ГАЛЯЙЗО́ЎСКІ (Касьян Яраслававіч) (5.3.1892, Масква — 4.5.1970),
артыст балета і балетмайстар. Засл. арт. Беларусі (1940), засл. дз. маст. Літвы (1945). Скончыў Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1909). З 1909 артыст балета Марыінскага, у 1910—18 — Вялікага т-раў. У 1919—25 кіраваў студыяй (з 1922 «Камерны балет») у Маскве. Сцвярджаючы свой стыль, шмат працаваў над харэаграфічнымі мініяцюрамі і аднаактовымі балетамі на музыку А.Скрабіна, С.Рахманінава, С.Пракоф’ева, Ф.Шапэна, К.Дэбюсі ў пошуках эквіваленту эмацыянальна-пластычнай выразнасці музыкі. Музыкальнасць і багатая фантазія ў галіне харэаграфічных формаў, выкарыстанне ў класічным танцы сучаснай пластыкі, характарнасці і гратэску вызначалі самабытнасць яго творчасці. Сярод лепшых пастановак: «Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева на сцэне Дзярж.т-ра оперы і балета БССР (1939), «Іосіф Прыгожы» С.Васіленкі і «Тэалінда» на муз. Ф.Шуберта (1925), «Лейлі і Меджнун» С.Баласаняна (1964), «Палавецкія танцы» ў оперы «Князь Ігар» А.Барадзіна (1944 і 1953) у Вял. т-ры, «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага (1935, Харкаў). Аўтар кн. «Вобразы рускай народнай харэаграфіі» (1964).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЎРЫЛЮ́К (Аляксандр Якімавіч) (23.4.1911, в. Забалоцце Бельскага ваяв., Польшча — 22.6.1941),
украінскі пісьменнік. Удзельнік нац.-вызв. руху ў Зах. Украіне і Зах. Беларусі. На працягу 1929—39 шмат разоў быў арыштаваны, двойчы быў вязнем канцлагера Бяроза-Картузская. Дэбютаваў вершам «Успаміны зняволенага» (1929), які стаў песняй падпольшчыкаў. Аўтар паэт. твораў «Паэма пра пятлю» (1932), «Плакаты» (1935), «Непрадбачаны эпілог» (1941), памфлета «Паны і панічы над «Кабзаром» (выд. 1936), паэмы «Песня з Бярозы» (1937, выд. 1941), «Львоў» (1941), дакумент. аповесці «Бяроза» (1941, выд. 1946) і інш., у якіх адлюстраваў жыццё працоўных былой Зах. Украіны і Зах. Беларусі, нязломнасць духу паліт. вязняў канцлагера. На бел. мову творы Гаўрылюка перакладалі Н.Мацяш, М.Рудкоўскі, Р.Семашкевіч.
Тв.:
Бел.пер. — у кн.: Украінская савецкая паэзія: Анталогія. Мн., 1952;
У кн.: Украінская савецкая паэзія. Т. 2. Мн., 1975;
Пісня з Берези (На ўкр., рус. і бел. мовах). Львів, 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ КАМІТЭ́Т АБАРО́НЫ,
дзяржаўны орган, створаны 30.6.1941 паводле рашэння Прэзідыума Вярх. Савета СССР, ЦКВКП(б) і СНКСССР у сувязі з надзвычайным становішчам у Вял.Айч. вайну, каб мабілізаваць сілы для адпору фаш. Германіі. Старшыня І.В.Сталін. Камітэт кіраваў дзейнасцю ўсіх дзярж. ведамстваў і ўстаноў, накіроўваў іх намаганні на больш поўнае выкарыстанне матэрыяльных, духоўных і ваен. магчымасцей краіны для дасягнення перамогі над ворагам. Ён вырашаў пытанні пераводу эканомікі краіны на патрэбы вайны, мабілізацыі людскіх рэсурсаў на патрэбы фронту, падрыхтоўкі рэзерваў і кадраў для ўзбр. сіл і прам-сці, эвакуацыі прам-сці з прыфрантавых раёнаў, пераводу прамысл. прадпрыемстваў у вызваленыя раёны і аднаўлення разбуранай вайной нар. гаспадаркі ў зах. абласцях краіны, устанаўліваў аб’ёмы і тэрміны паставак прам-сцю ваен. прадукцыі і інш. Вышэйшым выканаўчым органам камітэта па аператыўна-стратэгічным кіраўніцтве ўзбр. барацьбой з’яўлялася Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандавання. Распараджэнні к-та былі абавязковыя для сав., дзярж., парт., ваен., гасп., прафсаюзных органаў і ўсіх грамадзян. Скасаваны 4.9.1945.
