БАЦЬКО́ЎСКІЯ ПРАВЫ́ І АБАВЯ́ЗКІ,
сукупнасць асабістых, маёмасных правоў і абавязкаў бацькоў у іх узаемаадносінах з непаўналетнімі дзецьмі. Прадугледжаны і гарантуюцца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Кодэксам аб шлюбе і сям’і. Першарадная роля ў сямейным жыцці належыць асабістым адносінам паміж бацькамі і дзецьмі. Бацькі або асобы, якія іх замяняюць, маюць права і абавязаны выхоўваць дзяцей, клапаціцца пра іх здароўе, фізічнае і духоўнае развіццё і навучанне. Асабістымі правамі бацькоў з’яўляюцца: прысваенне імя і прозвішча; выхаванне, прадстаўніцтва і абарона інтарэсаў дзяцей. У працэсе выхавання правы і абавязкі бацькоў і дзяцей з’яўляюцца ўзаемнымі. Дзеці павінны выконваць патрабаванні бацькоў, маюць права на належнае сямейнае выхаванне. Бацькоўскія правы не могуць ажыццяўляцца ў супярэчнасці з інтарэсамі дзяцей. Дзеці не павінны падвяргацца жорсткаму абыходжанню або знявазе, прыцягвацца да работ, якія могуць нанесці шкоду іх фізічнаму, разумоваму або маральнаму развіццю. Пры неналежным выкананні бацькамі або адным з іх абавязкаў па выхаванні або пры злоўжыванні бацькоўскімі правамі дзеці маюць права звярнуцца ў органы апекі і папрасіць абароны сваіх правоў і інтарэсаў. Бацька і маці маюць роўныя правы і абавязкі ў адносінах да сваіх дзяцей нават пасля скасавання шлюбу. Пры ўзнікненні спрэчак у такіх выпадках парадак удзелу ў выхаванні дзяцей вызначаецца органамі апекі; кожны з бацькоў мае права звярнуцца ў суд. Бацькі з’яўляюцца прадстаўнікамі сваіх непаўналетніх дзяцей і выступаюць у абарону іх правоў і інтарэсаў ва ўсіх установах, у т. л. судовых, без асаблівага паўнамоцтва; ім дастаткова прад’явіць пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці, з якога вынікае, што асоба сапраўды з’яўляецца яго бацькам або маці. Выкананне бацькамі сваіх правоў і абавязкаў здзяйсняецца да дасягнення дзецьмі 18 гадоў. Выхаваўчы ўплыў бацькоў на паўналетніх дзяцей ужо не мае прававога характару. Пазбаўленне бацькоўскіх правоў з-за наўмыснага парушэння і невыканання абавязкаў па выхаванні дзяцей праводзіцца паводле судовага рашэння.
Літ.:
Нечаева А.М. Брак, семья, закон. М., 1984.
В.В.Левы.
т. 2, с. 362
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЕ РЭА́ЛЬНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА.
Існавала ў 1910—18 у Віцебску. Засн. паводле завяшчання мсціслаўскага ваяводы І.Гільзена (памёр у 1786), нашчадкі якога сродкі ад атрыманых прыбыткаў павінны былі накіроўваць на «пашырэнне навук і выхаванне беднага высакароднага юнацтва». Паколькі ўмовы завяшчання не выконваліся, мін-ва нар. асветы і Віцебская мужчынская гімназія ў 1907 праз суд спагналі 200 тыс. руб., палавіна гэтых сродкаў была накіравана на адкрыццё вучылішча. Былі набраны хлопчыкі ў падрыхтоўчы і 2 першыя класы. Старэйшыя класы адкрываліся паступова (па аднаму штогод). Поўны склад навучэнцаў набраны ў 1916 (93 чал.). Тэрмін навучання 7 гадоў. Дырэктар вучылішча В.К.Краснянскі. Выкладаліся: матэматыка, фізіка, прыродазнаўства, чарчэнне, маляванне, ням. і франц. мовы, механіка, тэхналогія, камерцыя. У 1917 адбыўся адзіны выпуск (72 чал.).
С.В.Сяліцкі.
т. 4, с. 215
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ЦІНАВА Валянціна Фёдараўна (н. 10.10.1932, г. Астрахань, Расія),
бел. вучоны ў галіне педагогікі і мовазнаўства. Канд. пед. н. (1972), праф. (1993). Скончыла Ленінградскі пед. ін-т (1954). З 1970 у Брэсцкім ун-це (у 1971—92 заг. кафедры). Навук. працы па тэорыі методыкі выкладання замежных моў, праблемах псіхалінгвістыкі, развіцця лінгва-краіназнаўчай культуры і гуманіст. выхавання, самаадукацыі, адбору і арганізацыі навуч. матэрыялу.
