ВАГРА́НКА,

шахтавая печ для плаўлення чыгуну ў ліцейнай вытв-сці. Сучасная вагранка — стальны цыліндр з таўшч. сценак да 10 мм, абліцаваны ўнутры вогнетрывалай цэглай; забяспечваецца рэкуператарамі, пылаўлоўнікамі, газаачышчальнымі прыстасаваннямі, сістэмай аўтам. прылад і рэгулятараў. Метал. шыхту (ліцейны чыгун, чыгунны лом і інш.) і паліва (кокс, ліцейны антрацыт і інш.) загружаюць у вагранкі слаямі (калошамі). Паветра падаецца пад лішкавым ціскам да 17 кПа у зону гарэння паліва. Для інтэнсіфікацыі працэсу выдзіманне падаграюць, узбагачаюць яго кіслародам, кокс часткова або поўнасцю замяняюць гаручым (у т. л. прыродным) газам. Прататып вагранкі — невял. доменная печ, дзе пераплаўлялі ліцейны чыгун і лом.

Вагранка: 1 — кальцавы паветраправод; 2 — зона плаўлення; 3 — адвод газаў у трубу; 4 — загрузачная частка; 5 — кажух; 6 — футэроўка; 7 — паветрадуўка; 8 — накапляльнік; 9 — чыгун.

т. 3, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАЎЛІ́ЧНЫ ПРЭС,

машына статычнага (няўдарнага) дзеяння, рабочыя часткі якой прыводзяцца ў рух высокім (20—50 МПа) ціскам вадкасці. Прынцып дзеяння заснаваны на Паскаля законе.

Асн. часткі гідраўлічнага прэса: рабочыя цыліндры з поршнямі, рухомыя і нерухомыя траверсы (бэлькі), размеркавальнае прыстасаванне, сістэма кіравання. На гідраўлічным прэсе робяць коўку, штампоўку, гібку; прасаванне парашковых і інш. матэрыялаў, пакетаванне і брыкетаванне стружкі; атрымліваюць пластмасавыя і гумавыя вырабы, драўняна-стружкавыя пліты, фанеру, тэксталіт, сінт. алмазы і інш. Упершыню гідраўлічны прэс выкарыстаны ў канцы 18 — пач. 19 ст. для пакетавання сена, выціскання вінаграднага соку і інш., з сярэдзіны 19 ст. — для металаапрацоўкі. Унікальныя гідраўлічныя прэсы для аб’ёмнай штампоўкі (развіваюць намаганне да 750 МН) створаны ў СССР (1960-я г.).

Гідраўлічны прэс для аб’ёмнай штампоўкі (развівае намаганне 750 МН).

т. 5, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРА́НУЛЬНАЯ МЕТАЛУ́РГІЯ,

атрыманне канструкцыйных металічных матэрыялаў ізастатычным прасаваннем пры высокіх цісках (кампактаваннем) найдрабнейшых часціц сплаваў пэўнага хім. саставу (гранул), якія закрышталізаваліся з высокай скорасцю; адзін з перспектыўных кірункаў парашковай металургіі.

Гранулы металаў атрымліваюць метадамі цэнтрабежнага распылення вадкага металу і распылення расплаву струменем нейтральнага газу ў спец. устаноўках. Атрыманне вырабаў з гранул уключае: магнітную сепарацыю і актывацыю гранул, раздзяленне на фракцыі, дэгазацыю і заварку капсул, прасаванне пры высокай т-ры ў газастаце (высокім ціскам аргону ці інш. газу), тэрма- і мех. апрацоўку вырабаў.

Да арт. Гранульная металургія. Схема ўстаноўкі для атрымання гранул цэнтрабежным распыленнем вадкага металу: 1 — гранулы; 2 — камера распылення; 3 — вакуумныя затворы; 4 — вакуумная індукцыйная печ; 5 — аргон; 6 — кампрэсар; 7 — фільтр; 8 — кантэйнер для гранул.

т. 5, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭС (франц. presse ад лац. presso цісну),

машына для апрацоўкі матэрыялаў ціскам.

Складаецца з рухомай (напр., паўзуна) і нерухомай (асновы) рабочых частак, прыводу, механізму кіравання і фармовачнага прыстасавання (напр., прэс-формы). Адрозніваюць гідраўлічныя прэсы, мех. (напр. крывашыпныя) і гідрамеханічныя. Іх рухомая частка перамяшчаецца вертыкальна і гарызантальна. Па прызначэнні П. падзяляюць на трубапрофільныя, кавальскія, штамповачныя, гібачныя, правільныя, чаканачныя. абразныя і інш. На П. брыкетуюць кавалкавыя і парашкападобныя матэрыялы, прасуюць швейныя вырабы, сушаць шпон і фанеру, вырабляюць стэрэатыпы, праводзяць зборачныя аперацыі і мех. выпрабаванні металаў; найчасцей выкарыстоўваюцца ў кавальска-штамповачнай вытв-сці.

В.​І.​Шагун.

Прынцыповыя схемы прэсаў: а — гідраўлічны вертыкальны; б — механічны (крывашыпны); 1 — рабочы цыліндр; 2 — плунжэр; 3 — паўзун; 4 — інструмент; 5 — станіна; 6 — крывашыпны вал; 7 — шатун.

