ВЫПАРЭ́ННЕ,

працэс пераходу рэчыва з вадкага ці цвёрдага стану ў газападобны (пару). Адрозніваюць выпарэнне фізічнае (з паверхні вады, снегу, лёду, глебы) і выпарэнне біялагічнае — транспірацыю. Пад выпарэннем разумеюць параўтварэнне на свабоднай паверхні вадкасці ў выніку цеплавога руху яе малекул пры т-ры, ніжэйшай за т-ру кіпення. Велічыня выпарэння вымяраецца ў выпаральніках (у міліметрах таўшчыні слоя выпаранай вады з вызначанай плошчы).

У замкнёнай сістэме пры пастаяннай т-ры з часам устанаўліваецца раўнаважны ціск (ціск насычанай пары), які адпавядае роўнасці патокаў малекул, якія выпарваюцца і вяртаюцца ў вадкасць з пары (кандэнсацыя). Ціск насычанай пары вызначаецца толькі т-рай і павялічваецца з яе павышэннем. Калі ціск насычанай пары становіцца роўны знешняму ціску, выпарэнне пераходзіць у кіпенне. Выпарэнне цвёрдых цел наз. сублімацыяй або ўзгонкай. Выкарыстоўваюць у прам-сці пры ачыстцы рэчываў, сушцы матэрыялаў, раздзяленні вадкіх сумесей, кандыцыяніраванні паветра; у абаротных сістэмах водазабеспячэння прадпрыемстваў (выпарнае ахаладжэнне вады). Гл. таксама Выпарванне.

Выпарэнне — адзіная форма перадачы вады з паверхні Зямлі ў атмасферу; забяспечвае кругаварот вады на Зямлі. На тэр. Беларусі сярэднегадавое выпарэнне з паверхні глебы 475—575 мм, з воднай паверхні за бязлёдастаўны перыяд 520—700 мм.

т. 4, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСО́КІ ЦІСК,

ціск, значна большы за атмасферны ціск. Існуе ў паравых катлах, цыліндрах унутр. згарання, аўтаклавах, гідраўлічных прэсах (10​6—10​9 Па), у цэнтры Зямлі (да 10​9 Па), на многіх нябесных целах (у мільёны і нават мільярды разоў большы за ціск у цэнтры Зямлі). Заснавальнік фізікі высокіх ціскаў — амер. фізік П.У.Брыджмен.

Высокі ціск прыводзіць да дэфармацыі электронных абалонак атамаў, у выніку чаго зменьваюцца эл., магн., мех. і інш. ўласцівасці рэчываў. Пад высокім ціскам у некат. рэчывах адбываюцца паліморфныя ператварэнні з рэзкай зменай аб’ёму і эл. супраціўлення, значна зменьваецца пункт плаўлення, а паўправаднікі і дыэлектрыкі пераходзяць у металічны стан. Высокі ціск выкарыстоўваецца для атрымання матэрыялаў з асаблівымі фіз. ўласцівасцямі (звышцвёрдых, звыштрывалых, тэмператураўстойлівых і г.д.), напр. штучнага алмазу, кварцу высокай шчыльнасці; для гідраўлічнай экструзіі металаў (апрацоўка металаў метадам выціскання); для геафізікі і геахіміі зямных нетраў і г.д.

На Беларусі даследаванні па высокім ціску праводзяцца ў Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў АН і інш.

Літ.:

Верещагин Л.Ф. Твердое тело при высоких давлениях: Избр. тр. М., 1981;

Влияние высоких давлений на вещество. Т. 1—2. Киев, 1987.

В.​Б.​Шыпіла.

т. 4, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮ́СЕЛЬДОРФ (Düsseldorf),

горад на З Германіі, на ніжнім Рэйне. Адм. ц. зямлі Паўн. Рэйн-Вестфалія. 574,9 тыс. ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на р. Рэйн. Міжнар. аэрапорт. Важны індустр. цэнтр Рурскага прамысл. раёна, адзін з буйнейшых фінансава-эканам. цэнтраў краіны. Прам-сць: чорная металургія (вытв-сць сталі, пракату, труб, стальных канструкцый), машынабудаванне (рознае прамысл. абсталяванне, с.-г. машыны, станкі, вагона-, аўтабудаванне, эл.-тэхн.), хім., алюмініевая, нафтаперапр., электронная. швейная, шкляная, папяровая, паліграф., харчовая. Цэнтр ням. моды. Міжнар. кірмашы. Ун-т. Маст. музей (жывапіс, графіка, скульптура), музей Кунстгале (мастацтва 20 ст.) і інш. Радзіма Г.​Гейне (музей). Замак, цэрквы, ратуша і інш. арх. помнікі 13—18 ст.

