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МНАГАБО́Р’І ЛЁГКААТЛЕТЫ́ЧНЫЯ,
спартыўныя практыкаванні, якія складаюцца з некалькіх (ад 3 да 10) відаў бегу, скачкоў і кіданняў. Класічнымі мнагабор’ямі лічацца: у мужчын дзесяцібор’е (бег на 100, 400, 1500 м і 110 м з бар’ерамі, скачкі ў вышыню, даўжыню, з шастом, кіданні дыска, кап’я і штурханне ядра), у жанчын пяцібор’е (бег на 100 м з бар’ерамі і 800 м, скачкі ў вышыню і даўжыню, штурханне ядра) і сямібор’е (акрамя відаў пяцібор’я — бег на 200 м і кіданне кап’я).
Паходзяць з часоў Стараж. Грэцыі; на Алімп. гульнях асн. відам спорту лічыўся пентатлон (пяцібор’е). Першыя спаборніцтвы па дзесяцібор’і праведзены ў Швецыі (1911), у праграму Алімп. гульняў уключаны з 1912 (Стакгольм). Чэмпіянаты Еўропы праводзяцца з 1934, камандныя спаборніцтвы на Кубак Еўропы па мнагабор’ях — з 1973. Першыя міжнар. спаборніцтвы па пяцібор’і адбыліся на жаночай Алімпіядзе (1922, г. Монтэ-Карла, Манака), чэмпіянаты Еўропы праводзіліся ў 1950—80, у праграме Алімп. гульняў — у 1964—80. Спаборніцтвы па сямібор’і праводзяцца з 1981; у праграме Алімп. гульняў — з 1984 (г. Лос-Анджэлес, ЗША).
Сярод беларускіх мнагаборцаў вызначыліся: у дзесяцібор’і — Дз.Сухамазаў, бронз. прызёр Універсіяды (1995, Японія); у сямібор’і — жаночая каманда ў складзе Т.Алісевіч, А.Атрошчанка, С.Бурага, Н.Сазановіч, пераможца Кубка Еўропы (1995, Нідэрланды).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЎГАРО́ДСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1650,
адно з гарадскіх паўстанняў у Расіі ў сярэдзіне 17 ст. Адбывалася ў г. Ноўгарад адначасова з Пскоўскім паўстаннем 1650. Выклікана абвастрэннем сац. напружанасці ў рас. грамадстве пасля выдання Саборнага ўлажэння 1649. Падставай для Н.п. стала перадача ўрадам хлебных запасаў Швецыі на пагашэнне дзярж. доўгу, што прывяло да павышэння цэн на хлеб. Удзельнікі — стральцы (адыгрывалі рашаючую ролю), рамеснікі і бедната Ноўгарада, сяляне навакольных вёсак. Пачалося 25 сакавіка. Паўстанцы збілі дацкага пасла І.Граба, 26 сак. адхілілі ад улады ваяводу Ф.А.Хілкова, разграмілі двары некалькіх купцоў, выбралі земскіх старастаў і паставілі на чале гар. самакіравання (земскай ізбы) мітрапаліцкага прыказнага І.Жаглова. 27 сак. мітрапаліт Нікан пракляў кіраўнікоў паўстання, за што 29 сак. быў збіты натоўпам. Паўстанцы беспаспяхова спрабавалі наладзіць сувязь з кіраўніцтвам Пскоўскага паўстання, накіравалі да цара Аляксея Міхайлавіча чалабітную грамату са скаргай на Хілкова і просьбай не пасылаць хлеб у Швецыю. Царскага пасла двараніна Салаўцова яны некалькі дзён пратрымалі пад арыштам. Унутр. барацьба сярод паўстанцаў, цвёрдая пазіцыя мітрапаліта Нікана прывялі Н.п. да паражэння. 23.4.1650 паўстанцы без бою здаліся войску царскага ваяводы кн. І.М.Хаванскага, які абяцаў ім памілаванне. Паводле царскага загаду 5 кіраўнікоў паўстання, у т. л. Жаглоў, пакараны смерцю, іншыя — бізунамі і сасланы ў аддаленыя раёны краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯЦІБО́Р’Есучаснае,
спартыўныя комплексныя спаборніцтвы. Уключаюць верхавую язду (канкур з пераадоленнем 12 перашкод), фехтаванне на шпагах (па кругавой сістэме, да першага ўколу), стральбу з пнеўматычнага пісталета (на адлегласці 10 м), плаванне (вольны стыль, дыстанцыя 200 м), крос (дыстанцыя 3 км).
Вядома са стараж. часоў (пентатлон у праграме Алімп. гульняў у Стараж. Грэцыі). З 1912 — у праграме Алімп. гульняў. З 1948 — сучасная назва. Міжнар. саюз П. і біятлону засн. ў 1948 (Лондан). Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1949 штогод (акрамя гадоў правядзення Алімп. гульняў), для юніёраў — з 1965. Жанчыны ўдзельнічаюць у міжнар. спаборніцтвах з 1970-х г.Найб. развіццё П. атрымала ў Венгрыі, Германіі, ЗША, Італіі, Польшчы, Расіі, Фінляндыі, Францыі, Швецыі і інш.
На Беларусі П. развіваецца з 1954, першыя спаборніцтвы адбыліся ў 1957. Федэрацыя П. створана ў 1992. Каманда юніёраў Беларусі — чэмпіён Еўропы (1999), бронз. прызёр чэмпіянатаў свету (1993, 1994); жаночая каманда — бронз. прызёр чэмпіянатаў свету (1999, 2000) у эстафеце. Сярод бел. пяціборцаў найб. вызначыліся: П.Доўгаль — бронз. прызёр XXVII Алімп. гульняў (2000, г. Сідней, Аўстралія), чэмпіён свету сярод юніёраў (1995); чэмпіёны свету сярод юніёраў — С.Герасімовіч (1987), С.Коршун (1993); сярод дарослых — В.Бялоў (1969), Ж.Шубянок (1996); чэмпіёны Еўропы І.Шухаўцава (1987), А.Барысенка, Ж.Далгачова (Гарленка) (1991) і інш.