РАГУ́ЛЯ (Васіль Цімафеевіч) (28.7.1879, в. Ачукевічы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 16.6.1955),
бел. грамадска-паліт. дзеяч; у Вял.Айч. вайну супрацоўнічаў з ням. акупантамі. Скончыў Віленскі настаўніцкі ін-т (1900). З 1914 у арміі на Зах. фронце. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 увайшоў у Рас.дэмакр. партыю, па спісе якой балаціраваўся дэпутатам ва Устаноўчы сход па Мінскай губ. Стаяў на пазіцыях «адзінай і непадзельнай» Рас.дзяржавы з прадстаўленнем Беларусі абл. земскага самакіравання і «права на нацыянальна-культурнае развіццё». Удзельнік Усебеларускага з’езда 1917 у Мінску. У 1919—20 уваходзіў у Рас. аб’яднаную радыкальна-дэмакр. групу. З лета 1920 у Чырв. Арміі, адкуль у крас. 1921 дэзерціраваў у Зах. Беларусь. У 1922 абраны дэпутатам (паслом) польскага сейма, уваходзіў у Беларускі пасольскі клуб. Стаяў на антыбальшавіцкіх пазіцыях, адмаўляў ідэю «расійска-беларускай федэрацыі», перайшоў на пазіцыі незалежнасці Беларусі. Адзін з ініцыятараў стварэння і кіраўнікоў Беларускага сялянскага саюза, Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. У 1928 абраны сенатарам польскага сейма, але неўзабаве арыштаваны і зняволены на 2 гады ў турму. З вер. 1939 настаўнічаў у сярэдняй школе ў роднай вёсцы. У чэрв. 1941 арыштаваны органамі НКУС, але з пачаткам Вял.Айч. вайны ўцёк з-пад арышту. У перыяд акупацыі быў прызначаны бургамістрам Дзятлаўскага р-на. З ліп. 1944 у Зах. Германіі, з 1950 у ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДАВО́ДНЫЯ КНІ́ГІў Расіі,
рукапісныя, пазней друкаваныя зводы радаводаў (генеалагічных запісаў пра паходжанне, роднасныя сувязі і службу продкаў) сем’яў свецкіх феадалаў Рас.дзяржавы, якія складаліся з 1540-х г. У 16—17 ст. утрымлівалі радаводы княжацкіх і баярскіх родаў, чые прадстаўнікі займалі вышэйшыя пасады ў дзярж. і ваен. апараце. Найб. вядомы «Гасудараў радасловец» 1555—56. Пасля адмены месніцтва ў 1682 створана Палата радаводных спраў для складання Р.к. рас.дваранства. Гэтая палата шляхам дапаўнення «Гасударава радаслоўца» стварыла Аксамітную кнігу. Пасля выдання Даравальнай граматы дваранству 1785 дваранскія сходы губерняў, у т. л. беларускіх, складалі Р.к. па сваіх губернях. У іх запісвалі дваран, якія валодалі ў губерні нерухомасцю; тых, чые продкі валодалі на тэр. губерні маёнткамі; асоб, якія мелі выслужанае дваранства і дваранства замежнага паходжання (у любой губерні па жаданні). Губ. Р.к. падзяляліся на 6 частак. У 1-ю частку запісвалі роды сапраўднага (пачатак радаводу не раней за 1685) і набілітаванага дваранства; у 2-ю — роды выслужанага дваранства ваеннай службай; у 3-ю — роды выслужанага дваранства цывільнай службай або атрыманнем ордэна, які прыносіў дваранскі статус; у 4-ю — роды замежнага паходжання; у 5-ю — тытулаваныя роды; у 6-ю — стараж. дваранскія роды, чый радавод пачынаўся раней 1685. З сярэдзіны 19 ст. асобныя аўтары складалі Р.к. рас. княжацкіх і дваранскіх родаў, якія ў адрозненне ад традыц. Р.к. былі не справаводнымі дакументамі, а навук. даследаваннямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКАЯ ПРА́ЎДА,
