КАЧА́НАЎ (Яўген Іванавіч) (20.8.1919, в. Доўгавічы Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 28.1.1945),

Герой Сав. Саюза (1945). У Чырв. Арміі з 1939. У Вял. Айч. вайну з 1942 на Крымскім, Цэнтр., 1-м Укр. франтах — сяржант, камандзір стралк. аддзялення. Вызначыўся ў баях за р. Одэр. 27.1.1945 аддзяленне К. першае фарсіравала раку, у баі за расшырэнне плацдарма знішчыла каля 100 гітлераўцаў. Цяжка паранены К. не пакінуў поля бою. 28.1.1945 асабістым прыкладам падняў воінаў у атаку. Загінуў у гэтым баі.

Я.І.Качанаў.

т. 8, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВА́ГА (Equus quagga),

стэпавая зебра, млекакормячае роду коней. Была пашырана на ПдЗ Паўд. Афрыкі. Жыла на стэпавых раўнінах і ў саванне вял. статкамі. Знішчана каля 1880; апошняя К. загінула ў заапарку Амстэрдама ў 1883.

Дасягала даўж. больш за 2 м. Выш. ў карку 1,3 м, даўж. хваста 0,6 м. Поўсць кароткая, на галаве цёмнага зямліста-пясчанага колеру, спіна і бакі больш светлыя, знізу і на нагах белая. На галаве, шыі і плячах вузкія светлыя палоскі.

Э.​Р.​Самусенка.

Квага.

т. 8, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕЛЕРМЕ́СКІЯ КУРГАНЫ́,

група пахавальных помнікаў 6 ст. да н.э. каля станіцы Келермеская у Адыгеі (Расія). Пад курганнымі насыпамі знаходзіліся вял. прамавугольныя магілы з перакрыццямі ў выглядзе драўляных шатроў на слупах. Знойдзены шкілеты коней, прынесеных у ахвяру, з багатымі наборамі аброцяў, бронзавыя ўпрыгожанні пахавальных калясніц, зброя, залатыя дыядэмы і чашы, сярэбраныя рытон і люстэрка. К.к. належалі племянной арыстакратыі мясц. меоцкага насельніцтва ці скіфаў, якія засталіся тут пасля паходаў у Пярэднюю Азію. К.к. часткова даследаваны М.​І.​Весялоўскім у 1903—04.

т. 8, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРЫ́ЛАЎ (Герман Іларыёнавіч) (н. 15.12.1937, г.п. Шаркаўшчына Віцебскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1959). Працаваў на Віцебшчыне ў перыяд. друку, з 1976 уласны карэспандэнт абл. газ. «Віцебскі рабочы» ў Полацку. Друкуецца з 1974. У творах — роздум сучасніка над складанымі праблемамі жыцця, тэма Вял. Айч. вайны: раман «Пах жыта» (1989), аповесць «Сонца тваіх вачэй» (1981), апавяданні «Без крыўды ў сэрцы», «Татава пілотка», «Адажыо» і інш. Аўтар п’есы «У ноч напрадвесні» (1974), нарысаў, гумарэсак.

Тв.:

Падлётак: Апавяданні. Мн., 1983.

т. 8, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАБЫ́ЛЬНІЦКІ БОЙ 1942,

бой паміж партызанамі атрада імя Суворава брыгады імя Варашылава і ням.-фаш. захопнікамі ў в. Кабыльнік (цяпер в. Нарач) Мядзельскага р-на ў Вял. Айч. вайну 8.10.1942. Гарнізон налічваў больш за 100 гітлераўцаў, добра ўзброены. План аперацыі распрацаваў і кіраваў боем камандзір атрада Ф.Р.Маркаў. У выніку 2-гадзіннага бою партызаны падавілі агнявыя пункты ворага, спалілі будынкі вакзала, валасной і паліцэйскай упраў, жандармерыі, склад ваен. маёмасці, знішчылі 8 грузавых і 1 легкавую аўтамашыну, шмат жывой сілы ворага.

