КАРАМАНЛІ́С ((Karamanlis) Канстанцінас) (23.2.1907, Проці, каля г. Серэ, Грэцыя — 23.4.1998),
грэчаскі паліт. і дзярж. дзеяч. Скончыў Афінскі ун-т. Дэп. парламента (з 1935, выбіраўся 12 разоў). У 1946—54 міністр працы, транспарту, сац. забеспячэння, нац. абароны, грамадскіх работ. Заснавальнік і старшыня партый Нац. радыкальны саюз (1955—67) і «Новая дэмакратыя» (з 1974). У 1963—74 у эміграцыі (Парыж). У 1955—63 і 1974—80 прэм’ер-міністр Грэцыі, садзейнічаў лібералізацыі эканомікі краіны і дэмакратызацыі яе грамадскага жыцця, правёў рэферэндум аб скасаванні манархіі (1974). У 1980—85, 1990—95 прэзідэнт Грэч. Рэспублікі, дамогся ўступлення Грэцыі ў Агульны рынак (1981).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РПАЎ (Яўціхій Паўлавіч) (7.11.1857, г. Карачаў Бранскай вобл., Расія — 3.1.1926),
расійскі рэжысёр, драматург.Засл. рэжысёр Расіі (1921). З 1887 працаваў акцёрам у Яраслаўлі. У 1896—1900 гал. рэжысёр, у 1916—26 рэжысёр Александрынскага т-ра, у 1901—16 — Суворынскага т-ра ў Пецярбургу. Паставіў п’есы «Мяшчане» (1917) і «На дне» (1919) М.Горкага і інш. Напісаў больш за 20 п’ес з нар.жыцця («Цяжкая доля», 1882; «Рабочая слабодка», 1891; «Мірская ўдава», 1897) і побыту памешчыкаў («Чары кахання», «Ранняя восень» і інш.). Аўтар успамінаў пра В.Ф.Камісаржэўскую, А.П.Чэхава і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
K-МЕЗО́НЫ,
група нестабільных элементарных часціц з нулявым спінам і адрознай ад нуля дзіўнасцю. Выяўлены ў. касм. прамянях ў 1947—51, атрыманы з дапамогай паскаральнікаў зараджаных часціц у 1954.
Належаць да адронаў; удзельнічаюць у моцных узаемадзеяннях; складаюцца з K (маса спакою 493,68 МэВ, сярэдні час жыцця 1,238∙10−8 с, дзіўнасць +1), K° (497,6 МэВ, дзіўнасць +1) і адпаведных ім антычасціц K− і K° (дзіўнасць -1); утвараюць 2 ізатапічныя дублеты з ізатапічным спінам 1/2. Пры распадах К-м., абумоўленых слабымі ўзаемадзеяннямі, у 1964 выяўлена парушэнне СР-сіметрыі (гл.Камбінаваная інверсія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНЯЖНІ́Н (Якаў Барысавіч [14.10.1742) (1740?),
г. Пскоў, Расія — 25.1.1791], рускі драматург; прадстаўнік рус. класіцызму. Чл.Рас. акадэміі (1750—55). Аўтар трагедый «Дыдона» (1769), «Уладзімір і Яраполк» (1772), «Рослаў» (1784) і інш., накіраваных супраць тыраніі, дэспатызму, прасякнутых патрыят. пафасам. Тыраж трагедыі «Вадзім Наўгародскі» (1782) за антыманархічную накіраванасць спалены па загадзе імператрыцы Кацярыны II у 1793. У камедыях «Хвалько» (1784—85), «Дзівакі» (1790) — актуальныя праблемы тагачаснага жыцця Расіі. Аўтар лібрэта 6 камічных опер. Пераклаў на рус. мову асобныя творы Вальтэра, П.Карнэля, К.Гальдоні і інш. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў Э.Валасевіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСО́ЎСКІ (Міхаіл Якаўлевіч) (17.3.1931, в. Белы Мох Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 1.10.1970),
бел. жывапісец і графік. Скончыў Бел.тэатр.маст.ін-т (1960). У 1960—70 выкладаў у Мінскім маст. вучылішчы. Працаваў у жанрах партрэта, быт., станковай графіцы. Жывапісныя работы вызначаюцца рэаліст. трактоўкай вобразаў, багаццем каларыту, псіхалагізмам: «Настаўніца» (1960), партрэты бел. пісьменнікаў Я.Брыля, Я.Семяжона (абодва 1967), Н.Гілевіча (1968) і інш. Аўтар шматлікіх малюнкаў, карыкатур і шаржаў на тэмы культ.жыцця (альбом «Няўрокам кажучы...», 1971).