помнік стараж. права часоў Кіеўскай Русі і феад. раздробленасці. Вядома больш за 100 яе спісаў, якія зберагліся ў летапісных і інш. зб-ках 13—17 ст. Тэксты Р.П. падзяляюцца на 3 рэдакцыі — Кароткую, Падрабязную і Скарочаную. Кароткая праўда (11 ст.) складаецца з Праўды Яраслава і Праўды Яраславічаў. Ў 1-ю ўключаны нормы звычаёвага права 9—10 ст., дзе яшчэ захавалася роўная адказнасць за злачынствы супраць усіх вольных людзей; у 2-й выкладзены нормы права 11 ст., у якіх адлюстроўвалася класавае расслаенне грамадства, правы і прывілеі феадалаў, вызначалася, што мера пакарання залежыць ад сац. становішча пацярпелага. У Падрабязную праўду ўвайшлі перапрацаваныя нормы Кароткай і некат. законы і суд. пастановы 12—13 ст. Яна рэгулявала праваадносіны развітога феад. грамадства, вызначала прывілеі пануючага класа, абмяжоўвала правы залежных катэгорый насельніцтва, адлюстроўвала паступовае заняволенне закупаў і смердаў, замацоўвала бяспраўнае становішча халопаў; змяшчала шмат норм крымінальнага, цывільнага і працэсуальнага права. Скарочаная праўда перапрацавана з аднаго са спісаў Падрабязнай у 15 ст. для патрэб Маскоўскай дзяржавы, шырокага ўжытку не мела. Р.П. зрабіла значны ўплыў на развіццё рас., укр., бел. і літ. права (Судзебнік 1468).
Публ.: Правда Русская. Т. 1—3. М.; Л., 1940—63.
Літ.:
Тихомиров М.Н. Исследование о «Русской Правде»: Происхождение текстов. М.; Л., 1941;
Яго ж. Пособие для изучения Русской Правды. М., 1953.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭКАНКІ́СТА (ісп. Reconquista ад reconquistar адваёўваць),
адваяванне карэнным насельніцтвам Пірэнейскага п-ва зямель, захопленых у пач. 8 ст. арабамі і паўночнаафрыканскімі плямёнамі бербераў; працягвалася з 718 да канца 15 ст. Першай была перамога над арабамі ў 718 каля Кавадонгі. Да 11. ст. ўзніклі ісп.дзяржавы Леон, Кастылія, Арагон, Навара. Вырашальным этапам Р. былі 11—13 ст. У 1085 адваяваны Таледа, у 1212 аб’яднаныя сілы іспанцаў нанеслі маўрам канчатковае паражэнне ў бітве каля Лас-Навас-дэ-Талосы. У 1229—35 адваяваны Балеарскія а-вы, у 1236 — Кордава, у 1238 — Валенсія, у 1248 — Севілья, у 1492 — Гранадскі эмірат. Адваяванне суправаджалася засяленнем і эканам. асваеннем спустошаных вайною зямель. Гал. рухальнай сілай Р. было сялянства, якое ў пач. Р. атрымлівала зямлю і асабістую свабоду. Каралеўская ўлада падтрымлівала ўтварэнне сялянскіх і гар. абшчын (найб. іх росквіт у 11—13 ст.). З пашырэннем Р. феад. ўціск узмацніўся. Актыўна ўдзельнічалі ў Р. гараджане (гарады атрымлівалі самакіраванне), рыцарства (колькасць рыцараў павялічвалася за кошт сялян і гараджан). Р., якая вялася пад сцягам барацьбы хрысціян супраць «няверных», абумовіла рост ідэалаг. ўплыву і эканам. магутнасці каталіцкай царквы ў Іспаніі і Партугаліі. З Р. звязаны працэс фарміравання ісп. і партуг. народнасцей. У аснову ісп.літ. мовы лёг кастыльскі дыялект, што тлумачыцца пераважнай роляй Кастыліі ў Р. Эпоха Р. адлюстравана ў нар. эпасе (гераічны эпас пра Сіда Кампеадора, «Рамансера» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКА-МАНГО́ЛЬСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ.
