ПАСЛА́ННЕ,

жанр эпісталярнай літаратуры; медытацыя, напісаная ў форме звароту да пэўнай асобы ці некалькіх асоб, нярэдка маналагічная прамова-развага або адкрыты ліст да каго-небудзь. Вытокі бел. П. — у творах эпохі Адраджэння і барока: вершаваныя і празаічныя П.-прысвячэнні Міколы Гусоўскага, лісты С.​Рысінскага, «Ліст да Абуховіча», некаторыя творы палемічнай літаратуры і інш. З 19 ст. стала амаль выключна здабыткам паэзіі («Да мілых мужычкоў» Я.​Чачота, «Уставайма, братцы» В.​Каратынскага, «Не цурайся» Ф.​Багушэвіча). У пач. 20 ст. пашырылася тэматыка П. (гучалі сац. і нац.-вызв. матывы, грамадз. пафас), удасканалілася маст. форма. Да П. часта звяртаўся Я.​Купала, у творчасці якога прадстаўлены ўсе яго разнавіднасці: сац.-паліт. («Апекунам»), грамадз.-патрыят. («Беларускім партызанам»), літ. («Прывет, вам...»), сатыр. («Слугам алтарным»), інтымна-лірычныя («Да дзяўчынкі»), П.-інвектывы («Гэй, капайце, далакопы») і г.д. У Вял. Айч. вайну з’явіліся экспрэсіўныя, высокапаэт. П. да воінаў-франтавікоў, бел. партызан, роднай краіны, асобных народаў, гарадоў-герояў, сваякоў і сяброў і інш. Жанр П. займае важнае месца і ў сучаснай паэзіі. Яму ўласцівы патрыят. запал, спалучэнне інтымных матываў з грамадзянскімі.

В.​П.​Рагойша.

т. 12, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯДУ́ТА (італьян. veduta),

жанр выяўл. мастацтва або канкрэтны твор, які адлюстроўвае від мясцовасці, пейзаж, часцей архітэктурны. Тэрмін узнік у 17 ст. ў Галандыі, набыў пашырэнне ў 18 ст. ў Венецыі, у 19 ст. — у інш. краінах Еўропы. Сярод майстроў вядуты мастакі Б.​Белота, А.​Каналета, Дж.​Б.​Піранезі і інш.

Да арт. Вядута. А.​Каналета. Буцэнтаўр рыхтуецца адплыць ад мола ў дзень Узнясення. Каля 1740.

т. 4, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУЭ́Т (італьян. duetto ад лац. duo два),

1) ансамбль з двух выканаўцаў.

2) Вакальная п’еса для двух галасоў з інстр. суправаджэннем. Часта сустракаецца ў оперы, араторыі, кантаце; у аперэце — вядучы від вак. ансамбля; існуе і як самаст. жанр камернай вак. музыкі.

3) Інстр. п’еса для двух выканаўцаў, а таксама для двух вядучых інстр. галасоў з суправаджэннем. Д. часта называюць і п’есы для аднаго фп. ў 4 рукі.

т. 6, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЫ́ДА (араб.),

паэтычны жанр у л-рах Б. і Сярэдняга Усходу, Сярэдняй і Паўд.-Усх. Азіі; пераважна панегірычны верш у гонар нейкай выдатнай падзеі або асобы. Паводле формы нагадвае газель, аднак колькасць бейтаў у ёй дасягае 50—70 і больш. Узнікла ў араб. л-ры яшчэ ў даісламскі перыяд, росквіту дасягнула ў 11—12 ст. Найб. вядомыя майстры К. — Рудакі, Унсуры, Хагані Шырвані і інш.

т. 8, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКОРАГАВО́РКА,

фальклорны твор, пабудаваны на спалучэнні гукаў, якія перашкаджаюць хутка і выразна вымаўляць словы; жанр народна-паэтычнай творчасці. Пашырана ў дзіцячым фальклоры і выкарыстоўваецца для трэніроўкі дыкцыі. Напр.; «Лавіў рыбак судака, судзіў судак рыбака: лоўка, рыбак, ловіш, судаку сорам робіш», «Рапартаваў ды не дарапартаваў, стаў дарапартоўваць ды зарапартаваўся», «Пекар Пётр пёк пірог» і інш. Зб. бел. нар. С. «Мама Мышка сушыла шышкі» (1983) склаў І.​У.​Саламевіч.

т. 14, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ара́цыя

(лац. oratio)

празаічны жанр у літаратуры Беларусі 17—18 ст.; своеасаблівы тэатралізаваны паказ-прамова ў школьным тэатры.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

фабліо́

(фр. fabliau, ад лац. fabula = байка)

жанр сярэдневяковай французскай літаратуры: невялікае гумарыстычнае або сатырычнае апавяданне бытавога характару.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

РУ́МБА (ісп. rumba),

афра-амерыканскі песенна-танц. жанр, а таксама бальны танец. Сучасная Р. склалася на Кубе, з 1920-х г. распаўсюдзілася ў ЗША і Еўропе як эстрадны танец. Муз. памер двух- ці чатырохдольны, рытм вострасінкапіраваны, з акцэнтамі на слабых долях такта, тэмп ад умерана рухомага да хуткага. Уключае спеў саліста, рэплікі хору і ўласна танец, які выконваецца ў пары ці салістам у цэнтры кола гледачоў і музыкантаў.

т. 13, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

мака́ма

(ар. makame = спатканне)

кароткае рыфмаванае гумарыстычна-сатырычнае апавяданне як жанр сярэдневяковых літаратур на арабскай, персідскай і старажытнаяўрэйскай мовах.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

гавэ́нда

(польск. gawęda = гутарка)

1) невялікі эпічны жанр (паэтычны або празаічны) у польскай літаратуры эпохі рамантызму;

2) размова; плёткі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)