т. 7, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЁЎ (Мікалай Кузьміч) (жн. 1917, в. Селівонаўка Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. — 17.3.1945),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў ваен.-паліт. вучылішча (1941), курсы «Выстрал» (1943). З 1938 у Чырв. Арміі. У Вял. Айч. вайну на фронце са жн. 1941. Удзельнік абароны Масквы, вызвалення Беларусі, Прыбалтыкі. Камандзір стралк. палка падпалкоўнік К. вызначыўся ў баях ва Усх. Прусіі: 17.3.1945 полк пад яго камандаваннем на подступах да в. Ленхефен захапіў 6 гармат, 14 кулямётаў, каля 200 гітлераўцаў. Загінуў у гэтым баі.

М.К.Кавалёў.

т. 7, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАДА́НЧЫК (Сяргей Мікалаевіч) (12.9.1906, в. Майсеевічы Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 15.9.1943),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Кіеўскія аб’яднаныя курсы падрыхтоўкі камандзіраў РСЧА (1932). У Чырв. Арміі з 1928. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Паўд., Паўд.-Зах., Закаўказскім, Паўн.-Каўказскім франтах. Вызначыўся ў вер. 1943 пры вызваленні Новарасійска: полк пад камандаваннем падпалкоўніка К. штурмам авалодаў умацаваннямі праціўніка і зрабіў пралом у яго абароне. Загінуў у гэтым баі.

С.М.Каданчык.

т. 7, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАДЫФІКА́ЦЫЯ (лац. codificatio) заканадаўства, форма сістэматызацыі заканадаўства, якая заключаецца ў стварэнні новага зводнага кадыфікацыйнага акта на аснове перапрацоўкі дзеючых норм, выключэння з іх супярэчнасцей і недахопаў, адмены неэфектыўных і ўстарэлых норм. У выніку замест вял. колькасці юрыд. нарматыўных дакументаў ствараецца адзіны зводны акт, чым дасягаецца большая дакладнасць і эфектыўнасць у прававым рэгуляванні. К. можа быць усеагульная (пераглядаецца ўсё заканадаўства дзяржавы), галіновая (перапрацоўваюцца нормы пэўнай галіны заканадаўства), спецыяльная (пераглядаюцца нормы якога-н. прававога інстытута). Гл. таксама Кодэкс, Інкарпарацыя.

т. 7, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛБА́СІНСКІ ЛА́ГЕР СМЕ́РЦІ Створаны ням.-фаш. захопнікамі ў канцы ліп. 1941 каля в. Калбасіна Гродзенскага р-на ў Вял. Айч. вайну. Вязняў (напачатку — пераважна ваеннапалонных) трымалі на тэрыторыі 50 га, абнесенай калючым дротам, у 96 зямлянках. Тут пастаянна знаходзілася каля 35 тыс. чал. За час існавання лагера (да ліст. 1942) ад голаду і катаванняў загінула 18 тыс. чал. У кожнай са знойдзеных 68 ям-магіл было па 200—300 трупаў. На тэр. лагера помнік ахвярам фаш. тэрору.

т. 7, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛУ́ГА (Huso dauricus),

рыба роду бялуг сям. асятровых. Пашырана на Д. Усходзе, у бас. Амура. 2 формы: паўпрахадная (на нераст заходзіць у Амур) і рачная (пастаянна жыве ў Амуры). Трапляецца таксама ў азёрах.

Даўж. да 5,6 м (часцей 1,5—2,5 м), маса да 1000 кг (звычайна 50—100 кг). Рот вял., паўмесяцавы. Ікра буйная, да 4 мм у дыяметры. Маляўкі кормяцца бентасам, дарослыя — рыбай. Жыве да 55 гадоў. Колькасць падтрымліваецца штучным развядзеннем. Занесена ў Чырв. кнігу МСАП.

т. 7, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)