скро́іць, скрою, скроіш, скроіць; зак., што.

1. Зак. да кроіць (у 1 знач.).

2. Кроячы, зрасходаваць што‑н. Скроіць увесь матэрыял.

3. перан. (звычайна ў форме дзеепрым. зал. пр.). Мець той ці іншы склад (пра чалавека, яго фігуру і пад.). Густабровы, хоць і белабрысы. І ўвесь акуратна скроены, відаць, [хлопец] вясёлы. Такіх дзяўчаты любяць. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фармава́ць, ‑мую, ‑муеш, ‑муе; незак., што.

Спец.

1. Апрацоўваючы, адліваючы, штампуючы, надаваць чаму‑н. адпаведную форму. Дзяўчаты і хлопцы фармуюць на новым таку саманную цэглу. Брыль. — Каб былі мадэлі — мы б усё адлілі. А то — хоць на свой нос фармуй. Чорны. // Абразаючы, надаваць (дрэву, кусту) пэўную форму.

2. Рабіць форму для адліўкі, ліцця чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

да́та, ‑ы, ДМ даце, ж.

Дакладны каляндарны час якой‑н. падзеі, здарэння. У новым Зацішку спяваюць дзяўчаты, Калгас адзначае прыкметную дату. Хведаровіч. // Памета на дакуменце, пісьме і пад. пра час (год, месяц, чысло) яго напісання. Паставіўшы подпіс і дату, Алік прачытаў напісанае ўсё з пачатку. Кулакоўскі. Собіч запісаў дату і суму ў сваю кантрольную картку. Скрыган.

[Фр. date.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жаўтаро́ты, ‑ая, ‑ае.

1. З жаўтаватай дзюбай, з жаўцізной вакол дзюбы (пра птушанят). У гняздзе былі жаўтаротыя птушаняты. Лынькоў.

2. перан. Разм. Пра маладога нявопытнага чалавека. З тыдзень я абіваў парогі розных майстэрняў, фабрык і заводаў, гатовы пайсці на любую работу, але паглядзяць на мяне — і адмаўляюць. Жаўтароты. Гурскі. Хлопцы, дзяўчаты, што згрудзіліся ля вас, жаўтаротая, зялёная моладзь. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мо́ладзь, ‑і, ж., зб.

Маладое, падрастаючае пакаленне. Яшчэ не затухла полымя грамадзянскай вайны, а моладзь ужо бралася будаваць новае жыццё. Няхай. Няма на зямлі шчаслівей юнакоў, Як моладзь Савецкай радзімы. А. Александровіч. // Маладыя людзі; юнакі, дзяўчаты. Дзед Ігнат, а за ім іншыя мужчыны, скінулі шапкі, прыціхла моладзь... Васілевіч.

•••

Залатая моладзь — моладзь з буржуазна-дваранскага асяроддзя, якая вядзе марнатраўнае жыццё.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паразыхо́дзіцца, ‑дзіцца; ‑дзімся, ‑дзіцеся, ‑дзяцца; зак.

Разысціся — пра ўсё, многае або пра ўсіх, многіх. Увечары, калі хлопцы паразыходзіліся, хто ў парк, хто ў кіно, Сашка застаўся адзін у пакоі. Гроднеў. Толькі тады, калі дзяўчаты паразыходзіліся з гулянкі дамоў, ён, наламаўшы бэзу ў сваім агародчыку, прыйшоў да Ліды пад акно. Дайліда. Паразыходзіліся тыя хлопцы па свеце, хто куды. «ЛіМ».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прагля́нуць, ‑гляну, ‑глянеш, ‑гляне; зак.

Выглянуць, паказацца, стаць бачным на кароткі час. Дождж перастаў, праглянула сонца. В. Вольскі. Хмызы парадзелі, і ўперадзе праглянула палоска бурага ворыва. Хадановіч. // Месцамі з’явіцца. Разлілася.. [рэчка] паміж кустамі алешніку, асака праглянула на купінах, зноў дзяўчаты прыйшлі па лясныя кветкі. Даніленка. Трапляюцца толькі сыраежкі, ваўнянкі, ды яшчэ ліпкі масл[я]к прагляне з-пад хваёвай лапы. Кандрусевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыпая́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., што.

1. Прымацаваць, прырабіць паяннем. — Добрыя жарты... Абарвецца які правадок, чым цяпер яго прыпаяеш?.. Паслядовіч. Там [на заводзе] на вашых вачах збяруць І матор, і сярэбраны радыятар, Да яго па малому зубру Прыпаяюць старанна дзяўчаты. Панчанка.

2. перан. Разм. Прызначыць якое‑н. пакаранне. Перад вайной Аркашку прыпаялі моцна — дзесяць гадоў за калектыўны крадзеж. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сатка́ць, ‑тку, ‑тчэш, ‑тчэ; ‑тчом, ‑тчаце, ‑ткуць; зак., што.

1. Вырабіць, ткучы; выткаць. Табе вышыла сарочку цветам васільковым І саткала паясочак з нітак каляровых. А. Александровіч. Дзяўчаты сядзелі дома, рыхтавалі кросны. Рыхтавала і Лісавета. Трэба было да вясны саткаць усё тое, што было спрадзена за зіму, каб не стаялі ў хаце кросны. Чарнышэвіч.

