семіна́р

(лац. seminarium = рассаднік)

1) практычныя заняткі, арганізаваныя ў вышэйшай навучальнай установе па групах; абмеркаванне студэнцкіх ці аспіранцкіх дакладаў, самастойных работ;

2) групавыя заняткі, арганізаваныя для спецыяльнай падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі або палітычнай адукацыі (напр. с. настаўнікаў).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

асістэ́нт

(лац. assistens, -ntis = прысутны, памагаты)

1) асоба, якая дапамагае спецыялісту пры выкананні асноўнай работы, напр. памочнік урача пры аперацыі, прафесара ў час чытання лекцыі і інш.;

2) асоба, якая займае малодшую выкладчыцкую пасаду ў вышэйшай навучальнай установе.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

про́філь

(фр. profil)

1) абрыс, від збоку (пераважна аб галаве чалавека);

2) від, форма чаго-н. у разрэзе, напр. участка зямной паверхні;

3) сукупнасць рыс і асаблівасцей якой-н. спецыяльнасці, прадпрыемства або навучальнай установы (напр. спецыяліст шырокага профілю).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

кандыда́т, ‑а, М ‑даце, м.

1. Той, хто намечан для выбрання, назначэння або для прыёму куды‑н. Кандыдат у дэпутаты Вярхоўнага Савета СССР. Залічыць у інстытут кандыдатам.

2. чаго. Малодшая вучоная ступень у дарэвалюцыйнай Расіі, якая прысвойвалася пасля заканчэння з адзнакай вышэйшай навучальнай установы. Кандыдат славеснасці.

•••

Кандыдат навук якіх — малодшая вучоная ступень у СССР, якая прысуджаецца на падставе абароны дысертацыі; асоба, якой прысуджана гэта ступень. Кандыдат філалагічных навук. Ступень кандыдата тэхнічных навук.

Кандыдат у члены КПСС (партыі) — асоба, якая праходзіць устаноўлены статутам выпрабавальны тэрмін перад прыёмам у члены КПСС.

[Ад лац. candidatus — адзеты ў белае.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ле́кцыя, ‑і, ж.

1. Вуснае выкладанне вучэбнага прадмета выкладчыкам у вышэйшай навучальнай установе. Наведваць лекцыі. □ Сівы прафесар, адпачыўшы на сонечным ўзбярэжжы Крыма, першыя лекцыі чытаў неяк больш усхвалявана. Шахавец. // толькі мн. (ле́кцыі, ‑ый). Частка вучэбнага прадмета, якая выкладаецца ў вуснай форме. Курс лекцый. // Публічнае чытанне на якую‑н. тэму. Направа, за прычыненымі дзвярыма, ішла для сялян лекцыя. Чорны. Цяпер часта ў клубе, у брыгадах, на фермах прапагандысты чытаюць лекцыі. Дуброўскі.

2. толькі мн. (ле́кцыі, ‑ый). Аддрукаваны курс публічных чытанняў, а таксама запісы па якому‑н. прадмету выкладання. Інстытуцкія лекцыі па літаратуры.

[Ад лац. lectio — чытанне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

слуха́ч, ‑а, м.

1. Той, хто слухае каго‑, што‑н. Халімону сусед патрэбен быў, каб мець слухача. Галавач. А калі пачалі выступаць салігорцы, нельга было знайсці такога слухача, які б не захапляўся. Кулакоўскі. Толькі грыбы засядаюць маўкліва — Песням патрэбны свае слухачы. Агняцвет.

2. Навучэнец некаторых навучальных устаноў. Слухач ваеннай акадэміі. Слухач палітасветных курсаў. □ — Гэта слухачы інстытута ўдасканалення ўрачоў, — сказаў хтосьці. Мяжэвіч.

3. Спец. Работнік радыёсувязі, які прымае на слых сігналы, што перадаюцца па радыё.

