АМАФО́С,

канцэнтраванае фосфарна-азотнае мінеральнае ўгнаенне. Атрымліваецца нейтралізацыяй фосфарнай к-ты аміякам. Мае (у %) 9—12 азоту, 35,5—50 засваяльнага пентаксіду фосфару. Высокаэфектыўнае для ўсіх с.-г. культур на любых глебах. Кампанент тукаў.

т. 1, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

трыхагра́ма

(ад гр. thriks, -ichos = волас + -грама)

насякомае сям. трыхаграматыдаў паразіт (яйцаед) іншых насякомых; выкарыстоўваецца ў біялагічнай барацьбе са шкоднікамі сельскагаспадарчых культур.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

трыхаграматы́ды

(н.-лац. trichogrammatidae)

сямейства насякомых надсямейства хальцыдаў, паразіты (яйцаеды) многіх насякомых і павукоў; выкарыстоўваюцца ў біялагічнай барацьбе са шкоднікамі сельскагаспадарчых культур.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПЛАДАВО́ДСТВА БЕЛАРУ́СКІ НАВУКО́ВА-ДАСЛЕ́ДЧЫ ІНСТЫТУ́Т (БелНДІП) Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання і Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1990 у пас. Самахвалавічы Мінскага р-на на базе галіновых аддзелаў і лабараторый БелНДІ бульбаводства і плодаагародніцтва.

БелНДІП правапераемнік Бел. аддзялення Усесаюзнага ін-та прыкладной батанікі і новых культур (створана 10.10.1925 на базе саўгаса «Лошыца 1-я» Мінскага р-на пад кіраўніцтвам М.І.Вавілава). У 1931 на базе Бел. аддзялення ў в. Лошыца 1-я засн. Бел. занальная плодаагароднінная доследная станцыя, рэарганізаваная ў 1956 разам з Русінавіцкай агароднінабульбаводчай селекцыйнай станцыяй у БелНДІ пладаводства, агародніцтва і бульбаводства (з 1964 у пас. Самахвалавічы; у 1972—90 БелНДІ бульбаводства і плодаагародніцтва).

Асн. кірункі навук. дзейнасці: селекцыя і інтрадукцыя пладовых, ягадных, малапашыраных культур, вінаграду і іх прышчэпаў; збор і захаванне генет. рэсурсаў пладовых і ягадных культур; распрацоўка і ўдасканаленне тэхналогій вытв-сці, захоўвання і перапрацоўкі пладоў і ягад, тэхналогій вытв-сці пасадачнага матэрыялу на аздароўленай аснове; селекцыйнае паляпшэнне плем. і прадукц. якасцей пчол, удасканаленне тэхналогій іх утрымання і выкарыстання; распрацоўка навук. і эканам. прагнозаў і комплексных праграм развіцця садоўніцтва і пчалярства на Беларусі; праектаванне і закладка шматгадовых пасадак і інш. У выніку селекцыі ін-там выведзена больш за 150 сартоў пладовых і ягадных культур (44 з іх раянавана на Беларусі), распрацаваны новыя тэхналогіі і методыкі размнажэння, вырошчвання і агратэхнікі; створаны новыя віды кансерваў з лячэбна-прафілакт. ўласцівасцямі. Аспірантура і савет па абароне канд. дысертацый з 1991. Выдае навук. зб. «Пладаводства». У ін-це працавалі і працуюць: Г.А.Баўтута, А.Р.Валузнёў, А.С.Дзевятаў, д-ры с.-г. н. Р.Э.Лойка і В.А.Мацвееў, Э.П.Сюбарава, А.Я.Сюбараў.

А.​М.​Крыварот.

т. 12, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗІ́МЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,

аднагадовыя расліны, якім для нармальнага развіцця неабходна працяглае ўздзеянне нізкай тэмпературы на раннім перыядзе росту. Сеюць увосень, ураджай збіраюць у наступным годзе. Маюць перыяды актыўнай вегетацыі: асенні (45—50 сут), у час якога расліны фарміруюць каранёвую сістэму і надземныя вегет. органы, і вяснова-летні (75—100 сут), калі развіваюцца генератыўныя органы. Выспяваюць раней і даюць больш стабільны ўраджай, чым яравыя культуры, лепш паглынаюць веснавую вільгаць з глебы; добрыя папярэднікі для інш. палявых культур. Да азімых культур належаць азімыя жыта, пшаніца, ячмень, рапс, свірэпіца, рыжык, віка. У сусв. земляробстве найб. пашырана азімая пшаніца — гал. збожжавая расліна Еўропы і ЗША. На Беларусі вырошчваюць азімыя жыта, пшаніцу, віку, рапс.

т. 1, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІХАЦО́ВІЧ (Анатоль Паўлавіч) (н. 21.3. 1947, в. Вял. Кракотка Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне меліярацыі. Чл.-кар. Акадэміі агр. навук Беларусі (1996), д-р тэхн. н. (1994). Скончыў БСГА (1975). З 1975 у НДІ меліярацыі і лугаводства (з 1997 дырэктар). Навук. працы ў галіне арашэння с.-г. культур, воднага рэжыму меліяраваных глеб. Распрацаваў тэорыю рэжыму ўвільгатнення глебанеаднародных с.-г. палёў, тэорыю аптымізацыі эксплуатацыйнага рэжыму дажджавання раслін пры няўстойлівых умовах надвор’я.