т. 13, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛІЦЫ́ЛАВАЯ КІСЛАТА́, 2-гідраксібензойная кіслата, о-аксібензойная кіслата,

найпрасцейшая араматычная аксікіслата; антысептык.

Бясколерныя крышталі, tпл 159,5 °C, шчыльн. 1443 кг/м³. Добра раствараецца ў этаноле, дыэтылавым эфіры, мала — у вадзе. Вытворныя С.к. па функцыян. групах — солі і эфіры наз. саліцылатамі. У прыродзе трапляецца ў раслінах пераважна ў выглядзе гліказіду метылавага эфіру. У прам-сці С.к. і яе вытворныя атрымліваюць тэрмічным карбаксіліраваннем сухога феналяту натрыю дыаксідам вугляроду пад ціскам. Выкарыстоўваюць у вытв-сці лек. сродкаў (напр., ацэтылсаліцылавай кіслаты n-амінасаліцылавай к-ты — процітуберкулёзнага сродку), пахучых рэчываў (метылеаліцылату, бензілсаліцылату і інш.), як кампанент мазей, паст і раствораў для лячэння скурных хвароб (напр., т.зв. саліцылавы спірт — 2%-ны раствор С.к. ў этаноле, паста Ласара), кансервант у харч. прам-сці, рэагент у аналіт. хіміі.

т. 14, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ціск м. Druck m -(e)s, Drücke;

атмасфе́рны ціск фіз. Lúftddruck m;

крывяны́ ціск анат. Blútdruck m;

павышэ́нне крывяно́га ціску мед. Blútdruckanstieg m, Erhöhung des Blútdrucks;

ні́зкі ціск метэар. Tíefdruck m, Tief n -(e)s, -;

пад ціскам абста́він únter dem Druck der Verhältnisse

Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс) 

артэзія́нскі

(фр. artesien, ад Artua = назва французскай правінцыі)

які знаходзіцца ў глыбокіх ваданосных слаях пад натуральным ціскам;

а. калодзеж — калодзеж з труб, які падае глыбінную напорную ваду.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

экстру́зія

(лац. extrusio)

1) выхад вязкай лавы з кратэра вулкана на паверхню Зямлі ў форме купала або слупападобнага ўзняцця;

2) апрацоўка матэрыялаў ціскам, што ствараецца спецыяльнымі прэсамі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ВОГНЕТУШЫ́ЦЕЛЬ,

апарат для тушэння мясц. узгаранняў. Бываюць: пераносныя (да 20 кг), перасовачныя і стацыянарныя (больш за 25 кг); хім. пенныя, паветрана-пенныя, вуглекіслотныя, вадкасныя, хладонавыя (на аснове галаідаваных вуглевадародаў) і парашковыя.

Найб. пашыраны хім. пенныя вогнетушыцелі. Пена ў іх утвараецца ад рэакцыі паміж воднымі растворамі шчолачы і сернай кіслаты. Выкарыстоўваюцца для тушэння ўзгаранняў гаручых вадкасцей і цвёрдых матэрыялаў. Вуглекіслотнымі вогнетушыцелямі тушаць узгаранні электраўстановак, рухавікоў унутр. згарання, кнігасховішчаў, вадкаснымі — дрэнназмочвальных матэрыялаў (напр., бавоўны), хладонавымі — электраўстановак і тлеючых матэрыялаў, парашковымі — газаў, лёгкіх на загаранне вадкасцей, электраўстановак (да 380 В) пад напружаннем.

Вогнетушыцелі: а — вуглекіслотны (1 — вуглякіслы газ пад высокім ціскам, 2 — вентыль, 3 — шланг з раструбам для распырсквання кавалачкаў сухога лёду); б — кіслотна-шчолачны (1 — раствор бікарбанату натрыю, 2 — шкляная ампула з сернай кіслатой, 3 — сапло).

т. 4, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГ (ад галанд. log адлегласць),

1) навігацыйная прылада для вымярэння скорасці руху карабля (судна) і пройдзенай ім адлегласці.

Найб. пашыраны Л., якія вымяраюць скорасць руху адносна вады. Яны бываюць механічныя (з крыльчаткай, якая верціцца ў вадзе пры руху судна), гідрадынамічныя (заснаваныя на залежнасці паміж скорасцю і ціскам патоку вады, што абцякае карабель), індукцыйныя і інш. Ёсць таксама Л., якія даюць паказанні адносна зямлі (дна) — доплераўскія гідраакустычныя і геамагнітныя.

2) Становішча карабля (судна) бортам да ветру, хвалі, прычала і да т.п. (напр., «стаць Л. да хвалі» азначае «стаць бортам да хвалі»).

Лагі: а — механічны (1 — крыльчатка, 2 — днішча судна); б — гідрадынамічны (1, 6 — адтуліны для прыёму статычнага і сумарнага ціскаў; 2, 5 — трубаправоды статычнага і сумарнага ціскаў; 3 — дыяфрагма; 4 — сільфонны апарат; pдын, pст — дынамічны і статычны ціскі).

т. 9, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)