НАВІКО́Ў Мікалай Іванавіч (8.5.1744, радавы маёнтак Ціхвінскае-Аўдоцціна каля г. Бронніцы Маскоўскай вобл., Расія — 12.8.1818),
рускі асветнік, журналіст, кнігавыдавец, пісьменнік. Вучыўся ў дваранскай гімназіі пры Маскоўскім ун-це. З 1769 выдаваў часопісы. у т. л. сатырычныя («Трутень», «Пустомеля», «Живописец», «Кошелек»), першыя рас. часопісы: філас. «Утренний свет» (1777—80), крытыка-бібліягр. «Санкт-Петербургские ученые ведомости» (1777), дзіцячы «Детское чтение...» (1785—89). Склаў і выдаў «Спроба гістарычнага слоўніка пра расійскіх пісьменнікаў» (1772), кнігу помнікаў рас. гісторыі і л-ры «Старадаўняя расійская вівліёфіка» (1773—75) і інш. Аўтар цыкла сатыр. апавяданняў «Прыказкі расійскія» (1782), прац па педагогіцы («Пра выхаванне і навучанне дзяцей...», 1783), эканоміцы («Пра гандаль увогуле», 1783) і інш. Выступаў супраць прыгоннага права, за нац. асновы рус. культуры. Арганізатар друкарняў, бібліятэк, школ у Маскве, кніжных магазінаў у гарадах Расіі. У 1770-я г. далучыўся да масонаў. У 1792 за антыўрадавую дзейнасць паводле загаду Кацярыны II зняволены на 15 гадоў, вызвалены ў 1796 без дазволу працягваць ранейшую дзейнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАДЗЕ́ЖДЗІН Мікалай Іванавіч (17.10.1804, г.п. Белаомут Лухавіцкага р-на Маскоўскай вобл. — 23.1.1856),
рускі крытык, журналіст, гісторык і этнограф. Скончыў Маскоўскую духоўную акадэмію (1824). У 1831—35 праф. Маскоўскага ун-та. З 1831 выдаваў час. «Телескоп» з дадаткам газ. «Молва», у якіх супрацоўнічаў В.Р.Бялінскі. За публікацыю «Філасафічнага пісьма» П.Чаадаева ў 1836 «Телескоп» закрыты, а Н. сасланы. У 1843—56 рэдактар «Журнала Министерства внутренних дел», адначасова з 1848 старшыня Аддзялення этнаграфіі Рус. геаграфічнага т-ва. Адзін з пачынальнікаў рас.літ. эстэтыкі, у якой развіваў ідэі Ф.Шэлінга. Адыграў значную ролю ў фарміраванні эстэт. прынцыпаў рэалізму. Аўтар літ.-крытычных арт. «Літаратурныя боязі за будучы год» (1828), «Гора ад розуму». Камедыя... А.Грыбаедава» (1831), цыклаў «Летапісы айчыннай літаратуры» (1832), «Рускі тэатр. Лісты ў Пецярбург» (1833), гіст., этнагр. прац, у т. л. «Пра гістарычную ісціну і дакладнасці» (1837), «Пра гаворкі рускай мовы» (1841) і інш. Распрацоўваў пытанні этнаграфіі славян. Беларусі прысвечаны арт. «Паўночна-Заходні край імперыі ў мінулым і сучасным выглядзе» (1843).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯКРА́САЎ Віктар Платонавіч (17.6.1911, Кіеў — 1987),
рускі пісьменнік. Скончыў Кіеўскі будаўнічы ін-т (1936), адначасова вучыўся ў тэатр. студыі пры Кіеўскім т-ры рус. драмы. Працаваў акцёрам, тэатр. мастаком. Удзельнік Вял.Айч. вайны, потым журналіст. Пасля 1974 жыў у Францыі. У аповесці «У акопах Сталінграда» (1946, Дзярж. прэмія СССР 1947; фільм «Салдаты», 1957) аўтабіягр. вобраз апавядальніка-афіцэра, праўдзівая, падкрэслена празаічная карціна франтавых будняў. Аповесць «У родным горадзе» (1954, фільм «Горад запальвае агні», 1958) пра складаны лёс франтавіка, які вярнуўся з вайны. Аўтар аповесці «Кіра Георгіеўна» (1961), дарожных нататак пра замежныя паездкі, кнігі апавяданняў пра сустрэчы з людзьмі мастацтва, л-ры «У жыцці і ў лістах» (1971), эсэістычнай асацыятыўнай прозы «Запіскі разявакі» (1975), «Маленькая журботная аповесць» (1986), публіцыстычных артыкулаў, артыкулаў пра архітэктуру, жывапіс, кінамастацтва і інш.