Пагадненне 1921 аб усталяванні дружалюбных адносін паміж РСФСР і Манголіяй, падпісана 5 ліст. ў Маскве. Паводле яго абодва бакі дамовіліся аб усталяванні дыпламат. адносін. Сав. бок адмовіўся ад усіх аднабаковых прывілеяў для сваіх грамадзян на тэр. Манголіі, перадаў Манголіі ўсю рас. маёмасць там. Пагадненне заклала асновы цеснага супрацоўніцтва СССР і Манголіі, ператварэнне апошняй ў фактычную сферу сав. ўплыву, нягледзячы на тое, што ў 1924 СССР фармальна прызнаў Манголію ч. Кітая (гл.Савецка-кітайскія пагадненні). Пратакол 1936 аб узаемнай дапамозе, падпісаны 12 сак. ва Улан-Батары. Юрыдычна аформіў вуснае (джэнтльменскае) пагадненне ад 27.12.1934. Паводле яго ў выпадку пагрозы нападу на тэр.СССР або Манголіі з боку трэцяй дзяржавы абодва бакі абавязаліся прыняць меры для сваёй бяспекі, у выпадку ж ваен. нападу на адзін з бакоў — аказаць адзін аднаму ўсялякую, у т. л.ваен., дапамогу. Дагавор стаў абгрунтаваннем для ўдзелу сав. войск у Халхін-Гольскім канфлікце 1939. Дагавор 1946 аб дружбе і ўзаемнай дапамозе, падпісаны 27 лют. ў Маскве. У цэлым паўтараў тэкст дагавора 1936. Дагавор 1966 аб дружбе, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе, падпісаны 15 студз. ва Улан-Батары. Бакі абавязаліся ўмацоўваць дружбу і развіваць супрацоўніцтва ва ўсіх галінах эканам., культурнага, навук. жыцця, пашыраць сувязі ў сферах аховы здароўя, адукацыі і інш. Дагавор пацвярджаў і замацоўваў саюзніцкія адносіны паміж дзвюма краінамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ВІК (Лідзія Сямёнаўна) (н. 1.3.1936, в. Камуна Любанскага р-на Мінскай вобл.),
бел. літаратуразнавец і крытык. Сястра І.С.Шыкуновай. Канд.філал.н. (1977). Акад.Міжнар.АН Еўразіі (1995). Скончыла БДУ (1962). Настаўнічала. Працавала ў Цэнтр. б-цы імя Я.Коласа АН Беларусі, з 1978 у Ін-це л-ры Нац.АН Беларусі (адначасова з 1982 у Бел. ун-це культуры). Друкуецца з 1974. Даследуе праблемы развіцця бел. л-ры 20 ст., сучасны літ. працэс, спадчыну рэпрэсіраваных пісьменнікаў, творчасць пісьменнікаў бел. замежжа. Выдала творы С.Баранавых, Б.Мікуліча, Я.Нёманскага. Аўтар манаграфій «Адчуванне часу: Тэма вёскі ў сучаснай беларускай прозе» (1981), «Каб не астыла цяпло зямлі» (1984), «Пад мірным небам бацькаўшчыны: Нарыс творчасці Б.Сачанкі» (1986), «Вяртанне: Жыццяпіс Б.У.Кіта» (1993), арт. пра Н.Арсенневу, А.Асіпенку, Я.Брыля, В.Быкава, С.Грахоўскага, У.Дудзіцкага, А.Жука, Х.Ільяшэвіча, В.Іпатаву, М.Кавыля, У.Караткевіча, А.Кудраўца, І.Мележа, П.Місько, А.Саковіч, Б.Сачанку, Я.Сіпакова, Я.Скрыгана, У.Случанскага, М.Сяднёва, І.Шамякіна і інш. Сааўтар кніг «Беларускія пісьменнікі і літаратурны працэс 20—30-х гг.» (1985), «Сыны і пасынкі Беларусі» (1996), «Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы» (2001) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМА́РА,
горад, цэнтр Самарскай вобл. Расіі. 1156 тыс.ж. (2000). Порт на р. Волга, пры ўпадзенні ў яе р. Самара. Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: машынабуд. і металаапр. (вытв-сць авіякасм. тэхнікі, самалётаў, нафтавага абсталявання, матора-, станка-, прыладабудавання, радыёэлектронікі, тэлевізараў; з-ды падшыпнікавы, аўтатрактарнага электраабсталявання, аэрадромнага абсталявання, эл.-тэхн. і інш., нафтаперапр. і нафтахім., хім., металургічная, харчасмакавая (мяса- і тлушчакамбінаты, шакаладная ф-ка), лёгкая. Метрапалітэн (з 1987). ГРЭС. 10 ВНУ, у т. л.ун-т. 4 тэатры, у т. л. оперы і балета.