рускі жывапісец. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1817—28; з 1836 акадэмік) у свайго бацькі А.Л.Іванава і ў А.Я.Ягорава. У 1830 пенсіянер у Італіі, у 1831—58 жыў у Рыме. Раннія творы маюць рысы класіцызму («Прыям просіць у Ахілеса цела Гектара», 1824; «Белерафонт накіроўваецца ў паход супраць Хімеры», 1829; «Апалон, Гіяцынт і Кіпарыс», 1831—34; «Яўленне Хрыста Марыі Магдаліне», 1835). Значную частку жыцця прысвяціў працы надманум. палатном «Яўленне Хрыста народу» (1837—57). Евангельскі сюжэт трактуецца як рэальная гіст. падзея, асн. змест якой — абнаўленне старога свету хрысціянствам з яго ідэаламі роўнасці і духоўнага адраджэння людзей. Шматфігурная кампазіцыя паказвае шэраг выразных характараў, жывапісная форма і каларыт вылучаюцца жыццёвасцю. Самастойнае значэнне мае серыя «Біблейскія эскізы» (пейзажы, партрэты, накіды) да карціны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІТА́ЛА-ЭФІО́ПСКАЯ ВАЙНА́ 1895—96,
каланіяльная вайна Італіі супраць Эфіопіі. У 1885 Італія захапіла на Чырвоным м. порт Масаўа, які стаў базай для ваен. сутыкненняў з Эфіопіяй у 1887—88. Заключаны ў 1889 італа-эфіопскі дагавор аб дружбе і гандлі Італія стала тлумачыць як падставу для ўстанаўлення свайго пратэктарату над Эфіопіяй і захапіла шэраг яе паўн.-зах. раёнаў. Калі Эфіопія адвергла такія прэтэнзіі, італьян. армія пачала ваен. дзеянні і на працягу 1895 захапіла прав. Тыгрэ. Імператар Эфіопіі Менелік II заклікаў народ да абароны радзімы. 1.3.1896 у бітве пры Адуа 20-тыс.італьян. армія была разбіта. Паводле дагавора ад 26.10.1896 Італія вымушана была прызнаць незалежнасць Эфіопіі. Дапамогу Эфіопіі аказала Расія, накіраваўшы зброю (30 тыс. ружжаў, 5 млн. патронаў) і атрад Чырв. Крыжа на чале зген. М.К.Шведавым. У аказанні дапамогі Эфіопіі ўдзельнічалі беларусы і ўраджэнцы Беларусі: ваен. ўрач Д.Л.Глінскі, ваен. спецыялісты А.К.Булатовіч, М.С.Лявонцьеў (ваен. саветнік Менеліка II) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЁР,
1) горна-тэхнічнае збудаванне над шахтавым ствалом для размяшчэння пад’ёмнай устаноўкі, накіравальных (капровых) шківаў, разгрузачных крывых для скіпаў і перакульных клецей. Будуюць з металу, жалезабетону, дрэва. Бываюць часовыя (праходчыя) і пастаянныя (эксплуатацыйныя); А-падобныя, 4-стоечныя, вежавыя і шатровыя; вышынёй да 100 м.
2) Будаўнічая машына (канструкцыя, устаноўка) для падтрымкі палябойнага абсталявання (мех., пара-паветраных і дызельных молатаў, вібрапагружальнікаў, вібрамолатаў і інш.), падымання, устаноўкі і накіроўвання паляў і шпунтоў пры іх забіўцы. Бываюць на рэйкавым хаду, на базе самаходных машын (трактара, экскаватара, аўтамабіля), на пароме (пантоне). Вышыня вежы да 30 м, грузападымальнасць да 30 т. 3) Устаноўка для драблення крохкага метал. лому, застылых глыб мартэнаўскага шлаку і інш. Бываюць стацыянарныя і перасоўныя (кранавага тыпу).
4) Прыстасаванне для ўдарных мех. выпрабаванняў матэрыялаў. Бываюць з падаючым грузам («бабай»), маятнікавыя (найб. пашыраны) і ратацыйныя. Для выпрабавання на кручэнне выкарыстоўваюць круцільныя К.
М.М.Кунцэвіч.