В.П.Някрасаў.
Тв.:
Избр. произв.: Повести, рассказы, путевые заметки. М., 1962;
По обе стороны океана;
Записки зеваки;
Саперлипопет, или Если б да кабы, да во рту росли грибы... М., 1991;
Маленькая печальная повесть: Проза разных лет. М., 1991;
В самых адских котлах побывал...: Сб. повестей и рассказов, воспоминаний и писем. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯВО́Й Мікалай Аляксеевіч (3.7.1796, г. Іркуцк, Расія — 6.3.1846),
рускі пісьменнік, крытык, журналіст, гісторык. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1831). Выдаваў час. «Московский телеграф» (1825—34, забаронены), у якім выступаў у абарону правоў купецтва, асуджаў дваранскую арыстакратыю за адсутнасць нац. пачуцця, асн. умовай прагрэсу краіны лічыў пашырэнне асветы. Аповесць «Сімяон Кірдзяпа. Руская быль XIV ст.» (1828, апубл. 1832), раман «Клятва каля труны Гасподняй» (1832), п’есы «Дзядуля рускага флоту» (1838), «Кастрамскія лясы» (1841, пра Івана Сусаніна) і інш. на гіст. тэматыку. У аснове аповесцей «Жывапісец», «Асалода вар’яцтва» (абедзве 1833), «Эма» (1834) і інш. канфлікт «мары» і «рэальнага жыцця» ў духу рамантызму. «Гісторыя рускага народа» (т. 1—6, 1829—33, незавершана) палемічна скіравана супраць «Гісторыі дзяржавы Расійскай» М.Карамзіна. Аўтар вершаў, рамана «Абаддона» (1834), празаічнага перакладу «Гамлета» У.Шэкспіра (1837), артыкулаў пра рус. і замежную л-ру, на сац.-эканам. тэмы і інш.
Тв.:
Избр. произв. и письма. Л., 1986;
Избр. историческая проза. М., 1990;
Клятва при Гробе Господнем. М., 1994;
История русского народа. Т. 1—3. М., 1997.
Літ.:
Шикло А.Е. Исторические взгляды Н.А.Полевого. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УВА́РАЎ Уладзімір Паўлавіч (25.5.1925, г. Уварава Тамбоўскай вобл., Расія — 3.7.1983),
бел. вучоны-эканаміст, мовазнавец, журналіст. Бацька Г.У.Уваравай. Д-рэканам.н. (1977), праф. (1977). Скончыў Ваен.ін-т замежных моў (1949). З 1949 у газ. «Osterreichische Zeitung» («Аўстрыйская газета»). У 1956—58 у Мінскім пед. ін-це замежных моў, з 1960 у Бел. ін-це нар. гаспадаркі (у 1960—64 заг. кафедры, у 1964—65 і 1974—78 дэкан ф-та). З 1978 заг. кафедры ў Ін-це павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў грамадскіх навук пры БДУ, у 1978—79 адначасова ў Вышэйшай эканам. школе ў Празе. Навук. працы па праблемах паліт. эканоміі, гісторыі эканам. вучэнняў, па сістэме вывучэння паліт. эканоміі і эканам. гісторыі вучэнняў з выкарыстаннем ЭВМ, тэорыі і практыкі разумення і перакладу замежнага тэксту.
