прыз 1, ‑а; мн. прызы, ‑оў; м.
Узнагарода пераможцу ў якім‑н. спаборніцтве. Тут жа праводзяцца спартыўныя спаборніцтвы, конкурс мастацкай самадзейнасці, уручаюцца прызы. Жычка. Здавалася, перад Сяргеем быў адзін з тых атлетаў, якія прывыклі браць прызы па падыманню цяжараў на спартыўных спаборніцтвах. Сіўцоў. [Гунава:] — Дог, якога вы бачылі, мае два міжнародныя прызы. Самуйлёнак.
[Фр. prix.]
прыз 2, ‑а, м.
Захопленае ў марской вайне варожае судна або іншая маёмасць, якая па міжнароднаму праву пераходзіць таму, хто іх захапіў.
[Фр. prise.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
семафо́р, ‑а, м.
1. Сігнальнае прыстасаванне на чыгунцы, якое паведамляе, што пуць свабодны або заняты. Семафор адкрыты. □ І чым халадней, тым гучней гудуць паравозы, углядаючыся сваімі пукатымі бліскучымі вачыма ў далёкія агеньчыкі семафораў. Лынькоў. Папераджальна равучы перад узнятымі семафорамі, экспрэс уварваўся ў прыгарады Мінска. Паслядовіч.
2. У марской справе — спосаб сігналізацыі пры дапамозе флажкоў, змянення становішча рук сігнальшчыка. Перадаць семафорам. // Розныя прыстасаванне якія ўстанаўліваюцца на беразе для сігналізацыі суднам. Берагавы семафор. Мачтавы семафор.
[Ад грэч. sēma — знак і phorós — які нясе.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
аэро́н
(ад гр. aer = паветра)
1) лекавы процірвотны сродак, які ўжываецца пры марской і паветранай хваробах;
2) лёгкі сплаў алюмінію з меддзю, крэмніем, а часам з прымессю літыю; выкарыстоўваецца ў самалётабудаванні.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
АКІЯНА́РЫУМ,
басейн з марской вадой для ўтрымання марскіх жывёл: беспазваночных, рыб, паўзуноў, млекакормячых. Звычайна мае некалькі басейнаў рознага аб’ёму, адна бакавая яго сценка празрыстая для назірання. У невял. акіянарыумах трымаюць дробных рыб і беспазваночных, у буйных — вял. рыб, чарапах, ластаногіх, сірэн, кітападобных. Разнавіднасць акіянарыума — дэльфінарыі, дзе трымаюць дэльфінаў для вывучэння, дрэсіроўкі і паказу. Найб. колькасць акіянарыумаў у ЗША і Японіі. У Стэйнхарцкім акіянарыуме (г. Сан-Францыска, ЗША) 178 дэманстрацыйных, 192 запасныя акварыумы і басейны аб’ёмам ад 0,07 да 300 м³; у акіянарыуме «Сі Уорлд» (г. Сан-Дыега, ЗША) выдатная калекцыя рыб. Акіянарыум ёсць паблізу Ганалулу на Гавайскіх а-вах, а таксама ў Батумі (Аджарыя) і Клайпедзе (Літва). Маюць вял. значэння як культ.-асв., турыстычныя і н.-д. цэнтры.
т. 1, с. 195
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫКАНА́ЎЧЫЯ ДАКУМЕ́НТЫ,
дакументы, на падставе якіх ажыццяўляецца прымусовае выкананне пастаноў судовых, арбітражных і некаторых інш. органаў. Паводле выканаўчага вядзення Рэспублікі Беларусь выканаўчымі дакументамі з’яўляюцца: выканаўчыя лісты; выканаўчыя надпісы, загады гасп. судоў і органаў арбітражу; надпісы старшыні Марской арбітражнай камісіі аб набыцці рашэннем законнай сілы; неаплачаныя ў тэрмін плацежныя патрабаванні, акцэптаваныя плацельшчыкамі; пасведчанні, якія выдаюцца па прац. спрэчках камітэтамі прафсаюзаў на падставе рашэнняў камісій па прац. спрэчках, або пастановы і пасведчанні гэтых камітэтаў; пастановы адм. органаў і камісій па справах непаўналетніх аб правядзенні спагнанняў з грамадзян; рашэнні выканкомаў мясц. Саветаў аб спагнаннях з юрыд. асоб за патравы пасеваў і пашкоджанне насаджэнняў і інш. Парадак афармлення і тэрміны прад’яўлення выканаўчых дакументаў да выканання рэгламентаваны цывільным працэсуальным заканадаўствам.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 4, с. 310
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСА́КАЎ (Іван Сцяпанавіч) (22.8.1894, с. Аджыкенд, Азербайджан — 11.10.1967),
савецкі ваенна-марскі дзеяч. Адмірал Флоту Сав. Саюза (1955), Герой Сав. Саюза (1965), чл.-кар. АН СССР (1958), праф. (1943). Скончыў курсы ўдасканалення вышэйшага начальніцкага складу пры Ваен.-марской акадэміі (1928). На флоце з 1914. Удзельнік грамадз. вайны. З 1922 на камандна-штабных пасадах на Чарнаморскім і Балт. флатах, у т. л. камандуючы Балт. флотам (1937), у 1938—50 пераважна нам. і 1-ы нам. наркома (галоўнакамандуючага ВМФ). Нам. міністра марскога флоту (1954—55), потым у Мін-ве абароны СССР. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1937—46. Аўтар прац па ваен. гісторыі, ваен. і ваен.-марскім майстэрстве, апавяданняў, нарысаў, навел і ўспамінаў пра флот. Дзярж. прэмія СССР 1951.