•••

Вольны слухач (уст.) — асоба, якая дапушчана да заняткаў і экзаменаў у вышэйшай навучальнай установе без залічэння студэнтам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГО́МЕЛЬСКІЯ ГІМНА́ЗІІ.

Існавалі ў 1866—1918. Падпарадкоўваліся Віленскай навучальнай акрузе. Гомельская мужчынская гімназія засн. ў 1866 на базе 3-класнага вучылішча як 4-класная прагімназія, з 1877 — 6-класная. У 1897 пераўтворана ў поўную 8-класную гімназію з падрыхтоўчым класам (1—4-ы класы паралельныя). Утрымлівалася за кошт дзярж. сродкаў і платы за навучанне. Вучыліся пераважна дзеці мяшчан, дваран, чыноўнікаў і заможных сялян. У 1909 — каля 30 выкладчыкаў, 471 навучэнец. Гомельская жаночая гімназія, засн. 1.7.1882 на базе жан. пансіёна як 4-класная прагімназія, у 1897—99 адчынены 5—7-ы класы, у 1909 — 8-ы пед.вер. 1917 агульнаадук. клас). Мела падрыхтоўчы і паралельныя класы. Утрымлівалася за кошт платы за навучанне, сродкаў дзярж., гар. бюджэту, т-ва дапамогі бедным навучэнкам, заможных асоб. На 1.1.1917 было 19 класаў, каля 30 выкладчыкаў, 885 вучаніц. Прыватная жаночая гімназія В.​А.​Копіш, адкрыта ў 1907 як 4-класная прагімназія, з 2.8.4.1908 — 7-класная гімназія. У 1911 — 23 выкладчыкі, 349 вучаніц. Прыватная яўрэйская мужчынская гімназія А.​Е.​Ратнера, адкрыта ў 1907 у складзе 8 класаў. У 1911 — 27 выкладчыкаў, 255 навучэнцаў. Прыватная жаночая навучальная ўстанова Л.​С.​Абалонскай (з правамі гімназіі), засн. ў 1915 як 7-класная, потым адкрыты 8-ы клас. Прыватная жаночая прагімназія М.​А.​Табалевіч-Федароўскай, засн. Ў 1908 як жаночае вучылішча, у 1911 пераўтворана ў 7-класную прагімназію. Выкладаліся тэорыя і практыка замежных моў, гімнастыка і танцы. Гімназія мела дзіцячы сад. Працавалі таксама жаночыя яўр. прагімназіі М.​А.​Эльяшава і А.​Я.​Сыркінай.

Г.​Сянькевіч.

т. 5, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЯ́РСКІЯ ШКО́ЛЫ,

навучальныя ўстановы ордэна піяраў — пачатковыя вучылішчы і калегіумы.

Першыя П.ш. заснаваны ў Рыме ў 1597, пазней створаны ў Іспаніі, Францыі, Германіі, Польшчы і інш. Асн. іх задача — выхаванне дзяцей розных саслоўяў у духу рэлігійнасці і адданасці каталіцызму. Піярскі калегіум узначальвалі рэктар (займаўся адм. справамі) і прэфект (загадваў навуч. часткай). Навуч. курс падзяляўся на 7 класаў праформа (вучылі пісаць, чытаць і асновам арыфметыкі), інфіма (тыя ж прадметы і катэхізіс), граматыка (латынь і пераклады з яе, матэматыка), сінтаксіс (латынь, пераклады з яе і напісанне на ёй лістоў), паэзія (пераклады з латыні, красамоўства, рыторыка, латынь, гісторыя) і філасофія (логіка, метафізіка, этыка, геаметрыя). Выкладчыкі 1—5-га класаў мелі званне магістраў, а 6—7-га — прафесараў. Навучанне бясплатнае (плата толькі за інтэрнат). Найб. збяднелыя вучні ўтрымліваліся за кошт ордэна, але выконвалі шэраг прац па школьнай гаспадарцы. Падабенства навуч. праграмы П.ш. на езуіцкую і менш строгая дысцыпліна рабілі іх навуч. ўстановы папулярнымі ў Рэчы Паспалітай.