Тв.:
Как научиться понимать и переводить иностранный текст. Мн., 1968 (у сааўт.);
Идеология современного реформизма. Мн., 1970;
Семинары по политической экономии с применением ЭВМ: (Исслед. пробл. управления учеб. процессом). Мн., 1982;
История экономических учений. М., 1983 (у сааўт.);
Экономическое соуправление: Политэкон. анализ соц.-демокр. теории и буржуаз. практики. Мн., 1985 (разам з Л.Ф.Заікам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРА́СІМАЎ Сяргей Апалінарыевіч (21.5.1906, г. Екацярынбург, Расія — 28.11.1985),
рускі кінарэжысёр, педагог, сцэнарыст. Нар.арт.СССР (1948). Акад.АПНСССР (1978), Герой Сац. Працы (1974). Д-р мастацтвазнаўства (1967). Праф. (1946). Скончыў Ленінградскі ін-тсцэн. мастацтва (1928). Творчую дзейнасць пачаў у 1924 акцёрам, з 1930 выступаў як рэжысёр і педагог. Яго рэжысёрскае майстэрства праявілася ўжо ў першых фільмах: «Сямёра смелых» (1936), «Камсамольск» (1938), «Настаўнік» (1939), «Маскарад» (1941). У фільмах, прысвечаных сучаснасці, — шматгранны паказ жыцця, псіхал. паглыбленыя вобразы, філас. роздум, высокае майстэрства рэжысуры і акцёрскага ансамбля: «Людзі і звяры» (1962), «Журналіст» (1967), «Каля возера» (1970), «Кахаць чалавека» (1973). Значнае месца ў творчасці Герасімава займаюць экранізацыі літ. твораў: «Маладая гвардыя» (1948, паводле А.Фадзеева), «Ціхі Дон» (1957—58, паводле М.Шолахава), «Чырвонае і чорнае» (1976, паводле Стэндаля), «Юнацтва Пятра» і «У пачатку слаўных спраў» (1981, паводле А.Талстога). У 1984 паставіў фільм «Леў Талстой», дзе выканаў гал. ролю. Аўтар сцэнарыяў амаль усіх сваіх фільмаў. З 1931 выкладаў ва Усесаюзным дзярж. ін-це кінематаграфіі (цяпер носіць яго імя), кіраваў аб’яднанай акцёрска-рэжысёрскай майстэрняй. Ленінская прэмія 1984, Прэмія Ленінскага камсамола 1970, Дзярж. прэміі СССР 1941, 1949, 1951, 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЖЭ́ЎНІКАЎ Вадзім Міхайлавіч (22.4.1909, с; Нарым Парабельскага р-на Томскай вобл., Расія — 20.10.1984),
рускі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1974). Скончыў Маскоўскі ун-т (1933). У Айч. вайну журналіст, удзельнік вызвалення Беларусі. З 1949 гал. рэдактар час. «Знамя». Друкаваўся з 1928. Аўтар зб-каў апавяданняў «Начная размова» (1939), «Апавяданні пра вайну» (1942), «Любімыя таварышы» (1943), «Дарогамі вайны» (1955), «Дрэва жыцця» (1977); аповесцей «Стэпавы паход» (1939), «Знаёмцеся, Балуеў!» (1960), «Пётр Рабінкін» (1968), «Асобае падраздзяленне» (1969, за дзве апошнія Дзярж. прэмія СССР 1971); раманаў «Зары насустрач» (кн. 1—2, 1956—57, пра рэв. рух у Сібіры), «У поўдзень на сонечным баку» (1973), «Карані і крона» (1981—82). Раман «Шчыт і меч» (1965, паст.Бел. т-рам імя Я.Коласа 1967) пра сав. разведчыкаў. Пісаў п’есы, нарысы, кінасцэнарыі. Неаднаразова наведваў Беларусь. Аўтар нарыса «Кірыл Арлоўскі», артыкулаў пра бел. л-ру. На бел. мову паасобныя творы К. пераклалі А.Кудравец, Г.Шаранговіч.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—6. М., 1968—71;
Собр. соч.Т. 1—9. М., 1985—88;
Бел.пер. — у кн.: Аб кані і конніку. Мн., 1936;
Рускае савецкае апавяданне. Мн., 1988. Т. 1.
Літ.:
Леонов Б.А. Вадим Кожевников: Очерк жизни и творчества. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́РАЧКІН Васіль Сцяпанавіч (9.8.1831, С.-Пецярбург — 27.8.1875),
рускі паэт, перакладчык, журналіст. Брат М.С.Курачкіна. Да 1853 на ваен. службе. У 1859—73 рэдактар і выдавец сатыр.час.«Искра» (да 1864 з М.А.Сцяпанавым). У 1861—63 чл.цэнтр.к-та тайнай рэв. арг-цыі «Зямля і воля». Друкаваўся з 1848. Пісаў вершы, вадэвілі («Паміж намі, панове!», паст. 1853; «Сюрпрыз», паст. 1854), фельетоны. Пачынальнік у рус. л-ры надзённай паліт. паэзіі, для якой характэрна парадыйнае выкарыстанне розных жанраў (санет, ода, стансы, элегія), увядзенне для камічнага эфекту ў якасці дзеючых асоб герояў вядомых літ. твораў (А.Грыбаедава, М.Гогаля, Дз.Фанвізіна). Перакладаў зах.-еўрап. пісьменнікаў (Мальера, А.Мюсэ, А.Барб’е, В.Гюго і інш.). Найб. вядомы яго пераклады «Песень Беранжэ» (1858; усяго пераклаў 89 песень), у якіх тэмы і вобразы франц. арыгінала суаднесены з рэаліямі рас. рэчаіснасці. Аўтар сатыр. камедыі «Прынц-Лугоня» (пераробка камедыі М.Манье «Кароль Бабален», 1880). Некат. вершы пакладзены на музыку А.Даргамыжскім і М.Мусаргскім.