Тв.:
Вопросы психолингвистики и преподавание русского языка как иностранного. М., 1971 (у сааўт.);
English for future teachers. Мн., 1985;
Английский язык: Коррективный курс. Мн., 1991 (разам з А.К.Івановай);
Опыт раннего обучения английскому языку (разам з А.Рыжовай) // Пачатковая адукацыя і выхаванне: прабл., пошукі, знаходкі. Брэст, 1998. Вып. 5;
Читаем и говорим о Британии и британцах. 5 изд. Мн., 2000.
т. 14, с. 208
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАРАНЦЕ́Й Віктар Пятровіч (н. 6.3.1946, в. Ізабелін Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне педагогікі. Канд. пед. н. (1979), праф. (1991). Скончыў Гродзенскі пед. ін-т (1967). З 1979 у Гродзенскім ун-це (з 1982 заг. кафедры, з 1992 прарэктар, з 1995 дэкан ф-та). Навук. працы па праблемах бесперапыннай пед. адукацыі, выхавання моладзі, сістэмы адукацыі ў зах.-еўрап. краінах.
Тв.:
Лицом к молодежи. Мн., 1990;
Подготовка учителя в условиях непрерывного образования. Гродно, 1993;
Сацыяльныя ўстановы для дзяцей і моладзі ў сучаснай Швецыі // Адукацыя і выхаванне. 1998. №10;
Проблемы педагогики молодого учителя. Гродно, 1999 (у сааўт.);
Система образования взрослых в Германии. Гродно, 2001 (разам з І.М.Ліпкінай);
Социально-педагогические проблемы подготовки учителя в условиях непрерывного образования. Гродно, 2001.
т. 15, с. 435
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЫ́ (Gary) Рамэн [другі псеўд. Ажар
(Ajar) Эміль; сапр. Касеў (Kassew) Раман; 8.5.1914, Вільня — 2.12.1980], французскі пісьменнік расійскага паходжання. У Францыі жыў з 1927. Атрымаў вышэйшую юрыд. адукацыю. З 1945 на дыпламат. службе. Аўтар раманаў «Еўрапейскае выхаванне» (1945),
«Карані неба» (1956, Ганкураўская прэмія 1956), трылогіі «Амерыканская камедыя» (1966—69), цыкла «Браты Акіян» (1965—68), «Паветраныя змеі» (1980), эсэ «Жыцё і смерць Эміля Ажара» (апубл. ў 1981). Пад імем Э.Ажара апублікаваў раманы «Галубок» (1974), «Жыццё наперадзе» (1975, Ганкураўская прэмія 1975, экранізаваны ў 1978), «Трывога цара Саламона» (1979). Насуперак правілам атрымаў Ганкураўскую прэмію двойчы як два розныя пісьменнікі (містыфікацыя раскрылася толькі пасля яго смерці). Перавагу аддаваў экзістэнцыяльнай праблематыцы. Творы Гары адметныя глыбокім псіхалагізмам, спалучэннем трагізму і тонкага гумару, канкрэтна-рэальнага і ўмоўнага.
Тв.:
Рус. пер. — Избранное. Рига, 1994.
Е.А.Лявонава.
т. 5, с. 74
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫПЕДАГО́ГІКА,
плынь у педагогіцы, якая грунтуецца на адмаўленні выхавання як мэтанакіраванага працэсу фарміравання асобы. Узнікла ў 1970-я г. ў ЗША і краінах Зах. Еўропы. Яе тэарэтыкі [К.Берэйтэр (ЗША), М.Манані (Францыя), А.Мілер (Швейцарыя), Р.Шэрэр, Э. фон Браўнмюль, К.Рутчкі (ФРГ) і інш.] зыходзяць з культ.-антрапал. уяўленняў пра глыбокую раз’яднанасць пакаленняў як непазбежны вынік развіцця сучаснай цывілізацыі, паколькі дарослыя з прычыны хуткіх сац.-культ. змен не могуць перадаць дзецям той тып культуры, які стаў для моладзі рэальнай апорай у жыцці. Прадстаўнікі антыпедагогікі лічаць выхаванне сістэмай траўміруючага кантролю (а то і прамога гвалтавання) над асобай, яно выклікае патагенныя для самасвядомасці асобы працэсы, разбурае псіхічнае здароўе маладога пакалення, якому патрабаванні цывілізацыі не пад сілу. На іх думку, толькі спантаннае фарміраванне чалавека вядзе да гуманізацыі грамадства.