т. 7, с. 327
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́НКІНА (Трыпалітава) Зінаіда Міхайлаўна
(1861, г. Калуга, Расія — 10.1.1888),
рускі бібліёграф. Скончыла Бястужаўскія курсы (1885, Пецярбург). Аўтар бібліягр. паказальнікаў «Руская бібліяграфія марской справы за 1701—1882 год уключна» (1885), «Бібліяграфічныя матэрыялы па чыгуначнай справе... 1876—1883 г.» (1888), краязнаўчага паказальніка «Палессе. Бібліяграфічныя матэрыялы па гісторыі, геаграфіі, статыстыцы, этнаграфіі і эканамічным стане Палесся» (1883), які ахоплівае л-ру за 1855—80 пра Мінскую, Гродзенскую, Магілёўскую, Валынскую і Кіеўскую губ. Асаблівую цікавасць у ім маюць рубрыкі «Апісанне побыту народаў Паўночна-Заходняга краю», «Помнікі народнай творчасці» і раздзел «Звесткі пра Палессе, што заключаюцца ў творах пра губерні, якія ўваходзяць у склад Палесся».
Літ.:
Назаревский Н.А. З.М.Пенкина — первая русская женщина-библиограф // Сов. библиогр. 1961. № 3.
Л.Л.Збралевіч.
т. 12, с. 267
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
аква́рыум
(лац. aquarium = вадаём)
1) штучны вадаём або шкляная пасудзіна з вадой для рыб, водных жывёл і раслін;
2) спецыяльная навуковая ўстанова, якая вывучае і дэманструе прадстаўнікоў марской і прэснаводнай фауны і флоры.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
АПЦЫЁН [ням. Option ад лац. optio (optionis) выбар],
1) у міжнародным праве выбар асобай грамадзянства (гл. Аптацыя).
2) У аўтарскім праве апцыён выкарыстоўваецца пры заключэнні дагавораў пра выданне твораў аўтара адной дзяржавы ў інш. дзяржаве. Выд-ва пасля пагаднення пра апцыён з замежным аўтарам вывучае твор і вырашае пытанне пра магчымасць яго выдання. Канчатковы адказ выд-ва дае ва ўстаноўлены тэрмін, да заканчэння якога аўтар не можа заключыць дагавор з інш. выд-вамі аб выданні твора на той жа мове. Ніякіх плацяжоў пагадненне пра апцыён не прадугледжвае.
3) Агаворка ў дагаворы марской перавозкі аб праве замены аднаго грузу або аднаго порта назначэння іншым.
4) Прывілей на біржах, які даецца пры выплаце пэўнай прэміі на атрыманне тавару па раней устаноўленай цане на працягу пэўнага тэрміну.
т. 1, с. 441
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭСА́НТ (франц. descente літар. спуск, высадка),
войскі, спецыяльна падрыхтаваныя для высадкі (выкідання) на тэрыторыю праціўніка або высаджаныя (выкінутыя) на ёй з мэтай вядзення баявых дзеянняў. У залежнасці ад характару пастаўленых задач, глыбіні высадкі і колькаснага складу войск Д. бываюць аператыўна-стратэгічныя, аператыўныя, аператыўна-тактычныя, тактычныя, спец. прызначэння і дэманстратыўныя; паводле сродкаў і спосабаў перакідкі войск — марскія, паветраныя і камбінаваныя. Вылучаюць таксама Д. карабельныя і танкавыя.
Паветраныя Д. бываюць парашутныя (паветрана-дэсантныя войскі і тэхніка выкідваюцца з ваенна-транспартных самалётаў на парашутах), пасадачныя (высаджваюцца з самалётаў, верталётаў і планёраў, якія прызямляюцца ў тыле праціўніка) і камбінаваныя. Марскія Д. перавозяцца на спец. дэсантных караблях і трансп. суднах, высаджваюцца на бераг, на захопленыя прычалы або з дапамогай дэсантна-высадкавых сродкаў і верталётаў. Першымі звычайна высаджваюцца часці марской пяхоты.
Ф.Р.Каламоец.
т. 6, с. 357
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)