род кветкавых раслін сям. брызглінавых. Каля 30 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі ў Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі інтрадукаваны 5 відаў і 1 форма. Д. круглалісты (C. orbiculata) рэкамендаваны для зялёнага буд-ва.
Дрэвавыя густагалінастыя ліяны з доўгімі цыліндрычнымі парасткамі. Лісце простае, эліпсападобнае, бліскучае, цёмна-зялёнае, увосень ярка-жоўтае. Кветкі дробныя, непрыкметныя, зеленаватыя, у пазушных мяцёлках. Плод — каробачка. Дэкар. і лек. расліны. Размнажаюцца насеннем і вегетатыўна. Выкарыстоўваюць для верт. азелянення. Нельга высаджваць каля дрэў і кустоў (парасткі Д. сціскаюць ствол і расліна-апора гіне, адсюль назва роду).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБРО́ЎНІК (Teucrium),
род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Больш за 100 відаў. Пашыраны ва ўмераных і субтрапічных абласцях зямнога шара, асабліва ў Міжземнамор’і. На Беларусі пераважна ў паўд. раёнах (у далінах рэк Дняпро, Прыпяць, Сож) трапляецца Д. часночны (T. scordium). Расце ў прыбярэжных хмызняках, утварае зараснікі. Як дэкар. расліна ў Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі інтрадукаваны Д. усходні (T. orientale).
Шмат-, радзей аднагадовыя травяністыя расліны і паўкусты. Лісце кароткачаранковае, суцэльнае або перыста-расчлянёнае. Кветкі дробныя, сінія, пурпуровыя, радзей белыя і жоўтыя, у несапраўдных кальчаках, сабраных у гронка-, коласападобныя ці галоўчатыя суквецці. Плод — чатырохарэшак. Меданосныя, эфіраалейныя, таніданосныя, харч. (вострапрыпраўныя) і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́РАЧ (Тэадор Часлававіч) (9.2.1883, г.п. Чупахаўка Сумскай вобл., Украіна — 12.5.1943),
дзеяч рабочага руху, юрыст. Скончыў Харкаўскі ун-т. Працаваў у судах на Украіне. З 1919 адвакат у Польшчы, абараняў дзеячаў рэв. і нац.-вызв. руху на судовых працэсах, у т. л. на працэсе Т.Домбаля (1922), працэсе 56-і (1928), кобрынскім (1933), луцкім (1934) і інш. Адзін з заснавальнікаў Міжнар. арг-цыі дапамогі рэвалюцыянерам у Польшчы. У 1933—37 нам. старшыні Лігі абароны правоў чалавека і грамадзяніна. Адзін з заснавальнікаў Польскай рабочай партыі і чл. яе ЦК з 1942. У 1943 арыштаваны гестапа і ў час следства закатаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЖАЛЕ́ЗНАЯ ГВА́РДЫЯ»
(«Garda de fier»),
фашысцкі рух у Румыніі ў 1930—44. Узнікла на базе нацыяналіст., хрысц.-містычнай і антысеміцкай арг-цыі «Легіён Міхаіла Архангела» (засн. ў 1927) на чале з К.Кадрану. Прапагандавала ідэі нац. выключнасці румынаў, ліквідацыі сац. несправядлівасці, узмацнення пазіцый сялянства і інш. За тэрарыст. дзейнасць (у т. л. забойства прэм’ер-міністра І.Г.Дукі) у 1934 забаронена, у 1935 адноўлена як партыя «Усё для айчыны», у 1938 зноў забаронена. У 1940 як «Рух легіянераў» (лідэры Х.Сіма і інш.) удзельнічала ў фарміраванні ўрада ген. І.Антанеску. Канчаткова забаронена пасля вызвалення Румыніі ў 1944.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫРА́ФА (Giraffa camelopardalis),
млекакормячае сям. жырафавых атр. парнакапытных. Пашырана ў Афрыцы на Пд ад Сахары, у адкрытых стэпах (саваннах) з рэдкімі дрэвамі і кустамі. Жыве невял. групамі па 7—15 (зрэдку болей) асобін.
