біястратыгра́фія

(ад бія- + стратыграфія)

раздзел стратыграфіі, які вывучае гісторыю жывых арганізмаў у пэўныя геалагічныя эры і перыяды на падставе скамянелых арганічных рэшткаў у слаях зямной кары.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

біятэлеметры́я

(ад бія- + тэлеметрыя)

спосаб даследавання біялагічных з’яў і вымярэння біялагічных паказчыкаў арганізмаў (напр. пульсу, тэмпературы, крывянога ціску ў касманаўтаў, спартсменаў) на адлегласці, шляхам выкарыстання тэлемеханікі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

біятэхні́я

(ад бія- + гр. techne = майстэрства, умельства)

раздзел паляўніцтвазнаўства, які распрацоўвае комплекс мерапрыемстваў па забеспячэнні гадоўлі ў прыродных умовах дзікіх жывёл і паляпшэнні іх прадукцыйных уласцівасцей.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

біяэлектро́ніка

(ад бія- + электроніка)

1) раздзел тэхнікі, які вывучае выкарыстанне электронікі ў біялогіі і медыцыне;

2) раздзел біялагічнай фізікі, які вывучае электронныя працэсы ў біялагічных аб’ектаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БІЯГЕАГРА́ФІЯ (ад бія... + геаграфія),

навука пра заканамернасці геагр. пашырэння і размяшчэння ў межах рэгіёнаў жывых арганізмаў і іх згуртаванняў (біяцэнозаў), уваходзіць у комплекс навук пра біясферу. Біягеаграфію падзяляюць на зоагеаграфію і геаграфію раслін.

Пачатак біягеаграфіі пакладзены ў 19 ст. працамі натуралістаў (А.Гумбальт, А.Дэкандоль, А.Уолес, Ф.​Склетэр, П.​Палас, М.​А.​Северцаў і інш.), якія вывучалі флору і фауну розных рэгіёнаў зямнога шара. Сучасныя біягеагр. даследаванні маюць некалькі кірункаў: арэалаграфія вывучае тыпы арэалаў, іх структуру і паходжанне, размяшчэнне асобін унутры відавых арэалаў, што дае магчымасць стварэння кадастравых картаў; рэгіянальная біягеаграфія займаецца фларыстычным і фауністычным раянаваннем на аснове вывучэння сістэматычнага складу флоры і фауны пэўных раёнаў Зямлі; экалагічная біягеаграфія вывучае залежнасць пашырэння арганізмаў ад экалагічных фактараў асяроддзя, пераважна клімату, але таксама і гасп. дзейнасці чалавека; гістарычная біягеаграфія высвятляе ўплыў мінулых геал. эпох Зямлі на сучасны склад згуртаванняў арганізмаў і іх цяперашняе размяшчэнне па планеце. Вынікі даследаванняў на біягеаграфіі ўлічваюцца пры ахове і рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў, а таксама правядзенні мерапрыемстваў па знешнім каранціне, ахове раслін і барацьбе з пераносчыкамі прыродна-ачаговых захворванняў чалавека і свойскіх жывёл.

На Беларусі значны ўклад у развіццё біягеаграфіі зрабілі І.Д.Юркевіч, М.​Дз.Несцяровіч, В.І.Парфёнаў, А.Е.Агаханянц і інш. Пытанні біягеаграфіі распрацоўваюцца ў н.-д. ін-тах АН Беларусі (эксперым. батанікі, заалогіі, лесу, геал. навук, праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі, Цэнтр. бат. садзе), Бел. геолагаразведачным НДІ.

Літ.:

Воронов А.Г., Дроздов Н.Н., Мяло Е.Г. Биогеография мира. М., 1985;

Лопатин И.К. Зоогеография. 2 изд. Мн., 1989.

І.​К.​Лапацін.

т. 3, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЦЭНО́З (ад бія... + цэноз),

прыродная або штучна ўтвораная сукупнасць жывёл, раслін, грыбоў і мікраарганізмаў, якія сумесна насяляюць участак сушы або вадаёма, удзельнічаюць у кругавароце рэчываў і аб’яднаныя пэўнымі адносінамі паміж сабой і з абіятычным асяроддзем; састаўная ч. біягеацэнозу. Напр., сукупнасць усіх жывых арганізмаў участка лесу, возера, поля.

Тэрмін «біяцэноз» прапанаваў ням. заолаг і гідрабіёлаг К.​Мёбіус (1877). Ён падкрэсліваў узаемасувязь усіх кампанентаў біяцэнозу, іх залежнасць ад адных і тых жа абіятычных фактараў, уласцівых дадзенаму месцажыхарству, і ролю натуральнага адбору ў фарміраванні складу біяцэнозу. Адрозніваюць першасныя біяцэнозы, якія склаліся без удзелу чалавека (цалінны стэп, некрануты лес), і другасныя, што зменены дзейнасцю чалавека (лясы, якія выраслі на месцы знішчаных). Асаблівую катэгорыю складаюць згуртаванні, якія ствараюцца і рэгулююцца чалавекам (гл. Аграбіяцэноз). Паводле сістэматычных адзнак вылучаюць фітацэноз (сукупнасць раслін), зоацэноз (сукупнасць жывёл) і мікробацэноз (сукупнасць мікраарганізмаў); функцыянальна паводле ступеняў экалагічнай піраміды падзяляюць на групы арганізмаў: прадуцэнты, кансументы і рэдуцэнты, аб’яднаныя трафічнымі сувязямі; структурна адрозніваюць гарызонты, слаі, ярусы, полагі, мератопы. Па сезонах года разглядаюць аспекты біяцэнозаў, утвораных больш дробнымі групоўкамі — кансорцыямі, сінузіямі і марфал. часткамі — парцэламі, можа складацца з нешматлікіх (алігацэноз) і шматлікіх (поліцэноз) відаў. Біяцэноз характарызуецца пэўнай біямасай і біялагічнай прадукцыйнасцю. Найб. складаныя біяцэнозы трапічных лясоў. Біяцэнозы ўмеранага пояса, асабліва лясныя, таксама багатыя паводле складу відаў, напр. біяцэнозы дубровы складзены больш як са 100 відаў раслін, некалькіх тысяч відаў жывёл і сотняў грыбоў і мікраарганізмаў, якія даюць у сукупнасці шчыльнасць насельніцтва ў дзесяткі і сотні тысяч асобін на 1 м². Біяцэнозы вывучае біяцэналогія.

І.​К.​Лапацін.

т. 3, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

біяры́тмы

(ад бія- + рытм)

сутачныя або сезонныя ваганні інтэнсіўнасці ў характары тых ці іншых біялагічных працэсаў і з’яў, якія даюць арганізмам магчымасць прыстасоўвацца да цыклічных змен акаляючага асяроддзя.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

біягеацэно́з

(ад бія- + гр. ge = зямля + цэноз)

сукупнасць раслінных, жывёльных і мікраскапічных арганізмаў разам з участкам зямной паверхні, які яны займаюць і з якім звязаны абменам рэчываў і энергіі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

біясацыяло́гія

(ад бія- + сацыялогія)

1) сінонім біяцэналогіі ў многіх еўрапейскіх краінах;

2) канцэпцыя, якая тлумачыць сацыяльныя і палітычныя працэсы зыходзячы з біялагічных і фактараў, зведзеных да паняцця аб расе.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

біяхо́р

(ад бія- + гр. chora = прастор)

частка біясферы, якая ўключае групу падобных біятыпаў і ўваходзіць у пэўны біяцыкл (напр. біяхоры пустынь, лясоў, стэпаў і інш. аб’ядноўваюцца ў біяцыкл сушы).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)