Капёр для забівання паляў.Капёр вугальнай шахты: 1 — галоўныя пад’ёмныя тросы; 2 — вугальны скіп; 3 — канвеер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТЭГАРЫ́ЧНЫ ІМПЕРАТЫЎ (ад лац. imperativus загадны),
асноўны закон этыкі І.Канта. Сфармуляваны ў рабоце «Крытыка практычнага розуму» (1788). Зыходзячы з паняцця свабоды тэарэт. розуму, Кант сцвярджаў, што адзінай вызначальнай асновай свабоднай і добрай волі можа быць толькі неабходны і агульназначны маральны закон практычнага розуму — К.і. Усведамленне неабходнасці дзейнічаць у адпаведнасці з маральным законам ён называў маральным загадам або абавязкам у адрозненне ад пачуццёвай эмпірычнай схільнасці да выканання маральнага закона. Кант разумеў маральны закон як безумоўнае прадпісанне, таму лічыў, што катэгарычным імператывам павінны кіравацца ўсе людзі незалежна ад іх паходжання і становішча; у гэтым іх вышэйшы абавязак. У выпадку канфлікту паміж пачуццёвай схільнасцю і маральным законам Кант патрабаваў безумоўнага падпарадкавання маральнаму абавязку, што ўзвышае чалавека над сабой як часткай пачуццёвага свету; усякая асоба — самамэта і не павінна разглядацца як сродак здзяйснення розных задач, нават калі гэта задачы ўсеагульнага дабрабыту. К.і. неабходна адрозніваць ад гіпатэтычнага імператыву, які, паводле Канта, належыць да валявых дзеянняў чалавека, калі ён не цікавіцца маральнымі мэтамі сваіх дзеянняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСАВІ́К (назва ад слова краскі, кветкі),
бел. назва 4-га месяца каляндарнага года (30 дзён), сярэдзіна вясны. 15 К. працягласць дня ў Мінску 14 гадз 01 мін, выш. Сонца над гарызонтам у поўдзень 45,8°. Сярэдняя сума сонечнай радыяцыі за месяц 393 МДж/м², радыяцыйны баланс 193 МДж/м². На тэр. Беларусі сярэднямесячная т-ра паветра 5,8 °C (4,5 °C на Пн, 7,5 °C на ПдЗ). Ападкаў 40—47 мм, колькасць дзён з ападкамі 12—14. Азёры ачышчаюцца ад лёду, на вял. рэках працягваецца разводдзе. У К. поўнасцю адтайваюць глебы, пачынаецца бурнае развіццё прыроды. Цвітуць шэрая вольха, ляшчына, вярба, таполя, асіна, бяроза, пралеска, медуніца. Узнаўляецца вегетацыя азімых, канюшыны. Пачынаецца выпас жывёлы. У садах вядуць барацьбу са шкоднікамі, садзяць дрэвы і кусты, уносяць угнаенні, сеюць раннія яравыя культуры. Вяртаюцца з выраю амаль усе птушкі, большасць робіць гнёзды і кладзе яйцы. Пачынаецца ацёл у ласіх і казуль. Нерастуюць шчупак, акунь, язь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСТАПА́Д (назва звязана з ападаннем лісця з дрэў, што заканчваецца ў гэтым месяцы),
адзінаццаты месяц каляндарнага года (30 дзён), апошні месяц восені. 15 Л. даўж. дня ў Мінску 8 гадз 35 мін, выш. Сонца над гарызонтам у поўдзень 17,6°. Сярэдняя сума сонечнай радыяцыі за месяц 59 МДж/м², радыяцыйны баланс адмоўны (-6 МДж/м²). Сярэдняя т-ра паветра ад 2,6 °C на ПдЗ да -0,3 °C на ПнУ Беларусі. На надвор’е вял. ўплыў аказваюць глыбокія цыклоны. Колькасць пахмурных дзён павялічваецца да 16—20. Адносная вільготнасць складае 87—90%, ападкаў 43—53 мм. Частыя дажджы выклікаюць паводкі на рэках. У канцы Л. пачынае прамярзаць глеба, выпадае першы снег. Ападае апошняе лісце ў бярозы бародаўчатай і пачынае асыпацца ігліца ў лістоўніцы еўрапейскай. Адлятаюць апошнія пералётныя качкі, белыя лебедзі. Пасяляюцца бліжэй да жылля чалавека сініцы, сарокі, галкі, шэрыя вароны. Амаль усе звяры апранаюцца ў зімовае футра. Засынаюць мядзведзь, барсук, янотападобны сабака, вожык, большасць рыб. У садах ачышчаюць кару ад гнёздаў шкодных насякомых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРА́КЕШ,
горад у Марока, у перадгор’ях Высокага Атласа. Адм. ц. правінцыі Маракеш. Каля 1,5 млн.ж.з прыгарадамі (1997). Чыг. ст., вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Гал.эканам. цэнтр паўд.ч. краіны. Прам-сць: харч., хім., тэкст., швейная, дрэваапр., цэментная. Саматужная вытв-сць (дываны, саф’ян). Зімовы курорт. Цэнтр турызму. Ун-т. Музеі мараканскага мастацтва, гем і керамікі. Арх. помнікі 11—12 ст. Помнікі медыны (купальны павільён Куба эль-Баадыйн, мячэць Кутубія, вароты Баб-Агвенау) уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны; шматлікія ансамблі 14—16 ст., палацы.
Засн. ў 1070 (паводле інш. звестак, у 1060 ці 1062) Альмаравідамі. У канцы 12 ст. буйны гандл. цэнтр з насельніцтвам каля 100 тыс.чал. Пры Альмаравідах, Альмахадах і Саадзідах (1554—1659) М. — сталіца Зах. Магрыба; у час феад. міжусобіц — рэзідэнцыя правіцеляў Паўд. Марока. У 1515 партугальцы беспаспяхова спрабавалі захапіць М. У час франц. пратэктарату над Марока (1912—56) паліт. і эканам. значэнне горада зменшылася. Пасля абвяшчэння незалежнасці Марока (1956) адм. цэнтр аднайм. правінцыі.