буржуазі́я, ‑і, ж.

1. Пануючы клас капіталістычнага грамадства, які з’яўляецца ўласнікам прылад і сродкаў вытворчасці і жыве капіталістычным даходам, атрымліваючы прыбавачную вартасць эксплуатацыяй наёмнай працы. З усіх класаў, якія процістаяць цяпер буржуазіі, толькі пралетарыят прадстаўляе сабой сапраўды рэвалюцыйны клас. Маркс і Энгельс.

2. У феадальным грамадстве — саслоўе гараджан.

•••

Дробная буржуазія — дробныя ўласнікі, якія валодаюць сродкамі вытворчасці і карыстаюцца наёмнай працай у нязначнай ступені або зусім не карыстаюцца ёю.

[Фр. bourgeoisie.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падрадзі́цца, ‑раджуся, ‑радзішся, ‑радзіцца; зак., з інф.

1. Наняцца, абавязаўшыся выканаць што‑н. на пэўных умовах. [Герасім Іванавіч:] — Прыходзіць неяк ранічкаю Ахрэм да мяне і кажа: давай, Гараська, падрадзімся настаўніку хату рубіць. Карамазаў.

2. Даць згоду зрабіць што‑н., узяцца зрабіць якую‑н. работу каму‑н. З вучнямі пятага і шостага класаў [Ніна] яшчэ хадзіла на калгасны ячмень [свірэпу] рваць. Сама падрадзілася. Лобан. Кукарэка, ахвотны да размовы, падрадзіўся ісці і паказаць дом старшыні. Грамовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

саве́тнік, ‑а, м.

1. Назва пасад у некаторых установах (пасольствах, міністэрствах і пад.). Саветнік пасольства. Дзяржаўны саветнік юстыцыі. // Асоба, якая займае гэту пасаду. Фінансавы саветнік пасольства.

2. У дарэвалюцыйнай Расіі — назва чыноў розных класаў паводле рангаў існаваўшай іерархіі ў цывільнай службе. Калежскі саветнік.

•••

Надворны саветнік — цывільны чын сёмага класа ў дарэвалюцыйнай Расіі.

Стацкі саветнік — цывільны чын пятага класа ў дарэвалюцыйнай Расіі.

Тытулярны саветнік — цывільны чын дзевятага класа ў дарэвалюцыйнай Расіі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БЕЛАРУ́СКАЯ ШКО́ЛЬНАЯ РА́ДА МЕ́НШЧЫНЫ,

культурна-асветная ўстанова ў 1919—20. Засн. 30.8.1919 у Мінску на базе школьнай камісіі Часовага беларускага нацыянальнага камітэта. Дзейнічала ва ўмовах польск. акупацыі. У прэзідыум рады ўваходзілі С.​Рак-Міхайлоўскі (старшыня), У.​Ігнатоўскі (нам. старшыні), Я.​Шнаркевіч (сакратар), А.​Смоліч, А.​Данілевіч, Ч.​Родзевіч, П.​Дземідовіч і інш. Кіравала дзейнасцю бел. навуч. устаноў Мінскай губ., стварала бел. школы і культ.-асв. гурткі, павятовыя і валасныя бел. школьныя рады, арганізавала ў Мінску і Слуцку бел. настаўніцкія курсы, стварыла камісію, якая склала і выдала навуч. праграму для малодшых класаў бел. школ, выдавала бел. падручнікі і дапаможнікі для школ. Стала асновай для стварэння Цэнтральнай беларускай шкальнай рады. Спыніла дзейнасць у ліп. 1920 з прыходам Чырв. Арміі.

У.​В.​Ляхоўскі.

т. 2, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́НЖУРА (Wanžura, Vančura) Эрнест (1750?, Вамберк, Чэхія — студз. 1802), кампазітар і клавесініст. Па паходжанні чэх. Барон. Служыў у войсках аўстр. імператара Іосіфа II. У 1780 запрошаны графам С.​Г.​Зорычам у прыдворны т-р у Шклове. Аўтар лібрэта, музыкі і дэкарацый «Пантамімы з алегорыямі», паст. у Шклове 30.5.1780 у прысутнасці Кацярыны II і Іосіфа II. З 1783 муз. кіраўнік у выхаваўчым доме, інспектар муз. класаў Пятроўскага т-ра ў Маскве, у 1786—97 у дырэкцыі імператарскіх т-раў у Пецярбургу, капельмайстар і прыдворны клавесініст. Сярод твораў: камічныя оперы «Храбры і смелы віцязь Архідэіч» (паст. 1787), «Апякун падмануты»; З сімфоніі на слав. тэмы (на ўкр., рус. і польск.). У 1785—94 выдаваў муз. часопіс.

Г.​І.​Барышаў.

т. 3, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЛЬГА́РНЫ САЦЫЯЛАГІ́ЗМ,

спрошчанае вытлумачэнне грамадскіх з’яў, аднабаковае перабольшванне ролі асобных фактараў грамадскага развіцця: тэхнікі, формаў арганізацыі вытв-сці, эканомікі, палітыкі, ідэалогіі, ігнараванне значэння біял. прыроды чалавека. У вузкім сэнсе слова вульгарны сацыялагізм — аднабаковае вытлумачэнне грамадскай свядомасці, калі апошняя разглядаецца безадносна да праблемы яе ісціннасці або памылковасці, а выключна ў аспекце яе класава-ідэалаг. функцыі, г. зн. у якасці сродку барацьбы грамадскіх класаў (сац. слаёў, груп і г.д.) за панаванне або проста выжыванне. У філасофіі (А.А.Багданаў, У.​М.​Шуляцікаў), літ. крытыцы і эстэтыцы (В.​Ф.​Пераверзеў, У.​М.​Фрычэ) ён выяўляўся ў адмаўленні адноснай самастойнасці ідэалогіі і ў вывядзенні ўсіх ідэалаг. формаў непасрэдна са спосабу вытв-сці. Разнавіднасцю вульгарнага сацыялагізму ў мовазнаўстве было вучэнне аб мове як класавай і надбудовачнай з’яве.