Упершыню згадваецца каля сярэдзіны 12 ст. як паселішча. З 1190 уладанне графаў Берга (з канца 15 ст. іх пастаянная рэзідэнцыя). З 1288 горад. З 1609, канчаткова з 1614, уладанне князёў Пфальца, іх рэзідэнцыя ў 1614—1716. У час напалеонаўскіх войнаў пад баварскім (1801—06), потым франц. кіраваннем. З 1815 у складзе Прусіі. З сярэдзіны 19 ст. горад значна вырас у сувязі з прамысл. развіццём Рэйнскай вобл. У 2-ю сусв. вайну стары горад моцна разбураны, пасля вайны часткова адноўлены. З 1949 адм. ц. зямлі Паўн. Рэйн-Вестфалія.

т. 6, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПЕРГЕНЕ́З (ад гіпер... + генез),

працэс хім. і фіз. ператварэння мінералаў і горных парод у верхніх частках зямной кары і на яе паверхні пад уздзеяннем атмасферы, гідрасферы і жывых арганізмаў пры т-рах, характэрных для паверхні Зямлі. Тэрмін увёў сав. вучоны А.​Я.​Ферсман (1922). У зоне гіпергенезу магутнасцю ад 1—2 м да 3—5 км пад уплывам фіз., хім. і біял. фактараў адбываюцца выветрыванне горных парод і разбурэнне асобных мінералаў, што ўтварыліся ў нетрах Зямлі, перанос рыхлых прадуктаў, акісленне, асадканамнажэнне і глебаўтварэнне.

Асаблівасць зоны гіпергенезу — вял. рухомасць хім. і біяхім. рэакцый у залежнасці ад фізіка-геагр. умоў асяроддзя (клімату, рэльефу, саставу парод, якія разбураюцца, і інш.), развіцця жыццёвых працэсаў, змены акіслення і аднаўлення, гідратацыі і дэгідратацыі, тэхн. дзейнасці чалавека і інш. Гіпергенез адбываецца пры невысокіх т-рах (ад 50 да -50 °C), адносна невял. ціску, наяўнасці свабоднага актыўнага кіслароду, вады і водных раствораў. У зоне гіпергенезу намнажаюцца гліністыя прадукты (кааліны, баксіты), тэрыгенныя адклады (россыпы золата, плаціны, волава і інш.), руды жалеза, марганцу, нікелю, кобальту, рэдкіх элементаў, вапнякі, кам. вугаль, солі і інш. (Гл. Гіпергенныя радовішчы).

На Беларусі вывучэнне гіпергенных працэсаў пачата К.І.Лукашовым у 1953.

В.​К.​Лукашоў.

т. 5, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАФІЗІ́ЧНЫ ГОД МІЖНАРО́ДНЫ (МГГ),

перыяд з 1 ліп. 1957 да 31 снеж. 1958, калі 67 краін выконвалі геафіз. назіранні і даследаванні па адзінай праграме і методыцы; прадоўжаны і ў 1959 як Міжнар. год геафіз. супрацоўніцтва. З’яўляецца пераемнікам 2 Міжнар. палярных гадоў (1882—83 і 1932—33).

МГГ праводзіўся ў перыяд максімуму сонечнай актыўнасці. Яго праграма ўключала аэралагічныя, метэаралагічныя, акіянаграфічныя, гляцыялагічныя, магнітныя, гравіметрычныя, сейсмічныя даследаванні, а таксама вывучэнне палярных ззянняў, іанасферы, метэораў, касм. промняў і інш. У Антарктыдзе створаны базы для назіранняў (сав. абсерваторыя «Мірны» і інш.), праведзены навук. экспедыцыі; у Арктыцы ўстаноўлены плывучыя абсерваторыі на льдзінах, у акіянах працавалі экспедыцыі на н.-д. суднах. Выкарыстоўвалася новая апаратура: геафіз. ракеты, першыя штучныя спадарожнікі Зямлі і інш. У выніку даследаванняў адкрыты радыяцыйныя паясы Зямлі, Паўд. полюс холаду ў Антарктыдзе, новыя ледавіковыя раёны ў Сібіры, наяўнасць гелію ў высокіх слаях атмасферы, вызначаны напрамак і скорасць ветру на выш. да 110 км, моцныя цячэнні на вял. глыбіні ў акіянах і інш. Копіі ўсіх матэрыялаў назіранняў у час МГГ захоўваюцца ў сусв. цэнтрах даных у Вашынгтоне, Маскве і спец. цэнтрах у Жэневе, Лондане і інш.