Цырк. Філармонія. 5 музеяў, у т. л. краязн. і мастацкі.
Засн. ў 1586 як драўляная вартавая крэпасць Рас дзяржавы ў новадалучаных землях Паволжа. С. — адзін з цэнтраў нар. рухаў пад кіраўніцтвам С.Ц.Разіна (1670—71) і Е.І.Пугачова (1773—75). З 1708 у складзе Казанскай, з 1718 — Астраханскай губ. З 1780 павятовы горад Сімбірскага намесніцтва, з 1796 — Сімбірскай губ., з 1851 губернскі горад. У 1877 праз С. прайшла Арэнбургская чыгунка. У пач. 20 ст. (разам з Ніжнім Ноўгарадам і Саратавам) буйнейшы цэнтр па перапрацоўцы збожжа ў Расіі. З 1928 — цэнтр Сярэдняволжскай вобл., перайменаванай у Сярэдняволжскі край (1929), Куйбышаўскі край (1935). У 1935—91 наз. Куйбышаў. У Вял.Айч. вайну сюды былі эвакуіраваны ўрадавыя ўстановы з Масквы, пасольствы і прадстаўніцтвы замежных дзяржаў, прамысл. прадпрыемствы, у т. л. з Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫНІЯ́НСТВА,
антытрынітарны рэлігійна-філас. рух 16—17 ст., распаўсюджаны пераважна ў Польшчы і ВКЛ. Асн. палажэнні С. сфармуляваны яго заснавальнікам Ф.Соцынам. Для С. характэрна далейшая рацыяналізацыя ідэй антытрынітарыяў. аднаўленне догмату аб Тройцы і боскай прыроды Хрыста, прызнанне прыярытэту розуму ў пытаннях веры. Адзінай крыніцай веравучэння сацыніяне лічылі Свяшчэннае пісанне. Яны сцвярджалі, што не існуе першароднага граху, адмаўлялі патрэбнасць збаўлення, абвяргалі кальвінісцкі догмат аб прадвызначэнні. Агульным цэнтрам С. быў г. Ракаў Сандармірскага ваяв. ў Польшчы (цяпер вёска ў Свентакшыскім ваяв.), на Беларусі — г. Навагрудак. Соцын і яго першыя паслядоўнікі (на Беларусі Я.Ліцыній Намыслоўскі, Я.Даманеўскі, М.Цвердахлеб, Ц.Кузьміч і інш.) — прадстаўнікі ранняга С. Тэарэтыкі позняга С. (2-я пал. 17 ст.) Я.Крэль, С.Пшыпкоўскі, А.Вішаваты і інш. патрабавалі верацярпімасці, аддзялення царквы ад дзяржавы, вял. ўвагу аддавалі развіццю асветы, прыродазнаўства і матэматыкі. У час Контррэфармацыі ў 1658—60 сацыніяне былі выгнаны з Рэчы Паспалітай і эмігрыравалі ў Германію, Англію і Галандыю. Ідэі С. распаўсюдзіліся ў некат. краіны Зах. Еўропы, паўплывалі на філас. погляды Б.Спінозы, Дж.Лока, англ. дэістаў. Філас. спадчына ідэолагаў С. была выдадзена ў 1665—68 у Амстэрдаме пад назвай «Бібліятэка польскіх братоў».
