МАГМАТЫ́ЧНЫЯ ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ, вывергнутыя горныя пароды,
горныя пароды, якія ўтварыліся з расплаўленай магмы пры яе зацвярдзенні і крышталізацыі. Складаюць (паводле Ф.Кларка) 95% аб’ёму зямной кары. У залежнасці ад умоў зацвярдзення магмы ў нетрах Зямлі або на яе паверхні адрозніваюць інтрузіўныя горныя пароды і эфузіўныя горныя пароды. М.г.п. звычайна складзены з сілікатаў. Па колькасці крэменязёму (SiO2) падзяляюцца на групы: ультраасноўныя (SiO2 < 40%, дуніты, алівініты, перыдатыты і інш.), асноўныя (40—55%, піраксеніты, габра, базальты і інш.), сярэднія (55—65%, гранадыярыты, дыярыты, андэзіты і інш.) і кіслыя (SiO2 > 65%, граніты, рыяліты, дацыты і інш.). Па колькасці шчолачаў у кожнай групе вылучаюць нармальны, субшчолачны і шчолачны рады. Спалучэнні групы і рада вызначаюць сем’і гэтых парод. М.г.п. развіты ў складкавых абласцях, фундаменце і чахле платформ, на шчытах, у сучасным акіяне. З імі звязаны карысныя выкапні, напр., з кіслымі М.г.п. — волава, вальфрам, золата, з асноўнымі — тытанамагнетыт, медзь, з ультраасноўнымі — хром, плаціна, нікель, са шчолачнымі — тытан, фосфар, апатыт, цырконій, рэдкія землі. М.г.п. выкарыстоўваюцца як буд. матэрыял (лабрадарыты, туфы і інш.), абразіўны і цеплаізаляцыйны (пемза, перліт), як сыравіна для вылучэння каштоўных кампанентаў (напр., алюмінію з нефелінавых сіенітаў) і інш.
У.Я.Бардон.
т. 9, с. 475
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
лазуры́т
(польск. lazuryt, ад с.-лац. lazurium = блакіт)
мінерал сіняга колеру падкласа каркасных сілікатаў, які выкарыстоўваецца для прыгатавання сіняй фарбы і як вырабны камень.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
бертранды́т
(ад фр. E. Bertrand = прозвішча фр. мінералога)
мінерал класа сілікатаў, бясколерны, белы, радзей светла-ружовы і светла-жоўты са шкляным бляскам; руда берылію.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
альмандзі́н
(ад тур. Alabanda = назва горада ў Малой Азіі)
мінерал класа сілікатаў, каштоўны камень чырвонага, бура-чырвонага або чырвона-фіялетавага колеру; разнавіднасць гранату2.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
амазані́т
(ад лац. Amazonas = Амазонка, назва ракі ў Паўд. Амерыцы)
мінерал класа сілікатаў, разнавіднасць каліевага палявога шпату блакітна-зялёнага колеру; выкарыстоўваецца як абліцовачны матэрыял.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
турмалі́н
(фр. tourmaline, ад сінгал. toramalli)
мінерал класа сілікатаў чорнага, бурага, ружовага, зялёнага і іншых колераў, які выкарыстоўваецца ў оптыцы, радыётэхніцы і ювелірнай справе.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
андэзі́н
(ад лац. Andes = Анды, горы ў Паўд. Амерыцы)
мінерал класа сілікатаў белага або шараватага колеру са шкляным бляскам; выкарыстоўваецца для вытворчасці кіслотатрывалых керамічных вырабаў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
галуазі́т
[ад бельг. О. d’Halloy = прозвішча бельг. геолага (1783—1875)]
мінерал класа сілікатаў белага колеру з жаўтаватым, бурым і іншымі адценнямі; выкарыстоўваецца ў керамічнай прамысловасці.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
серпенці́н
(ад лац. serpens, -ntis = змяя)
мінерал класа сілікатаў белага, зялёнага і іншых колераў з разнастайнымі адценнямі; выкарыстоўваецца як абліцовачны матэрыял і для дэкаратыўных вырабаў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
цырко́н
(ням. Zirkon, ад ар. zarkun = залацісты)
мінерал класа сілікатаў жоўтага, чырвонага, аранжавага і бурага колераў з алмазным бляскам; выкарыстоўваецца ў ювелірнай справе і тэхніцы.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)