Тв.:
Стихотворения. Статьи. Фельетоны. М., 1957;
Стихотворения. М.; Л., 1962.
Літ.:
Ямпольский И. Василий Курочкин // Ямпольский И. Середина века. Л., 1974;
Старицына З.А. Беранже в русской литературе. М., 1980. С. 76—88.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ЛДРЫДЖ (Aldridge) Джэймс (н. 10.7.1918, г. Уайт-Хілс, Аўстралія),
англійскі пісьменнік. Вучыўся ў Лонданскім ун-це. У 2-ю сусв. вайну ваен.журналіст. У 1944—45 наведаў СССР. Літ. дзейнасць пачаў з нарысаў і замалёвак. Аўтар раманаў антыфаш. «Справа гонару» (1942), «Марскі арол» (1944), філас.-прыгодніцкага «Паляўнічы» (1950), антыкалан. «Героі пустынных гарызонтаў» (1954), «Не хачу, каб ён паміраў» (1957), «Апошні выгнаннік» (1961), сац.-псіхал. «Мой брат Том. Гісторыя аднаго кахання» (1966), дылогій «Дыпламат» (1949, Залаты медаль міру 1953) і «Горы і зброя» (1974), «Вязень чужой краіны» (1962) і «Небяспечная гульня» (1966), п’есы «Сорак дзевяты штат» (1946, створана ў традыцыі Б.Шоу), аповесці «Апошні позірк» (1977, пра Э.Хемінгуэя і Ф.С.Фіцджэральда), рамана-памфлета «Бывай, Антыамерыка!» (1979) і інш. Яго творы адметныя актуальнасцю праблематыкі, сюжэтнай адкрытасцю, спалучэннем дакумент. пачатку з лірызмам і філасафічнасцю. На бел. мову раман О. «Паляўнічы» пераклаў М.Валошка. Міжнар. Ленінская прэмія «За ўмацаванне міру паміж народамі» 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯВО́Й (сапр.Кампаў) Барыс Мікалаевіч
(17.3.1908, Масква — 12.7.1981),
рускі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1974). Скончыў прамысловы тэхнікум у Цверы (1926). З 1928 журналіст. У Вял.Айч. вайну карэспандэнт «Правды». З 1962 гал. рэдактар час. «Юность». Друкаваўся з 1927. У «Аповесці пра сапраўднага чалавека» (1946, Дзярж. прэмія СССР 1947; аднайм. опера С.Пракоф’ева і фільм, 1948; прататып гал. героя — лётчык А.П.Марэсьеў), раманах «Золата» (1949—50, аднайм. фільм, 1970), «Доктар Вера» (1966, аднайм. фільм, 1968), кнігах апавяданняў «Мы — савецкія людзі» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1949), нарысаў «Ад Белгарада да Карпат» (1944) і інш. — падзеі Вял.Айч. вайны. Аўтар аповесці «Гарачы цэх» (1939), цыкла біягр. аповесцей (асобнае выд. 1977), раманаў «Глыбокі тыл» (1958), «На дзікім беразе...» (1962, аднайм. фільм, 1966), зб. апавяданняў «Сілуэты» (1974), дзённікаў ваен. карэспандэнта (у т. л. «У рэшце рэшт. Нюрнбергскія дзённікі», ч. 1—2, 1968; «Гэтыя чатыры гады», т. 1—2, 1974), падарожных нататак «Амерыканскія дзённікі» (1956), «Саянскія запісы» (1964), п’ес, успамінаў і інш. Многія яго творы інсцэніраваны. На бел. мову «Аповесць аб сапраўдным чалавеку» пераклаў А.Стаховіч (1951).
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—9. М., 1981—86;
Повесть о настоящем человеке. Мн., 1987.
Літ.:
Железнова Н.Л. Настоящие люди Бориса Полевого. М., 1978.