Літ.:
Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы. Мн., 1970;
Яго ж. Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЛЬДЖУ́КСКАЯ ДЗЯРЖА́ВА Існавала на Блізкім і Сярэднім Усходзе ў 11—12 ст.Засн. качавымі цюркскімі плямёнамі агузаў на чале з родам Сельджукідаў, якія ў пач. 1030-х г. знаходзіліся ў васальнай залежнасці ад Газневідаў. У 1038 яны паўсталі супраць Газневідаў, у 1040 сельджукскі правадыр Тагрул-бек разбіў войска газневідскага султана Масуда; да 1043 заваяваны Харасан, потым — Буідаў дзяржава. У 1055 яго войскі захапілі Багдад, пасля чаго абасідскі халіф Каім надаў правіцелю С.дз. тытул султана. Пры султане Алп-Арслане [1063—72] да С.дз. далучаны Арменія, Сірыя, Палесціна, Маверанахр, у 1071 разбіты візант. войскі ў бітве пры Манцыкерце (Маназкерце). Найб. магутнасці С.дз. дасягнула пры султане Мелік-шаху [1072—92], візірам (гал. міністрам) якога быў Нізам-аль-Мульк. Пры ім да С.дз. далучана б.ч. Малой Азіі, а Караханідаў дзяржава прымушана плаціць даніну (1089). Асновай землеўладання С.дз. была сістэма ікта (ваен. лена). Найбольшыя ікты станавіліся асобнымі княствамі, што прывяло да пераўтварэння С.дз. ў аморфнае дзярж. ўтварэнне. У 1077 адасобіўся Румскі султанат (гл.Канійскі султанат), пасля смерці Мелік-шаха адзінства С.дз. стала намінальным. Унутрыпаліт. становішча дзяржавы ўскладнялася дзейнасцю секты ісмаілітаў. Пасля 1-га крыжовага паходу (1096—99) С.дз. страціла Палесціну, прыбярэжныя тэр. М. Азіі і Сірыі. Султан Санджар [1118—57] пацярпеў паражэнне ад каракітаяў (1141), а ў 1153 узяты ў палон балхскімі агузамі. З яго смерцю (1157) С.дз. распалася на асобныя княствы, пасля чаго ў Сярэдняй Азіі і Іране пачалося ўзвышэнне харэзмшахаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕФЕВІ́ДАЎ ДЗЯРЖА́ВА,
дзяржава на Сярэднім Усходзе ў 1502—1736 на чале з дынастыяй Сефевідаў, якая дала пачатак сучаснай іранскай дзяржаве. Створана ў выніку паўстання азерб. плямён, якія ў 1499 узначаліў шэйх суфійскага брацтва Сефевіе Ісмаіл. Паўстанцы нанеслі паражэнне дзяржаве Ак-Каюнлу, што размяшчалася на тэр.Зах. Ірана і Ірака, і ў 1502 Ісмаіл абвешчаны шахам (гл.Ісмаіл I). Дзярж. рэлігіяй С.дз. стаў шыізм. Апорай першых Сефевідаў былі цюркскія азерб. плямёны кызылбашаў («чырвонагаловыя»), а цэнтр. вобласцю — Азербайджан, дзе знаходзілася сталіца С.дз. — напачатку Тэбрыз, з 1548 — Казвін. Пасля смерці Тахмаспа I [1524—76] міжусобіцы прывялі да фактычнага распаду С.дз. Яе аб’яднаў Абас I Вялікі [1587—1629]. Ён разбіў туркаў і ўзбекаў, вярнуў страчаныя тэрыторыі (Харасан, Азербайджан), заваяваў Ірак. Пры ім адбылася персізацыя дзяржавы, сталіца перанесена ў Ісфахан. У выніку адм., ваен. і інш. рэформ С.дз. ўмацавалася, што спрыяла яе эканам. і культ. росквіту на працягу амаль усяго 17 ст. Але хуткі рост насельніцтва прывёў у канцы 17 ст. да збяднення нар. мас. Пры шаху Султане Хусейне [1694—1722] сац.-эканам. крызіс паглыбіла паўстанне афганцаў, якія ў 1722 захапілі Ісхафан, а туркі — Азербайджан. Барацьбу супраць афганцаў і туркаў узначаліў палкаводзец Надзір-шах, які ў 1736 адхіліў ад улады апошняга сефевідскага шаха Абаса III [1732—1736].
Літ.:
Эфендиев О.А. Азербайджанское государство Сефевидов в XVI в. Баку, 1981;
Павлова И.К. Хроника времен Сефевидов: Сочинение Мухаммад-Масума Исфахани «Хуласат ас-сийар». М., 1993.