пу́ду

(н.-лац. pudu)

млекакормячае сям. аленевых, з кароткімі рагамі, пашыранае ў Паўд. Амерыцы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БЕ́ГАЮЧЫЯ ПТУ́ШКІ, бескілявыя (Ratitae або Gradientes),

група птушак, якія не могуць лётаць. 4 атр.: страусападобныя (Struthioniformes), нандупадобныя (Rheiformes), казуарападобныя (Casuariiformes), ківіпадобныя (Apterygiformes). 10 відаў. Пашыраны ў Аўстраліі і бліжэйшых астравах, Афрыцы, Паўд. Амерыцы.

Выш. 20—270 см, маса 3—90 кг. Грудныя мышцы слаба развітыя, пярэднія крылы недаразвітыя. Кіль адсутнічае. Пер’е на крылах мяккае. Ногі моцныя, добра бегаюць. Гнёзды на зямлі. Кормяцца расліннасцю і дробнымі жывёламі. Гл. таксама Кілявыя птушкі.

т. 2, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЬГО́ТНЫЯ ТРАПІ́ЧНЫЯ ЛЯСЫ́, трапічныя дажджавыя лясы,

лясы ў трапічных, субтрапічных, субэкватарыяльных і экватарыяльных шыротах з вільготным кліматам (2000—7000 мм ападкаў за год). Для іх характэрны бесперапынная вегетацыя, багаты фларыстычны склад, складаная верт. структура (больш за 5 ярусаў), дрэвы малагалінастыя з дошкападобнымі і паветранымі каранямі, мноства эпіфітаў і ліян. Выш. дрэў да 60 м. Вільготныя трапічныя лясы наз. таксама гілеяй або сельвай (у Паўд. Амерыцы), джунглямі (у Паўд. Азіі).

т. 4, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНТЫНЕНТА́ЛЬНЫЯ КАНГРЭ́СЫ,

сходы прадстаўнікоў 13 паўн.-амер. калоній Англіі, якія адбыліся 5.9—26.10.1774 (1-ы К.к.) і 10.5.1775—1789 (2-і К.к.) у г. Філадэльфія (у 1777—78 у г. Балтымар). 2-і К.к. фактычна ажыццяўляў функцыі заканад. і выканаўчай улады паўстаўшых калоній. Адыгралі значную ролю ва ўтварэнні дзяржавы ЗША. Больш падрабязна гл. ў арт. Вайна за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83, Дэкларацыя незалежнасці 1776, Артыкулы канфедэрацыі.

т. 8, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫ́ЧНАЕ ДРЭ́ВА,

трапічныя дрэвы з роду карычнік (Cinnamomum) сям. лаўровых, з кары якіх вырабляюць карыцу. Найб. каштоўныя 2 віды К.д.: цэйлонскае (C. zeylanicum) і кітайскае (C. cassia, C. aromaticum), якія культывуюць у Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі, Паўд. Амерыцы, на Чарнаморскім узбярэжжы Каўказа.

Вечназялёныя дрэвы або вял. кусты. Лісце скурыстае. Кветкі дробныя, жаўтавата-зялёныя ці белаватыя, сабраныя ў мяцёлкі. Плод — ягада. Выкарыстоўваецца ў буд-ве (драўніна), медыцыне, харч. прам-сці, парфумерыі.

т. 8, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫ́ЧНЕВЫЯ ГЛЕ́БЫ,

тып глеб, што ўтвараюцца ў горных раёнах пад покрывам сухіх вечназялёных лясоў і хмызнякоў ва ўмовах папераменна-вільготнага субтрапічнага клімату. Маюць карычневую афарбоўку, якая ўнізе паступова святлее. Асн. падтыпы: вышчалачаныя, тыповыя і карычневыя карбанатныя. Пашыраны ў Паўд. Еўропе, Азіі, Закаўказзі, Паўн. Афрыцы, Амерыцы.

Характарызуюцца непрамыўным тыпам воднага рэжыму, значным агліненнем (на 30—60 см), насычанасцю кальцыем, нейтральнай рэакцыяй. Магутнасць гумусавага гарызонта 30—40 см. Выкарыстоўваюцца пад пасевы збожжавых, сады.

т. 8, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУСТО́ЎНІК (Nasturtium),

род кветкавых раслін сям. крыжакветных. 6 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. і Усх. Афрыцы, Паўн. Амерыцы. На Беларусі 1 від — К. лекавы, або вадзяны крэс (N. officinale). Трапляецца па берагах рэк, на балотах, часам у вадзе.

Шматгадовыя травяністыя расліны. Лісце перыстарассечанае. Кветкі дробныя, белыя, у кароткіх тронках. Плод — стручок. К. лекавы — харч. расліна (ужываецца як прыправа і для салатаў). Культывуюць у Зах. Еўропе і ЗША.

Кустоўнік лекавы.

т. 9, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ТАЦЬ (Caltha),

род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 90 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы і Аўстраліі. На Беларусі — Л. балотная (C. palustris, нар. назвы лота, латацень, жоўты кураслеп, мядзведжая лапка). Трапляецца на забалочаных лугах, у алешніках, вадзе.

Шматгадовыя травы з тоўстым, уверсе галінастым сцяблом. Лісце цэласнае, сэрца або ныркападобнае. Кветкі жоўтыя ці белыя з простым калякветнікам. Плод — шматлістоўка. Некат. віды ядавітыя. Лек., фітанцыдныя і дэкар. расліны.

Лотаць балотная.

т. 9, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛОХ, джыда,

пшат (Elaeagnus),

род кветкавых раслін сям. лохавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў Паўд. Еўропе, Азіі, Паўн. Амерыцы і Аўстраліі. На Беларусі інтрадукаваны Л. вузкалісты (E. angustifolia), парасонавы (E. umbellata), серабрысты (E. argentea), усходні (E. orientalis).

Лістападныя або вечназялёныя дрэвы ці кусты. Лісце эліптычнае да лінейнага, шэра-зялёнае, часта знізу серабрыстае. Кветкі палігамныя, невял., духмяныя. Плод — касцянкападобны, пераважна ядомы. Лек., камедзяносныя, меданосныя і дэкар. расліны.

Лох усходні.

т. 9, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПТЭЛЕ́Я, скуранка,

вязовік (Ptelea),

род кветкавых раслін сям. рутавых. 11 відаў. Пашыраны ў Паўн. Амерыцы, Мексіцы. На Беларусі інтрадукаваны 6 відаў, найб. пашырана П. трохлістая (P. trifoliata).

Лістападныя кусты або дрэвы выш. 6—8 м. Лісце чаргаванае, трайчастае, цёмна-зялёнае, бліскучае, са своеасаблівым пахам. Кветкі дробныя, зеленаватыя, у гронках або шчытках. Плод — крылатка. Драўніна цяжкая, цвёрдая, прыгожай тэкстуры, ідзе на дробныя вырабы. Дэкар. расліны.

І.​М.​Гарановіч.

Птэлея трохлістая.

т. 13, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)