Літ.:
Шматаў В.Ф. Беларуская сатырычная графіка (1945—1970 гг.). Мн., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСТ,
агульная назва ў ВКЛзаканад. актаў, кодэксаў права, распарадчых і суд. дакументаў, прыватнаправавых актаў, пасланняў і інш. Вядомы: Л. ваенны — прадпісанне шляхце на мабілізацыю; Л. вываланы — дакумент аб пазбаўленні пэўнай асобы грамадзянскіх правоў і выгнанні з краіны; Л. глейтоўны — дакумент пра адтэрміноўку выканання суд. прыгавору да разгляду справы ў велікакняжацкім судзе; Л. жалезны — дакумент пра адтэрміноўку выплаты даўгоў або прыцягнення да суд. адказнасці за даўгі; Л. заручны — пісьмовая гарантыя аховы жыцця, здароўя і маёмасці адной асобы ад замахаў другой; Л. сеймавы — распараджэнне пра скліканне сейма, сеймікаў, а таксама паведамленне аб прынятых на сейме рашэннях і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАСКЕ́Н ДЭПРЭ, Жаскін дэ Прэ (Josquin Desprez, Josquin des Pres; каля 1440, каля г. Сен-Кантэн, Францыя — 1521 або 1524),
франка-фламандскі кампазітар; адзін з буйнейшых поліфаністаў эпохі Адраджэння. Быў царк. пеўчым, у т. л. саборнай капэлы ў Мілане, папскай капэлы ў Рыме (1486—99); прыдворным музыкантам Людовіка XII. У апошнія гады жыцця настаяцель сабора ў Кандэ-сюр-л’Эско. Прадстаўнік нідэрландскай школы, ён абагульніў яе дасягненні, садзейнічаў спрашчэнню поліфанічнага стылю шляхам вызвалення муз. тканіны ад кантрапунктычнай ускладненасці. Аўтар мес, матэтаў, свецкіх песень, інстр. п’ес і інш. У Амстэрдаме выдадзены Поўны збор яго твораў у 12 тамах (1921—69).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕМЛЯРЫ́ЙКІ,
млекакормячыя сям. землярыйкавых (Soricidae) атр. насякомаедных. 21 род, каля 300 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы, Паўн. Амерыцы і ПнЗПаўд. Амерыкі. Большасць відаў вядзе наземны, падземны, некат. паўводны спосаб жыцця. Жывуць ад тундры да пустынь. На Беларусі 7 відаў з родаў белазубак, буразубак, кутор.
Даўж. цела 3,5—18 см, хваста 1—12 см, маса 1,2—150 г (самыя дробныя млекакормячыя). Вонкава нагадваюць мышэй, адрозніваюцца рухомым, выцягнутым у хабаток носам. Хвост доўгі з валасамі. Валасяное покрыва аксаміцістае, роўнае. Размнажаюцца 1—3 разы на год. Кормяцца насякомымі і іх лічынкамі — шкоднікамі сельскай і лясной гаспадаркі. Носьбіты інфекцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІЯЗІ́ (Фацех) (н. 18.4.1914, г. Самарканд, Узбекістан),
таджыкскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Таджыкістана (1986). Скончыў Ташкенцкі пед.ін-т (1949). Друкуецца з 1928. Піша на тадж. і ўзб. мовах. У кн. вершаў «Маяк» (1933), «Песні дня» (1938), «Каханне» (1940) паэтызацыя жыцця, мірнай працы, духоўнага свету суайчыннікаў. Вядучае месца ў яго творчасці займаюць тэмы подзвігу народа ў Вял.Айч. вайну, аднаўленне разбуранай вайной гаспадаркі: кн. франтавых навел «Помста таджыка» (1947), «З апавяданняў пра вайну» (1962), раманы «Вернасць» (кн. 1—2, 1949—58), «Не кажы, што лес пусты...» (1975). Аўтар п’ес, кінасцэнарыяў, нарысаў. На бел. мову творы Н. пераклала Г.Ткачова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НО́ВАЯ ДАРО́ГА»,
штотыднёвая газета, выдавалася ў 1942—44 у Беластоку на бел. мове з дазволу герм. улад. Выдавец — беластоцкае Бел.нац. згуртаванне. Гал. рэдактар Х.Ільяшэвіч. Публікавала ваен. зводкі, артыкулы на міжнар. тэмы, агляды сац.-эканам. сітуацыі на Беларусі, матэрыялы антырус., антыпольск. і антысеміцкага характару. Змяшчала артыкулы пра падзеі мінулага і гіст. асоб (Міндоўга, Л.Сапегу, П.Крачэўскага і інш.), пра стараж. каштоўнасці, успаміны пра Ф.Аляхновіча і А.Цвікевіча, звесткі па геаграфіі Беларусі, творы бел. пісьменнікаў, рэцэнзіі, хроніку культ.жыцця, дапаможны вучэбны матэрыял, с.-г. парады. Выйшла больш за 100 нумароў.