т. 1, с. 399
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ЗГУРТАВА́ННЕ ВАЙСКО́ЎЦАЎ (БЗВ),
грамадскі добраахвотны рух, у якім незалежна ад нацыянальнасці, веравызнання, паліт. поглядаў і членства ў іншых рухах і партыях аб’ядноўваліся былыя вайскоўцы, а таксама калектыўныя члены — інш. грамадскія арг-цыі і паліт. партыі. Засн. 19—20.8.1991 у час жнівеньскіх падзей 1991. Устаноўчы з’езд адбыўся 12—13.10.1991 у Мінску. Мэты і задачы: садзейнічанне ажыццяўленню вайск. рэформы, абарона дэмакратыі і дзярж. суверэнітэту Беларусі, правоў бел. вайскоўцаў, выхаванне патрыятызму і нац. годнасці ў вайскоўцаў і шырокіх колаў грамадства. У сак. 1992 выступіла ініцыятарам і арганізатарам падпісання «Антыкрызіснага пагаднення супраць знешняй пагрозы суверэнітэту Рэспублікі Беларусь». 16.2.1994 Вярх. суд Рэспублікі Беларусь спыніў дзейнасць БЗВ за ахову забастоўкі рабочых у Мінску. 16.2.1994 створаны аргкамітэт патрыят. руху БЗВ, 10.3.1995 зарэгістраваны Патрыятычны рух БЗВ запасу асобаў у адстаўцы і інш. грамадзян.
т. 2, с. 396
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРЫ́ЛА-МЯФО́ДЗІЕЎСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА,
тайная паліт. арг-цыя ўкр. інтэлігенцыі ў Кіеве ў студз. 1846 — сак. 1847. Заснавальнікі: М.І.Гулак, М.І.Кастамараў, В.М.Белазерскі. Названа ў гонар слав. асветнікаў святых Кірылы і Мяфодзія. Налічвала некалькі дзесяткаў членаў, сярод якіх П.А.Куліш і Т.Р.Шаўчэнка. Праграма т-ва, выкладзеная ў Статуце і «Законе божым», прадугледжвала ліквідацыю прыгонніцтва і рас. манархіі, стварэнне на тэр. Усх., Паўд.-Усх. Еўропы і Расіі федэратыўнага саюза 17 слав. рэспублік («штатаў», у іх ліку і Беларусь) са сталіцай у Кіеве, што планавалася дасягнуць ненасільнымі дзеяннямі праз пашырэнне асветы і хрысц. выхаванне моладзі. Разгромлена паліцыяй. Найб. цяжка пакараны Шаўчэнка (аддадзены ў салдаты), Гулак, Кастамараў, Куліш і А.А.Наўроцкі (зняволены); астатнія члены сасланы.
Літ.:
Зайончковский П.А. Кирилло-Мефодиевское общество (1846—1847). М., 1959;
Кирило-Мефодіївське товариство. Т. 1—3. Київ, 1990.
т. 8, с. 286
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КСЕНАФО́НТ (Xenophōn; каля 430 да н.э., Афіны — каля 354 да н.э.),
старажытнагрэчаскі гісторык, пісьменнік.
Вучань Сакрата. Праціўнік афінскай дэмакратыі, прыхільнік арыстакратычнага ладу Спарты. Удзельнік паходаў перс. палкаводца Кіра Малодшага супраць Артаксеркса II (401 да н.э.), вайны спартанскага цара Агесілая II супраць персаў (396—394 да н.э.), афінян і фіванцаў (394 да н.э.), Карынфскай вайны 395—387 да н.э. на баку Спарты. У Афінах быў завочна прыгавораны да смерці. За заслугі перад Спартай атрымаў маёнтак у Элідзе, дзе займаўся земляробствам і літ. працай. Пасля 371 перасяліўся ў Карынф, пасля 369 адноўлены ў грамадз. правах, але ў Афіны не вярнуўся. Гал. творы: «Кірапедыя» (пра выхаванне Кіра), «Анабасіс» («Паход Кіра»), «Грэчаская гісторыя».
Літ.:
Фролов Э.Д. Огни Диоскуров: Антич. теории переустройства общества и государства. Л., 1984. С. 135—167.
т. 8, с. 542
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГАПЕ́ДЫЯ (ад логас + paideia выхаванне, навучанне),
галіна дэфекталогіі, якая вывучае парушэнні маўлення пры нармальным слыху, шляхі іх пераадолення і папярэджання.
У 17 ст. пытанні карэкцыі недахопаў маўлення пры нармальным слыху разглядаліся ў працах па сурдапедагогіцы. Як самастойнае адгалінаванне Л. пачала фарміравацца з 2-й пал. 19 ст. Да канца 1930-х г. ў Л. пераважалі спрошчаныя ўяўленні пра маўленне як сукупнасць спец. мускульных рухаў. Сучасная Л. парушэнні маўлення імкнецца пераадольваць пед. метадамі, пры неабходнасці кірунак спец. навучання і карэкцыйна-выхаваўчых мерапрыемстваў узгадняецца з мед. рэкамендацыямі.
На Беларусі праблемы Л. распрацоўваюцца ў Бел. пед. ун-це і Нац. ін-це адукацыі.
Літ.:
Логопедия. 2 изд. М., 1995;
Зайцава Л.А. Метадычныя матэрыялы па карэкцыі маўленчай і пазнавальнай дзейнасці вучняў з цяжкімі парушэннямі маўлення. Мн., 1996;
Хрестоматия по логопедии. Т. 1—2. М., 1997.
т. 9, с. 86
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)