Тв.:

Расчет наименьшей влагоемкости по физическим свойствам почв // Мелиорация переувлажненных земель: Сб. науч. работ. Мн., 1985. Вып. 33;

Рациональная технология дождевания сельскохозяйственных культур // Управление водным режимом мелиорированных земель: Сб. науч. работ. Мн., 1987.

Н.​В.​Губарэвіч.

т. 9, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́ХІН (Мікалай Дзмітрыевіч) (15.2.1907, с. Арэфіна Пачынкаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 3.3.1996),

бел. вучоны ў галіне селекцыі і насенняводства. Д-р с.-г. н. (1963), праф. (1964). Засл. дз. нав. Беларусі (1967), Герой Сац. Працы (1973). Скончыў Бел. с.-г. ін-т (1935). З 1949 дырэктар Бел. дзярж. селекцыйнай станцыі. З 1956 у Бел. НДІ земляробства (заг. аддзела, у 1961—78 нам. дырэктара), адначасова ў 1971—78 кіраўнік Зах. селекцыйнага цэнтра па збожжавых культурах. Навук. працы па селекцыі збожжавых культур. Аўтар і сааўтар многіх сартоў азімага жыта, яравых пшаніцы і ячменю, грэчкі, чырв. канюшыны.

Тв.:

Селекция и семеноводство зерновых культур в Белоруссии // Достижения отечественной селекции. М., 1967;

Азімае жыта. Мн., 1969.

т. 11, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАШКЕ́ВІЧ (Васіль Васілевіч) (10.1. 1857, в. Сямёнавічы Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 14.7.1939),

бел. і расійскі вучоны ў галіне пладаводства, адзін з заснавальнікаў навук. садоўніцтва на Беларусі. Акад. УАСГНІЛ (1935). Д-р біял. і с.-г. навук (1934). Скончыў Пецярб. ун-т (1882). З 1894 у дэпартаменце земляробства Мін-ва земляробства і дзярж. маёмасцей, з 1922 праф. Ленінградскага с.-г. ін-та. Навук. працы па вывучэнні пладовых культур і іх роданачальных форм, біялогіі цвіцення і плоданашэння, падборы апыляльнікаў. У 1926—31 кіраваў абследаваннем садоў на Беларусі, зборам і сістэматызаваннем мясц. сартоў. Даў пачатак пародасартавому раянаванню пладова-ягадных культур, культываванню лек. раслін на Беларусі.

Тв.:

Избр. соч. по плодоводству. М., 1959.

В.В.Пашкевіч.

т. 12, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖНЯЯ́РКА,

машына для скошвання с.г. культур і транспартавання скошанай масы ў малацільны апарат камбайна (пры прамым камбайнаванні) або ўкладкі яе на поле ў валкі ці ў рассціл (пры раздзельнай уборцы). Асн. рабочыя органы — рэжучы апарат, матавіла, шнэк, транспарцёр.

Шнэкавыя Ж. (хедэры) бываюць навясныя (на збожжаўборачныя камбайны) або прычапныя да трактара; валковыя (платформавыя) — самаходныя ці ў агрэгаце з трактарамі, самаходнымі шасі, камбайнамі. Валковыя Ж. паводле размяшчэння рэжучага апарата падзяляюцца на франтальныя і бакавыя, паводле спосабу фармавання валкоў — на адна-, двух- і трохпаточныя (фармуюць валок рэзальным апаратам або яшчэ з дапамогай 1 ці 2 транспарцёраў). Ж. бываюць універсальныя і спецыяльныя (для ўборкі пэўных культур). Напр., зернебабовая Ж. — навясная на камбайны машына для скошвання і ўкладкі ў валкі зернебабовых культур (у т. л. зялёнага гарошку, іх сумесей) і палеглай збажыны. Мае пальцавы рэжучы апарат са сцёблападымальнікам, універсальнае эксцэнтрыкавае матавіла, раменна-планкавы транспарцёр, платформу, механізм прывода і інш. Шырыня захопу Ж. ад 3,5 да 17 м, прадукцыйнасць ад 1,2 да 8 га/гадз.

Жняяркі: 1 — навясная з універсальным матавілам для раздзельнай уборкі збожжа; 2 — збожжавая прычапная да трактароў; 3 — зернебабовая; 4 — канапляная жняярка-снопавязалка.

т. 6, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Сцімбу́р ’парастак, цымбур’ (Сцяшк. Сл.), ’бадыль, сцябло’ (астрав., Ск. нар. мовы), сцімбу́р, сцімбю́р, сцімбі́р, сцымбу́р ’сцябло агародных культур, пустазелля’, ’чаранок ліста’, ’кветаножка, сцябло суквецця’, ’стрыжань пяра’, ’сплеценыя ніткі ў матузы’, ’хваставы адростак у жывёл’(Сл. ПЗБ), сцю́мбар ’сцябліна зёлкі’ (мёрск., Краязн. газ., 2008, 43, 7). З літ. stimburỹs, stim̃biras ’тс’ (Сл. ПЗБ, 5, 40), stémburas ’чаранок, бадыль, сцябло’ (Грынавяцкене, LKK, 30, 117). Гл. таксама цымбур.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)