На Беларусі ў 18 ст. П.ш. меліся ў Шчучыне, Воранаве, Зэльве, Расонах, Віцебску, Лідзе, Паставах, Драгічыне, Дуброўне і інш. У 1822—31 працавала Полацкае вышэйшае піярскае вучылішча. У 1740—50-я г. па ініцыятыве польскага асветніка і педагога С.Канарскага праведзена рэформа П.ш. (скарочаны курс тэалогіі, уведзены польская мова, грамадскія і прыродазнаўча-матэм. навукі). Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі і стварэння Віленскай навучальнай акругі становішча П.ш. змянілася. У 1804 піярскія навуч. ўстановы ўключаны ў гэту акругу і атрымалі статус павятовых вучылішчаў. У 1831—34 П.ш. пераўтвораны ў 5-класныя свецкія павятовыя вучылішчы ці зачынены.

А.​Ф.​Самусік.

т. 12, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫХО́ДСКІЯ ВУЧЫ́ЛІШЧЫ, парафіяльныя вучылішчы,

ніжэйшыя пачатковыя навуч. ўстановы ў межах царк. правасл. прыходаў або каталіцкіх парафій. На Беларусі сталі вынікам развіцця школ граматы пры манастырах (гл. Манастырскія школы) і кляштарах. Да 1770-х г. большасць школ на Беларусі адносілася да П.в., акрамя калегіумаў. Адукацыйная камісія ўпершыню ўвяла афіц. падзел паміж рознымі тыпамі навуч. устаноў, што існавалі ў Рэчы Паспалітай. У адпаведнасці са статутамі 1774 і 1783 планавалася адкрываць П.в. на сродкі царквы і прыватныя ахвяраванні. Настаўнікаў для П.в. рыхтавала асобная пед. семінарыя, адкрытая ў Вільні ў 1775. Аднак недахоп сродкаў прыводзіў да скарачэння колькасці П.в. (у 1777 іх было 330, 1781—276, 1782—251). Паводле статутаў 1803 і 1804 у Віленскай навучальнай акрузе П.в. лічыліся ніжэйшай ступенню сістэмы адукацыі, куды прымалі дзяцей усіх саслоўяў. Паводле статута 1807 П.в. падзяляліся на 2-класныя гарадскія і 1-класныя вясковыя. Агульная колькасць П.в. у Віленскай навуч. акрузе была ў 1804—245, 1807—298, 1811—395, 1813—211, 1819—326, 1827—265. Школьны статут 1828 абвясціў П.в. школамі для «самых нізкіх станаў», выпускнікам якіх было забаронена паступаць у павятовыя вучылішчы і гімназіі. Колькасць прадметаў абмяжоўвалася катэхізісам, чытаннем, пісьмом, лічэннем, царк. спевамі. З 1864 П.в., адкрытыя царквой, пераўтвораны ў царкоўнапрыходскія школы. З астатніх П.в. захаваліся толькі тыя, што падпарадкоўваліся Мін-ву нар. асветы. У канцы 19 — пач. 20 ст. засталося 11 двухкласных (4 гады навучання) і каля 60 аднакласных (2 гады навучання) П.в. Пасля 1917 П.в. скасаваны ў выніку рэарганізацыі сістэмы адукацыі.

Літ.:

Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. Мн., 1968.

А.​Ф.​Самусік.

т. 13, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

інтэрна́т

(ад лац. internus = унутраны)

1) памяшканне для сумеснага пражывання людзей, якія вучацца ў адной навучальнай установе або працуюць на адным прадпрыемстве;

школа-і. — школа, у якой дзеці вучацца і жывуць;

2) установа сістэмы сацыяльнага забеспячэння для інвалідаў і састарэлых.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)