2. Зрасходаваць, ткучы. Саткаць усю пражу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПІКАСО́, Пікаса [Picasso; сапр. Руіс-і-Пікаса (Ruiz y Picasso)] Пабла (25.10.1881, г. Малага, Іспанія — 8.4.1973), французскі мастак іспанскага паходжання; адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў авангардызму, заснавальнік (з Ж.Бракам) кубізму. Вучыўся ў школе прыгожых мастацтваў у Барселоне (з 1895) у свайго бацькі Х.​Руіса Бласка, акадэміі Сан-Фернанда ў Мадрыдзе (зіма 1897—98). З 1904 жыў у Францыі, пераважна ў Парыжы. Раннія жывапісныя творы [т.зв. «блакітны» (1901—04) і «ружовы» (1905—06) перыяды; назвы ад тонаў, якія дамінавалі ў каларыстычнай гаме] прысвечаны тэме трагічнай адзіноты, абяздоленасці і духоўнага ўбоства ніжэйшых слаёў грамадства, рамант. жыццю вандроўных камедыянтаў: «Стары жабрак з хлопчыкам», «Прасавальшчыца», «Бедная трапеза», «Дзяўчынка на шары», «Сям’я камедыянтаў з малпай» і інш. У той жа час працаваў пад уплывам П.​Пюві да Шавана, набідаў («Арлекін абапёрся»), А.​Тулуз-Латрэка, П.​Гагена («Жыццё»), Э.​Кар’ера («Маці і дзіця»), ісп. («Стары гітарыст») і грэч. («Вадапой») мастацтва. У 1906—07 пад уздзеяннем афр. пластыкі і П.​Сезана імкнуўся да выяўлення значнасці твора праз спрашчэнне форм («Авіньёнскія дзяўчаты» і інш.), што абумовіла ўзнікненне ў яго творчасці кубізму: «Фабрыка ў Хорта дэ Эбра», «Партрэт Фернанда Аліўе» (абодва 1909), «Партрэт Амбруаза Валара» (1909—10), «Партрэт Канвейлера» (1910), «Скрыпка і вінаград» (1912), «Гітара і скрыпка» (1913), «Партрэт дзяўчыны» (1914), «Тры музыканты» (1921), «Мандаліна і гітара» (1924) і інш. З 1917 зноў вярнуўся і да фігуратыўнага жывапісу, у якім пераасэнсоўваў гіст. маст. стылі ў тагачаснай манеры: «Тры жанчыны каля крыніцы» (1921), «Дзве жанчыны на пляжы» (1922), «Флейта Пана», «Партрэт Вольгі», «Жанчына ў белым» (усе 1923), «Поль у касцюме П’еро» (каля 1923) і інш. У 1925 — пач. 1930-х г. працаваў у рэчышчы сюррэалізму: карціны «Купальшчыца сядзіць», «Жанчына ў крэсле» (абедзве 1929), «Постаці на беразе мора» (1931), «Люстэрка» (1932), скульптура «Мужчына з букетам» (1934) і інш. У графіцы пераважалі ант. матывы (ілюстрацыі да «Лісістраты» Арыстафана, 1934; серыя гравюр «Мінатаўрамахія», 1935, і інш.). У творах 1937—45 выявіў варварства фаш. рэжыму, трагізм і безвыходнасць эпохі: «Герніка», «Жанчына плача» (абодва 1937), «Кот і птушка» (1939), «Нацюрморт з бычыным чэрапам» (1942), «Бойня» (1944—45) і інш. З канца 1940-х г. пераважна інтэрпрэціраваў інтэрпрэтаваў* у сучасным стылі карціны старых майстроў («Партрэт мастака. У наследаванне Эль Грэка», «Дзяўчаты на беразе Сены. Паводле Курбэ», абедзве 1950; «Алжырскія жанчыны. Паводле Дэлакруа», 1955; «Меніны. Паводле Веласкеса», 1957; «Сняданак на траве. Паводле Манэ», 1960, і інш.), ствараў творы антываен. тэматыкі (малюнак «Голуб міру», 1947; карціна «Разня ў Карэі», 1951; пано «Мір» і «Вайна», 1952, і інш.), працаваў у скульптуры («Цяжарная жанчына», «Каза», абедзве 1950; «Малпа з малышом», 1952, і інш.), дэкар.-прыкладным мастацтве, графіцы. У 1970 адкрыты музей П. ў Барселоне, у 1985 — у Парыжы. Міжнар. прэмія Міру 1950, Міжнар. Ленінская прэмія 1962. Іл. гл. таксама да арт. Іспанія, Кубізм.

Літ.:

Голомшток И.Н., Синявский А.Д. Пикассо. М., 1960;

Графика Пикассо: [Альбом]. М., 1967;

Дмитриева Н.А. Пикассо. М., 1971;

Зубова М.В. П.​Пикассо. Актеры и клоуны: [Альбом]. М., 1976.

Т.​В.​Пешынс.

П.Пікасо.
П.Пікасо. Скрыпка і вінаград. 1912.

т. 12, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)