т. 5, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСАКО́ЎСКІ (Міхаіл Васілевіч) (19.1.1900, в. Глотаўка Ельнінскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 20.7.1973),

рускі паэт. Герой Сац. Працы (1970). Засл. дз. культ. Беларусі (1968). Друкаваўся з 1914. Зб-кі вершаў «Па ступенях часу» (1921), «Правады ў саломе» (1927), «Правінцыя» (1930), «Майстры зямлі» (1931), «Наказ сыну» (1943), «Вершы і песні» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1949) і інш., паэмы «Чатырыста мільёнаў» (1921), «Чатыры жаданні» (1936). За вершы папулярных песень «Кацюша», «І хто яго знае...» і інш. Дзярж. прэмія СССР 1943. Яго паэзіі, прасякнутай мудрай і трапяткой любоўю да роднага краю і яго людзей, уласцівы напеўнасць і меладычнасць. Аўтар кніг «Пра паэтычнае майстэрства» (1952), «Пра паэтаў, пра вершы, пра песні» (1968), аўтабіягр. кнігі «На Ельнінскай зямлі» (1971—72). На рус. мову пераклаў зб-кі «Выбраныя вершы» (1937) і «Хлопчык і лётчык» (1951) Я.​Купалы, «Тры паэмы» (1946), «Вершы» (1947), «Выбранае» (1948), «Граніца: Беларуская хроніка» (1955) А.​Куляшова, паэму «Шчаслівая дарога» (1935) А.​Александровіча, паэму «Тарас на Парнасе» і інш. Шэраг вершаў прысвяціў Беларусі.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—5. М., 1981—82;

Бел. пер. — Выбраныя творы Мн., 1952.

Літ.:

Твардовский А.Т. Поэзия Михаила Исаковского. М., 1978.

С.​Ф.​Кузьміна.

М.В.Ісакоўскі.

т. 7, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІЛЬ (Kiel),

горад на Пн Германіі. Адм. ц. зямлі Шлезвіг-Гольштэйн. 247 тыс. ж. (1992). Вузел чыгунак і аўтадарог. Гандлёвы і рыбалавецкі порт каля выхаду з Кільскага канала ў Кільскую бухту Балтыйскага м. Прам-сць: суднабуд. і дапаможныя галіны (дызелебудаўніцтва і інш.), вытв-сць лакаматываў і тэкст. машын, хім., оптыка-мех., тэкст., рыбаперапрацоўчая. Ун-т (з 1665). Оперны т-р, музеі, у т. л. марскі, акіянаграфіі, Кунстгале. База ВМФ. Месца правядзення алімп. рэгат 1936, 1972. Арх. помнікі: касцёл св. Мікалая (13 ст.), руіны ратушы і замка (16 ст.).

Засн. ў 1-й пал. 13 ст. У 1242 атрымаў гар. правы. У 1284—1518 уваходзіў у саюз ням. гарадоў Ганза. У 14 ст. гал. гандл. цэнтр графства Шлезвіг-Гольштэйн. У 1460—1864 К. пад уладай каралёў Даніі. Месца заключэння Кільскіх мірных дагавораў 1814. Эканам. развіццё горада паскорылася пасля ўключэння яго ў склад Прусіі (1866) і буд-ва Кільскага канала (1887—95). Тут адбылося паўстанне матросаў герм. флоту, якое дало пачатак Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 у Германіі. У час 2-й сусв. вайны горад значна разбураны. З 1946 адм. ц. зямлі Шлезвіг-Гольштэйн.

т. 8, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́БРЫНСКАЯ ЭКАНО́МІЯ,

феадальнае зямельнае ўладанне, падпарадкаванае каралю, «сталовы маёнтак» у ВКЛ у 16—18 ст. Фактычна ўзнікла ў 1519 як староства, аддадзенае ў дзяржаву. Юрыдычна аформлена ў 1532. У адм. адносінах уваходзіла спачатку ў Падляшскае, з 1566 — у Брэсцкае ваяв. Канчаткова К.э. як «сталовае ўпаданне» выдзелілася паводле «Ардынацыі аб каралеўскіх прыбытках» 1589 у выніку падзелу паміж дзярж. і каралеўскім скарбам. У 16—17 ст. К.э. валодалі каралевы Бона Сфорца, Ганна Ягелонка, Канстанцыя Аўстрыйская. На 1563 у К.э. было каля 77 тыс. дзес. зямлі, у т. л. 89 валок фальварковай ворнай зямлі і 612 валок, замацаваных за цяглымі сялянамі. Уключала гарады Кобрын, Дабучын (Пружаны), мяст. Гарадзец. З пач. 18 ст. К.э. збліжаецца з Брэсцкай, яны разам выступаюць у інвентарах, рэвізіях, кантрактах, маюць агульную адміністрацыю і рахункі. Пасля 1757 узнікла Кобрынская губерня з 8 ключоў: Кобрынскага, Вежыцкага, Гарадзецкага, Закросніцкага, Ліцвінкаўскага, Іласкага, Тэвельскага і Чаравачыцкага. Ваен. дзеянні, агульны гасп. заняпад прывялі да скасавання ў 1766 самакіравання. Рэарганізацыя К.э. ў 1768 станоўчых вынікаў не дала. У 1795 К.э. ўвайшла ў склад Рас. імперыі. Яе землі з сялянамі былі падараваны, часткова прададзены прыватным асобам.