Буйная жывёла, тулава кароткае, на высокіх нагах (пярэднія даўжэйшыя за заднія); шыя вельмі доўгая, але шыйных пазванкоў 7, як у большасці млекакормячых. Выш. цела да 6 м, маса да 1800 кг (самцы большыя за самак). Мае 1 або 2 пары рожак, укрытых скурай з валаскамі. Афарбоўка светла-жоўтая з цёмнымі плямамі. Нараджае 1 дзіцяня. Корміцца лісцем і галінкамі дрэў, найчасцей акацый. Захавалася пераважна ў нац. парках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЭМ’Е́ (Gémier; сапр.Танер; Tonnerre) Фірмэн
(21.2.1869, г. Абервілье, Францыя — 26.11.1933),
французскі акцёр, рэжысёр, тэатр. дзеяч. Вучыўся ў прыватнай драм. студыі. Сцэн. дзейнасць пачаў у 1888. З 1892 іграў у розных т-рах Парыжа. У 1906—21 узначальваў Тэатр Антуана, у 1920—33 — створаны ім Нац.нар. т-р. Лічыў грамадскім прызначэннем тэатр. мастацтва служэнне народу, шукаў новыя формы тэатр. паказаў, імкнуўся спалучаць тэатральнасць з жыццёвай праўдай. Валодаў віртуознай сцэн. тэхнікай, майстар грыму. З лепшых роляў: Убю («Кароль Убю» А.Жары), Шэйлак («Венецыянскі купец» У.Шэкспіра), Філіп Брыдо («Драпежніца» Э.Фабра паводле А.Бальзака). З 1908 здымаўся ў кіно і ставіў фільмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛІ́ЎСКІ (Юзаф) (1797, Віленшчына — 1.9.1855),
удзельнік польскага нац.вызв. руху 1820 — пач. 1830-х г., адзін з лідэраў польскай паліт. эміграцыі ў Францыі. З 1817 служыў у войску Каралеўства Польскага, чл. нелегальных арг-цый — Саюза вольных палякаў, Патрыятычнага т-ва і інш. Удзельнік паўстання 1830—31. У ноч на 30.11.1830 кіраваў захопам арсенала ў Варшаве, удзельнічаў у стварэнні паўстанцкіх атрадаў, у баях, меў чын палкоўніка. Пасля падаўлення паўстання эмігрыраваў у Францыю, дзе зблізіўся з рухам карбанарыяў. У 1832 перайшоў на тэр. Галіцыі, дзе арыштаваны і засуджаны да пакарання смерцю, якое заменена на 20-гадовае зняволенне. У 1848 амнісціраваны, выехаў у Парыж, дзе і памёр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНІЯ КАРПА́ТЫ,
найбольш высокая і шырокая ч. горнай сістэмы Карпат на тэр. Чэхіі, Славакіі, Польшчы і Венгрыі. Даўж. каля 400 км, шыр. больш за 200 км. Хрыбты і ізаляваныя масівы накіраваны з ПдЗ на ПнУ. На Пн вылучаюць сярэдневышынныя хр.Зах. Бяскідаў, у цэнтр. частцы — высока- і сярэднягорныя масівы Татры (найб.выш. 2655 м, г. Герлахоўскі-Шціт), Нізкія Татры, Вял. Фатра, на Пд — сярэдневышынныя масівы з плоскімі вяршынямі Славацкіх Рудных гор, Шцяўніцкіх гор, Бюк, Матра і інш. Складзены пераважна з крышт. парод і вапнякоў, на Пд таксама і вулканічных парод. Мяшаныя і хваёвыя лясы, горныя лугі. Татранскі нац. парк, запаведнікі, курорты, турызм, зімовыя віды спорту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВАНО́К (Adenophora),
род кветкавых раслін сям. званочкавых. Каля 70 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі пераважна на ПдУ трапляецца З. лілеялісты (A lilifolia) — рэдкі рэліктавы еўрасібірскі від. Расце ў зарасніках хмызнякоў па далінах рэк. Занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. У Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі вырошчваецца З. Ламарка (A. lamarckii).
Шматгадовыя травяністыя расліны з доўгім вертыкальным карэнішчам і прамастойным простым ці галінастым густааблісцелым сцяблом выш да 120 см. Лісце амаль сядзячае, чаргаванае, зубчастае, падоўжана-авальнае і ланцэтнае. Кветкі званочкавыя, светла-блакітныя, светла-ліловыя або белыя, дробныя, паніклыя, у пірамідальных гронкападобных ці мяцёлчатых суквеццях. Плод — павіслая адваротна-грушападобная каробачка. Лек., дэкар. і меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕ́МДЭГА (Zemdega; сапр.Баўманіс; Baumanis) Карл Янавіч
(7.4.1894, хутар Гайлі, каля г. Ціравы, Латвія — 9.11.1963),
латышскі скульптар. Засл. дз. маст. Латвіі (1947). Праф. (1940). Вучыўся ў АМ у Рызе (1924—27). Творам уласцівы рысы сімвалізму, сувязь з нац. традыцыямі. Аўтар работ, прысвечаных Я.Райнісу: надмагілле (1934), партрэты, праекты помнікаў. Сярод манум. твораў: помнікі «Свабода» для гарадоў Райна (1933) і Добеле (1940), надмагіллі, рэльефы, статуя «Юстыцыя» для рыжскага Палаца правасуддзя (1937, цяпер Дзярж.маст. музей Латвіі), станковыя работы «Малая ноч» (1928), «Серафім» (1930), кампазіцыі «Сузіранне» (1947), «Муза» (па ўражаннях ад музыкі Э.Дарзіня, 1948), «Замірае мелодыя» (1963) і інш.
К.Земдэга. Надмагільны помнік паэту Я.Райнісу. 1934.