т. 4, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКАЕ РЭА́ЛЬНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА,

агульнаадукацыйная сярэдняя навуч. ўстанова. Засн. ў Гродне ў вер. 1907. Уваходзіла ў склад Віленскай навучальнай акругі. Выкладаліся рус., польск., ням. і франц. мовы, геагр., прыродазнаўства, гісторыя, заканазнаўства, матэматыка, фізіка, касмаграфія, музыка, маляванне, чарчэнне, асновы ваен. навукі, гімнастыка. У ім працавалі выпускнікі з ун-таў Варшавы, Масквы, Пецярбурга, Полацкай настаўніцкай семінарыі і інш. Выпускнікі вучылішча мелі льготы пры паступленні ў вышэйшыя тэхн. і с.-г. навуч. ўстановы, на фізіка-матэм. ф-ты ун-таў. Утрымлівалася за кошт казны і збораў за навучанне. У 1907/08 навуч. г. мела 2 класы (49 вучняў), у 1914/15 — 7 класаў (311 вучняў). У 1915 у сувязі з ваен. дзеяннямі пераведзена ў г. Калуга. У 1917 ліквідавана.

А.​Ф.​Самусік.

т. 5, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРО́ЖДЖЫ,

група аднаклетачных мікраскапічных грыбоў, у якіх адсутнічае сапраўдны міцэлій. Вядома каля 500 відаў, што належаць да 3 класаў — аскаміцэты, базідыяльныя грыбы і недасканалыя грыбы (дэйтэраміцэты). Пашыраны ў глебе, прадуктах, у раслін, жывёл і чалавека. Клеткі Д. шарападобнай, авальнай або цыліндрычнай формы, бясколерныя ці пігментаваныя, нерухомыя, даўж. 5—10 мкм і больш. Размнажаюцца пераважна пачкаваннем, некат. віды — дзяленнем. Д. ўдзельнічаюць у кругавароце рэчываў у глебе, фарміраванні яе структуры і ўрадлівасці. Многія выклікаюць спіртавое браджэнне. Багатыя бялком, вітамінамі групы B. Выкарыстоўваюцца ў вінаробстве, піваварэнні, хлебапячэнні, сельскай гаспадарцы (гл. Дрожджы кармавыя, Дражджавая вытворчасць) і інш.; піўныя Д. — у медыцыне пры гіпавітамінозе B1, парушэннях абмену рэчываў, фурункулёзе і інш. Патагенныя формы Д. выклікаюць хваробы чалавека і жывёл — бластамікозы, кандыдамікозы.

А.​П.​Красільнікаў.

т. 6, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДУХО́ЎНАЕ ПРЫЧА́СЦЕ СВЯТЫ́Х БАРЫ́СА І ГЛЕ́БА»,

польска-бел. школьная драма эпохі барока. Аўтар невядомы. Уваходзіць у рукапісны зб. канца 17 ст. «Аршанскі кодэкс». Паст. ў Полацку і, магчыма, у Оршы да 1693. У аснове сюжэта падзеі 11 ст. ў Полацку і Кіеве (феад. міжусобіцы, пашырэнне хрысціянства). Рэчаіснасць і вобразы гал. герояў святых Барыса і Глеба пададзены ўмоўна. Твор уключае антыпралог, пралог і 4 інтэрмедыі. У інтэрмедыях адлюстравана жыццё бел. грамадства канца 17 ст. Дзейныя асобы драмы селянін («хлоп»), гарбар, салдат, яўрэй, хлопцы-парабкі, якія гавораць па-беларуску, прадстаўлены людзьмі абмежаванымі. Мяркуючы па змесце, аўтар — католік-езуіт, прыхільнік ідэалогіі пануючых класаў. Твор апубл. І.​Ляванскім у «Старапольскай драматургіі» (Варшава, 1963. Т. 6).

Літ.:

Мальдзіс АІ. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. С. 175—192.

т. 6, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛАСІФІКА́ЦЫЯ (ад лац. classis разрад, клас + facio раблю, раскладваю),

сістэма супадпарадкаваных паняццяў (класаў аб’ектаў) якой-н. галіны ведаў або дзейнасці чалавека, якая выкарыстоўваецца як сродак для ўстанаўлення сувязей паміж гэтымі паняццямі і арыентацыі ў іх разнастайнасці; разбіванне мноства (класа) аб’ектаў на падмноствы (падкласы) па вызначаных адзнаках. Адрозніваюць К. натуральныя (у якасці асновы выкарыстоўваюць істотныя адзнакі, з якіх вынікае максімум вытворных, напр., перыядычная сістэма хім. элементаў) і штучныя, або дапаможныя (выкарыстоўваюць неістотныя адзнакі, напр., алфавітна-прадметныя паказальнікі, імянныя каталогі ў бібліятэках), універсальныя, спецыяльныя, вузкага кола аднародных з’яў і інш. К. — важны сродак захавання і пошуку інфармацыі, садзейнічае руху навукі ад эмпірычнага назапашвання ведаў да тэарэт. абагульненняў, дазваляе рабіць прагнозы адносна яшчэ невядомых фактаў і заканамернасцей.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 8, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)