Л.​Р.​Казлоў.

т. 8, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЭНД-АРТ (англ. land art мастацтва зямлі),

мастацтва трансфармацыі прыродных аб’ектаў; кірунак сучаснага мастацтва. Як від татальнага мастацтва імкнецца праз пераўтварэнне наблізіць рэальны ландшафт да жывапіснага пейзажу, да аднаўлення страчанай сувязі чалавека з прыродай. Узнік у 1960-я г. ў ЗША і краінах Зах. Еўропы як рэакцыя на экалагічныя праблемы і камерцыялізацыю мастацтва. Першапачаткова творы Л.а. ствараліся на т.зв. ускраінных прасторах (пустыні, астравы, аддаленыя ад жылых месцаў вадаёмы і інш.). Заснавальнікі кірунку (Д.​Опенгайм, Р.​Лонг, В. дэ Марыя, Р.​Смітсан, М.​Хейзер) ажыццяўлялі буйнамаштабныя праекты на вял. прыроднай прасторы: капалі равы, рабілі насыпы, праводзілі на зямлі барозны, лініі вапнай або камянямі і інш. Іх формы часта нагадвалі знакі культур стараж. плямён, якія жылі на гэтай тэрыторыі. Пазней месцамі правядзення падобных акцый сталі пераважна лясныя гушчары, паляны, узбярэжжы рэк і азёр, дзе ствараліся інсталяцыі з прыродных матэрыялаў (ствалы дрэў, лісце, галіны, камяні, дзірван і інш.). У задуму твора ўключаюцца яго змены пад уздзеяннем атмасферных з’яў, росту раслін і інш. прыродныя працэсы. Твор звычайна ахоплівае вял. плошчу і цалкам бачны толькі з вял. вышыні. Найб. вядомы ўзор Л.а. — «Спіральная дамба» Смітсана ў Вял. Салёным воз. ў ЗША (1970).

І.​М.​Каранеўская.

т. 9, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІТАТЭЛУРЫ́ЧНЫЯ МЕ́ТАДЫ РАЗВЕ́ДКІ,

адзін з кірункаў геафізічнай разведкі, заснаваны на вывучэнні пераменных у часе і па частаце варыяцый прыродных тэлурычных эл. токаў у прыпаверхневай ч. Зямлі. Тэлурычныя токі ствараюцца варыяцыямі магнітнага паля Зямлі і эл. канвекцыйнымі працэсамі ў зямной кары і атмасферы, характар іх варыяцый залежыць ад геал. будовы. Адрозніваюць метады: тэлурычных токаў (ТТ), магнітатэлурычнага зандзіравання (МТЗ) і магнітатэлурычнага прафілявання (МТП).

У метадзе ТТ сінхронна вымяраецца рознасць патэнцыялаў варыяцый тэлурычнага поля на базавым і радавых пунктах. Атрымліваюць тэлураграмы, па якіх вымяраюць параметры поля ТТ і складаюць карты рэльефу паверхні высакаомнага гарызонта ў асадкавым чахле або крышт. фундамента. У метадзе МТЗ дадаткова да эл. характарыстык поля ТТ вымяраюць магнітную складаючую і вылічваюць адносіны эл. складаючай да магнітнай для розных частот, будуюць крывую ўяўнага ўдзельнага супраціўлення, якую параўноўваюць з тэарэтычнымі. У адрозненне ад МТЗ у метадзе МТП адносіны эл. складаючай да магнітнай вылічваюць для фіксаванай частаты.

На Беларусі ў выніку даследаванняў ВА «Белгеалогія» і Ін-та геал. навук Нац. АН Беларусі па метадах ТТ і МТЗ складзены карты сярэдняй напружанасці поля ТТ і пашырэння электраправодных слаёў, карты рэльефу фундамента, паверхні саляносных адкладаў і інш.

Г.​І.​Каратаеў.

т. 9, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)