ДЫСТРАФІ́Я (ад дыс... + грэч. trophē харчаванне),

якасныя змены хім. саставу, фіз.-хім. якасцей, структуры і функцыі тканак, звязаныя з парушэннем абмену рэчываў; працэс, у выніку якога развіваюцца многія захворванні. Бывае ад непаўнацэннага ці незбалансаванага харчавання, уздзеяння мех. і фіз. фактараў, інфекцыі, інвазіі, інтаксікацыі, парушэння крова- і лімфазвароту, пашкоджання залоз унутр. сакрэцыі і нерв. сістэмы, генет. паталогіі і інш.

Паводле механізма развіцця Д. вылучаюць дэкампазіцыю (хім. перабудова цытаплазмы), інфільтрацыю (празмернае намнажэнне ў тканках розных рэчываў), трансфармацыю (ператварэнне рэчываў, напр. бялкоў у вугляводы, тлушчы і інш.) і скажоны сінтэз. Выяўляецца зменамі колеру, велічыні, формы, кансістэнцыі і малюнка органаў. Адрозніваюць Д. бялковыя, тлушчавыя, вугляводныя і мінеральныя. Д. — працэс абарачальны, але можа прывесці да некрозу.

т. 6, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭРСЕКСУА́ЛЬНАСЦЬ (ад лац inter паміж + сексуальнасць),

наяўнасць у раздзельнаполых арганізмаў прыкмет абодвух полаў. Гэтыя прыкметы развіты няпоўна, маюць прамежкавы характар і ў адрозненне ад гінандрамарфізму праяўляюцца сумесна на адных і тых жа ч. цела асобін. Эмбрыянальнае развіццё такога інтэрсексу пачынаецца нармальна, але з пэўнага моманту працягваецца па тыпе інш. полу. Можа ўзнікнуць як вынік генет. заган развіцця (зіготная І.) або пры парушэнні работы залоз унутр. сакрэцыі (гарманальная І.). Розныя формы І., ці т.зв. псеўдагермафрадытызму, якія зрэдку выяўляюцца ў чалавека, могуць выклікацца парушэннем нармальнай колькасці палавых храмасом. Гарманальная І. узнікае ў зыходна разнаполых жывёл пры зменах у эндакрыннай сістэме. Яе можна выклікаць кастрацыяй жывёлы і перасадкай ёй палавой залозы інш. полу. Гл. таксама Гермафрадытызм.

т. 7, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЛАКТЫ́Н, пралакцін

[ад лац. pro для + lac (lactis) малако],

лактагенны гармон,

гармон пазваночных жывёл і чалавека, які выпрацоўваецца клеткамі пярэдняй ч. адэнагіпофіза. Паводле хім. прыроды — бялок, мае 198 амінакіслотных астаткаў, структурна блізкі да гармону росту і плацэнтарнага лактагеннага гармону. У млекакормячых жывёл стымулюе развіццё малочных залоз, лактацыю, рост унутр. органаў, праяўленне мацярынскага інстынкту; у пацукоў і мышэй уплывае на функцыянаванне жоўтага цела яечнікаў (адсюль больш ранняя назва П. — лютэатропны гармон). У птушак рэгулюе сакрэцыю малачка клеткамі валляка, стымулюе абмен тлушчу, рост пер’я, унутр. органаў, выседжванне яец, выкормліванне патомства. У ніжэйшых пазваночных П. кантралюе осмарэгуляцыю, водна-салявы абмен, пігментацыю скуры, міграцыю ў перыяд размнажэння. Сакрэцыя П. рэгулюецца гіпаталамічнымі рылізінг-гармонамі, эстрагенамі і інш.

С.​С.​Ермакова.

т. 12, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКУ́НСЫ, смярдзючкі (Mephitinae),

падсямейства млекакормячых сям. куніцавых атр. драпежных. 3 роды: С. паласатыя (Mephitis), 2 віды; С. плямістыя (Spilogale), 2 віды; С. свінаносыя (Conepatus), 6—7 відаў. Пашыраны ў Паўн. і Цэнтр. Амерыцы. Жывуць у розных біятопах, ад лясоў да пустынь. У паўн. ч. арэала зімой упадаюць у спячку.

Даўж. цела да 49 см, хваста да 44 см, маса да 4,5 кг. Сакрэт анальных залоз з агідным стойкім смуродам (адпужвае ворагаў) — адсюль другая назва. Кормяцца пладамі, ягадамі, насякомымі, птушкамі, дробнымі млекакормячымі. Палігамы; нараджаюць да 10 (звычайна 5—6) дзіцянят за год. С. паласаты (M. mephitis) — аб’ект пушнога промыслу і развядзення.

Э.​Р.​Самусенка.

Скунсы: 1 — паласаты; 2 — плямісты; 3 — свінаносы.

т. 14, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

інкрэ́цыя

(лац. incretio = выдзяленне)

выдзяленне пэўнай групай залоз арганізма чалавека і жывёл асаблівых фізіялагічна актыўных рэчываў (гармонаў) непасрэдна ў кроў або лімфу.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

антасфе́ра

(ад гр. anthos = кветка + сфера)

сфера ўплыву пахучых залоз асобнай кветкі на дзейнасць насякомых — апыляльнікаў раслін (спажыўцоў яе нектару і пылку).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

адэнаме́р

(ад гр. aden = залоза + -мер)

канцавы аддзел залоз жывёл і чалавека, у якім узнікае сакрэт​2, што трапляе ў вывадную пратоку.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

тэлазіі́ды

(н.-лац. thelaziidae)

сямейства гельмінтаў класа нематодаў паразітуюць у арбітальнай поласці і вывадных пратоках слёзных залоз птушак, буйной рагатай жывёлы, зуброў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

тэстастэро́н

(ад лац. testis = мужчынскае яечка + гр. stereos = цвёрды)

гармон мужчынскіх палавых залоз, які абумоўлівае фарміраванне палавых органаў і другасных палавых прымет.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ганадатрапі́ны

(ад ганады + гр. tropos = напрамак)

гармоны, якія выпрацоўваюцца пярэдняй часткай гіпофіза і ўплываюць на развіццё і функцыю палавых залоз жывёл і чалавека.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)